Лірыка

Едзе ён у горад «з цяжкім возам» у святочны марозны дзень, бо «бяда у карак пагнала». Якая бяда напаткала селяніна, аўтар не гаворыць. Хутчэй за ўсё гэта беспрасветная беднасць, пра якую сведчаць многія дэталі ў творы:

Ну! Кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!., скажаш — цяжка,
Ды й не надта ж ты і сыта,
А мне ж легка?., глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта....
Стаў крапчэй мароз ка святу,
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату.

Лаканічная, псіхалагічна дакладная, эмацыянальна стрыманая замалёўка выклікае спачуванне да селяніна, прымушае задумацца над яго жыццём і лесам.

Голас паэта спакойны і стрыманы, тон вершаў мінорны. Мала што радуе лірычнага героя верша «Роднай старонцы». Беднасць — адзнака ўсяго краю: бедная пясчаная і неўраджайная «маці-зямліца», сын яе адзеты ў бедную сярмягу.

Усё ў табе бедна. Часта заплача
Мужык араты дзеля злой долі,

Цяжка працуючы... — гаворыць аўтар. Аднак сумнае ўражанне ад краявідаў і карцін сялянскага жыцця перамагаецца пачуццём любові да роднай старонкі і верай у яе лепшае заўтра:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
I будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй — доляй шчасліваю!..