Краткие содержания - белорусские писатели - Янка Лучына - Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

ЗАМЕСТ УСТУПУ

Стары паляўнічы Грышка разважае пра змены, якія павінны адбыцца ў краі з пабудовай чыгункі. Не прымаючы нязвыклае і новае, стары прадказвае, што павысякаюць лясы, усё пойдзе на звод:

Не толькі знікне звер у нас, але й глушэц.
А прыйдзе час, што й качкі не забіць на свеце,
Што на драздоў і дзятлаў будзем ставіць сеці...

Герой-апавядальнік, чалавек новага часу, не прымае аргументаў суразмоўцы. Ён упэўнены, што навуковы прагрэс, цывілізацыя нясуць людзям палёгку ў працы, матэрыяльныя набыткі.

Глухі, патрыярхальны палескі край адновіцца.
Паверма, шчасце заквітнее на зямлі,
Шумець там жыту, дзе балоты век былі.
Палескай простай грамады нашчадкі ў хатах
За стол шырокі сядуць у бяседзе братняй,
Нарэшце скажуць: «Шчасце і да нас прыйшло!»
Паверма шчыра... Шапенгаўэру на зло!..

II

ПЕРШАЕ МАЁ ПАЛЯВАННЕ НА ЛАСЁЎ

Стары Грышка заспеў героя-апавядальніка за непрыгожым заняткам — той страляў у дробных птушак. Паўшчуваўшы паніча, Грышка прапанаваў арганізаваць сапраўднае паляванне на лася, узяўшы пры гэтым слова, што «пан... ніколі ў птушку не стрэльне».

Стары паляўнічы вучыць героя-апавядальніка, як трэба апранацца на паляванне, робіць вымову за дрэнны догляд зброі.

Раным-рана выязджаюць на паляванне. Упаляваў лася Грышка. Калі ж паніч пачаў тлумачыць, што з ім адбылося, «смяяўся Грышка, саркастычны быў той смех...

Сказаў: «Ласі не верабейкі?! Так, панічу?»

V

ГОЛАД

Грышка ўспамінае галодныя гады, якія яму давялося перажыць у дзяцінстве і маладосці. Асабліва запомніўся другі: «Кару ўжо дралі з дрэва! I страх было глядзець на люд худы, схварэлы»...

Ён хадзіў закаханы ў дачку каваля Уляну. Сям'і каваля жылося яшчэ цяжэй, чым сялянам: «Зусім яму забракавала працы з хатаў, расстацца мусіў кожны з конікам астатнім, бо ратаваў жыццё». Грышка, чым мог, дапамагаў кавалю, крадком беручы дома, але разумеў, што гэта не выйсце. Вырашыў «аблажыць мядзведзя» і прадаць без сведкаў скуру.

Бацька Грышкі, спрактыкаваны, разумны чалавек, заўважыў, што сын нешта задумаў. Цішком рушыў у лес за хлопцам і выратаваў таму жыццё ў адзінаборстве з параненым зверам.

Дазнаўшыся пра прычыну сынавага ўчынка, бацька яго «не біў... не лаяў, даў Мікіту збожжа», але загадаў са сватаннем пачакаць да лета. Да лета «галубка Уляна» з'ехала з ваенным.

Грышка «меў кару шчэ... мядзведзя ў двор завезці» і расказаць пану, як ён пацэліў у звера і ледзь не развітаўся з жыццём. Пасля таго Грышка прысягнуў, ні ў чым не рабіць шальмоўства.

Паны ў складчыну далі вёсцы дапамогу і «вясны няшчасны дачакаўся неяк люд».

VII

АБЛАВА НА ВАЎКОЎ

Паляўнічы Грышка ў нетрах асачыў зграю ваўкоў. У нядзелю пры карчме збіраецца «ўсякі люд» на аблаву. Грышка наводзіць строгі парадак і дысцыпліну: «загоншчыкаў на гурты разлучыў чатыры, дзяўчат прагнаў», наказаў усім маўчаць і «люлек не курыць... глядзець, вачэй не зводзіць з-за куста ці дрэва».

Герой-апавядальнік адзначае, што «аблавы не ўдаюцца на ваўкоў цяпер, малы з іх вынік, клапатных за многа мер». Аднак тая, якую вядзе стары Грышка, мела свой вынік: забіта «два пераяркі, два старыя, маладых шэсць, ліс, барсук». Пры гэтым паны атрымалі эмацыянальнае задавальненне, кожны з іх стрэліў або пабачыў воўка. Паляўнічы адчувае сябе пераможцам. «Трыумфатар быццам, разлёгся Грышка на ваўках — не надзівіцца», — з гумарам адзначае герой-апавядальнік.

IX

СТАРЫ ПАЛЯЎНІЧЫ

Стары паляўнічы просіць у пана набой пораху, каб паквітацца з мядзведзем. Пан усяк адгаворвае, нагадваючы пра ўзрост. Былы дворскі паляўнічы тлумачыць, што ўнукамі пакляўся адпомсціць («А я калі сказаў, ражном сядзіць тады, ні Богу, ні людзям хлусіць не думаў Грышка»). Яго порах схавалі «сын... з бабскай зграяй», не пускаючы ў лес. Пан абяцае даць старому свае жарабё. Грышка дзякуе і прапануе за панскую ласку скуру мядзведзя. Пан, бачачы упартасць старога, дае сваю стрэльбу і людзей у дапамогу. Грышка ад усяго адмаўляецца («Не умею з панскай стрэльбы, ў клеці ёсць свая... Не трэба палаткаў гэтаксама»).

Са словамі «няхай цябе бароніць Бог!» пан дае настойліваму старому порах.

Назаўтра раніцай Грышка з'явіўся да пана прасіць фурманку, каб прывезці мядзведзя.

Х

СМЕРЦЬ ГРЫШКІ

«Праз шмат гадоў бадзяння ў свеце» герой-апавядальнік вяртаецца цягніком у родныя мясціны. Яны вельмі змяніліся:

...Дзе лясы?.. Ці ж край той самы?
Хіба абшар вось той, пустэльня тая з пнямі
I ёсць Кругліца, дзе быў птушак спеў наўкол?..
Бярозы дзе шумелі, хвоі і асіны?..
I ўсё ж яна! Хто вынішчэнне ў край прынёс?
Пустэча, могільнік!..

Герой-апавядальнік пытаецца пра лесніка Рыгора, бо атрымаў ліст, што той памірас. Слуга адказвае, што прыбягаў унук і прасіў паніча быць у іх як мага раней.

Рыгор «нямоглы, сівы, быццам лунь», ляжаў на печы. Калі з'явіўся паніч, сыны перанеслі старога на ложак. Грышка гаворыць пра хуткаплыннасць часу, але не хоча пражыць свой век яшчэ раз: «Другі стаў свет... Мне ж з натураю маёй як жыць! Нялёгка сакалу, пан, курыцаю быць...» Стары прызнае, што асушэнне балота прынесла пэўныя выгоды людзям, «ды відок той брыдкі там, дзе прыроду глуміць прагны чалавек». Ён не прымае спусташэння прыроды, знішчэння прыгажосці дзеля нажывы.

Грышка хоча, каб унукі яго былі граматнымі. Аднак сын яго думае інакш, лічыць лепшым прыкупіць кавалак зямлі. Герой-апавядальнік супакойвае старога: «Паводле волі станецца тваёй, павер, — да школы пойдуць дзеці... навука ў хатку нізкую сягне святлом...»

Стары ўспамінае колішнія паляванні, цікаўнасць паніча да ўсяго, прызнаецца, што ён «выцягваў з пана» кніжныя веды. Адкрывае вялікую чалавечую прыхільнасць да таго, каго ведаў ад самага нараджэння:

Люблю я пана...
Паляўнічы хоць з яго
Такі, як люлька за тры грошы, і ўсяго.
...Ды
Нікога не любіў над пана з паляўнічых,
За шчасце хвілі, як быў з панам, Грышка лічыць.
Стары Рыгор падарыў герою-апавядальніку памятку аб сабе — паляўнічы ражок.
Стомленага ад гаворкі старога пакінулі, каб «спачыў у дрымоце».

Па дарозе дамоў у апавядальніка стаяў у вачах Грышка. Захапляў і ўражваў яго спакой «на дарозе Божай».

Мастацкія асаблівасці

«Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» напісаны на польскай мове, на родную мову быў перакладзены аўтарам раздзел «Стары паляўнічы».

У лісце да З. Пшасмыцкага (рэдактара варшаўскага часопіса «Zycie») Я. Лучына пісаў: «Чым жа прывабліваюць нас «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаны яны з сапраўдных факцікаў... «Паляўнічых акварэлек» я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і без ног (на пачатку 80-х гадоў пісьменнік быў паралізаваны. — Г. Г.), трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсць самапал і езджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцця...» Аўтар прызнаваўся, што зместам паэмы стала асабіста перажытае і пабачанае. Паніч, ён жа апавядальнік, — гэта сам аўтар. Пэўна, меў рэальнага жыццёвага прататыпа і стары Грышка, галоўны герой твора.

Даследчыкі адзначаюць, што па маштабу і ўзроўню мастацкага абагульнення вобраза, роўнага врбразу паляўнічага Грышкі, ні ў беларускай літаратуры, ні ў іншамоўнай літаратуры Беларусі другой паловы XIX ст. няма. Грышка ўздымаецца над героямі іншых твораў свайго часу шырынёй бачання рэчаіснасці, імкненнем спасцігнуць змены ў жыцці народа.

Ва ўступе сумненні старога паляўнічага ў неабходнасці змен не прымаюцца. Сумненні гэтыя тлумачацца закасцянеласцю, патрыярхальнасцю поглядаў героя:

Выхоўвалі яго імшарыны, чарот, Разліваў далі, душагубкі, што з калод. Спрачацца з Грышкам цяжка, ў галаве закутай I дыспут не асветліць векавых закуткаў...

Але з часам спраўджваюцца песімістычныя прадказанні старога паляўнічага. Прыгажосць прыроднага свету неразумна нішчыцца, багацце спусташаецца — над усім пануюць голы разлік і карысць. Апавядальнік вымушаны прызнаць, што Грышка, а не ён са сваім аптымізмам, меў рацыю.

Пан ехаў праз Кругліцу, дзе ж яе краса? Як выглядае пустка, бачыў сам? Ні поля там не будзе, ні лугоў, ні пашы — Адна пустэча толькі, што людзей адстрашыць! Які раскошны лес спакон вякоў там быў! Дзе ж ён? Зладзюга Фоттэль кішэню набіў.

. Грышка ў канцы паэмы паказваецца чалавекам, які разумее неабходнасць навукі, ведаў у жыцці народа, які з гэтым звязвае шчаслівую будучыню сваіх унукаў.

У характары і паводзінах старога паляўнічага прывабліваюць высокая маральнасць, сумленнасць, спагадлівасць, смеласць, мужнасць. Ён вучыць паніча любіць усё жывое, не забіраць без патрэбы нічыё жыццё (раздзел «Першае маё паляванне на ласёў»), паважаць хлеб і даражыць ім (раздзел «Голад»). Што ж тычыцца палявання, то тут стары Грышка непераўзыйдзены знаўца. Ён не раз здзіўляе апавядальніка.

«Паляўнічыя гісторыі» («Паляўнічыя акварэлькі») пад пяром пісьменніка перараслі ў расказ пра свой таленавіты, сціплы, мужны, цярплівы народ, у роздум пра будучыню роднага краю.

Значнае месца ў творы займаюць апісанні прыроды, павадак, нораваў звяроў і птушак, што насяляюць беларускія лясы. Пейзажныя замалёўкі Я. Лучыны напоўнены гукамі і пахамі, яны каляровыя і жывыя:

Прыгожы, некрануты край перада мною,
Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,
Дзе хвой выносістых завершаны стажок,
Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,
А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,
З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.
Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой...

Я. Лучына адзін з першых у новай беларускай літаратуры апаэтызаваў прыгажосць роднай прыроды. У яго творах яна набывае эстэтычную каштоўнасць, ачышчае і ўзвышае чалавека.