Лірыка

ДОБРЫЯ ВЕСЦІ

Лірычны герой звяртаецца з прывітаннем да ветру «з далёкага свету», які прынёс добрыя весці. На Захадзе «б'юцца для славы, свабоды і чэсці і робяць вольных людзей з мужыкоў».

Далей гаворка ідзе пра родны край і тыя змены да лепшага, якія павінны адбыцца тут:

Годзе ж вам,,годзе ў яснай карэце, Годзе, чыноўнікі, ездзіць у двор, Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці, 3 хаткі астаткі даваць на пабор.

Мужык і шляхціц прысягнулі «быць сабе вольны і роўны народ», разам вырашаць грамадскія справы і змагацца з ворагам.

Сваю «святую зямлю» лірычны герой просіць «радзіць нам збожжа ды судзіць пажаць», Сюды ўжо больш «не прыйдзе вораг з маскоўскага краю» забіраць зерне.

У апошніх радках верша гучыць заклік-спадзяванне ў роўнасці, «у свабодзе зажыць шчасліва».

ХАДЫКА (Гутарка з палескай мінуўшчыны)

Кароткі змест:

«Пад замак слуцкі» збіраецца народ. Там «над мужыком і шляхтай суд па людску» правіць ваявода. Праз гурт людзей, не слухаючы варты, праціскаецца старац:

...Іскрацца дзіка вочы... Павісла белае валоссе клоччам, Касцісты твар, пагорбленыя плечы...

Аддыхаўшыся, сабраўшы сілы, пачынае споведзь, выносіць на суд свой страшны лес. Трыццаць год, як ён хаваецца ў лесе.

Лоўчы загадаў Хадыку асачыць мядзведзя, бо на паляванне меўся прыехаць сам гетман. Хадыка тры дні прагуляў у карчме, спадзеючыся, што ўсё паспее зрабіць да прыезду паноў у апошні дзень. Паляванне не адбылося, гетман «словам адборным злаяў лоўчага». Той, калі з'ехалі паны, «спагнаў злосць у ахвоту» на асочніку:

Падхапілі мяне, прывязалі да дрэва, Лупцавалі гарапнікам з тоўстага дроту, Падплываў я крывёю ад панскага гневу. Марна бацька да ног прыпадае з адчаем, Плача жонка...

У парыве гневу Хадыка забіў лоўчага і ўцёк у пушчу. Цэлую ноч блукаў па лесе, згадваючы мёртвага пана і яго маладую жонку, уласную сям'ю. Ад людзей ён схаваўся, ад сумлення схавацца немагчыма.

Усю зіму змагаўся з холадам, голадам, сумленнем і д'яблам, які спакушаў выйсці на дарогу і разбоем здабыць ежу, апратку.

Рэдка паварочвалася да Хадыкі паляўнічае шчасце вясной. А к лету ён зусім «падупаў душой, галадоўля ды скруха, — тапара не трымаюць аслабшыя рукі». З'явіліся думкі пра самагубства. Шукаючы патрэбную галіну, убачыў пчаліны рой. Вырашыў спачатку зрабіць пчолам дамоўку. Праца адвяла думкі пра смерць.

Хадыка навучыўся «ашукваць і птушку і звера». Наставіў у пушчы шмат пчаліных борцяў, бо «што чалавек варты без працы».

Ішлі гады, «пашчарбіўся тапор, і сярмяга сатлела». Прыйшла старасць, з ёй нядужасць. Хадыка вырашыў ісці да людзей, ужо не баючыся зняволення і суда. Ды ўсе, каго ён сустракаў па дарозе і ў вёсцы, «з жахлівым крыкам уцякалі». Толькі адзін чалавек запрасіў на ноч, накарміў гарачай стравай, падараваў старую апранаху, а выслухаўшы Хадыку, падказаў, што «ў места князь прыехаў, судзіць за ўчынкі...»

Хадыка просіць князя прызначыць яму суровае пакаранне, а за гэта абяцае аддаць сваю пчаліную гаспадарку.

Князя вельмі ўразіў аповед старога. Ён перанёс суд на заўтрашні дзень. Хадыка да яго не дажыў, памёр у кляштары.

Мастацкія асаблівасці

Як і іншыя вялікія па памеру творы У. Сыракомлі («Дабрародны Ян Дэмбарог», «Лялька», «Ілюмінацыя» і г. д.), вершаванае апавяданне «Хадыка» напісана на польскай мове. Аднак героем яго з'яўляецца беларускі селянін, дакладней, асочнік (яго абавязак быў асочваць звера для панскіх паляўнічых уцех). Гэта падкрэслена ўжо падзагалоўкам твора — гутарка з палескай мінуўшчыны.

Вобраз Хадыкі псіхалагічна заглыблены. Аўтар паказаў душэўныя пакуты чалавека, на сумленні якога цяжкі грэх. Хадыку праз трыццаць год на сатлелай сярмязе бачацца нязмытыя плямы крыві, «свежая памяць аб даўнім злачыну».

Пісьменнік не спрашчае сітуацыю. Хадыка забіў лоўчага, помсцячы за свае пакуты. Пан лоўчы быў «спрытны ...да зброі, а болей да біча», які ён часта апускаў на спіны залежных ад яго мужыкоў, Аднак герой не прымае такое апраўданне. Адразу пасля забойства ў яго вачах паўстае жонка пана лоўчага, як яна «галосіць з адчаю».

Вельмі хутка Хадыка зразумеў нерэальнасць уласных спадзяванняў, што «час злачынства астудзіць, забудуцца людзі, і віну акуплю я пакутай і працай». Герой твора пакараў сябе сам — трыццаць гадоў «у скрусе жыў заўсёды», носячы ў душы невыносны боль. Нават князь, выслухаўшы споведзь Хадыкі, «бядой мужычай... устурбаваны». Мукі сумлення скончыліся ў героя толькі са смерцю, таму ён і прасіў сабе такога пакарання («Мяне ж, забойцу, пакарай на горла»).

У. Сыракомля раскрыў у творы складаны свет чалавечай душы. У той час, калі многія прадстаўнікі пануючага класа не лічылі мужыка за чалавека, аўтар «Хадыкі» гаварыў пра яго высокую маральнасць і сумленнасць. Поруч з гэтым у апавяданні падкрэсліваецца моц духу, жыццястойкасць селяніна. Аднойчы, узняўшы ў парыве помсты сякеру супраць пана, ён не пайшоў па шляху разбою і гвалту. I не засіліўся, хоць часта смерць уяўлялася яму збавіцелькай ад пакут сумлення, ад здзічэлага, галоднага існавання. Хадыка развёў у пушчы пчэльнік. Зразумела, праца з пчоламі пэўным чынам ратавала яго ад скрушных думак, аднак мела яна і больш шырокі сэнс, бо скіравана была да людзей.

Гаспадарка ў бары — гэта ж дзіўнае дзіва. Не для ўласных патрэб, не на продаж у месце... А для працы, карысці... да так сабе, ўрэшце, Для людзей, бо на іх жа трымаецца праца, — тлумачыць Хадыка, марачы аб тым, што нехта некалі знойдзе яго гаспадарку і скарыстае на карысць.

У. Сыракомля ўзняўся ў творы да гаворкі пра сэнс чалавечага існавання. Вырашаў аўтар спрадвечную філасофскую праблему ў адпаведнасці са светабачаннем народа, мараллю чалавека працы.