Макаркавых Волька
Сафрон Дзядзюля, стоячы на сельсавецкім ганку, заўважыў жанчыну, якая зайшла на могілкі. Постаць і хада яе падаліся Сафрону знаёмымі і нагадалі адну асобу. Гадоў з дзесяць назад ён заляцаўся да Макаркавых Волькі, дачкі бежанца, што з'явіўся ў вёсцы ў гады першай сусветнай вайны. Ісці замуж дзяўчына не збіралася, бо хацела вучыцца. Да таго ж Сафрой ёй зусім не падабаўся. Каб адчапіцца ад назаллівага хлопца, Волька выказала яму ўсё, што пра яго думае. Назвала яго пустым ганарліўцам, які нікога і нічога не паважае, псуе ўсякую рэч, абы толькі да яе дакрануўся. Хоць дзяўчына гаварыла праўду, Дзядзюля пакрыўдзіўся і чакаў моманту адпомсціць.
Калі Волька паехала вучыцца на рабфак, ён напісаў першы ліст. Ён паведамляў у навучальную ўстанову, што Вольчын бацька — кулак. К гэтаму часу Сафрон стаў «вялікім актывістам». Хоць селянін «з ранку да вечара крукам вісеў у сельсавеце», даведку, што ён не кулак, атрымаць не змог. З рабфака Вольку адлічылі, аднак у вёску яна не вярнулася, уладкавалася ў горадзе на працу. У другім лісце (начальніку ўстановы) Дзядзюля характарызаваў Вольчынага бацьку не толькі як кулака, але і як спекулянта. Пасля смерці жонкі той прадаў купленае цяля, а грошы аддаў дачцы. Стары зноў не змог дастаць у сельсавеце патрэбную даведку.
Па тым, што дзяўчыну не знайшла тэлеграма і яна не прыехала на пахаванне бацькі, Сафрон зразумеў, што ў горадзе яе не было. Пра смерць блізкага чалавека Волька праз нейкі час даведалася з ліста суседзяў. У вёску яна больш не прыязджала. Усе гэтыя гады Дзядзюля цешыўся думкай, што адпомсціў за колішняе прыніжэнне.
Назаўтра ён даведаўся, што гэта сапраўды Макаркавых Волька. Яго ахапіла незразумелая трывога. У самым канцы рабочага дня жанчына зайшла ў кабінет і папрасіла адпусціць цвікоў", бо хоча абгарадзіць бацькоўскую магілу. Змяніўшы голас, каб яго нельга было пазнаць, Сафрон у просьбе адмовіў. З размовы ён даведаўся, што Волька скончыла інстытут і працуе доктарам. Гнеў і злосць ахапілі ўсю істоту Дзядзюлі.
Вечарам Сафрон трапіў пад халодны дождж і моцна застудзіўся. Па доктара ехаць было далёка, паклікалі Вольку. У Дзядзюлі пачыналася запаленне. Каб выпісаць лекі, Волька папрасіла паперу. Разгубленая Сафронава жонка выцягнула з шуфляды нейкія лісты. Узяўшы адзін з іх, Волька раптам убачыла сваё імя. Гэта былі чарнавікі пісьмаў, якія, помсцячы ёй, Дзядзюля пасылаў у горад. Доктар выпісала патрэбны рэцэпт, сама паставіла Сафрону банкі, але да яго больш не пайшла. Каб даведацца пра здароўе хворага, пасылала суседку.
Калі Дзядзюлю стала лепш, ён, абклаўшыся падушкамі, пачаў пісаць новы ліст. У ім скардзіўся на няўважлівасць маладога доктара, нагадваў пра яе кулацкае паходжанне. Вось толькі куды яго было пасылаць? Вольчынага адраса ён не ведаў. Аднак выйшаўшы на працу, Сафрон пачуў радасную для сябе навіну: Волька збіралася перавесціся ў родныя мясціны.
У тыя ж дні Волька ў лісце да сяброўкі расказвала пра сустрэчу з Дзядзюлем: «Я дазналася, праз каго я тады гэтулькі перацярпела знявагі і крыўды... Я гэтага чалавека лячыла. Як мне было агідна дакранацца да яго рукамі... Прыйшоўшы дадому, я доўга мыла рукі і думала: зусім можа быць, што ён зноў пачне займацца падобным шальмоўствам».
Мастацкія асаблівасці
Алавяданні «Буланы» (1926) і «Вераснёвыя ночы» (1928) напісаны маладым Кузьмой Чорным. Яны сведчаць пра цікавасць пісьменніка да самых розных праяў жыцця, пра разуменне ім складанасці свету. «I ў цішыні — буры, і ў бурах — цішыня», — «гэтыя афарыстычна-парадаксальныя словы выяўляюць сутнасць светабачання творцы.
Асабліва выразна філасофская ідэя адбілася ў апавяданні «Буланы». Зместам твора аўтар разважае над праблемай жыцця і смерці. Цікава, што гэта праблема, да якой тысячагоддзі звяртаецца сусветная літаратура, у творы беларускага аўтара вырашаецца на матэрыяле будзённых рэалій сялянскага жыцця. Састарэў конь і з ім трэба штосьці рабіць. Пісьменнік паказвае, як успрымаюць смерць (у даным выпадку жывёлы) і ставяцца да яе Раман Драгун, Карась і Мікалай Бяляк. Калі гаспадар, Раман Драгун, «забівае» Буланага сваім рашэннем (К. Чорны падрабязна прасочвае, як гэта рашэнне фарміруецца ў яго свядомасці), то канавалы сапраўды пазбаўляюць жывёлу жыцця.
Чаму павінен памерці Буланы і чаму яго смерць не паказваецца аўтарам як трагедыя — адказ на гэтыя пытанні знаходзім у разважаннях Рамана Драгуна: «Утварылася вострае раздзяленне... матэрыял і істота; матэрыял для жыцця і жыццё; і матэрыял для жыцця ад жыцця. Глядзі ты на матэрыял — што скажа жыццё? Глядзі на жыццё, каб цвіло — Буланы робіцца матэрыялам...» Іншымі словам!, вечнае, бясконцае жыццё складаецца з маленькіх жыццяў жывых істот. Вечнае не можа быць нерухомым, яно пастаянна абнаўляецца праз смерць адных і нараджэнне другіх. На пэўным этапе свайго існавання Буланы стаў матэрыялам для жыцця іншых. Мяса яго з'елі ваўкі, на месцы, дзе пралілася кроў, вырасла трава, у чэрапе пасяліліся мурашкі.
Значнае месца ў творы адведзена вобразу Буланага. Можна сказаць, што ён з'яўляецца галоўным героем апавядання. Праз каня аўтар паказвае адчуванні істоты на мяжы жыцця і смерці. Праз адносіны да Буланага раскрываюцца характары людзей. У абмалёўцы гэтага вобраза выявілася псіхалагічнае майстэрства К. Чорнага. Аўтар нідзе не падмяняе свайго «героя», не надзяляе яго чалавечым адчуваннем свету.
У апавяданні «Вераснёвыя ночы» «буры ў цішыні» звязаны з імкненнем гераіні да звычайнага жаночага шчасця. Здаецца, усё добра і зладжана ў жыцці брата і сястры, якія вядуць агульную гаспадарку, разумеюць і паважаюць адзін другога. Фэлька, вядома ж, жадае Агаце толькі дабра, калі раіць выйсці замуж за Зыгмуся, сапраўды някепскага чалавека і дбайнага гаспадара. Аднак дзяўчына хоча не толькі быць каханай, а і кахаць сама. К. Чорны псіхалагічна глыбока перадае гаму душэўных перажыванняў гераіні. Надзея, спадзяванне, крыўда, сум, злосць поўняць яе сэрца, вырываюцца наружу праз раздражнёнасць, слёзы, несправядлівыя папрокі брату.
Паказваючы няспраўджаны жаночы лес, пісьменнік не спрашчае жыццёвую сітуацыю. Агата можа не выйсці замуж за маладзейшага за сябе і несур'ёзнага Асташонка. I ўсё ж у Агаты ёсць выйсце, праўда, не дужа прыстойнае з пункту погляду традыцыйнай народнай маралі — нарадзіць дзіця, стаць маці. На такое могуць рашыцца толькі валявыя, рашучыя натуры. Гераіня К. Чорнага якраз належыць да іх. У апавяданні «Вераснёвыя ночы» выявілася глыбока гуманістычная пазіцыя пісьменніка, ён з разуменнем ставіўся да кожнага чалавечага лесу.
У 20-я гады шмат гаварылася (літаратурай таксама) пра разняволенне жанчыны, свабоднае каханне, непатрэбнасць традыцыйнай сям'і. Агату таксама можна аднесці да новых людзей. Будуючы ўласны лес, яна здольна кінуць выклік спрадвечным уяўленням пра жаночае шчасце. Аднак пры гэтым яна не ставіць пад сумненне каштоўнасць сямейных адносін і абавязкаў.
Канфлікт у апавяданні «Макаркавых Волька» (1938) звязаны з негатыўнымі з'явамі грамадскага жыцця ў 30-я гады. Каб чалавека выключылі з навучальнай установы, звольнілі з працы, дастаткова было недобразычліўцу напісаць паклёпніцкае пісьмо.
Сафрон Дзядзюля таксама новы чалавечы тып, народжаны паслякастрычніцкай рэчаіснасцю. Аднак яго пісьменнік малюе сатырычнымі фарбамі, раскрываючы подласць, помслівасць, нікчэмнасць яго натуры. Вось адна з характарыстык персанажа: «...Дзядзюля быў вялікім актывістам. Хоць работа ў яго дома і стаяла, але затое ён быў практыкам у тым, каб лезці ў цэнтр «вялікіх» спраў. Ён пакрысе лез у кааперацыю, у малочную арцель, а пасля і ў сельсавет... У гэтай справе Сафрон Дзядзюля быў сапраўдны талент, можна сказаць, глыбокі і тонкі. Дзядзюля задаволіўся тым, што пакінуў за сабой агульнапрызнаную годнасць то «душы ўсіх спраў», то «цэнтра ўсіх спраў» у сельсавецкім маштабе. Вядома, з такога чалавека кпілі ў кожнай хаце, але за вочы. У вочы ж ніхто не хацеў з ім звязвацца... Скончылася тым, што словы «душа» і «цэнтр» з'ядналіся разам і пачалі зваць Дзядзюлю «цэнтральнай душой».
У апавяданні К. Чорны акцэнтуе ўвагу не на сацыяльнай, а на маральнай сутнасці канфлікту, Сафрон не толькі пасылаў паклёпніцкія пісьмы. Працуючы ў сельсавеце, ён не дазволіў Вольчынаму бацьку атрымаць патрэбныя даведкі. Такім чынам, у перажытых дзяўчынай цяжкасцях і непрыемнасцях вінаваты Дзядзюля адзін. Аўтар паказвае, што з гэтай няпростай сітуацыі Волька выйшла пераможцам. Яна не толькі дасягнула пастаўленай мэты: атрымала адукацыю, стала ўрачом, — яна не страціла веру ў дабро, справядлівасць. Вышыня душы, чалавечнасць асабліва выяўляюцца ў сцэне, калі Волька, ужо ведаючы пра Сафронаву подласць, лечыць яго.
Хоць Сафронам падрыхтаваны новы паклёпніцкі ліст, які прынясе маладой жанчыне новыя непрыемнасці, яе пісьмо да сяброўкі (і ўсё апавяданне) заканчваецца аптымістычна: «Пасля сапраўднага асенняга дажджу зноў стаіць яснае надвор'е і яшчэ цвітуць познія кветкі...» Апісанне прыроды ў даным выпадку сімвалічнае. Аўтар верыў, што чалавечнасць і справядлівасць павінны перамагчы.