Ідылія

Асобы

Кароль Лятальскі.

Ян Дабровіч, яго сваяк, ранейшы апякун.

Юлія, яго дачка.

Банавантура Выкрутач, камісар маёнтка Лятальскага.

Уршуля, яго жонка.

Шчырэцкі, падданы, звольнены ад паншчыны.

Ян Губач, слуга Лятальскага.

Іцка, арандатар у маёнтку.

Навум Прыгаворка, войт.

Ціт і іншыя сяляне з вёскі Лятальскага.

Кароткі змест:

Акт І

Па загаду камісара Выкрутача войт Навум Прыгаворка зганяе ўсіх сялян у карчму. Камісар аб'яўляе, што з-за мяжы вяртаецца іх пан. Ён ужо даслаў загад былому свайму апекуну даведацца, ці крыўдзяць яго сялян. Але калі хто з мужыкоў паспрабуе паскардзіцца, то бізун будзе ў рабоце.

Сяляне разыходзяцца, Выкрутач разважае сам з сабой. Ён добра ведае, з якой пагардай ставіцца малады пан да мужыкоў, але не можа пазбавіцца ад трывожнага прадчування. Баіцца, што пра яго несумленнасць і жорсткасць раскажуць пану Дабровіч ці Шчырэцкі.

Юлія, пераапранутая ў сялянскую вопратку і выдаючы сябе за дачку Шчырэцкага, чакае маладога пана. Яна паставіла за мэту «пакарыць яго сэрца і прывязаць да сябе» і такім чынам адкрыць Лятальскаму прыгажосць роднай зямлі, нагадаць пра яго абавязак перад сялянамі. Бацька Юліі, Дабровіч, папярэджвае, што яна мае справу з чалавекам «сапсутых звычаяў», які «ўсё... ганьбіць, што не падобна да французскага, на падданых сялян глядзіць горай, як на быдла і імі пагарджае».

Юлію сустракае Навум Прыгаворка і вырашае, што гэтая вясковая дзяўчына павінна стаць яго жонкай. Шчырэцкі паведамляе, што малады пан і слуга пакінулі коней і ідуць пехатой у маёнтак.

Юлія выпраўляе Навума паглядзець, дзе пан, сама ідзе ў сад. Кароль Лятальскі і Ян, яго слуга, з вялікім смуткам успамінаюць французскія аўстэрыі, французскіх дзяўчат, культуру, звычаі. Ян раіць гаспадару прадаць маёнтак і ўцякаць «да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжа».

Ян у самы разгар успамінаў пра Францыю заўважае Юлію. Кароль і Ян уражаны прыгажосцю сялянкі. Адбы-ваецца размова, у час якой Юлія дэманструе выхаванасць, тактоўнасць, шчырасць, дасціпнасць. Падараваўшы пану ружу з вялікага букета, падрыхтаванага для сустрэчы «свайго пана», Юлія пакідае мужчын.

Лятальскі прызнаецца, што «мімаволі закахаўся ў нейкую сялянку... я, каторы дагэтуль лічыў іх за быдла».

У маёнтку адбываецца ўрачыстая сустрэча маладога пана са сваімі падданымі. Лятальскі адчувае пры гэтым сапраўдную радасць.

Юлія віншуе пана з прыездам і просіць прабачэння за свае смелыя паводзіны ў час першай сустрэчы. Тлумачыць, што не ведала з кім размаўляла.

Дабровіч, падыгрываючы, тлумачыць, што Югася (так назвалася Юлія) вельмі добрая і здатная дзяўчына, што яна вучылася ў пансіёне з яго дачкой.

Лятальскі загадвае камісару вынесці сялянам добры пачастунак. Пачынаюцца танцы. Малады пан у іх не ўдзельнічае, але раўніва сочыць за Янам, які запрасіў Югасю-Юлію. Ён адкрывае, што гэтая сялянка прыгожа танцуе.

Дзякуючы пану за пачастунак, сяляне разыходзяцца.

Акт II

Навум у панскім садзе застае свайго кума Ціта, які добра пачаставаўся і заснуў на лаўцы. Адпраўляе яго дахаты.

Камісар спрабуе выведаць у Навума, ці не нагаварылі на яго пану. Навум выкручваецца. Камісар урэшце гоніць яго прэч, бо ўбачыў у садзе Юлію. Пачынае заляцацца да дзяўчыны. Юлія нагадвае камісару пра яго ўзрост і пра жонку. Выкрутач ні на што не зважае і прызначае Юліі спатканне ноччу. Тая нечакана пагаджаецца, просіць пана чакаць яе ў альтанцы направа.

З'яўляецца камісарава жонка, якую адправіў сюды Навум. Яна спачатку накідваецца на мужа, потым, застаўшыся ўдваіх з Юліяй, учыняе допыт дзяўчыне. Юлія расказвае Уршулі пра прызначанае спатканне і прапаноўвае ісці ў альтанку апоўначы ёй, каб муж не меў чым адгаварыцца. Уршуля, уражаная такім паваротам, дзякуе дзяўчыне.

Ян, камердынер Лятальскага, дамагаецца ўзаемнасці Юліі. Тая прызначае яму спатканне ў альтанцы налева.

З'яўляецца Навум і прапаноўвае Юліі стаць яго жонкай. Тая абяцае падумаць, калі Навум дапаможа ў адной справе. Просіць яго ў жаночым уборы прыйсці замест яе на спатканне з Янам. Каб адпомсціць суперніку, Навум пагаджаецца.

Кароль Лятальскі гаворыць пра свае пачуцці, якія не можа вытлумачыць. Бачыць Юлію і папракае яе, што яна пазбягае сустрэч. Юлія прызнаецца, што гэта так, гаворыць пра іх рознае сацыяльнае становішча. «Нашто ж нам гэтае дарэмнае каханне? Пан мяне не возьме, а я не веру, каб такая шляхетная постаць магла таіць у сабе сэрца, здольнае пакрыўдзіць бедную дзяўчыну», — гаворыць яна. Кароль адказвае, што калі б яна была паненкай, то ён бы без ваганняў прапанаваў ёй руку, бо сэрца яна забрала яшчэ ў час першай сустрэчы. Юлія дражніць Лятальскага парыжанкамі, але ён гаворыць пра шчасце жыць сярод падданых, на радзіме.

Кароль угаворвае Юлію прыйсці ноччу ў сад. Дзяўчына нагадвае пра свой дзявочы гонар. Лятальскі клянецца ў чысціні сваіх пачуццяў і намераў.

Каля поўначы прыходзяць у сад закаханыя ў Юлію мужчыны — Лятальскі, Выкрутач і Ян. З'яўляюцца Юлія, Уршуля, пераапрануты Навум.

Першым падмену заўважае Ян, злуецца што «гэткая авантура нават і ў Парыжы... ніколі не здаралася». Затым пазнае сваю жонку Выкрутач.

На гвалт быццам выпадкова з'яўляецца Дабровіч, Шчырэцкі і некалькі слуг. Дабровіч папракае маладога пана,

Шчырэцкі — сваю дачку, што яны ноччу ўдваіх бавяць час. Навум супакойвае, што сустрэча маладых людзей адбывалася пры сведках, што ён ад свайго слова не адмаўляецца, хоча ажаніцца на Юліі.

Лятальскі аб'яўляе, што, нягледзячы «на розніцу станаў, бярэ Югасю за жонку... пакіне свет і будзе жыць сярод падданых».

Дабровіч з радасцю бласлаўляе дачку і Лятальскага, адкрываючы, што Югася — гэта Юлія, якая захацела такім чынам адвучыць Кароля ад захаплення чужаземшчынай.

Юлія просіць у Лятальскага прабачэння за «гэты нявінны падман», Лятальскі праганяе з маёнтка Выкрутача, праўда, не запатрабаваўшы рахункаў і справаздачы. Камісарам на яго месца прызначае Шчырэцкага. Малады пан дзякуе апекуну Дабровічу і Юліі, што яны дапамаглі яму пераканацца ў добрым сэрцы падданых сялян. «Хачу іх любіць і каб яны мяне любілі».

Мастацкія асаблівасці

«Ідылія» з'яўляецца першым друкаваным творам В. Дуніна-Марцінкевіча.

У XIX ст. у польскай літаратуры быў шырока распаўсюд-жаны жанр «сялянак» («ідылій»), твораў, у якіх паказваліся сцэны народнага жыцця, перажыванні і пачуцці сялян. Многія з іх мелі фальклорную аснову. «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча нагадвае асобнымі рысамі вядомы жанр, аднак мае больш глыбокі змест. У аснове твора — актуальная для свайго часу праблема ўзаемаадносін мужыка і пана. На вобразе Кароля Лятальскага пісьменнік асуджаў адмаўленне ад свайго, роднага, і захапленне чужым, грэблівыя адносіны да народа. Аўтар «Ідыліі» заклікаў паноў стаць бацькамі для сялян. Услед за асветнікамі ён верыў, што шляхам маральнага самаўдасканалення, найперш прадстаўнікоў пануючага класа, можна змяніць жыццё грамадства да лепшага.

«Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча спалучала ў сабе рысы некалькіх мастацкіх напрамкаў і філасофскіх сістэм. Асноўны канфлікт твора развіваецца ў адпаведнасці з ідэямі асветніцтва. Лятальскі, дзякуючы прыгожай, адукаванай, дабрачыннай паненцы Юліі, вылечваецца ад франкаманіі, больш не імкнецца ехаць за мяжу, даўшы поўную ўладу над падданымі хціваму і жорсткаму камісару. Ён становіцца добрым панам, яму падабаецца жыццё на ўлонні прыроды, сярод сялян.

Ідэалізацыя, уласцівая класіцыстам, прысутнічае ў абмалёўцы вобразаў Юліі, Дабровіча, Шчырэцкага. Юлія і яе бацька выступаюць ідэальнымі панамі, якія любяць сялян, абараняюць іх ад несправядлівасці «выкрутачоў». Шчырэцкі — увасабленне адданасці і дабразычлівасці селяніна. Пісьменік выбірае для сваіх герояў характарыстычныя прозвішчы — Лятальскі, Дабровіч, Шчырэцкі, Выкрутач.

На прынцыпах ідэалізацыі будуецца таксама вырашэнне канфлікту: Лятальскі вельмі хутка перавыхоўваецца. Пісьменнік не заглыбіўся ў псіхалогію героя, не паказаў, як адбываўся працэс адраджэння, вяртання Кароля Лятальскага да радзімы. Аднак не будзем папракаць В. Дуніна-Марцінкевіча, як гэта рабілі многія даследчыкі, у адсутнасці ў творы рэалізму, у неадпаведнасці праўдзе жыцця. «Ідылія» — не раман і нават не апавяданне, а лібрэта камічнай оперы.

Шырокі зварот пісьменніка да фальклору быў звязаны як з рамантызмам, так і з традыцыяй нацыянальнай літаратуры. Патрадыцыі аўтар «Ідыліі» звярнуўся да двумоўя: паны ў творы гавораць па-польску, сяляне — па-беларуску. Аднак тут якраз В. Дунін-Марцінкевіч ішоў ад праўды жыцця. Як адзначаў у свой час У. Сыракомля, «бытавая праўда загадала аўтару пераплятаць польскія дыялогі з крывіцкімі, адпаведнатаму выступае на сцэну пан, аканом ці хто іншы з шляхецкай пароды, што размаўляе па-польску, або народ з уласнай гаворкай».