Лірыка
Досыць цяжка акрэсліць тэматычны абсяг творчасці Р.Барадуліна. В.Бечык пісаў: «Дзівосная і чарадзейная плынь барадулінскай паэзіі захоплівае здаецца ўсё, што трапна выгледзіць пільны зрок і пачуе чуйнае вуха». У творах паэта паўстае сучаснасць і гісторыя, прырода і касмічныя далі, вёска і горад, чалавек і народ. Здаецца, усе пласты жыцця ён можа ахапіць і напоўніць радасцю, болем, спагадаю, абурэннем, надзеяю, пранікліва глянуць у душу. Але ўсе дарогі паэта пачынаюцца ад парога матчынай хаты, усё галоўнае нараджаецца з пачуццяў, поглядаў, адносін, якія маюць трывалую глебу на роднай зямлі.
Лёс Р.Барадуліна характэрны для людзей яго і пазнейшых, пасляваенных, пакаленняў: вясковае дзяцінства, а затым жыццё ў горадзе. Але з вёскай паэта звязвае сотня непарыўных ніцяў, сярод якіх бацькоўскі дом, самыя блізкія і родныя людзі, успаміны пра маленства, вайну, першыя ўрокі дабра, справядлівасці і зла, крывадушша, урэшце ўсё тое, што называецца малой радзімай, што да самай смерці ласкавым сонцам грэе душу.
Вобраз дома ў лірыцы Р.Барадуліна асацыіруецца з радзіннай вясковай хатай, а не з гарадской кватэрай, якую паэт мае не адно дзесяцігоддзе. «Трэба дома бываць часцей. / Трэба дома бываць не госцем,/ Каб душою не ачарствець,/ Каб не страціць святое штосьці», — наказваў сабе і іншым «новаспечаным» гараджанам Р.Барадулін у раннім вершы «Трэба дома бываць часцей» (сёння гэта вядомая песня). Верш «Наведвайце бацькоў...», напісаны на пачатку 80-х гадоў, працягвае думку папярэдняга, аднак яна набывае іншыя, драматычныя адценні. К гэтаму часу з малой радзімай паэта звязвала ўжо памяць дарагіх магіл, Р.Барадулін на сабе адчуў, што значыць стаць, няхай сабе і ў сталым узросце, круглым сіратой. Боль, туга па страчаным апякаюць у першых радках:
Наведвайце бацькоў,
пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны —
нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў
гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён,
сум ля сляпых слупкоў.
Верш элегічны па свайму гучанню. Балючая асабістая страта высвеціла, што значаць для чалавека тыя, хто даў яму жыццё: «Без бацькавых надзей,/ без ціхай ласкі маці,/ Куды б ані паехалі,/ вы будзеце адны». У апошніх радках аўтар звяртаецца да сваіх равеснікаў, якім пакуль невядома горыч страты.
Мастацкія азначэнні, параўнанні, метафары, якія і напрыканцы верша шырока выкарыстоўвае Р.Барадулін, падкрэсліваюць часовасць, недаўгавечнасць жыцця пры бацьках:
Спяшайцеся паспець
душою разгавецца,
Пакуль, спагады просячы,
на выстылым галлі
Трымціць лісток ледзь-ледзь
бяссонніцай на вейцы,
Пакуль завеі ў роспачы
шляхоў не замялі.
Пэўна, у кожнага паэта знойдзем вершы, прысвечаныя самаму дарагому чалавеку на зямлі — маці. У многіх (у М.Танка, Н.Гілевіча, Л.Геніюш, Я.Янішчыц і г.д.) гэты вобраз скразны ў творчасці. Аднак барадулінскія вершы пра маці раскрываюць цэлы свет — неабдымны, шматгранны, шматфарбны, з якога чэрпае, у якім адкрывае невядомае, прыгожае, добрае паэт усё жыццё.
«Веды» — нечаканая назва для твора, у якім гаворка пойдзе пра маці. Р.Барадулін пераконвае, што «мама смела / Ведала свет», хоць «паводле дадзеных глухіх анкет» лічылася малапісьменнай. Ён пералічвае тыя навукі, якія спасцігла простая вясковая жанчына: тэалогію («На памяць малітвы шаптала»), астраномію («Па зорках дарогу шукала,/ Калі пад страхой нябеснай / Перапёлкаю начавала»). Была маці і «ўрачом дзіцячым, і цвёрдым на руку ветэрынарам» (дапамагала хатняй жывёле), была «філолагам з выключным слыхам», ведала «міфалогію паганскае даўніны», аграномію — «Што сеяць,/ Калі і дзе». Пералічваючы матчыны «веды», паэт сцвярджае таленавітасць простага вясковага чалавека, каштоўнасць набытых у практычным жыцці вопыту і мудрасці, якія перадаваліся ад пакалення пакаленню.
Сродкамі іроніі (калі аўтар усхваляе нейкія рысы ці якасці, быццам адмаўляючы іх) Р.Барадулін характарызуе «недахопы» маці:
Спаць не магла да святла,
На шарэнніку уставала.
П'янела ад лебяды, ад кропу.
...Яшчэ не умела ў горы хіліцца,
Яшчэ не умела Маці хваліцца.
Так і не спасцігла Цяжкой навукі —
Стаяць рукі ў бокі, Сядзець склаўшы рукі.
Самае дарагое і запаветнае для Р.Барадуліна ўвабраў у сябе вобраз маці. «Над усім, што перадумана, што ўжо сказана, як сімвал паглыбленасці ва ўнутраны свет чалавека, сімвал роздуму над бясконцасцю і вечнасцю Сусвету, як крытэрый маральна-этычнай патрабавальнасці, чалавечай дабрыні «ўзыходзяць» матчыны вочы. Іх то ласкава -задуменны, то строгі пагляд прысутнічае ў кожнай кнізе паэта. Разважліва і патрабавальна глядзяць яны з супервокладкі кнігі «Неруш». «Сузор'ямі» дабрыні і святла бачацца мацярынскія ,вочы ў кнігах «Свята пчалы», «Абсяг» і «Вечалле»:
Вочы твае
Нада мной узышлі
Сузор'ямі цішыні,
Сусветамі дабрыні,
Покуль ёсць яны —
Мне на зямлі
Светла,
мама...» —
адзначае даследчык творчасці Р.Барадуліна Л.Гарэлік. Вобраз маці, памяць пра маці прысутнічае і ў апошніх па часе кнігах «Маўчанне перуна», «Самота паломніцтва», «Міласэрнасць плахі». Зборнік 1995 г. мае назву «Евангелле ад мамы» (Евангелле тут у значэнні запавет, скарбніца мудрасці, маралі, этыкі).
Лёсам Р.Барадуліну было наканавана гаварыць і пісаць пра «матчыну хату" (хата, зробленая рукамі бацькі, згарэлі ў вайну). Гэты вобраз глыбока раскрываецца ў паэме 60-х гадоў «Трыпціх». У «хату матчыну» імкнецца ва ўспамінах лірычны герой паэмы «Вяртанне ў першы снег». Кампазіцыя твора нагадвае дарожныя нататкі: герой дабіраецца да роднай хаты самалётам, потым аўтобусам, ён радуецца сустрэчы з маці, ідзе «пакланіцца бору з пашанай», «пашаптацца на возеры з чаротам»... У родных мясцінах, на парозе хаты яго акружаюць успаміны, «Матчына хата» і «першы снег» — вобразы-сімвалы, якія стаяць у паэме побач, нібыта дапаўняюць адзін другога. Яны ўвасабляюць самае светлае, добрае, што існуе ў жыцці чалавека.
Усё гэта
ў першым снезе маім,
Чыстым, як слова «мама».
У бары маім першым,
сівым,
... Ні галінкі не надломана.
Не замялі вятры палазні,
Што да дому вядзе
па гасцінцу старому.
...Ані следу здрады,
хлусні, Ні слізгот,
ні заносу,
ні стромы —
На незаследжаным снезе...
З маці, з вёскай паэт звязвае родную мову. Верш «Мая мова» быў напісаны ў сярэдзіне 60-х гадоў, калі «будаўнікі камунізму» загаварылі пра зліццё моў як адзін з этапаў фарміравання новага грамадства. Р.Барадулін, як і П.Панчанка, М.Танк, У.Караткевіч, не мог пагадзіцца з тым, што «нібыта як перажытак,/ аджыць павінна абавязкова / Мова маці маёй — беларуская мова». Ён упэўнены, што
...Калі нават мова мая замаўчыць,
То не зробіцца мёртвай латынню.
Словы, дзе кожны гук
Азяблай сінічкай цінькае,
Не стануць тэрмінамі медыцынскімі.
Гэтыя словы
Павінны вывучыць будуць нанова,
Каб даведацца,
як Русь мая, белая
Ад веснавое наквеці
I ад касцей няпрошанай набрыдзі...
Вольнай воляй сваёй даражыла...
Віцебшчына, радзіма паэта, панесла вельмі вялікія страты ў гады вайны з фашызмам. Пра жыццё ў акупацыі, блакаду, смерць блізкіх, холад, голад, страх Р.Барадулін ведае не з чужых слоў, таму тэма Вялікай Айчыннай вайны займае значнае месца ў яго творчасці (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці», вершы «Віцебшчына», «Могільнік вёсак», «Партызанка», «Яліна цвіце», «Брыдуць глыбокім снегам чараты...» і многія іншыя). Паэт услаўляе мужнасць і гераізм народа, паказвае, што на барацьбу з чужынцам узняліся не толькі людзі, але і дрэвы («Яліна цвіце»), нават царква стала «партызанкай». У царкве абсталявалі майстэрню па вырабу зброі. Абарона сваёй зямлі — святая справа — і людзям дапамагаюць архангелы, анёлы, нават сам Бог:
Не да ўсёдаравання — дух помсты святы! —
Расставаліся з дамавінамі,
Уставалі святыя з глухой нематы —
Сталі ўсе вайскова павіннымі.
I паўстала царква супраць чорных крыжоў,
Як даўней, зрабілася крэпасцю,
Каб згарэлай вінтоўцы прыклад падышоў,
Бог сачыў — з ёй у бой заўтра трэба ісці...
Паэт ганарыцца славай радзімы-партызанкі, радзімы-змагаркі. Аднак у творах ён часцей паказвае трагедыю вайны. Так, Р.Барадуліну здаюцца чараты ценямі расстраляных людзей. Яны «крычаць вякам наступным», каб нідзе і . ніколі не забыўся нашчадак, што «ўся зямля — у незагойных ранах» («Брыдуць глыбокім снегам чараты...»). Ушацкую вёску Гвазды напаткаў той жа трагічны лес, што і Хатынь. Яна «праплыла, як цень па вадзе,/ Чорнай хмарай у неба пайшла,/ Не вяртаецца на зямлю.» («Вёска Гвазды»).
Паэзія Р.Барадуліна насычана мастацкімі вобразамі. Аўтар часта звяртаецца да метафары, пабудаванай на аснове збліжэння далёкіх, але сутнасна падобных з'яў («Пакуль у нас / Пяшчотаю/ матуль / I рупнасцю бацькоў / Сагрэты далі,/ Не посвіст куль, / А галасы зязюль / Лічыць гадоў чароды / Не прысталі» — верш «Яна адна...»; «Галасуе нядзеля,/ просіць падвезці. / На рынак трэба паспець у час» — паэма «Вяртанне ў першы снег»). Выкарыстоўвае шырока алітэрацыю, асананс, рухомасць вершаванай формы — рытмічную сістэму, самую разнастайную рыфму.
Яшчэ ў студэнстве выявілася ў Р.Барадуліна любоў да жывога слова. За паэтам усталявалася слава стваральніка аўтарскіх неалагізмаў («...Цёзка, з бяроз не сарваўшы лісток,/ Па лясах блакадзіў з брыгадамі» —верш «Партызанка» ; «Ці неба зорнае прыкмет/ Для іх значэе...» — верш «Якія будуць сніцца сны...»). Але, як лічыць мовазнавец А.Каўрус, паэт «напоўніцу, з вялікім мастацкім плёнам чэрпаў з моўных скарбаў роднай Вушаччыны... Сярод так званых аўтарскіх неалагізмаў — вялікая доля слоў мясцовых, дагэтуль не ўжываных у літаратуры. Яны арганічна загучалі ў вершах Р.Барадуліна і надалі свежасці і моцы нашай мове. Дарэчы, і сёння бывае нялёгка пазнаць, дзе паэт бярэ з народна-дыялектычнай мовы, а дзе стварае сам».
Р.Барадулін плённа выкарыстоўвае народна-песенныя вобразна-выяўленчыя сродкі. Легенды, казкі, прымаўкі, прыказкі, песні арганічна ўваходзяць у яго творчасць. «Як мама,/ Клічуць даўнія гады:/ «З печы, з полу/ Сабірайцеся к столу!..» (верш «Чышчу бульбу»). Альбо ў «Ведах»:
Словы лушчыла,
Як у прыпол фасолю:
Новае сітца,
Пакуль навісіцца,
А як навісіцца,
Дык і пад лаўкай наляжыцца.
...Так і не спасцігла Цяжкой навукі —
Стаяць рукі ў бокі,
Сядзець склаўшы рукі.
Надзвычай разнастайны рытмічна-інтанацыйны лад вершаў і паэм Р.Барадуліна; выкарыстоўваюцца як традыцыйныя для нашай паэзіі формы арганізацыі вершаванага радка, так і нетрадыцыйныя. Пісьменнік звяртаецца да верлібра, досыць часта ўжывае ламаны радок, так званую лесвічку («Наведвайце бацькоў...», «Вяртанне ў першы снег», «Мая мова»).
«Паэзія Р.Барадуліна тоіць у сабе невычэрпныя магчымасці першаадкрыцця, — адзначае Л.Гарэлік. — Кожны раз яна разгортвае новы абсяг думак, выяўляе шчодрасць пачуццяў, па-новаму ўзбагачае чытача сваёй духоўна-эмацыянальнай энергіяй».