Лірыка

Вершы (на рускай мове) У. Жылка пачаў пісаць у час вучобы ў Багародзіцкім вучылішчы. Паэта-пачаткоўца хваляваў лес свайго народа, роднай зямлі, ён хацеў асэнсаваць мінулае, зазірнуць у будучыню. Ён быў гарачым і шчырым патрыётам сваёй радзімы. Першыя надрукаваныя ўжо на Бацькаўшчыне вершы належаць да грамадзянскай лірыкі. У іх У. Жылка адгукаўся на няпростыя тагачасныя грамадска-палітычныя падзеі. Аднак гэта не былі творы-водгукі, нягледзячы на маладосць аўтара яны належным чынам апрацаваны, у іх прысутнічае мастацкая ідэя і паэтычная вобразнасць.

У вершы «Беларусь» (1920), адным з самых ранніх твораў У. Жылкі, паўстае рамантычна-абагульнены, таямніча-прывабны вобраз радзімы. Строфы верша адносна самастойныя, у кожнай з іх гучыць свая тэма. Напачатку лірычны герой гаворыць пра сябе: што з яго душой робіць «зык» — назва роднай краіны, зямлі.

Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём...
Як пачую яго, задрыжыць
Мае сэрца, заные ў грудзях,
I балюча так робіцца жыць,
I шукаеш чагосьці ў людзях.

Затым голас лірычнага «я» гучыць з падтэксту, аўтар звяртаецца да аб'ектывізаванага апісання. Музыку «гэтых слоў» зразумеюць і пачуюць толькі тыя, хто жадае роднаму краю долі і волі. У трэцяй страфе паўстае кантрасны малюнак беларускай рэчаіснасці:

Край вялікіх і дум, і людзей,
I бяздольна схіліўшыхся хат,
Дзе нядоля і гора спрадвек
I бяднота сярмяжных жывуць,
Крыўда дзе, паняверка і здзек
Краскай макавай ярка цвітуць.

Родная зямля ўяўляецца паэту загадкавай, поўнай таемнасці, авеянай легендамі і паданнямі. Аднак яна зачаравана злымі сіламі. У заключнай страфе верша згадваюцца варожыя жыццю і чалавеку вобразы народнай міфалогіі.

Беларусь — край замчышч, курганоў,
Дзе таяцца страхоцці і звод,
Дзе русалкі выходзяць з віроў
I начніцы вядуць карагод,
Дзе пад шум каласоў ведзьмары
На палетках заломы кладуць
I ў купальскую ноч у бары
Забабоны ў пацёмках снуюць.

Больш канкрэтызаваным паўстае вобраз Беларусі ў вершах «Мы любім даўнія паданні...» і «Дзед» (абодва датаваны 1921 г.).У. Жылка прыгадвае мінулае роднага краю, гаворыць аб павазе сучаснікаў да сівой даўніны: «Шануем мы бацькоў імёны: / Навука й прыклад нам яны; / I помнім мы і веча звоны, /І вольнасць роднай стараны». Паэт сцвярджае, што гісторыю трэба ведаць, што яна выхоўвае і вучыць. Разам з тым памкненні аўтара скіраваны ў будучыню:

...Нам будуцьўсё ж мілейшы
Часы, калі з нізін, балот
З надзеяй ў шчаснасць дзён святлейшых
Устане ўзбуджаны народ
(«Мы любім даўнія паданні.,.»)

Герой верша «Дзед», стары чалавек, які ўвасабляе гісторыю народа, хоць і «жыве мінулым, таемным і глухім», але ўдушы «гадуе думку», спадзяецца «хоць перад смерцю ўбачыць свабоднай старану».

Мара паэта (і мара яго герояў) — вольная, незалежная Беларусь — на пачатку 20-х гадоў заставалася толькі марай. У. Жылка гэта разумеў і не цешыў сябе і іншых ілюзіямі. «Не відна йшчэ у завірусе, / Куды ляжыць ягоны (народа. — Т.Г.) шлях», — пісаў ён у вершы «Мы любім даўнія паданні...» Аднак паэт верыў у «творчы дух Беларусі», які «жыве й змагае долі жах». Сучаснасць яму бачылася часам вялікіх падзей і зрухаў, часам змагання за будучыню. Лірычны герой яго вершаў, рамантычна акрылены малады чалавек, прымаў такую сучаснасць:

I, можа, толькі той збаіцца
Падзей вялікіх нашых дзён,
У кім жыцця не б'е крыніца,
Хто спіць і здолець недуж сон.
(«Мы любім даўнія паданні...»)

Аптымістычны погляд на вырашэнне народнага лёсу прысутнічае таксама ў вершы «Ізноў пытанні...». Твор напісаны ў 1922 г., калі Беларусь ўжо распалавініла Рыжская мірная дамова.У гэты час У. Жылка жыў у Заходняй Беларусі, «дзяліў лёс благі» са сваёй малой радзімай. Вобраз будучыні тут больш аддалены і няпэўны, на шляху да яе «новыя напасці».

Сур'ёзным і трывожным роздумам над днём мінулым і сённяшнім поўняцца «Вершы аб Вільні» (1925). Вільня дарагая У. Жылку як даўні асяродак беларускай гісторыі і культуры і як цэнтр сучасных памкненняў да волі. Пачатак твора нагадвае знакамітую «Пагоню» М. Багдановіча:

Калі сябры нас гудзяць згубаю
I ворагі прарочаць скон,—
Тады к Табе, о Вільня любая,
Прыходзяць згадкі у палон.

Лірычны герой ідзе вуліцамі горада, нібыта перагортваючы старонкі мінулага, захапляецца яго прыгажосцю. Сучасную Вільню ён бачыць у чаканні бурных змен, верыць, што вуліцы «залье крывіцкі рух». Трывога ж выклікана падзеленасцю беларускага народа і адсутнасцю адзінай кансалідуючай нацыю ідэі. Руіны, замкі, вуліцы Вільні на кожным кроку нагадваюць пра дзяржаўнасць Беларусі, пра незалежнасць і моц народа. Такі «загад высвечвае з вякоў лес рукой няўхільнаю». Аднак палітычныя рэаліі былі іншымі. У пошуках беларускай ідэі У. Жылка скіроўваў свой погляд на Усход, шукаў прарока «між тых, хто ўцяклі да Медыны». У «Вершах аб Вільні» нацыянальныя святыні паэт параўноўвае з сусветна вядомымі святынямі мусульман. Старажытны беларускі горад для яго з'яўляецца свяшчэнным, як для прыхільнікаў іслама Мекка, радзіма заснавальніка ісламскай рэлігіі Мухамада. «Руіны замчышча», што нясуць у сабе водгулле слаўнага мінулага, — гэта Кааба. Так называецца галоўная святыня мусульман, да якой яны заўсёды паварочваюцца ў час малітвы. Медынай — горад, дзе жыў і дзе пахаваны прарок Мухамад — У. Жылка называе Мінск. Такім чынам, У. Жылка, як і іншыя беларускія пісьменнікі, верыў у адраджэнне народа пры новай. савецкай уладзе. Твор заканчваецца пытаннем: «О, Вільня, крывіцкая Мекка! / Ці варта прарока ты стрэць? ». Даследчыкі адзначаюць блізкасць ранніх вершаў У. Жылкі творам Я. Купалы і М. Багдановіча. Іх збліжае любоў да роднай зямлі, думка пра нацыянальнае адраджэнне, трывога за будучыню краю. У творах маладога аўтара часам сустракаюцца матывы, вобразы, інтанацыі знакамітых папярэднікаў, хоць У. Жылка заўжды імкнуўся ісці сваім шляхам. Так, уплыў Я. Купалы і М. Багдановіча заўважаны ў вершах «Беларусь», «Палімпсест» і некаторых іншых.

Ёмісты сімвалічны вобраз зерня, які праз тысячу год не страціў здольнасць «буйна ўскаласіцца» (М. Багдановіч), падштурхнуў У. Жылку да пошукаў свайго вобраза-сімвала. Жыццё народа, яго гісторыю і культуру паэт параўнаў з палімпсестам — старажытным рукапісам, які напісаны паўзверх першапачатковага тэксту, сцёртага ці знішчанага наўмысна.

Ёсць рукапісы, змест якіх сцярты, ледзь знаць,
Ці нат другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсестамі прынята здаўна зваць,
I першы іхні змысл пайме не кожны.
Краіна родная! Так сталася й з Табой.
Багацце й хараство твае прыроды
I прошласць слаўную змяшаў чужак з гразёй
I словы вывеў гідкія для зводу...
(«Палімпсест», 1921)

Творчасць М. Багдановіча і У. Жылкі лучыць цікавасць да класічных форм, высокая культура паэтычнага радка, шырокі зварот да філасофскай праблематыкі.

На пачатку 20-х гадоў У. Жылка стварыў шэраг твораў, у. якіх дамінуе ідэя служэння Радзіме, «Аручы прадзедаў вузкі загон», знайшоў зброю лірычны герой верша «Меч» (1924). Сімволіка гэтага і наступных радкоў твора, можна сказаць, традыцыйная. Меч — увасабленне былой, магутнасці і сілы народа, пахаванай у стагоддзях. Аднак яна, сіла, здольна адрадзіцца. Герой «абцёр пабожна йржу часу благога, / I заблішчэў старых стагоддзяў сон». З мінулага гучыць запавет продкаў «Дарэшты бой!». Ён узмацняе дух героя, «загадам строгім» кліча на змаганне з новым ворагам, на абарону Бацькаўшчыны. Араты становіцца воінам:

I вось няма нясмеласці, разваг.
Для сэрца вернага — чужынцам страх:
Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!
Я з грамадой іду па шчасце нам.
Мой меч зігціць, непераможны, востры.
Змагуся сам — дык сотням перадам!

Для раскрыцця патрыятычнай тэмы ў вершы «Меч» як нельга лепш прыдалася форма санета, з яго падзелам на дзве часткі (у першай частцы закранаецца мінулае народа, у другой паўстаюць праблемы сучаснасці). Часткі верша вылучаюцца і зменамі рытмічнай арганізацыі радка, рыфмай.

Сярод апошніх твораў, напісаных У. Жылкам у высылцы, невялікая лірычна-спавядальная паэма «Тастамент». Гэта запавет паэта сучаснікам і нашчадкам, тым, хто прыйдзе, каб аб'ектыўна разабрацца ў падзеях нядаўняй гісторыі. Сутыкнуўшыся з несправядлівасцю і гвалтам, паэт не расчараваўся ў чалавеку. «I люб мне чалавек бясконца, / Высокі плод зямлі і сонца», — сцвярджаецца ў творы. Шмат радкоў у паэме прысвечана «крывіцкаму народу», паэт паміраў з верай у лепшую будучыню роднага краю («Ў цудоўнай сіле ўроды й моцы / Прадбачу я твае палі...»). У творы паўстае светлы, чысты, узвышаны вобраз аўтара — песняра, змагара, чалавека.

Я пакідаю з дзіўным сумам
Маю дабродзейку зямлю.
Я голад знаў, душыўся глумам,
Ды імі сэрца не кармлю...
На зломе дзвюх эпох злавесным,
У неспрыяльным ветры злым
Сваё жыццё прайшоў я чэсна:
Пясняр, змагар, бядняк праз век —
Быў перш за ўсё я чалавек!

Паэма пісалася ў 1932—1933 гадах, але стала вядома толькі напрыканцы 80-х.