Энеіда навыварат
З'яўленне ў рускай, украінскай, беларускай літаратурах «Энеід» сведчыла пра барацьбу дэмакратычных пісьменнікаў з эстэтыкай эпігонскага дваранскага класіцызму, цалкам адарванага ад народнай культуры. Паэма доўгі час лічылася ананімнай. У сучасным літаратуразнаўстве аўтарам «Энеіды навыварат» называецца Вікенці Равінскі (1786— 1855).
У вядомую літаратурную форму беларускі аўтар уклаў арыгінальны змест. Антычнасць у творы — толькі мастацкая ўмоўнасць. Сапраўднымі героямі паэмы з'яўляюцца беларускія паны і прыгонныя сяляне. Так, зусім не як вольныя людзі паводзяць сябе траянцы пры сустрэчы з Дыдонай. На каленях просяць яе «запісаць у крэпасць» (у прыгонныя), абяцаюць сумленна працаваць на паншчыне, узгадваюць, якім рамяством кожны з іх валодае. Спадарожнікі Энея маюць тыповыя беларускія імёны:
Піліп наш лепіць гарлачы,
Пракоп жа ступы, таўкачы,
А Саўка зелле ўсяка знае...
Праз «гісторыю» траянцаў (у Троі яны былі «сударскімі», г. зг. царскімі, уцяклі адтуль і просяцца да Дыдоны) у паэме паказваецца досыць тыповая пасля далучэння Беларусі да Расіі з'ява, калі былыя дзяржаўныя фальваркі аддаваліся царскім саноўнікам. Становішча сялян пагаршалася, і яны нярэдка ўцякалі ад сваіх гаспадароў, але вымушаны былі шукаць новых, бо дзейнічаў указ аб аседласці, на гэты указ намякае Дыдона:
Я й так дзесяцкага прыбіла,
Што ён распраўшчыны не знае
Ды без пашпортаў усіх пускае.
Знайшло адлюстраванне ў творы зараджэнне капіталістычных адносін у вёсцы. Траянцы, пералічваючы свае ўмельствы, не згадваюць пра традыцыйную для селяніна працу на зямлі. Яны ведаюць кавальскую, ганчарную, бондар скую і іншыя справы.
«Энеіда навыварат» раскрывала эстэтычныя магчымасці беларускай мовы, мовы, якой было адмоўлена на той час у літаратурным існаванні, якая лічылася сялянскай, «хамскай».
У першым вялікім па памеры беларускамоўным творы XIX ст. роднае слова прадстаўлена пакуль аднабакова, як размоўна-бытавое, грубавата-камічнае. А дна к яно здольнае на гаворку пра сур'ёзныя і важныя падзеі грамадскага і літаратурнага жыцця.