Пісьмо з-пад шыбеніцы
Марыська чарнаброва, галубка мая,
Дзе ж падзелася шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло, прайшло, як бы не бывала,
Адна страшна горыч у грудзях застала.
Калі за нашу праўду бог нас стаў караці,
Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй неба і шчасце, як праўду, абмінем...
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе,
"І часам спамяні пра Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе у дзела,
Тады за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, народзе, старасці свабодна.
Браты мае, мужыкі родныя! З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, но не жаль згінуць за тваю праўду.
Прымі, народзе, па шчырасці маё слова, прадсмяротнае, бо яно як бы з таго свету, толькі для дабра твайго напісана.
Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавеку галаве мае розум і навуку... Но як дзень з ночай не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй...
Для таго то, народзе, як толькі калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б'юцца за праўду і свабоду, тады і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, і цэлай грамадой ідзі ваяваці за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную. Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва...
Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні