Адвечная песня
Падказвае, што ў двары (у пана) ёсць заробкі. Мужык даводзіць, што двор ён знае даўно, з году ў год пакідаў там сілу.
Вынімала мне паншчына дух,
Зжыў яе — думаў, воля дасць хлеб...
Як за паншчынай, бедзен і слеп.
Лета кідае Мужыку пад ногі серп і касу. Пачынаецца моцны дождж з градам.
VII. Касьба і жніво
Гарачыня. Мужык косіць, Жонка жне. З ёю побач малыя дзеці. Мужык, звяртаючыся да касы?
Век звініш, свішчыш,
Адкляпаная,
Век плыве сляза
Неўніманая.
Жонка, абкручваючы параненую на ржышчы нагу:
Усюды бог гасціў
З сваёй ласкаю,
Толькі крыў мінуў
Ніву хамскую.
Ідзе да калыскі немаўляці і корміць яго.
VIII. Восень
Мужык малоціць. З'яўляецца Восень і пытаецца, як у яго з кормам, як жыта. Селянін адказвае, што ўсяго мала, «да паўзімкі не стане». Восень раіць прыкупіць «з пудзік хлеба», пазычыць «з воз сянца». Але на гэта ў Мужыка няма грошай.
IX. Свята
У хаце на палку двое хворых дзяцей. Іншыя поўзаюць босыя, у адных кашульках. На печы крэкча стары бацька. Мужык хоча павесяліцца, выпіць чарку. Жонка нагадвае пра нястачы:
Трэба новае карыта,
Каптан Зосі трэба,
Просіць фельчара Мікіта —
Ўжо не есць і хлеба.
...Не да смеху, не да гуляў, Калі бяда ў хаце.
Прыходзяць Стараста і Магазыннік, каб спагнаць з Мужыка падаткі і доўг. Мужык уцякае з хаты. Жонка плача.
X. Зіма
Мужык па калена ў снезе сячэ тоўстую хвою. Прыходзіць Зіма і прапануе яму памерацца сілаю. Той просіць яе «не мучыць абарванага», адпраўляе ісці «пад футры багатыя, ў палацы мураваныя». Пачынаецца мяцеліца. Падсечанае дрэва валіцца і забівае Мужыка. К нябожчыку прыбліжаецца зграя ваўкоў.
XI. Хаўтуры
У хаце ў дамавіне ляжыць Мужык. Галосіць жонка:
Нашто на свет раджацца,
Хто мае з ім расстацца,
I горкі жаль кідаці
Удаве, бацькам, дзіцяці...
Стары бацька збіраецца з унукам ісці ў свет жабраваць. («Не месца мне у хаце: не дуж я працаваці; пры кім дажыць
тут веку няшчаснаму калеку?») Сталяр канчае рабіць века да труны. Дзеці і суседзі развітваюцца з нябожчыкам. Выносяць труну з хаты.
XII. На могілках
Цёмнай ноччу перад узвіжаннем на паваленым крыжы сядзіць цень Мужыка. Яна хоча ведаць, як жывуць нашчадкі. З'яўляюцца тыя духі, якія былі на хрэсьбінах. Бяда паведамляе, што
Не зломлены к шчасцю вароты,
Слязы не убыло, — прыбыло.
Не згінулі Голад і Холад. Хорам духі гавораць, што «завалены сцежкі к прасвету крыжамі бясчасных магіл». Доля расказвае пра лёс дзяцей Мужыка. Адзін, як і бацька, арэ шнур, «карчомкай душу весяліць». Другі дзесьці на чужыне, трэці ў турме, чацвёрты «ў здзеку загінуў, за праўду, за крыўду сваю». Пятаму машына адсекла руку, і ён стаў жабраком. Жыццё, якое пры нараджэнні абяцала так многа, гаворыць: «Я лоўка расставіла сеткі! Папробуй расплутай вазьмі!»
Цень Мужыка просіць наноў раскрыцца магілу, бо «страшней яе людзі і свет».
Мастацкія асаблівасці
«Адвечная песня» (1908) — першая напісаная Я. Купалам драматычная паэма. У 12 частках-праявах раскрываецца жыццё галоўнага героя твора Мужыка ад нараджэння і да самай смерці. Кожная частка — пэўны этап у жыцці героя. Купала паказаў, што Мужык, як і кожны чалавек, прыходзіць у гэты свет свабодным. Жыццё над калыскай сялянскага дзіцяці спявае:
Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэй...
Так будзе ён царам прыроды,
Сам найдасканальнага роду...
Аднак царом прыроды Мужык не становіцца. Нават скупы дастатак у сялянскай сям'і залежыць ад прыроды — каб не вымачыла і не высушыла збажыну, не пабіла градам і г. д.
(праява «Лета»). Дужасць, мудрасць, дасканаласць чалавека пры сутыкненні з рэчаіснасцю набываюць чыста тэарэтычны характар. У апошняй праяве, калі ўстае з магілы цень Мужыка, Жыццё смяецца над чалавекам, яно таксама супраць чалавека:
Я сілам цямрачым у рукі
Няпраўд пустазелле дало,
Хай сеюць знішчэнне і мукі,
Хай корча ўсіх змога і зло.
З Мужыком сталася так, як прадказалі на яго хрэсьбінах Жыццё, Доля, Бяда, Холад і Голад. Усе яго памкненні, змаганне, мазольная потная праца нічога не далі, ён пераможаны. Мужык у паэме памірае па сутнасці два разы. Першы раз гіне пад паваленай хвояй, другі — добраахвотна вяртаецца ў магілу, бо за яе «страшней людзі і свет». Вобраз Мужыка набывае ў паэме выразную трагедыйнасць.
Я. Купала звярнуўся да рэалістычных і сімвалічных сродкаў мастацкай выразнасці. У творы шэраг умоўных вобразаў — Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Вобразы людзей — Мужык, Жонка, Араты, Пастушок, Маці, Магазыннік і інш. — абагульненыя, індывідуальна-канкрэтныя рысы ў іх адсутнічаюць.
Паэма цікавая з боку формы. Кожная яе частка-праява мае сваю танальнасць, сваю адметную рытміка-інтанацыйную арганізацыю.