Безназоўнае
Праз увесь твор ідзе супрацьпастаўленне «мінулых чорных дзён» і новай «песні-казкі». Купала верыў у адраджэнне роднага краю. Рэчаіснасць 20-х гадоў давала падставы для аптымізму: Беларусь стала дзяржаўнай, роўнай у сям'і народаў-суседзяў. У шостым раздзеле паэт паказаў Радзіму ў вобразе маладой гаспадыні, якая «на куце ў хаце сваёй села»:
Сядзіць важна, сама
Сабе гаспадыня,
I прыбрана яна —
Ніхто не закіне...
А суседзі глядзяць,
Дзівяцца суседзі:
— То ж яна з мужыкоў,
А як выйшла ў людзі!
Як міне больш гадкоў,
Што ж тады ўжо будзе?!
Гаворачы пра адышоўшае змрочнае мінулае, калі «сорам было выйсці ў свет з сваёй зямлі», малюючы шчаслівае жыццё беларускага народа пры савецкай уладзе, Купала далёкі ад думкі, што ўсё дасягнута. Ён нагадваў пра падзеленасць Беларусі па ўмове Рыжскага міру («Яшчэ дзесь здрадна ласка панская на беларускім едзе карку»). У восьмым раздзеле, прысвечаным 1000-му нумару газеты «Савецкая Беларусь», паэт папярэджваў, што
...Цікуе злосна вораг
Тых, што спыняцца не ў часе
У сваім паходзе ў зорах
I задрэмлюць на папасе.
Радкі-папярэджанне паўтараюцца ў раздзеле тройчы, што сведчыць пра сур'ёзны роздум мастака над будучыняй
Радзімы, разуменне ім складанасці пабудовы гарманічнага, справядлівага грамадскага ладу.
Я. Купала завяршыў паэму «Безназоўнае» нязменнада-рагой яму думкай-марай пра «вольны бацькаў кут», пра «межы без ашуканскіх крас». У апошнім, дзесятым раздзеле гучыць упэўненасць паэта ў тым, што
Пакінем спадчыну мы для патомкаў
Інакшую ад той,
Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
Гісторыі сваёй.
З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі
Патомак гэны наш:
Згібацца ўжо не будзе і не будзе
Піць з недапітых чаш.