Пруская вайна
У першай частцы ўзнаўляецца легендарная радаслоўная заснавальнікаў польскай дзяржавы. У другой — апісваецца пераможная бітва з рыцарамі Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Рыцарам супрацьстаяць беларускія, літоўскія, польскія, рускія, татарскія палкі. Трэцяя частка паведамляе пра вяселле караля Ягайлы з маладзенькай беларускай шляхцянкай Соф'яй Галыпанскай, ад якой 74-гадовы манарх урэшце дачакаўся наследніка.
Мастацкія асаблівасці
Твор складаецца з тысяча трохсот радкоў, напісаных гекзаметрам. Часткі паэмы сюжэтна слаба звязаны паміж сабой. Пэўным чынам аб'ядноўвае іх вобраз князя Вялікага княства Літоўскага, потым караля Польшы Ягайлы і праслаўленне караля Сігізмунда.
Цікавасць выклікае 2-я частка, прысвечаная Грунвальдскай бітве 1410 г. Я. Вісліцкі адзін з першых у літаратуры таго часу звярнуўся да лёсаноснай для славян і балтаў падзеі стогадовай даўніны.
У паказе Я. Вісліцкім Грунвальдская бітва — гэта змаганне народаў, хоць значнае месца на старонках паэмы займаюць вобразы Ягайлы і Вітаўта.
Сцвярджаючы, што на гераічных падзеях мінулага павінны вучыцца маладыя сучаснікі, аўтар твора побач з гэтым зычыў свайму і іншым народам спакою і міру. «Каб жылі ўсе народы шчасліва, каб ваенны гром абышоў свет сармацкі здалёку, на лемяшы прызначым мячы баявыя...», — пісаў паэт напрыканцы твора.
Адзін з першых сярод творцаў эпохі Сярэднявечча Я. Вісліцкі ўжыў у «Прускай вайне» назвы Белая Русь, Беларусь, беларусы:
Правіў краінай Ягайла...
Правіў жмудзінамі дзікімі, дзе мацярык наш знікае,
Пеніцца ў злосці Балтыйскае мора трывожна і грозна,
I Беларуссю, праслаўленай смеласцю воінаў, правіў.
...Вітаўт з праслаўленым братам Ягайлам палкі ўзначаліў,
Тых, хто штогод у Літве засяваў урадлівыя нівы,
Краю, багатага пушчай бяскрайняй, азёрных вод люстрам,
Сеючых смерць беларусаў, што лоўка валодаюць лукам.
...Далей ў радах багатырскіх наперад ідуць беларусы.
З коп'ямі крочаць за імі літоўцы бясстрашна.
...Бітва кіпіць, сутыкнуліся, быццам магутныя хвалі.
Сеча — і мёртвыя целаў узгоркі паўсюль вырастаюць,
Смерць раскідала парадкі, сплываюць крывавыя рэкі.