Лірыка
Адметнасцю паэтычнага голасу Н. Гілевіча з'яўляецца выхад да філасофскіх абагульненняў на аснове жывой жыццёвай канкрэтыкі. Так, верш «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» (1970), у якім уздымаецца праблема пераемнасці народных традыцый, пачынаецца паэтычным апісаннем летняй чэрвеньскай ночы над ракой дзяцінства. Аднак свята Купалы, з яго вогнішчамі, гаданнем на вянках, пошукамі кветкі-папараці, сучаснікамі забыта. «Ды ні гуку над Гайнай — пад цёмным шатром./ Толькі зоркі — як вочкі Купаліны».
Паэт заклікае маладых, дзяўчат і хлопцаў, «паліць Купалля агні». Народныя святы, звычаі, песні, казкі для яго не ёсць вяртанне ў мінулае, а падмурак для пабудовы будучыні. Лепш, ясней убачацца «наступныя дні», калі чалавек дакранецца душой да вытокаў. Гэтае сцвярджэнне вынашана Н. Гілевічам, пераправерана на практыцы. Ён добра ведае вусную народную творчасць, з'яўляецца даследчыкам і збіральнікам беларускага фальклору, шмат гадоў выкладаў гэту дысцыпліну студэнтам БДУ.
Не выпадкова ў заключных строфах верша «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» згадваецца Янка Купала.
Раскладайце агні — хай плывуць па рацэ,
Можа, у зыркім святле іх вы ўгледзіце
Постаць Янкі Купалы з кійком у руцэ —
Запрасіце яго прысуседзіцца!
Лагойская зямля, ціхаплынная Гайна— родныя мясціны народнага песняра. Свята Івана Купалы — гэта адначасова і дзень нараджэння паэта, і яго псеўданім. Існуе таксама больш глыбокая сувязь: для Купалы, як і для Гілевіча, народная культура выступае арганічнай часткай той спадчыны, што завецца «ўсяго старонкай роднаю».
Верш «Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..» элегійны па гучанню. Аўтар у ім заклікае не адмаўляцца ад спадчыны, што вякамі збіралася народам.
Да гэтай праблемы Н. Гілевіч звярнуўся таксама ў рамане «Родныя дзеці». Сцяпан Вячорка знаходзіцца ў роднай вёсцы купальскай ноччу. Ноч зусім не падобная на тую, якой яна запомнілася з гадоў маленства. «Нічога з колішняга свята / Не засталося ўжо — няма», вёска перастала святкаваць Купалле. Аднак герой рамана не можа пагадзіцца, «што праблема знята./ Зняла гісторыя сама!». Ён бачыць, як на месца занядбанага народнага свята, народнай традыцыі прыходзіць штосьці іншае, на жаль, далёкае ад духоўнасці і паэзіі:
Вось — не палілі вогнішчы хлопцы,
Вянкоў дзяўчаты не вілі —
Дзень цэлы дзюбалі па стопцы
I, ачмурэўшы, спаць ляглі...
У рамане праблема адносін да спадчыны вырашаецца публіцыстычна адкрыта, пісьменнік звяртаецца да сатырычных сродкаў.
З гадамі Н. Гілевіча ўсё больш цікавіць гістарычны лёс Бацькаўшчыны, яе поўны драматызму шлях праз вякі. Гісторыя няшмат захавала ад былой велічы, славы, прыгажосці, здабытых і створаных нашымі продкамі. Гэта асабліва кідаецца ў вочы пры параўнанні архітэктурных збудаванняў, якія могуць захоўвацца тысячагоддзі. Знаёмства з чужымі гарадамі, з «не нашымі помнікамі не.нашай славы» наводзіць лірычнага героя верша «Лёс і песня» (1983) на горкі роздум:
Нелітасцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі з любасцю стваралі,
Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,
Каб не ўцалелі нават і сляды.
Паэт захапляецца настойлівасцю, мужнай цярплівасцю народа, які, калі мінала бяда, аднаўляў разбуранае і знішчанае: «I паўставала з небыцця нанова / Краса ў абліччы каменя і слова.» Але гісторыя паўтаралася, адбудаванае «зноў рабілася прахам праз гады».
Некаму толькі здаецца, што мінулае і сучаснасць у жыцці народа існуюць паасобку; яны цесна пераплецены, знітаваны адзін з другім. Іншы, менш трагічны ў мінулым лес роднай зямлі, даў бы магчымасць нам сёння не ўздыхаць з сумам аб страчаным, а, як тое робяць многія народы, ганарыцца плёнам працы і таленту продкаў. Гэту повязь выразна адчувае паэт, таму ў яго песні «праступае горыч», яна ідзе «з глыбінь вякоў: там — бездань гаркаты!» У многіх вершах Н. Гілевіч стварае прыгожы, паэтычны вобраз роднага краю. У ім «гаючыя крыніцы» лечаць ад балючых ран, «на лад пявучы старажытнай мовы» гамоняць пушчы і шумяць дубровы, радуюць вочы «вераснёвыя долы», лёгка ідуць ногі «па шляхах бясконцых». («Край мой беларускі, край!..», 1966). Прыродныя з'явы і карціны ў творы адухаўляюцца, надзяляюцца рысамі і ўласцівасцямі людзей (да гэтага прыёму Н. Гілевіч звяртаецца досыць часта). Паэт знаходзіць свае, непаўторныя словы і інтанацыі, каб выказаць сыноўнюю любоў да роднай зямлі. У вершы «Край мой беларускі, край!..» гучыць замоўніцкая, малітоўная інтанацыя:
Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай!
Змена карцін-вобразаў, рытмічная арганізацыя верша «Бальшак» (1964) стварае адчуванне хуткай язды па дарозе. Першая страфа, якая складаецца з шаснаццаці радкоў, з'яўляецца адным разгорнутым сказам:
Праз долы-нізоўі,
Дзе ўвечар туманы ўстаюць,
Праз водар мядункавы
Спелых лугоў у пракосах,
Праз рэкі і рэчкі,
Што петлі блакітныя ўюць,
Праз ранішні гоман стозыкі
Пасёлкаў і вёсак,
Праз пушчу, дзе сосны
Струменяць жывіцу-пяршак,
Праз ліўні густыя,
Што раптам заслоняць паўсвета,—
Спяшаецца ўдалеч
Стары беларускі бальшак,
Спяшаюцца людзі,
Спяшаецца век-непаседа.
Вобразам лірычнага героя звязваецца сучаснасць і мінулае роднага краю. Герой уяўляе, як калісьці тут «прашчуры босыя сцежку сабе пракладалі», як гэтай дарогай «пляліся чужынцы здаля», губляючы на ёй «штандары і шапкі», г. зн. вярталіся пераможанымі.
Лірычнае пачуццё выяўляецца ў вершы шчыра, эмацыянальна-адкрыта і разам з тым нешматслоўна-стрымана:
Без гэтых бароў задуменных,
Без гэтых азёр,
Без гэтых палеткаў
Я шчасця на свеце не знаю.
У Н. Гілевіча шмат пейзажных вершаў, у якіх выяўляецца любоў паэта да роднага краю, раскрываецца яго светаадчуванне, уменне бачыць і захапляцца прыгажосцю звычайнага.
Белыя сыплюцца долу крышталікі,
Белыя крышацца хмаркі ўгары.
Сосны захутаны ў белыя шалікі.
Белая мітусь у белым бары.
Белая, мяккая ціша няхрусткая,
Белай дрымотай спавіты кусты.
Белая казка... Зіма беларуская...
Што ж мне не дорыш снягурачку ты?..
(«Белыя сыплюцца долу крышталікі...», 1965)
Шматразовае паўтарэнне эпітэта «белы» працуе ў вершы на стварэнне зрокавага вобраза-карціны — заснежанага, сцішанага, казачна-прыгожага роднага краю.
Верш «Родная мова», напісаны ў 1947 г., у зборнікі 50— 70-х гадоў не ўключаўся. Наіўна, але шчыра і горача малады паэт гаварыў пра сваю любоў да роднай мовы. Яе ён чуў на парозе жыцця ад бацькі і маці, на ёй упершыню прачытаў дарагія для кожнага чалавека словы «мама», «радзіма».
...I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала.
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —
Не дазволю.
Не дам.
Непрадам. Не змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
Н. Гілевічу давялося змагацца за волю роднага слова. Але не з ворагам «з далёкага краю», а з блізкім, сваім, з дамарослым манкуртам, які забыўся на роднае, наскае. Вершы гэтай тэматыкі склалі большую частку зборнікаў паэта 80—90-х гадоў («Жыта, сосны і валуны», «Адраджэнне», «Талісман», «На высокім алтары»).
Паэзія Н. Гілевіча тэматычна і стылёва рознапланавая. У ёй спалучаюцца грамадзянская мужнасць, устурбаванасць сённяшнім днём і сцішаны, мяккі лірызм, гарачае захапленне прыгажосцю і такое ж гарачае непрыняцце заганных з'яў, роздум над складанасцю, неадназначнасцю жыцця і дыдактызм, павучальнасць. «Паэтычны голас Н. Гілевіча, — адзначае В. Каваленка, — моцна чуцен у сучаснай паэзіі. У яго творчасці выразна праступаюць адзнакі думання і турбот усёй сучаснай беларускай літаратуры.Шмат якія вобразы, сітуацыі, паэтычныя рашэнні, адкрытыя ім, успрымаюцца і развіваюцца іншымі паэтамі, і разам з тым ён сам таксама чуйны да творчага дыхання беларускай паэзіі... Пры ўсім шматгалоссі паэзія Н. Гілевіча на дзіва цэльная і канцэптуальная ў адчуванні складанага аблічча жыцця».