Светапогляд пісьменніка
С. Будны ўвайшоў у гісторыю як арыгінальны мысліцель. Зыходзячы з хрысціянскіх уяўленняў пра свет, ён дбаў пра маральную дасканаласць чалавека. Выказаў шмат цікавых і абгрунтаваных думак пра ўзаемаадносіны багатых і бедных у грамадстве, пра дзейнасць урада, Дзяржаўных інстытутаў (суда, войска, мясцовай адміністрацыі і т.д.). Аб'яўляў чалавека як галоўную каштоўнасць на зямлі, якому, згодна з боскай воляй, павінна падпарадкоўвацца усё жывое і нежывое. С. Будны заклікаў, каб кожны чалавек, жывучы з божым страхам у душы, усе свае ўчынкі суадносіў з запаведзямі Хрыста, ніколі не губляў надзеі на выратаванне, рабіў добрыя справы. Асветнік горача выступаў у абарону свабоды думкі і слова. Усякае прыцясненне і прыніжэнне асобы ён прыраўноўваў да найвялікшага зла. Ён быў праціўнікам ідэйнай нецярпімасці і радыкалізму, асуджаў каталікоў і лютэран за ганенні іншавернікаў, выступаў за грамадскую згоду, яднанне.
Асветнік прызнаваў толькі справядлівыя войны. «Не кажной войны христианин служити можеть. Бо часом война бываеть не справядливая. Яко коли тыран или мучитель ка-кый гордый не переставаючи на своем панстве, чужие городы, княства или земли силою забираеть, таковое войны служити христианину не годиться. Бо таковая война ест разбой. Опять, справедливая война ест — коли не для гордости, не для лакомства, але для обороны пределов своих король или князь оружие противу врагом своим бероть».
Адным з важнейшых дасягненняў рэфарматарскага руху ў заходнееўрапейскіх краінах стала выкарыстанне жывой народнай мовы ў літаратурнай дзейнасці і ў час богаслужэнняў. С. Будны, як актыўная постаць гэтага руху на беларускіх землях, на пачатку творчасці таксама звярнуўся да роднай мовы («Катэхізіс», «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам»). Пазней, вымушаны пісаць на польскай мове і латынь, ніколі не аддаваў перавагі нейкай адной. У прадмове да перакладу Бібліі выступіў з рашучым пратэстам супраць абразлівых адносін да любой мовы, тлумачачы, што ўсе яны ад Бога і таму — роўныя. У «Прысвячэнні князям Радзівілам», напісаным, побач з «Прадмовай да Чытача», да «Катэхізіса», С. Будны заклікаў князёў аказаць падтрымку кнізе на роднай мове беларусаў, любіць мову народа («...Абы ся ваши княжацкие милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся тежь, ваши княжацкие милости, и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давные предки и их княжацкие милости Панове отцы ваших княжецких милости славне преднейщие предложенства несуть»).
З'яўленне «Катэхізісу» (Катэхізіс — выкладанне сутнасці якога-небудзь вучэння ў форме пытанняў і адказаў) С. Будны тлумачыў жаданнем спыніць распаўсюджанне «злых рэчаў, якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве». У «Прадмове» да твора асветнік рэзка крытыкаваў дзейнасць праваслаўнага духавенства: «Не надобе о том много писати, вси бо ведаем, яковых тепер учителей маем. Ведает весь свет, яко на свои степени вступают. Не тайно тежь, яко на них стоять и справуются. Лепшей плакати, нежели их норовы выписовати». Ён звяртаў увагу на дрэнную сістэму адукацыі народа. Пры адсутнасці адукацыі і разумнага духоўнага выхавання, лічыў С. Будны, простаму люду немагчыма пазбавіцца ад невуцтва. Ён клапаціўся, каб прапаведнікі, духоўныя настаўнікі народа, былі адукаванымі і разумнымі. «...Аще слепец слепца водить — оба в яму впадетася, — прыводзіў біблейскую мудрасць С. Будны і ўсхвалявана звяртаўся да чьггача: «Слышиш ме, взлюбленый мой брате, иж тя сам господь остерегаеть, абы есь в яму не упал? Упадет всяк, кто ся слепому водити допущаеть. Чого ж для от таковых слепцов не бежим? Чому ся им водити допущаем? Смилуйся уже каждый над собою Бога для. Встани от сна, уже пора обачитися».