Memento mori
Бліжэйшую ад месца катастрофы ваеннага эталона вёску акружылі карнікі. Усіх жыхароў сагналі ў адрыну. Зондэрфюрэр разважыў, што спаліць — самы просты спосаб расправіцца з «бандытамі». Раптам ён заўважыў у натоўпе старога печніка і загадаў, каб таго падагналі сюды. З удзячнасці, што пячнік зрабіў выдатныя печы, зондэрфюрэр вырашыў падарыць жыццё старому. Той захацеў большага: пачаў пералічваць родных, блізкіх, суседзяў, што былі ў адрыне. Фашыст незадаволены, праз перакладчыцу пытаецца, што стары хацеў бы, мусіць, забраць адтуль усю банду.
Пячнік павярнуўся і пайшоў да варот адрыны.
«I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».
Мастацкія асаблівасці
«Лірычныя навелы Я. Брыля «нібы пранізаны сонцам, так шмат у іх сардэчнай цеплыні, трывалых вясенніх фарбаў, чароўнага абаяння маладосці, душэўнай чысціні», — пісаў яшчэ ў 50-я гады Міхась Лынькоў, радуючыся немалым ужо на той час поспехам маладзейшага паплечніка па літаратурнай справе.
Тады ж была створана і пранікнёна-задушэўная, у самых лірычных мясцінах натхнёна-прачулая, як добрая песня, «Галя» (1953)... Задумвалася гэтае ў шмат якіх адносінах тыповае для Я. Брыля савецкіх гадоў апавяданне як твор пра нягоды заходнебеларускай рэчаіснасці «за польскім часам» і прывабнасць калгаснага жыцця пры бальшавіках. Пра тыя нягоды мастак і ў «Галі», і ў некаторых ранейшых творах напісаў увогуле праўдзіва, бо ведаў іх на ўласным вопыце на ўсю глыбіню і да самых драбніц. А з калгаснай радасцю атрымалася іначай. На яе было шмат спадзяванняў, якія ў рэальным жыцці паступова развейваліся... Менавіта калгасная радасць, марай пра якую жыве брылёўская гераіня — завабліва прыгожая Галачка, праклінаючы сваё няўдалае, для яе ў вялікай ступені вымушанае жыццё на хутары, — гэтая радасць сёння ніяк не ўспрымаецца. I ўжо зусім рэжуць вуха разважанні працавітага... Галінага сына Антося пра ўласнага бацьку Мікола Хамёнку, якога бальшавікі пасадзілі за краты: «Злуйся, дурань стары, на самога сябе. Яшчэ і сыну праз цябе брыдка...»
Зразумела, гэтая дысанансная нота не была выпадковай. Яна ішла ад той ідэалагічнай устаноўкі на адлюстраванне «калгаснага шчасця»,услаўлення савецкага ладу, з якою пісалася апавяданне «Галя»... Але творчасць пісьменніка заўсёды выходзіла за межы афіцыйнай ідэалогіі... У той жа «Галі» з рэдкай і ў добрых майстроў класічнай бездакорнасцю паказаны пачуццёвы свет галоўнай гераіні, глыбокая чалавечая драма жанчыны, вясковай прыгажуні... Яна горача і безаглядна пакахала аднаго, а мусіла з-за розных прычын, сярод якіх і Галіна залішняя даверлівасць, звязаць свой лёс з іншым, з нялюбым...
Тонкі псіхалагічны аналіз, які з'яўляецца характэрнай прыкметай лепшых твораў Я. Брыля, дазволіў пісьменніку па-майстэрску ўзнавіць і асэнсаваць тыя эмацыйныя буры, што сатрасаюць душу пастарэлай ужо Галі, якой з каханым «калісьці цёпла было стаяць і на снезе», а цяпер, без яго, «холадна ўжо і на летняй расе».
Так, многае, вельмі многае страціла Галя на пакручастай жыццёвай дарозе. Але ніяк не можа яна забыць загубленую маладосць, сваё першае, ужо даўно для яе страчанае, каханне, свайго бясконца любага і цяпер Сярожку. Ён начамі працуе на трактары і ягоным гудзеннем, для звычайнага ўспрымання прыкра-надаедлівым, а для Брылёўскай гераіні поўным кранальнай музыкі, абуджае ў Галі высокае хваляванне, горкую радасць і пакутны, шчымліва-журботны боль ад усведамлення, што былое не вяртаецца, некалі зробленыя памылкі не паддаюцца выпраўленню...»
Д. Бугаёў. Служэнне Беларусі
«Калі Я. Брыль выношваў і пісаў апавяданне «Memento Mori» (1958), ні ён, ні літаратура не мелі яшчэ таго мноства фактаў, што прыйшло з кнігай «Я з вогненнай вёскі»... Не адразу скарыстаў ён для творчасці пачуты ад М. Васілька расказ пра смерць іх агульнага друга Данілы Скварнюка. Трагічная смерць блізкага сябра ўзрушыла яго і не давала спакою...
У сэнсе характару пячнік мог бы быць родным братам гераіні апавядання «Маці». Узровень духоўнага жыцця і маральныя стымулы паводзін у яго тыпова народныя, высокія... Вось у разгар карнай аперацыі яго вылучылі з натоўпу і падагналі да зондэрфюрэра: «Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць».
Партрэт гэты тонка падрыхтоўвае аб'яўленне выключнага ў звычайным, духоўнага ў будзённым, высокага ў непрыгожым... Пячнік жахаецца тут без страху за сябе: яго вочы скамянелі, а бяскроўныя губы змоўклі, бо жахлівыя падзеі не месцяцца ў яго душы... Для печніка трагедыя не толькі ва ўласнай смерці, трагедыя — у дапушчальнасці вось такой бязвіннай масавай смерці...
Са стану скамянеласці печніка выводзіць жэст ласкі і пытанні зондэрфюрэра. Дыялог з печніком — ядро кампазіцыі твора. У ходзе гэтага дыялога адбываецца канфрантацыя двух ідэалаў жыцця, дзвюх сістэм духоўных каштоўнасцей, двух характараў... Удзельнічаюць у ім двое размоўцаў і пасрэдніца — перакладчыца, фройляйн Вэра, «істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы», што, звяртаючыся да шэфа, выклікала на твар «крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі». Яна хоча зрабіць выказванні зондэрфюрэра больш зразумелымі печніку, спрошчвае іх, каменціруе, нешта ўстаўляе ад сябе... Інтэрпрэтацыя перакладчыцы не збліжае пазіцыі размоўцаў, а яшчэ больш падкрэслівае іх несумяшчальнасць...
Тое, што перакладчыца як-ніяк зямлячка, а заняла пазіцыю ворага, аказалася апошняю кропляй, якая вызваліла ў печніку сілы здранцвелай душы: «Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам узняў галаву»...
Назва «Memento Mori» узята з антычнай культуры. Старажытнаму рымляніну ці грэку гэты афарызм напамінаў, што сапраўдны чалавек павінен, як гаварыў Арыстоцель, «пагарджаць жыццём», памятаючы, што не ва ўсіх абставінах яно жаданае... Жыццё рода вышэй жыцця індывіда, жыццё народа вышэй жыцця воінаў і цара — так думаў антычны чалавек, складваючы афарызм пра памяць смерці...
Па-рознаму тлумачаць выслоўе «помні пра смерць» даследчыкі твора Я. Брыля. Для гэтага ёсць падставы: прыгаданы аўтарам афарызм, як і водзіцца, у розных кантэкстах можа мяняць сэнс, намякаць раз на незваротнасць жыцця, а другі — на немінучасць смерці. Памяць пра смерць можа адводзіць ад спакусы рабіць памылкі, перасцерагаючы, што не хопіць часу на адкупленне віны — жыццё кароткае... Памяць пра смерць можа і амнісціраваць: усё роўна памрэш, святым ці грэшным... У апавяданні Я. Брыля дзейнічае першы з названых кантэкстаў, памяць пра смерць злучае героя з лесам продкаў, з іх наказамі жыць і паміраць па-людску».
У. Калеснік. Янка Брыль.
Нарыс жыцця і творчасці