Тарас на Парнасе
Хлопчык з лукам і стрэламі, які «ці то прыйшоў, ці прыляцеў», патлумачыў палясоўшчыку, што дарога вядзе з таго свету на Парнас.
Прайшоўшы вёрст дзесяць, Тарас убачыў тару, а пад ёй шмат людзей з паперамі і кнігамі і — «ўсе паны». Штурхаючыся, спрачаючыся, яны лезлі на гару. Адзін з іх патрабаваў, каб яго прапусцілі, інакш у газеце «аблае на ўвесь свет, як Гогаля ў запрошлым леце». Паўз Тараса «як птушкі праляцелі» Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі і Гогаль.
Палясоўшчык узлез на гару і ўбачыў новы будынак, абнесены яловай агароджай. На двары хадзіла ўсякая жыўнасць. У хаце багі займаліся хто чым: Няптун ладзіў сеці, Сатурн падплятаў лапці, Марс з Геркулесам на пацеху старому Зеўсу біліся, Амур жартаваў з дзеўкамі. Зеўс, варухнуўшыся на печы нагадаў пра абед.
Багі паселі ўкруг стала,
I стравы смачны з печы Геба
Насіць да столу пачала.
Пасля добрага абеду багі пайшлі ў скокі. Калі дудар зайграў знаёмую мелодыю, Тарас не вытрымаў «і ад парога, што ёсць духу, скакаць на хату паляцеў». Аж здзівіліся багі яго ўмельству. Пасля зацікавіліся, хто ён і адкуль. Палясоўшчык расказаў, як трапіў на Парнас, і пачаў прасіцца дамоў. Па загаду Зеўса Тараса накармілі, а потым зефіры на крыллях перанеслі яго ў родны лес.
Пасля гэтага здарэння «Тарас ужо не ходзіць так дужа рана па лясах».
Мастацкія асаблівасці
У апошнія гады ў літаратуразнаўстве замацавалася думка, што аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе» з'яўляецца Канстанцін Вераніцын. У творы ёсць мясціны, якія даюць магчымасць пэўным чынам зарыентавацца ў часе напісання. Булгарын («выдавец рэакцыйнай газеты «Северная пчела») у 1836 і 1842 гг. выступаў з рэзкай крытыкай М. Гогаля. Аднак верагодней за ўсё, паэма з'явілася пасля 1852 г., года смерці М. Гогаля, бо жывымі на Парнас пісьменнікі не траплялі.
Упершыню паэма была надрукавана ў 1889 г. у газеце «Минский листок».
З'явіўшыся на некалькі дзесяцігоддзяў пазней за «Энеіду навыварат», паэма «Тарас на Парнасе» вырашала іншыя, больш складаныя ідэйна-эстэтычныя задачы. Парадыйнасць твора скіравана супраць так званай афіцыйнай народнасці, супраць славянафільства з яго ідэалізацыяй патрыярхальнага ладу жыцця.
Галоўным героем паэмы невядомы аўтар зрабіў простага селяніна. З'яўленне Тараса на гары, дзе жывуць багі і пісьменнікі, глыбока сімвалічнае. Такім чынам праводзілася думка, што чалавек з народа павінен стаць адным з галоўных герояў літаратуры. Сцвярджалася таксама права беларускай літаратуры (і беларускай мовы) заняць сваё месца на Парнасе.
Тарас, галоўны герой твора, паказаны чалавекам цікаўным, кемлівым, чулым да прыгажосці і нават літаратурна адукаваным. Праўда, ён не ведае прозвішча «сівога пана», што крычыць, «як ашалелы», але адразу пазнае Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага і Гогаля, разумее, чаму яны «шпарка каля нас прайшлі, як павы, на Парнас». У хаце багоў Тарас трымаецца з годнасцю, не саромеецца таго, што ён «не пісацель», а «палясоўшчык з Пуцявішча». Пайшоўшы ў скокі, нават здзівіў багоў, так гожа ў яго атрымлівалася. Галоўны герой паэмы валодае пачуццём гумару. Ён з іроніяй можа паставіцца да сябе самога (у час. сустрэчы з мядзведзем, узыходжання на Парнас). Дае дасціпныя, трапныя, часам па-сялянску грубаватыя характарыстыкі небажыхарам і іх занятку:
...З усяго сабралісь неба!
Як тараканы каля хлеба,
Багі паселі ўкруг стала.
Разам з тым вобраз Тараса не ідэалізуецца. Гэта жывы чалавек са сваім адметным характарам, са станоўчымі і не вельмі якасцямі. Так, аўтар лічыць не лепшай рысай свайго героя шчыраванне на пана. Зразумела, працавітасць, стараннасць, сумленнасць ні ў якім выпадку не з'яўляюцца заганамі. Тут чуецца водгулле спрэчак з славянафіламі, якія хацелі бачыць селяніна адданым пану і цару. Пісьменнікі-дэмакраты імкнуліся выхаваць у простага чалавека, чалавека працы, адчуванне годнасці, разуменне значнасці свайго становішча ў жыцці. Зусім не страх перад новымі прыгодамі прымусіў Тараса перастаць хадзіць «так дужа рана па лясах», з меншай стараннасцю пільнаваць панскі лес. «Перавыхаваўся» палясоўшчык, адчуўшы ўласную роўнасць з парнасцамі.
У паэме паказваецца цэлы шэраг антычных багоў — Зеўс, Няптун, Сатурн, Марс, Венера, Амур, Геба. Багамі яны з'яўляюцца толькі па назве, але ніяк не па выгляду, роду заняткаў, паводзінах. У гэтых вобразах невядомы аўтар у парадыйным, сатырычным плане паказаў «вярхі» тагачаснага грамадства, развенчваючы «вышэйшасць» паноў у параўнанні з простым людам.
Паэма «Тарас на Парнасе» карысталася ў XIX ст. шырокай вядомасцю. Гэтаму садзейнічала натуральнасць, нязмушанасць яе інтанацыйна-рытмічнага гучання, блізкасць да жывой народнай мовы, тыповасць, вядомасць узноўленых аўтарам карцін жыцця, камізм сітуацый, у якія пастаўлены персанажы твора. Яна выклікала цікавасць да становішча і быту беларускага народа.
Паэма стаіць на пачатку дэмакратычнай і рэалістычнай тэндэнцый у беларускай літаратуры.