Пінская шляхта

Асобы

Кручкоў — станавы прыстаў.

Пісулькін — яго пісарчук.

Ціхон Пратасавіцкі.

Куліна — яго жонка.

Марыся — іх дачка.

Іван Цюхай-Ліпскі. }пінская ваколічная шляхта

Грышка — яго сын.

Цімох Альпенскі.

Базыль Статкевіч.

Харытон Куторга.

Падзеі адбываюцца... ў глушы Пінскага павета. Сцэна паказвае шляхецкую ваколіцу. Гаспадарскія будынкі раздзелены садамі. З боку сцэны — хата заможнага гаспадара; пры ёй — лаўка.

Кароткі змест:

З'ява I

Марыся сядзіць на лаўцы, прадзе і спявае пра каханне. Потым расказвае, што яе і Грышкавы бацькі пабіліся за

шляхецтва і не дазваляюць ім жаніцца. Сёння павінен адбыцца суд, маладыя збіраюцца кінуцца станавому прыставу ў ногі, каб ён памірыў іх бацькоў.

З'ява II

Грышка паведамляе любай дзяўчыне, што зранку з'ездзіў «да месца, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку». Ездзіў не з голымі рукамі, а з «гасцінчыкамі», і найяснейшая карона абяцаў зрабіць маладым вяселле.

З'ява III

Ціхон Пратасавіцкі заспеў дачку з Грышкам. Кліча жонку Куліну. Сварыцца на Марысю і яе жаніха. Грышка заяўляе, што ўсё роўна Марыся будзе яго.

З'ява IV

Куторга абяцае Пратасавіцкаму выступіць на судзе сведкам, што біўся Ліпскі, а Пратасавіцкі толькі бараніўся, калі бацька і маці ўтавораць Марысю выйсці за яго замуж.

З'ява V

Куторга, размаўляючы сам з сабой, узважвае ўсе плюсы і мінусы свайго становішча, калі займее маладую прыгожую жонку.

З'ява VI

Куторга прызнаецца Марысі ў каханні. Гаворыць дзяўчыне кампліменты і цалуе ручкі. Марыся на заляцанні старога шляхціца гаворыць, што думае толькі пра Грышку. Куторга пагражае Марысі, калі яна не пойдзе за яго, то будзе сведчыць супраць Пратасавіцкага, Марысінага бацькі. Хваліцца, што дакажа асэсару так, як яму трэба.

З'ява VII

Пахвальбу Куторгі чуюць Кручкоў і Пісулькін. Кручкоў за згоду «крыва прысягнуць» загадвае арыштаваць Куторгу.

З'ява VIIІ

Кручкоў пытаецца ў Марысі, ці кахае яна Грышку Ліпскага. Дзяўчына сарамліва адказвае і просіць прыстава скончыць «дзела няшчаснае паміж нашымі бацькамі не па-судоваму, а па хрысціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, — няхай больш не індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі». Кручкоў абяцае ўсё зрабіць як трэба і загадвае дзесяцкаму клікаць шляхту на суд, перад гэтым асцярожна спакаваць у фурманку іх падарункі.

З'ява ІХ

... Кручкоў. Тише! (Куліна са страху адыходзіць ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устае ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыць.) По указу Пинского земского суда от 23 мая сего года за № 2312 прибыл я в околицу для расследования уголовного дела о побоях, нанесенных Тихоном Протосовицким Ивану Тюхаю-Липскому... Ліпскі, маеш сведкаў?

Ліпскі. Маю, найяснейшая карона. Кручкоў. Пусть выступят вперед! (Трое шляхтаў выходзяць наперад.) Пратасавіцкі, за што ты яго біў?

Ціхон. Дык ён жа назваў мяне мужыком, — хрэн яму ў вочы!

Кручкоў. Маеш сведкаў? Ціхон. Маю, Куторгу.

Кручкоў. Яго няможна ставіць, — ён пад судом (Абярнуўшыся да сведкаў Ліпскага.) Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага?

Тры сведкі. (Боязна кланяючыся.) Бачылі, найяснейшая карона!

Кручкоў. (Абярнуўшыся да іншай шляхты.) А вы бачылі? Усе іншыя. Не, не бачылі, найяснейшая карона! Кручкоў. Ну, дык добра! Следство кончано, цяпер будзе суд, а наўперад: по указу всемилостивейшей государыни Елисаветы Петровны 49 апреля 1893 года и всемилостивейшей Екатерины Великой от 23 сентября 1903 года, а равномерно в смысле Статута литовского раздела 8-го, параграфа 193-го, коим назначается в пользу суда от тяжущихся гривны. Обжалованный Протасовицкий имеет зараз же уплотить пошлин 20, прогонных 16 и на канцелярию 10 рублев. Жалующийся Липский в половине того, сведкі, каторые бачылі драку, а не баранілі, — по 9-ці рублев, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, — па 3 рублі. Плаціце!..

Па дэкрэту Пратасавіцкаму і Ліпскаму, шляхце, якая бачыла бойку і не бараніла, якая не бачыла і таму не магла бараніць, назначалася пакаранне розгамі і грашовы штраф.

Шляхта адкупляецца ад ганебнага пакарання. Кручкоў прымушае памірыцца Ліпскага з Пратасавіцкім і зрабіць заручыны Грышкі з Марысяй. Загадвае прывесці Куторгу.

З'ява X

Куторга даведваецца, што Марыся і Грышка заручаны. Дзякуе Кручкову за адкрыццё — «На тое бог даў людзям язык, каб умець маўчаць».

Кручкоў загадвае падаваць коней. Адводзіць убок сп'янелага Альпенскага і гаворыць, што Статкевіч усумніўся ў яго, Альпенскага, шляхетнасці. Тое ж самае Кручкоў гаворыць і Статкевічу. Пачынаецца бойка. Ліпскі звяртацца да Кручкова з просьбай разняць шляхціцаў. Той раіць звяртацца ў суд, тады ён прыедзе на следства.

Мастацкія асаблівасці

Жанр п'есы «Пінская шляхта» аўтар вызначыў як фарс-вадэвіль. Рысы гэтых жанравых форм (шаржыраваны, гратэскавы паказ персанажаў, адкрытыя самахарактарыстыкі, нечаканасці, што падпільноўваюць герояў, устаўныя куплеты і рамансы) у творы прысутнічаюць. Аднак бытавы канфлікт, характэрны для вадэвілю, у п'есе В. Дуніна-Марцінкевіча перарастае ў сацыяльны.

Пісьменнік едка высмейвае царскі суд. Тыя, хто павінен ахоўваць законы і строга іх прытрымлівацца, першымі ж іх парушаюць. Народ даўно заўважыў здольнасць чыноўнікаў выкарыстоўваць законы ў сваіх інтарэсах. Стары кавалер Куторга, які ў п'есе сыпле прыказкамі і прымаўкамі, на словы Ціхона Пратасавіцкага, што асэсар абдзярэ як ліпку, гаворыць: «Вот дзіва, —на то ён і асэсар! Заўваж толькі — у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае — белае ўсё перадзелае». Добра вывучыўшы норавы і звычкі служкаў самадзяржаўя, просты люд разам з тым можа ад іх хіба што адкупіцца, але не абараніцца. Горкая іронія гучыць у спевах Куторгі:

Гдзе ўнадзіцца юрыста, Вымеце хату дачыста.

Сатырычнымі фарбамі пісьменнік малюе таксама вобразы шляхты, найперш Ціхона Пратасавіцкага і Івана Цюхай-Ліпскага. Для гэтых людзей, якія ні адукацыяй, ні звычаямі, ні ладам жыцця не адрозніваюцца ад сялян, найвялікшая абраза, калі хто назаве «мужыком». Зганьбаваны Ліпскім шляхецкі гонар Пратасавіцкі бароніць кулакамі. У канцы п'есы аналагічна дзейнічаюць Альпенскі і Статкевіч. Пісьменнік смяецца над пыхлівасцю правінцыяльнай шляхты, для якой каштоўнасцю здаецца не чалавечая прыстойнасць і годнасць, а забабонны гонар, прыналежнасць да пэўнага саслоўя.

Востры сацыяльны канфлікт у п'есе не здымаецца штучнай перамогай дабра над злом, што назіралася ў ранейшых творах В. Дуніна-Марцінкевіча. Кручкоў мірыць Пратасавіцкага і Ліпскага. Аднак з ім ніяк не стасуецца роля мудрага і справядлівага бацькі (ці начальніка), які вучыць розуму сваіх дзяцей. Яго словы — «Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што рабіць? Служба — не дружба» — няшчырыя. Кручкоў не толькі нахабны, але і двулікі чалавек, які з карысцю для сябе выкарыстоўвае заганы і слабасці іншых. У апошнім акце п'есы ён сам зводзіць шляхціцаў, каб праз нейкі час зноў правесці «харошае жніво».

«Вострае і смелае выкрыццё адмоўных з'яў, паспяховы подступ да аналітычнага раскрыцця і індывідуалізацыі чалавечых характараў даюць поўнае права назваць гэты твор сатырычнай камедыяй, а яе аўтара — заснавальнікам беларускай камедыёграфіі», — лічыць В. Жураўлёў.