Знак бяды
Аповесць пачынаецца з апісання месца, дзе стаяў хутар. Мала што тут нагадвае былую сядзібу. I на ўсім ляжыць знак няшчасця, знак даўняй бяды.
Сцепаніда, пасвячы карову Бабоўку, убачыла каля разбуранага маста немцаў, яны згружалі бярвенне. Жанчына кінулася на хутар, дзе застаўся муж. Адрамантаваны мост нёс пагрозу з'яўлення чужынцаў на хутары. Пятрок і Сцепаніда прыхоўваюць парсючка. Пятрок спадзяецца, што неяк абыйдзецца («Мы перад імі не вінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык можа, і яны... Не з'ядуць, можа... Каб засцерагчыся ад бяды, трэба паводзіць сябе як мага абачлівей і ЦІШЭЙ...»).
Раніцай Сцепаніда пагнала на пашу Бабоўку. Пятрок нічога не паспеў зрабіць па гаспадарцы, бо прыйшлі Гуж і Каландзёнак, паліцаі. Ён чуў ад людзей, што паліцаі сноўдалі ў вёсцы, па хутарах — усталёўвалі новую ўладу. Гуж запатрабаваў пачастунку, але гарэлкі ў Багацькаў не было і ён дастаў сваю бутэльку. Вярнулася Сцепаніда, «ладзіць яешню» паліцаям яна не стала. Ведаючы жончын характар, Пятрок баяўся, што здарыцца непапраўнае: Сцепаніда раззлуе Гужа і іх арыштуюць.
Гуж загадаў хутка чакаць іх у госці і мець гарэлку, а яшчэ паведаміць пра бандытаў, калі з'явяцца на хутары.
Пасля адыходу паліцаяў Сцепаніда выгаворвае мужу, што ўстроіў частаванне. «Яны абодва з вінтоўкамі, улада іх над людзьмі вялікая, яны ўсё могуць. Але яна іх не баялася, бо не паважала іх», — гаворыць аўтар пра жанчыну.
Праз некалькі дзён на хутары з'явіліся немцы. Чужынцы трымаліся як гаспадары, ні пра што не пытаючыся ў тых людзей, што тут жылі. Багацькам загадалі вызваліць і вымыць хату.
Падвечар прыехаў афіцэр. Праз нейкі момант фельдфебель паклікаў Петрака. Афіцэр торкнуў пальцам на здымак Сталіна ў газеце, якімі была абклеена хата, і дастаў пісталет. Але выстраліў ён не ў гаспадара хаты, а ў здымак.
Сцепаніду гняце клопат, як засцерагчы ад.немцаў «кароўку, парсючка, курачак? Збажыну якую ці бульбу, можа, не возьмуць, нашто ім, але дровы папаляць... А як быць зімой? » Яна прыпазнілася прыгнаць карову, калі немцы былі на працы. Тут жа яны запатрабавалі малака. Сцепаніда цыркнула крыху ў вядро і падала. Фельдфебель загадаў даіць Бабоўку памочніку кухара. Выкрыўшы падман, ён пачаў біць Сцепаніду. На наступны дзень жанчына выдала малако на пашы. Усё той жа фельдфебель застрэліў Бабоўку.
«На дзіва сабе самой Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове — як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную. Жанчына вывела з сядзібы парсючка і схавала яго пад вываратнем у барсуковай нары. Дапамагаў ёй нямы Яначка, які пасвіў вясковых кароў. Ноччу Сцепаніда кінула ў студню вінтоўку, забытую ля кухні поварам («Хай не думаюць; калі ўехалі, дык ім усё можна»).
З-за вінтоўкі на падворку, у істопцы, дзе цяпер жылі гаспадары, усё ператрэслі. Афіцэр загадаў Петраку зрабіць «клазет» і вечарам пахваліў яго за работу. Павесялелы Пятрок рашыўся папрасіць сваю скрыпку, якую, прыбіраючы ў хаце, пашкадаваў выносіць у істопку, каб не сапсавалася. Скрыпку афіцэр аддаў, але перад гэтым гаспадар больш гадзіны іграў, што вельмі раззлавала Сцепаніду.
Раптам пачуліся стрэлы. Немцы забілі Яначку, які прыбег на хутар пра нешта паведаміць Сцепанідзе.
Сцепаніда ўспомніла той дзень, калі Патапка Каландзёнак наказаў, што збіраюць камбед. У вёсцы праходзіў сход за сходам, але людзі не хацелі запісвацца ў калгас. Апошні сход сарваў Гуж. Новік, прадстаўнік акружкома, прапанаваў «раскулачыць Гужова Івана, як кулацкага падпявалу і сабатажніка». Лёс Гужа і яго сям'і вырашыўся адным голасам. За раскулачванне прагаласаваў камсамолец Васіль Ганчарык, устрымацца якому не даў Новік. Сцепаніда і Лявой Багацька галасавалі супраць.
Пятрок рашэнне камбеда не ўхваліў: «— Калі ўжо да такіх дайшла вочарадзь, дык што ж пасля будзе? Каго ж вы праз год-два будзеце раскулачваць?
— А тады, можа, не будзе каго. Усе ў калгас паўступаюць.
— Можа, і паўступаюць. Але як жа з класавай барбой? Класавая ж барба не адмяняецца?»
У той дзень Пятрок, будучы. ў горадзе, купіў скрыпку, за што Сцепаніда на яго доўга сварылася, бо дзеці засталіся без абутку.
Сцепаніда ў думках вярнулася ў гады сваёй маладосці, калі толькі пабраліся з Петраком і служылі батракамі ў пана Яхімоўскага. Усплыў у памяці вясновы дзень, калі на хутары з'явілася камісія «экспрапрыіраваць... набытак эксплуататара». З таго, што меў пан Яхімоўскі, ім выдзелілі дзве дзесяціны зямлі, карову і маладую кабылку. Радасць азмрочвалася пакутамі Яхімоўскага. Пятрок адмовіўся ісці ў валвыканком, калі дзялілі зямлю і гаспадарку пана, пайшла Сцепаніда.
Праз нейкі час пан Яхімоўскі павесіўся. Незадоўга перад гэтым Пятрок і Сцепаніда павініліся перад старым гаспадаром хутара, ён крыўды на іх не затаіў, але сказаў: «На чужым і дармовым шчасця не будзе. Мне шкада вас».
Вясной, уздзіраючы дзірван на пагорку, не вытрымала, пала кабылка. Пятрок і Сцепаніда ўскапалі дзесяціну рыдлёўкамі, пасля чаго Пятрок прывалок на пагорак і паставіў вялікі драўляны крыж, спадзеючыся, што ён «адвядзе праклён ад клятай людзьмі і богам зямлі». Нехта з вяскоўцаў назваў гэта месца Петраковай Галгофай. Але хутка крыж спілавалі вясковыя камсамольцы.
Пасля высылкі Гужа людзі пачалі запісвацца ў калгас. Сцепаніда была ў камісіі па абагульванні. У раённай газеце з'явілася заметка, што «у Слабадскіх Выселках патураюць класаваму ворагу — кулаку». Называліся прозвішчы трох гаспадароў, якія «мелі наёмную сілу» — ім дапамагалі араць, жаць, малаціць. Упаўнаважаныя з раёна і акругі патрабуюць раскулачыць выкрытых селькорам «класавых ворагаў». Сцепаніду гэта страшэнна ўзрушыла і абурыла, яна пачала крычаць на ўпаўнаважаных: «А справядлівасць не трэба? Калі ўжо да беднякоў дайшло! Дык хіба справядліва?.. Нельга, каб свае — сваіх! Ці вы ўжо здурэлі там ад навукі, не бачыце? Гэта ж усе людзі навокал бачаць, а вы...»
Сцепаніда рашыла дабірацца да Полацка, шукаць там справядлівасць. Але па дарозе з хутара яе перастрэў сын раскулачанага Гужа, забраў грошы, хлеб і загадаў вяртацца дамоў, сядзець ціха. Прыехаў з лесу Пятрок, яму таксама пагражаў Зміцер Гуж, хацеў нават забраць каня. На раніцу прыбегла Ладымірава Анютка і зайшлася ад плачу. Стралялі ноччу ва ўпаўнаважанага. Андрэя і Анціпа, братоў Анюткі, арыштавала міліцыя, Гуж уцёк. Сцепаніда зразумела, што цяпер ужо нічога не паправіш, зразумела, каго чакаў Гуж у сасонніку, калі яна бегла ў мястэчка.
У спісе «выкрыты ў ворагаў» апынулася сям'я Ладыміра, дачку якога Анютку кахаў міліцыянер, камсамолец Васіль Ганчарык. Раскулачыўшы, выслаўшы нявесту, ён застрэліўся ў сваёй хаце, на вачах трохгадовага браціка Янкі. Хлопчык з таго часу знямеў.
«I вось гэтай ноччу звёўся нешматлікі гаротны род высялкоўскіх Ганчарыкаў. Невялічкае, танклявае цела падлетка ў загорнутай на грудзях кашульцы ляжала пад тынам ля лаўкі».
Немцы пакінулі хутар. I тут жа з'явіліся паліцаі, пагнаілі Петрака вазіць пясок на дарогу. Назіраць за работай Гуж пакінуў Патапа Каландзёнка. За увесь дзень ён не дазволіў старым мужчынам ні прысесці, ні разагнуцца. «Ну і гад! — падумаў Пятрок. — Чаму яго маці не прыдушыла малога? Гэты ж горш за Гужа. 3 тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку».
Пятрок памяняў скрыпку на змеявік, змайстраваў самагонны апарат. Ён гнаў, схаваўшыся ў рове, самагонку, калі на хутары з'явіліся Гуж, Каландзёнак, Недасека. «Агентура» данесла, на што мяняў стары скрыпку. Не знайшоўшы Петрака, Гуж пакінуў на хутары Недасеку чакаць яго.
Недасека пайшоў у паліцыю з-за брата, Новіка. Служачы немцам, як ён гаварыў, ратаваў тым самым ад голаду шасцёра дзяцей. Сцепаніда пра сябе падумала, што такіх не навучыш, бо далей свайго карыта ім не дадзена бачыць. «Такія ад прыроды сляпыя да маленькага пробліску чалавечнасці, дбаюць толькі аб сабе і апраўдваюцца часам дзецьмі».
Пятрок аддаў Недасеку дзве бутэлькі самагону. Праз нейкі час з'явіўся Каландзёнак — Гуж патрабаваў яшчэ дзве. Багацька дастаў са сховішча адну, зразумеўшы ў гэты момант, што і гарэлка не выйсце — не адкупішся, не ўлагодзіш. Ноччу з'явіліся незнаёмыя паліцаі. Шукаючы гарэлкі, ператрэслі хату, пограб, збілі Сцепаніду, а Петрака, паставіўшы ля сцяны, палохалі стрэламі.
«Гэта ноч пад расстрэлам нешта зрушыла ў Петраковай свядомасці, нешта непапраўна зламала, збіла хаду яго думак са звыклага для яго кола, ён не ведаў ужо, што рабіць і куды ісці...». З недапітай бутэлькай першака ён вяртаўся з рова, калі пачуў на хутары галасы. Там яго ўжо заўважылі і ён адно выкінуў бутэльку ў кусты. Пятрок іх ужо не баяўся, ён толькі хацеў, каб хутчэй усё скончылася, і скончылася тут, на сваім падворку. Але збіўшы старога, звязаўшы рукі, яго на вяроўцы павалаклі ў мястэчка — сам ісці з хутара Пятрок наадрэз адмовіўся. «Ён знік, прапаў з гэтага свету, як і для яго прапалі гэты хутар, роў, Сцепаніда, іхнія дзеці Фенька і Федзя — прапаў цэлы свет».
Былі ў Петрака ў жыцці дзве сустрэчы... На хутар пагрэцца зайшло трое. Як зразумелі гаспадары, нейкія начальнікі. Пачалі распытвацца пра жыццё, пра парадкі ў калгасе. Сцепаніда выказала ўсё, што набалела, Петраку аж сорамна стала за жонку. Старэйшы, з вусікамі, дастаў з кішэні дзесяць рублёў і даў Сцепанідзе — на малако і лякарства хворай дачцы. Збянтэжаная Сцепаніда запытала прозвішча, каму ж доўг аддаваць. Вайсковец, які выходзіў апошнім з хаты, крадком азірнуўся і ціха сказаў: «Таварыш Чарвякоў».
Чарвякоў разгубленаму гаспадару на развітанне пажадаў багатага жыцця, прозвішча яго, Багацька, ён ужо ведаў.
А летам Пятрок выправіўся ў Мінск да Чарвякова. Арыштавалі за «ўрадзіцельства» калгаснага старшыню Лявона. Сцепаніда, не дабіўшыся праўды ні ў мястэчку, ні ў раёне, рашыла ехаць у Мінск да старшыні урада. Але сама ехаць яна не магла, нарывала нага.
Пятрок паўдня хадзіў каля Дома ўрада, не могучы і рашыцца зайсці туды, спадзяваўся, можа сустрэне Чарвякова каля будынка. Нарэшце адчыніў дзверы, спытаў у міліцыянера. Міліцыянер сказаў, што Чарвякоў памёр. Дома Пятрок абнадзеіў Сцепаніду, што ліст з подпісамі і В грошы аддаў старшыні ўрада. Жонка яму і верыла і не верыла, бо Лявон пасля арышту не вярнуўся. В Сцепаніда чула, як здзекваліся паліцаі над мужам. Ёй В было вельмі кепска, моцна балеў правы бок галавы. Круціліся думкі, за што ўзялі Петрака, чым ён не дагадзіў. Жанчына адчула, што яна «перажыла свой лес. Як і не жыла на гэтым, богам уладкаваным свеце. Усё збіралася, доўгія гады чакала, адкладвала на пасля... Перавярнулі аднаасобніцу, ладзілі калектывізацыю, думалі: зажывём пасля. Але пасля выконвалі пяцігодкі, змагаліся з класавым ворагам — усё ў нястачы, трывогах, калатнечы і неспакоі... Сцепаніда адчувала, што вайну перажыць ёй ужо не пад сілу». | Ноччу ў дзверы нехта пастукаў, назваўся сваім, але яна не адкрыла, пасля пашкадавала, бо на паліцаяў гэта было не падобна. Раніцай яна пайшла да Карнілы. Чула ад паліцаяў, што некаму спатрэбілася неразарваўшаяся бомба. Тады з Петраком яны рашылі, што тут не абышлося без Карнілы, які гроб да сябе ўсё. Сцепаніда купіла бомбу за парсючка. Потым яна пайшла ў мястэчка, спадзеючыся што-небудзь дазнацца пра Петрака. Вартавы, а гэта быў Недасека, турнуў жанчыну ад турэмнай брамкі. Каля камендатуры Сцепаніда ўгледзела настаўніка Свянткоўскага, які быў у немцаў перакладчыкам. Той, асцерагаючыся, і узяў у яе перадачу для Петрака і ціха, настойліва шапнуў, каб яна зараз жа ішла адсюль.
Вечарам Карніла прывёз бомбу і яны схавалі яе ў рове. У Сцепаніды з'явілася думка як-небудзь паспрабаваць узарваць мост, хоць так адпомсціць, бо тое, што зрабілі з ёю, з Петраком, з хутарам, дараваць яна не магла.
Як толькі пачало днець, Сцепаніда заспяшалася ў мястэчка. Яна ведала, што вярнуўся з лагера сын колішняй яе сяброўкі. Ён быў камандзірам і мог дапамагчы з бомбай. Па дарозе сустрэла Гужа і Каландзёнка, якія.вялі арыштаванага Карнілу. Яна кінулася на хутар і, надрываючыся, перахавала бомбу. Па яе прыйшлі ў той жа дзень. Сабака, які пасля смерці Яначкі прыбіўся да Багацькаў, папярэдзіў сваім брэхам Сцепаніду, і яна паспела ўскочыць у істопку, накінуць крук на прабой. Паліцаі маглі застрэліць яе праз дзверы, але Сцепаніда патрэбна была ім жывой.
Сцепаніда дастала пасудзіну з газ"ай — адзінае, што прынёс Пятрок, калі вяскоўцы разбіралі краму — і лінула на дзверы, на сцяну, падпаліла. Дзверы ламаць перасталі. Жанчына шкадавала, што там, у раўку, яе ніхто не бачыў з бомбай, «задарма прападзе яе клопат і спрахне без толку сіла, на якую яна спадзявалася».
Хутар гарэў доўга — усю ноч, дагараў у наступны дзень. Паліцаі нікога не падпускалі і самі трымаліся воддаль — баяліся выбуху.
А бомба на ўзроўку чакала свае пары.
Мастацкія асаблівасці
«Мы ўжо даўно прывыклі да высокага псіхалагічнага майстэрства ў Васіля Быкава... Гэтае уменне на поўную сілу заяўляе пра сябе і ў «Знаку бяды», асабліва ў паказе Петрака і Сцепаніды.
Па сваёй натуры Пятрок вельмі памяркоўны чалавек, «ціхі і мяккі — гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны». Спачатку ён намагаецца неяк прыстасавацца да нечалавечых умоў фашысцкай акупацыі. Але такое, аказваецца, немагчыма... I гэты рахманы, не пазбаўлены душэўнай далікатнасці селянін прама, адкрыта выказвае паліцаям сваё абурэнне, пагарду і нянавісць.
Так, Пятрок, як і іншыя станоўчыя героі пісьменніка, — чалавек з высокім гуманістычным патэнцыялам. I таму ён урэшце не вытрымлівае і, не зважаючы на ўсю сваю памяркоўнасць, небаявітасць і схільнасць лепш саступіць, чым спрачацца, ваяваць з другімі... кідае адкрыты выклік паліцаям, выклік, які аплочвае самай вялікай на свеце цаной — сваім чалавечым жыццём.
Тое ж можна сказаць і пра Сцепаніду. Гэта жанчына таксама складанага лесу, якой выпала нялёгкае жыццё. Яна была парабчанкай, потым членам камбеда, актывісткай калгаснай справы, ударніцай у працы. У адрозненне ад ціхмяна-памяркоўнага Петрака яна вызначаецца баявітасцю свайго характару, Ёсць у Сцепаніды таксама цяга да справядлівасці, нейкае прыроднае, надзвычай натуральнае і глыбокае разуменне праўды і чалавечнасці, звычайна ўласцівае і іншым глыбінна-народным характарам, у тым ліку і Петраку.
В Вельмі добра паказаў Быкаў, як выспявае рашучасць Сцепаніды ні ў чым не паступіцца ні паліцаям, ні іх гаспадарам — гітлераўцам, як гартуецца яе ўпартасць, расце неадольная прага помсты за ўвесь здзек над чалавекам, што гавораць акупанты. Уражвае таксама поўная, абсалютная несумяшчальнасць Сцепаніды з тым ладам жыцця, што навязваюць фашысты, высокая мужнасць яе апошняга выбару — прыняць жахлівую смерць, але не паддацца нелюдзям.
...Шмат новага дае быкаўскі «Знак бяды» ў паказе ворагаў. I не так немцаў, фашыстаў, хоць і тут Быкаў дакладны і цікавы, а найбольш у паказе паліцаяў. Яны, бадай, ніколі раней не выклікалі такой пільнай увагі пісьменніка... Жорсткасць паліцаяў выразна адцяняецца праз роздум Петрака. «Хаця ім што, —- думаў Пятрок, — ім абы жорсткасць сваю спраўляць, упівацца сілай, людскую кроў піць. Без крыві засмяглі б іх глоткі. I гарэлкаю не размочаць. Не, не размочаць, Ім пасля крыві гарэлку давай, а пасля гарэлкі зноў на кроў цягне»...
Асабліва лютуе «мажны, крутаплечы», раздабрэлы на народнай бядзе Гуж, старшы паліцай... Гуж п'яны не толькі ад гарэлкі, якую пастаянна глушыць-жлукціць, але і ад улады, неабмежаванай, прынамсі ў дачыненні да мірнага насельніцтва. «...Я ж цяпер для вас — выхваляецца Гуж перад Сцепанідай, — вышэй, чым сельсавет. Вышэй, чым райком. Чым саўнарком нават. Я ж магу любога, каго хочаш стрэльнуць». I страляе, забівае бязлітасна...
Аднак Гуж, мусіць, яшчэ не самае страшнае спараджэнне прыслужніцкай псіхалогіі... Таму што Гуж яўны, закончаны і дастаткова паслядоўны вораг усяго чалавечага. I ад яго нічога іншага чакаць не даводзіцца... А вось Патап Каландзёнак і Антось Недасека больш небяспечныя, прынамсі ў тым сэнсе, што яны могуць «даваць нечаканасць». Некалі яны выдавалі сябе за людзей, прыхільнікаў новага, а ў іншых абставінах, калі ўбачылі сілу ў другіх, у фашыстаў, — падключыліся да іх сістэмы і служаць ёй гэтак жа спраўна, як і Гуж... Патап Каландзёнак — асабліва агідная і ненавісная фігура сярод усіх ворагаў, паказаных ў «Знаку бяды». Ёсць у Каландзёнка фізічная недацёпістасць. Аднак яна не выклікае спачування... а выглядае злавесна, бо спалучаецца з нейкай ідыёцкай стараннасцю. Нейкі страшны, вельмі небяспечны аўтаматызм мышлення, што ўласцівы Каландзёнку, даводзіць да абсурду любую справу, за якую ён бярэцца.
...Характэрнай асаблівасцю аповесці «Знак бяды» з'яуляецца тое, што тут вельмі ўдала даецца дынаміка часу, пераканальна паказваецца трывалая сувязь мінулага, даваеннага, і ваеннай рэчаіснасці. I якраз даваеннае жыццё дужа многа растлумачвае ў лесе герояў... «Знак бяды» ўвогуле можна назваць творам не толькі пра вайну, але і пра даваеннае жыццё беларускага сялянства. Бо... вайна не проста падсвечваецца рэчаіснасцю даваеннага часу, а цэлы выяўленчы пласт прысвячаецца той рэчаіснасці. I пласт гэты не менш значны, чым усё астатняе ў творы...
Многія сцэны, у якіх паказана даваенная рэчаіснасць, напісаны надзвычай моцна, з абвостраным гуманістычным пафасам і сапраўднай чалавечнасцю. Асабліва вылучаюцца ў гэтым плане эпізоды, прысвечаныя трагедыі Анюткі — Сцепанідзінай сяброўкі і гаротніцы, якая настойліва і шчыра цягнецца да новага жыцця...
Цікавая аповесць «Знак бяды» і тым, што тут Быкаў, зноў жа ўпершыню ў сваёй творчасці, звяртаецца да канкрэтнай гістарычнай асобы, што не толькі істотна пашырае падзейны разварот твора, але і павялічвае яго ўнутраную маштабнасць, маштабнасць праўды, гуманістычнай думкі. Гутарка ідзе пра асобу А. Р. Чарвякова — аднаго з выдатных дзеячаў нашай беларускай гісторыі. Бліскуча паказаны дэмакратызм Чарвякова праз яго адносіны да Сцепаніды і Петрака, іх сям'і. Многа значыць для нашай літаратуры гэты вобраз камуніста, чалавека трагедыйнага лёсу.
...Раздзелы пра даваеннае жыццё ў «Знаку бяды» маюць прынцыповую важнасць з розных пунктаў гледжання, у тым ліку і для ўмацавання тэндэнцый глыбіннай праўдзівасці ў асэнсаванні народнага подзвігу не толькі ў гады вайны (з гэтым у Быкава мы ўжо даўно звыкліся), але і ў нялёгкія даваенныя часы, калі Сцепанідам і Петракам трэба было многае вынесці на сваіх плячах».
Д. Бугаёў. Васіль Быкаў.
Нарыс жыцця і творчасці