Прамова Мялешкі
Герой твора звяртае ўвагу «літасцівага караля і не менш ласкавых паноў» на парадкі ў дзяржаве. Раней палітыкі не зналі, гаварылі, што думалі («у рот правдою, як солею в очи кидали»). Але з нейкага часу каралі пачалі больш любіць немцаў, чым свой уласны народ. Аўтар параўноўвае каралёў Жыгімонта І Старога, які «немцев, як собак, не любил и ляхов з их хитростю велми не любил», і Жыгімонта II Аўгуста. Яго, гаворыць герой, няма чаго і чалавекам лічыць, бо эінь і Падляшша страціў.
Азіраючыся на старыя часы, ён бачыць там і апратку гажэйшую, і стравы смачнейшыя, і адносіны паміж зьмі больш прыстойныя.
Вінаватымі лічыць не так караля, як «розных баламутаў», пры ім сядзяць. «...За их баламутнями нашинец выживитися не можеть, Речи Посполитую губят!»
Заканчваецца «Прамова...» згадкай пра фаварытку Жыгімонта III Вазы Уршулю, якую герой хацеў бы «миленко ручку поцаловати», і пра выбранне яго дэлегатам на сейм.
Мастацкія асаблівасці
Па свайму зместу «Прамова Мялешкі, кашталяна смаленскага» з'яўляецца пародыяй на сеймавыя выступленні. У ёй дасціпна крытыкуюцца грамадска-палітычныя парадкі, што панавалі ў Рэчы Паспалітай у канцы XVI — пачатку XVII ст. Аўтар выступае супраць новаўвядзенняў, якія былі чужыя карэнным жыхарам, прывіваліся нямецкімі і польскімі прышэльцамі. Яго турбуе лес бацькаўшчыны, яе непадзельнасць і магутнасць.
Невядомы аўтар зрабіў усё магчымае, каб літаратурны твор стаў «гістарычным фактам». Згадваюцца сапраўдныя гістарычныя падзеі і асобы, найперш каралі Рэчы Паспалітай і набліжаныя да іх людзі. Сеймаўскі прамоўца Мялешка таксама асоба рэальная. Аднак Іван Мялешка, мазырскі падкаморый, потым маршалак слонімскі, кашталян мсціслаўскі, брэсцкі, смаленскі з такой прамовай ніколі не выступаў, Даследчыкі мяркуюць, што матэрыялам для напісання прамовы-пародыі паслужылі запіскі Івана Мялешкі, зробленыя ім пасля варшаўскага сейма 1609 г. Прозвішча гэтай гістарычнай асобы невядомы аўтар мог пакінуць і таму, што яно добра адпавядае грубавата-раскаванаму, фрывольнаму стылю твора. Здаецца, прамоўца сапраўды «меле языком» усё, што яму прыходзіць у голаў, не надта думаючы пра паслядоўнасць і сэнс сказанага.
«Прамова Мялешкі» з'яўляецца літаратурным помнікам жанра палітычнай сатыры XVII ст., новай з'явы ў беларускім прыгожым пісьменстве.