Лірыка

Захаваўся адзін верш П. Багрыма.

Зайграй, зайграй, хлопча малы...
Зайграй, зайграй, хлопча малы,
I ў скрыпачку і ў цымбалы,
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»
Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасцем на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасліўшая ты бы была!
Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі
I ў маскалі не аддалі.
Мне пастушком век не быці,
А у маскалях трудна жыці,
А я і расці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся ?
Ой, кажане, кажане!
Чаму ж не сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.

Мастацкія асаблівасці

«П. Багрым не фантазіраваў, не выдумляў страхаў і болю. Ён бачыў трагедыю роднага сяла і пісаў пра яе, раскрываючы гэтым лес усяго зняволенага беларускага прыгоннага сялянства.

Па сутнасці, верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» — верш юнака-падлетка, які ўжо ведаў, што яму ёсць прысуд ісці ў салдаты, калі выйдуць гады...

Шчасцем юнак лічыць не быць чалавекам, быць хоць ваўкалакам, толькі не чалавекам, над якім паншчына, рэкруцтва, салдатчына — адна няволя! Ці ў крайнім выпадку заставацца ўсё жыццё малым пастушком... Адсюль і просьба да кажана, каб ён сеў на хлопчыка, каб малому не расці, не станавіцца дарослым. Бо, па тагачасных уяўленнях беларуса-селяніна, кажан — птушка чарадзейная: сядзе яна на дзіця, дзіця не расце. Радзіцца б каршуном, тады можна было б і не знаць паноў, паншчыны, салдатчыны...»