Лірыка
Я.Янішчыц ставяць у адзін рад з Цёткай, Н.Арсенневай, Л.Геніюш — самымі яркімі жаночымі імёнамі ў нацыянальнай літаратуры.
Яна —паэт-лірык, гэта значыць, што трывогі і радасці свету паўстаюць у яе творах прапушчанымі праз уласнае сэрца. А хвалявала Я.Янішчыц многае, свет яе паэзіі багаты і шматгранны.
Любоў, цеплыня, чысціня перапаўняюць раннія вершы паэткі. «Пачынаецца ўсё з любві,/ А інакш і жыць немагчыма», — сказала Я.Янішчыц у адным з самых вядомых ранніх вершаў «Ты пакліч мяне. Пазаві...» Яе паэзія да канца засталася шчырай, прасветленай, настроенай на «чысціню, дабрыню», хоць перажыла і зведала паэтка самае рознае.
Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю,
Дрыготкі ліст на восеньскім галлі.
I ўсё адно — цябе я абдымаю,
I ўсё адно цябе я бласлаўляю
За боль і рай на песеннай зямлі.
(«Ні парушынкі ў небе, ні дажджынкі...»)
Гэта страфа, у якой выявіліся адносіны Я.Янішчыц да жыцця, узята з прадапошняга зборніка, назву яму даў сімвалічны і роздумны верш «Каліна зімы». Вобраз каліны досыць часта сустракаецца ў лірыцы паэткі. Як і ў фальклоры, ён сімвалізуе лёс жанчыны.
Полымем зыркім душу апаліла.
Полымем белым ўзняло з небыцця.
...Ой жа зімой закіпае каліна,
Гронка яе — як надзея жыцця.
Позняя ягадка позняй спакусы.
Вэлюм маёвы растаў па вясне.
Запунсавела-прыпухлыя вусны
Свецяцца ціха-шчасліва праз снег.
Выберу сёння якую вандроўку,
Каб неўталоннай душы дагадзіць?
Светла аклікну каліну-сяброўку —
Сумам маім на мяне паглядзіць.
Белапушысныя ўскінуты бровы.
Час замірання. I час адкрыцця.
Доля мая — нібы гронка любові
Б'ецца над сцішанай голькай жыцця.
Каліна ў вершы — вобраз з двайной сэнсавай нагрузкай. Рэальная, якую бачыць лірычная гераіня, і сімвалічная — «каліна-сяброўка», увасабленне долі, лесу жанчыны. Зімовая «позняя ягадка» — пара сталасці і адначасова незабытая пара юнацтва. Пра «вэлюм маёвы», які «растаў па вясне», нагадвае белы пушысты снег, падобны на вясновую квецень.
Вялікае значэнне ў стварэнні вобраза верша набывае колер. Іх у творы два — белы і чырвоны. Апошні аўтарам не называецца, а падаецца праз апісанне («полымем зыркім душу апаліла», «зімой закіпае каліна», «гронка любові»). Гэтыя колеры засвоены намі генетычна, яны нашы, спадчынна-беларускія.
Жывучы сучаснасцю, адгукаючыся на надзённыя праблемы, Я.Янішчыц рэдка звярталася да адкрытай публіцыстыкі з яе адназначнасцю захаплення, непрыняцця, услаўлення, асуджэння. Гэтыя, па сутнасці сваёй ацэначныя пачуцці, спалучаюцца ў вершах паэткі з іншымі — журбой, смуткам, спачуваннем, мудрай усмешкай, яны мякчэюць, набываюць шматграннасць.
«Зажураны ліст да школьнага настаўніка» напісаны ў сувязі з канкрэтнай прычынай — закрыццём роднай школы («Матвей Іванавіч, няўжо / На зное і наша школа?»). У наступных строфах верша гэты канкрэтны выпадак абагульняецца, набывае рысы тыповасці, аўтар з сумам зазначае, што «...Не хапае шкаляроў / Настаўнікам са стажам!», што пад старасць чалавеку трэба хадзіць на працу «за дваццаць вёрст». Верш з'яўляецца не водгукам на закрыццё вясковых школ, а роздумам над тым, «куды бяжыць дарога веку». У гэтым роздуме цесна пераплялося асабістае і агульнаграмадскае:
Мая разлётная радня —
Мой свет былы вясёлы...
Як б'е балюча цішыня
З высокіх вокнаў школы!
Скразнымі тэмамі ў творчасці Я.Янішчыц з'яўляюцца Вялікая Айчынная вайна і вёска. Пакаленне Я.Янішчыц не бачыла вайны, але жыло памяццю пра яе. Памяць гэта ішла ад бацькоў, ад роднай зямлі, што апраўлялася ад жахлівай навалы. Пра далучанасць свайго пакалення да ваеннага ліхалецця па-мастацку арыгінальна, запамінальна паэтка сказала ў вершы «Пасля вайны». Твор пабудаваны на рэзка кантрасных вобразах: з аднаго боку— цудоўны свет дзяцінства, неперарыўнасці жыцця, з другога — горкія сляды мінулай вайны:
Я на кіно ў бацькоў дазволу клянчу,
Пасу гусей ў разлётнай чарадзе.
Мой залаты, мой рэзкі свет дзіцячы:
Мятлушкі сон і чэрапы людзей.
Яшчэ пякуць нясцерпна пахаванкі,
Але жыццё вяшчуе немаўля.
Стрыгуць авечак рупныя сялянкі —
I пухам усцілаецца зямля.
...Скідае фрэнчы пыльныя Еўропа.
Сусед бязногі едзе на кані.
А там, на дне смярдзючага акопа, —
Малінніку дражнючыя агні.
У вершы «Свята пірага» пра вайну з болем у сэрцы ўспамінае маці, а лірычная гераіня (дачка) суперажывае матчын боль. Вяртанне ў мінулае адбываецца ў мірны святочны дзень, што сведчыць пра незабыўны след вайны:
Пірог спякла, ды ўспомніла шайморы!
Бяздомнасці сівыя палыны...
Ты плачаш, мама? (Год ідзе каторы,
Каторы час ідзе пасля вайны!)
Ты ўся гарыш, нібы пасля застуды,
Як за акном — пякуча алы мак.
Мне страшна так, што я бягу да студні,
Вядро ж не набіраецца ніяк!
...Пагодны май і светлыні даволі.
Святочны май. I свята пірагоў.
Ды ўбачу, як расце яшчэ на полі
Наш горкі хлеб. I горкая любоў.
У многіх вершах Я.Янішчыц гаворыць пра ўдоў-салдатак, пра маці, якія не дачакаліся з вайны сыноў, пахавалі дзяцей («Марыя», «Дурная Ганна», «Боль», «Салдаткі» — вершы са зборніка «Каліна зімы», «У бабулі Паланеі», «Балада вернасці» і інш. з папярэдніх зборнікаў). Пякучы мацярынскі боль» глухая адзінота, цяжкая бясконцая праца, бо без мужчыны ў хаце трэба самой упраўляцца і з касой, і з сякерай, — гэтым поўніцца жыццё жанчын. Я.Янішчыц акцэнтуе ўвагу не на мужнасці, стойкасці, чалавекалюбстве, хоць такія якасці не з'яўляюцца чужымі для яе гераінь, а на няспраўджанасці жаночага шчасця. Вершы такім чынам набываюць трагедыйнае гучанне.
Тапталі ржышча, секлі буралом,
Жыццём масцілі горасныя кладкі.
Усё радзей за песенным сталом
Збіраюцца трывушчыя салдаткі.
На сукнях адгарэла мурава...
Каторы раз паўторыць цётка Ліда:
«А мой, што пад Берлінам, ў дваццаць два —
Няхай бы хоць вярнуўся інвалідам».
Шайморы — аладкі, якія пякліся з мінулагодняй, перамёрзлай бульбы, што знаходзілі ранняй вясной у зямлі.
Ах, прад'явіць каму палын-віну?
Другая скажа так, што шэрхне цела:
«Кляну вайну. I Колечку кляну,
Бо лепш яго — нікогачкі не мела».
Счапіўшы рук шурпатых вузлякі,
Адна адной зірнуць балюча ў вочы.
«Не выпалі нам, бабы, мужыкі».
«Не выпалі...» — замужнія прамоўчаць.
(«Салдаткі»)
Па-свойму, светла-радасна і горка-шчымліва раскрываецца ў творах Я.Янішчыц тэма вёскі. Ужо ў юнацтве паэтка адкрыла, што «замала пражыта ў самотна-зялёным кутку», што самае вялікае багацце, падараваная ёй лёсам, — «Вось гэтая вечная ў вёску дарога /І тая бярозка як памяць між ніў» («За дзень пехаты прытаміліся ногі...»).
Вёсцы, малой радзіме — палескай зямлі прысвечаны акрамя вершаў паэмы Я.Янішчыц «Ягадны хутар» (уключана ў зборнік «На беразе пляча») і «Зорная паэма» (зборнік «Каліна зімы»).
«Зорная паэма» твор лірычны і падзейнага сюжэта не мае. Гэта трывожны роздум паэткі пра сучаснасць, пра будучыню планеты, чалавечай Цывілізацыі, чалавека. Свой, блізкі, вясковы і гарадскі свет (лірычная гераіня нарадзілася і вырасла ў вёсцы, а жыве ў горадзе) цесна звязаны з агульным чалавечым домам. Пытанне «Што там сягоння ў сусвеце і свеце?» турбуе жанчыну ўвесь час.
Сродкі лірычнага роду далі магчымасць аўтару ў невялікай паэме сказаць пра многія праблемы і трывогі нашага веку. Напачатку яны тычацца запаветнага «белабярозавага кута», куды «збалелае сэрца... вецер на крылах нясе». У ім
Шчодра ў барозны насыпаны зёрны.
Вечнасць пульсуе быстрой.
...Вокнаў ліштва і варотцаў узоры, —
Край на ўмельцаў багат.
Свецяць на хатах фанерныя зоры —
Душы Айчынных салдат.
Памяць нагадвае пра нядаўняе мінулае, пра вайну, і «душа скаланецца ад болю: /Жыта на мінах дагэтуль расце!»
Не спраўджваецца спадзяванне лірычнай гераіні, што «ў гэтай зямной і зялёнай купелі» не нагадаюць пра сябе «хіжасць і дэмагогія спрытных дзялкоў». Вёска знешне змянілася, адбудавалася, пабагацела, але раз'ехаліся, рассыпаліся па свеце яе дзеці — узгадаванае пасля вайны маладое пакаленне.
Хто нам пасведчанні жывёлаводаў
Выдаў за клас выпускны?
Ах, як разбегліся ўсе адмыслова
Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!
Любім на словах. Бунтуем на словах.
I славасловім праграмны наш век ... —
гэты папрок Я.Янішчыц адрасуе равеснікам, не выключаючы з іх шэрагу і сябе («Грэшна вініць мне кагосьці старонняга,/ Бо і сама без выгод не жыву»). А ў вёсцы не хапае рабочых рук, не хапае людзей, якія любяць зямлю, сялянскую працу.
Грукнула ў сэрца глухая аб'ява
На замяшчэнне вакантных «пасад»:
1. Старшыні (убытачнага калгаса)
2. Вартаўніка жывёлагадоўчай фермы —(хоць бы на час ацёлу кароў)
3. Клубнага работніка (які б разбіраўся не толькі ў замежным рэпертуары)
...5. Конюха (які шануе жывёлу не менш,чым уласны аўтамабіль)6. 7. 8. 9
Абдзеленае вайной старэйшае пакаленне, як і раней, звыкла і цярпліва нясе сваю жыццёвую ношку, сапраўднай падмогі і змены яно не дачакалася. Але сёння ўжо не толькі людзі, сама зямля «прагне ...пляча абароннага,/ Просіць за бульбу, за лён і за хлеб». Эксперыменты «па паляпшэнню» парушылі раўнавагу ў прыродзе: то дажджы як з вядра, то невядомая ў балотным краі ніколі раней засуха. «Высах калодзеж, хоць жыта насып»,— бядуе маці. «Бусел — ці чулі? палюе на зайца!» — здзіўляецца сусед.
Усхвалявана Я. Янішчыц даводзіць у паэме, што даўно счакалася вёска Гаспадара, што дзяржава не надае патрэбнай увагі селяніну, што праца на зямлі нарэшце павінна стаць прэстыжнай.
У другой частцы «Зорнай паэмы» думка аўтара абдымае ўвесь сусвет;
Змоўклым гадзіннікам свет нас лякае,
Збоем апошніх світальных мінут.
Кроўю планета ужо набракае,
Але паўзе тэрмаядзерны спрут.
...Стрэлкі шукаюць на цыферблаце
Міру, лагоды, братэрства, любві.
Людзі. Анёлы і д'яблы. Міране.
Плыць альбо не дабрыні караблю...
Што табе, сэрца, сыграць на кургане,
Як не малітву за маці-зямлю!
Я.Янішчыц гаворыць пра пагоню за дабрабытам, пра знікненне спагадлівасці, адкрытасці, душэўнасці, пра адзіноту і раз'яднанасць людзей. Але
Покуль да сонца расчынены дзверы
З вераю у сонечны розум людзей, —
Быць! — Я гукаю праз гром і хімеры,
Тулячы сына свайго да грудзей.
Свой гадзіннік Я.Янішчыц настройвала на пяшчоту, лагоду, любоў, разуменне. Яна не хацела верыць, што чалавецтва дойдзе да той мяжы, за якой нікога і нічога няма:
...Не ў міфічную цягнецца Мекку
Шлях, пазбаўлены літанняў і лек.
...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.
Да Чалавека ідзе Чалавек!
Такімі радкамі заканчваецца паэма, напісаная на хвалі грамадскага ачышчэння сярэдзіны 80-х гадоў.