Слова пра паход Ігаравы
Полацкі князь Усяслаў, адзін з удзельнікаў бітвы на Нямізе, паказваецца смелым, удачлівым, хітрым і, нават, у адпаведнасці з паданнем надзяляецца чарадзейнымі рысамі («Уночы ваўком рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя»). Аўтар згадвае эпізод з багатага на падзеі жыцця Усяслава Чарадзея, калі ён на нейкі час заняў пасад князя ў Кіеве.
Яраслаўна, жонка Ігара, плача над лесам палоннага мужа. Яна звяртаецца да ветру, сонца, Дняпра са сваім горам, просіць дапамагчы князю, вярнуць яго дамоў жывым.
У адну з начэй князь Ігар уцякае з палону. Гоняцца за ім Гзак і Канчак, але Ігар шчасліва вяртаецца на родную зямлю. Заканчваецца твор услаўленнем князёў і іх воінаў, якія «бароняць хрысціян ад паганай чужыны».
Мастацкія асаблівасці
«Слова аб палку Ігаравым, Ігара сына Святаслава, унука Алегава», такую назву мае арыгінал, было створана прыблізна ў 1185 — 1187 гг. Як лічаць даследчыкі, верагодным месцам яго напісання з'яўляецца Кіеў. Твор прысвечаны гістарычна сапраўдным падзеям. У 1185 г. ноўгарадсеверскі князь Ігар Святаслававіч, не ўзгадніўшы свае дзеянні з кіеўскім князем Святаславам, а толькі заручыўшыся падтрымкай роднага брата Усевалада, рушыў сваю дружыну ў палавецкі стэп. Паход скончыўся бясслаўна і меў вельмі сумныя вынікі для ўсходнеславянскіх земляў. Акрыленыя перамогай полаўцы рынуліся на Старажытную Русь.
Усхваляванае апавяданне пра сучаснасць дапаўняецца ў «Слове...» аўтарскімі адступленнямі, згадкамі пра мінулае роднай зямлі. Прычыны няўдалага паходу князя Ігара невядомы аўтар шукае ў сацыяльна-палітычных абставінах таго часу. Перажываючы за лес радзімы, яе будучыню, аўтар у лірычных адступленнях заклікае князёў да адзінства, асуджае звадкі і міжусобныя войны. У мінулым Старажытнай Русі ён бачыць як вартае, годнае, чым можна ганарыцца, так і тое, што стала пачаткам сучасных бед і трагедый. У творы згадваецца чарнігаўскі князь Алег Святаслававіч (народ яго перайменаваў у Гарыславіча), які жыў у XI ст. Ён уступіў у саюз з полаўцамі, «мечам каваў крамолу і стрэлы на зямлі сеяў», — гаворыцца пра яго ў «Слове...».
Асноўная ідэя «Слова пра паход Ігаравы» — палкі заклік да яднання старажытнарускіх князёў перад тварам навіслай над Радзімай знешняй пагрозы. Гэта вынікае са зместу ўзноўленых у творы падзей, пра гэта гаворыць аўтар у адступленнях.
У творы паўстае шмат рэальных гістарычных асоб, князёў, што жылі ў XI і XII стст. Своеасаблівае месца сярод іх займае князь Усяслаў, які ўсё свае некароткае жыццё прысвяціў барацьбе за магутнасць і незалежнасць Полацкай зямлі. Вобраз гэты абмаляваны досыць шырока, ярка, з вялікай доляй сімпатыі і спачування. «Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён», — гаворыцца пра полацкага князя ў «Слове...». Як лічыць беларускі даследчык В. Чамярыцкі, у асобе Усяслава Чарадзея старажытны аўтар бачыў антыпода здрадніку Алегу Святаслававічу, які не аднойчы прыводзіў ворагаў на Русь.
«Слова пра паход Ігаравы» ўражвае не толькі сваім глыбокім патрыятызмам, але і сілай, яркасцю мастацкіх карцін і вобразаў. Твор увабраў дахрысціянскую, народна-паэтычную традыцыю. Аўтар звяртаецца да язычніцкай сімволікі і славянскай міфалогіі (па загінуўшых у бітве «закрычала Карна, і Жля ў знямозе паскакала па Рускай зямлі»), шырока выкарыстоўвае фальклорныя прыёмы і сродкі. Як і ў вуснай народнай творчасці прыродаў «Слове...» адухоўленая. Яна жыве разам з чалавекам, папарэджвае яго, дапамагае яму ці, наадварот, шкодзіць. Як народныя галашэнні-заклінанні падае аўтар плач Яраслаўны:
На Дунаі чуцен голас Яраслаўны,
самотнай чайкаю кігіча рана:
«Палячу, — кажа, — чайкаю па Дунаі,
абмачу белшаўковы рукаў у Каяле,
абатру князю крывавыя яго раны
на целе яго крамяным.
Адкрытае ў 90-я гт. XVIII ст. «Слова пра паход Ігаравы» перакладзена на многія славянскія і неславянскія мовы. Упершыню па-беларуску «Слова...» загучала дзякуючы М. Багдановічу, які ў 1910 г. пераклаў невялікі ўрывак, прысвечаны аднаму з полацкіх князёў («Песня пра Ізяслава Полацкага»). Цалкам старажытны твор быў перакладзены Я. Купалам і М. Гарэцкім (1919—1921), Р. Барадуліным (1985). Даследчыкі вылучаюць вольныя (Я. Купалы) і дакладныя (Р. Барадуліна) паэтычныя пераклады.