Белорусские сочинения - Янка Брыль - Янка Брыль - "Рыцар малога жанру"

Янка Брыль - "Рыцар малога жанру"

Пишу, как живу, и живу, как пишу.
     Аляксандр Сяргеевіч Грыбаедаў
     
     Янка Брыль — народны пісьменнік Беларусі, арыгінальны мастак, сапраўдны майстар малога жанру — апавядання, навелы, нарыса. А яшчэ ён любіць пісаць кароценькія абразкі, нататкі з дарогі, эскізы, эсэ. Кожная з названых мной жанравых разнавіднасцей мае сваю адметнасць. Хоць пра гэта нам мала ў школе гаварылі, але я вычытала ў літаратуразнаўчых слоўніках і дапаможніках, што навела адрозніваецца ад проста апавядання абвостранасцю любоўнай ці маральна-этычнай інтрыгі, дасканаласцю і завершанасцю сюжэта, нарыс — дакументальнасцю і верагоднасцю сюжэтнай асновы, эсэ — свабодай і раскаванасцю разважанняў і г.д. Але не буду многа філасофстваваць на гэты конт. Перада мной канкрэтная задача — выказаць некалькі думак пра Брыля як апавядальніка, пра яго ўменне ў кроплі бачыць увесь свет, пісаць так, як дыхаем, жывем, і дыхаць, жыць падобна таму, як пішаш.
     Малафарматныя творы Брыля змяшчаліся ў кнігах з паэтычнымі, лірычнымі, нераўнадушнымі назвамі — «Жменя сонечных промняў» (1965), «Ты жывеш» (1978), «Сёння і памяць» (1985) і інш. Многія з іх сам аўтар назваў мініяцюрамі. Самая першая ўласцівасць гэтых твораў — сонечнасць, прасветленасць гуманістычным пафасам, любоўю да ўсяго жывога. Любоў да жывога ў Брыля павышаная, напружаная. Такая ж, як у апавяданнях «Маці» і «Memento mori», якія мы вывучалі ў школе. Гэта і ёсць найадметная рыса стылю выдатнага пісьменніка. Я ж помню, як пяшчотна апісваў вялікі майстар знешнасць безыменнай вясковай жанчыны, маці ў аднайменным апавяданні: заліты потам, маршчыністы твар, «нецалаваныя» рукі жняі ў мазалях, нібы згаслы зрок устрывожаных бядой вачэй. Помню, як павольна, цяжка ішла яна паперадзе малодшанькага сына Васілька з поля дадому. Гэтаксама павольна, паважна, па-гаспадарску ішла яна, разам з яе сынамі — збеглымі воінамі-палоннымі, на Галгофу, на смерць. Ішла, пераадольваючы страх, перажываючы за сваіх і чужых сыноў, маладых, прыгожых, якіх кінулі ў смяротную бойку, як і яе.
     Сонечным святлом дабрыні прасякнутая і навела «Memento mori» — у перакладзе з лацінскай мовы — «Памятай пра смерць». Трагічна развіваюцца ў ёй падзеі: гінуць людзі ў падпаленай фашыстамі аборы, гіне выдатны майстар пячнік, які адзін мог уратавацца, бо склаў сапраўдны цуд — грубку з ляжанкай для зондэрфюрэра. Але чытаеш тэты лаканічны, будзённа-просты твор і нібы бачыш арэол святасці, які спавівае ўчынкі людзей. Гэты арэол выпраменьваецца з душы аўтара і праецыруецца на мастацкі тэкст. Павышаная пачуццёвасць, страснасць — ці не адзнакі гэта рамантычнага стылю? Ці можна назваць Брыля пісьменнікам-рамантыкам? На гэтае пытанне цяжка адказаць. Хутчэй за ўсё ён нерамантык, а лірыку сваіх мініяцюрах, апавяданнях, лірык, які ўнікае прыземленай апісальнасці. Ён аздабляе, калі так можна сказаць, кожны свой твор промнямі пачуццёвасці, суб'ектыўнай ацэнкі паказанага. Таму і ствараецца ўражанне, што манера пісьма яго рамантычная. А манера пісьма яго ўсё ж рэалістычная: усё, што бачу, аднаўляю, пераламіўшы праз нераўнадушную свядомасць.
     Малыя жанры патрабуюць ад мастака ўмення пісаць сцісла, афарыстычна, без залішняй канстатацыі (называння) фактаў. У кроплі павінна сцягнуцца ўсё: канкрэтны адбітак рэчаіснасці, аўтарская ацэнка яе, перажыванні і паводзіны герояў, мінулы і будучы час і г.д. Калі ўлічыць, што Брыль не толькі лірык, але і філосаф, дык у кроплю сцягваюцца думка і пачуццё, апісанне і аналіз. Зыходзячы з гэтага, пісьменнік ашчаджае словам, апісанне заменьвае мастацкімі дэталямі, сціскае да мінімуму, робіць лаканічнымі дыялогі, ушчыльняе апавяданне ў цэлым. Да прыкладу. У апавяданні «Маці» вельмі лаканічна расказваецца пра вяртанне з поля маці і яе малодшага сына Васіля, тройчы згадваецца не сама вайна, а суровая аб'ява на слупе, што засталася ў свядомасці жанчыны белай плямай, пра пакаранне смерцю тых, хто будзе дапамагаць партызанам і ўцекачам з фашыстоўскага палону. Замест таго, каб пісаць падрабязна аб працоўнай дзейнасці (як казалі раней) звычайнай вясковай жанчыны, мастак засяроджвае нашу ўвагу на яе стомленым, у маршчынках, твары, пакрытых мазалямі руках, хадзе і г.д. Я звярнула ўвагу і яшчэ на адну мастацкую дэталь, пры дапамозе якой як бы «ўшчыльняецца» апавяданне: з поля маці ідзе наперадзе, а за ёю, крокі на два, ззаду, каб чуць, што гаворыць дарагі і паважаны чалавек, сын. Серп таксама вешаюць па чарзе: спачатку маці, а затым, следам за ёю, сын. Брыль-рэаліст тут нават у перадачы звычайнага, побытавага захоўвае вернасць рэаліям вясковага жыцця. А жыццё гэтае арыентавалася на агульначалавечыя каштоўнасці. А агульначалавечыя каштоунасці, у сваю чаргу, запісаныя ў Бібліі, грунтуюцца на запаветах Хрыста, адзін з якіх — «Палюбі бліжэйшага свайго». Вясковая, у многім агульначалавечая мараль вучыла людзей дабрыні, чалавечнасці, павазе да старэйшых. I ў першу чаргу — павазе да маці, якая цябе нарадзіла, ускарміла, выгадавала і выправіла ў вялікі свет з роднага гнязда.
     У апавяданні «Маці» мастак слова мог таксама доўга і падрабязна расказваць пра тое, якімі злыднямі былі фашысты, як страшна было маці ісці праз шчыльны рад вартаўнікоў з сабакамі, як гэтыя сабакі гаўкалі, кідаліся на невінаватыя ахвяры, на вялікіх пакутнікаў. Але апісанне ў заключнай частцы твора адсутнічае. Перад намі паўстае ў агульных абрысах карціна, вядомая па Бібліі і легендарных паданнях: на Галгофу ўзыходзяць пакутнікі за ўвесь неразумны чалавечы род, наперадзе гэтых пакутнікаў ідзе Маці чалавечая. Святая Марыя, боская маці прымае на сябе ўвесь чалавечы сорам, бруд і жах антыгуманных дзеянняў. Немцы, фашысты, нелюдзі тут не маюць твараў. Мы бачым толькі варанёную сталь аўтаматаў, што блішчыць на сонцы, загарэлыя рукі катаў з закасанымі рукавамі кашуль (каб не перашкаджалі дзейнічаць, забіваць). А якая выразная, шматзначная мастацкая дэталь: маці не бачыць аўчарак, а толькі ашчэраныя велізарныя зяпы, якія, здаецца, могуць праглынуць усё на свеце.
     Я доўга думала і яшчэ пра адну рысу творчасці Брыля-апавядальніка: яго ўменне карыстацца простымі, лаканічнымі, але разам з тым шматзначнымі сказамі, фразамі. Многія яго сказы няпоўныя, усечаныя. Падчас яны складаюцца з асобных слоў. Многія часткі сказаў заменьваюцца шматкроп'ем. Напрыклад: «I ён — жыве», «Шчасце — мець такое дзіця». Прывяду цалкам (можа, не ўсе аўтарскія знакі прыпынку захаваю, бо іх у эмацыянальнага і страснага мастака вельмі многа) невялікую мініяцюру з кнігі «Сёння і памяць».
     «Бабуля рада, што маленькі ўнучак добра есць. З лыжачкі, у яе на каленях. Ахвотна, весела, напоўніцы. Гэта ледзь не балюча пранізвае дзеда, які любуецца збоку. Ён думае, як гэта страшна, калі такім гэтага не даюць!.. Голад беднасці, сіроцтва. Голад вайны, акупацыі».
     У гэтай невялічкай замалёвачцы зіхацяць і пераліваюцца свежыя, сакаўныя слоўцы — «напоўніцы», «сіроцтва». I гэта яшчэ адна рыса майстэрства пісьменніка. Ды трэба заканчваць. Няма часу. Усе магчымасці выкарыстаны. Брыль — сапраўдны майстар. Яго думкі пра свет і чалавека ў ім, думкі партызана, патрыёта, чалавека нам дарагія і сёння. Многія з іх перажывуць час. Як перажыў яго герой славутага апавядання.