Белорусские сочинения - Віцэнт Дунін-Марцінкевіч - Параўнальная характарыстыка літаратурных герояў розных твораў: кароль Лятальскі з камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія" і пан Патоцкі з паэмы Янкі Купалы "Бандароўна"

Параўнальная характарыстыка літаратурных герояў розных твораў: кароль Лятальскі з камедыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія" і пан Патоцкі з паэмы Янкі Купалы "Бандароўна"

Шмат цярпець народ умее,
     Умее ж і памсціцца,
     Як дадзене вельмі крыўда,
     Як зло разгасціцца.
     Янка Купала
     
     Падзеі ў адным і другім творы адбываюцца ў часы прыгону. Перад намі прадстаўнікі аднаго класа. Але наколькі ж розныя гэта людзі!
     Пры абмалёўцы вобраза пана Патоцкага Янка Купала ўжывае чорныя колеры, таму што толькі так можна перадаць зло, увасобленае ў ім. Перад намі бязлітасны тыран, «злы дух», які трымае народ пад прыгнётам:
     
     Стогне змучана Ўкраіна,
     К нёбу шле пракляцце...

     
     Ужо з першых радкоў паэмы адчуваецца лютасць пана Патоцкага, яго пагардлівасць да людзей:
     
     Ні старому, ні малому
     Не спускав жартаў.

     
     Разбэшчанасць, адсутнасць сумлення — і гэтыя рысы прысутнічаюць у характары прыгнятальніка:
     
     Калі дзе ўпадзе ў вока
     Хараство дзявоча, —
     Абняславіць, абнячэсціць,
     Бацьку плюне ў вочы.

     
     Нястрыманы, помслівы, не ўмеючы дараваць і, трэба думаць, не ведаючы слова «міласэрнасць»:
     
     Усе адказ дасце мне зараз —
     Дочка, бацька, маці.

     
     Асоба, у якой адсутнічае мараль, пераканана, што маралі няма зусім. Ганебная прапанова, зробленая Бандароўне, таму доказ:
     
     Ну, што воліш сабе выбраць,
     Пышная паненка:
     Ці ў бяседзе засядаці
     Вось пад гэтай сценкай
     I са мною піць, гуляці,
     Ночкі каратаці?
     Ці навекі косці парыць
     У зямельцы-маці?

     
     Чалавечае жыццё для пана Патоцкага нічога не значыць. Яму лёгка застрэліць без віны. Нават страх перад Богам яго не спыняе. У душы гэтага чалавека няма і не можа быць нічога святога. Як і ўсе слабыя духам людзі, ён смелы толькі з дружынай і толькі над безабароннымі, а калі трэба трымаць адказ за свае ўчынкі, палах лівы і хоча «віны ўбавіць»:
     
     Неспакоен пан Патоцкі
     У сваёй правіне.

     
     Крыважэрны тыран перакананы, што за грошы можна купіць усё, нават сумленне, таму ён і хоча праславіць «па смерці» Бандароўну.
     Тыран, «злы дух», якога дагэтуль праклінаюць у народзе, такім паўстае пан Патоцкі у паэме «Бандароўна».
     Наколькі адмоўны гэты герой, настолькі станоўчы другі — Кароль Лятальскі з камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія».
     Вось тут ужо іншыя фарбы ўжывае пісьменнік, каб абмаляваць свайго героя.
     Кароль Лятальскі — дзедзіч, які воляю лёсу павінен адказваць за сваіх сялян. Усё сваё свядомае жыццё ён правёў у «найпрыгажэйшай краіне свету» Францыі. Дні яго маладосці праходзілі сярод парыжанак. Ён марыць пражыць там усё жыццё. Але абставіны прымушаюць вярнуцца, як ён спадзяецца, часова, на зямлю продкаў, да сялян, якіх лічыць за «быдла, цёмнае, нічым не ўлагоджанае».
     Да гэтага моманту ўсё, што адбываецца з героем, рэальнае, вельмі падобнае на праўду. Усё далейшае нагадвае казку ці прыгожую гісторыю.
     Прыехаўшы на радзіму, ён трапляе ў аднолькавую з панам Патоцкім жыццёвую сітуацыю: яму спадабалася прыгожая сялянская дзяўчына. Але наколькі розняцца паводзіны Кароля Лятальскага! Гонар сялянкі для яго «такі дарагі, як і свой уласны». 3 першай сустрэчы з гераіняй прыгожыя парыжанкі «вылецелі з галавы» разам з Парыжам. Калі спачатку яго яшчэ крыху хвалюе сацыянальная няроўнасць, то праз нейкі час Кароль пра яе забывае: «О шчасце!.. Дзіўны кірунак лёсу! Так нядаўна яшчэ ці ж бы мог я падумаць, што адна сялянка стане прадметам майго найчысцейшага кахання?»
     А просьба Юліі «шукаць асалоды ў шчасці тых, для якіх, пасля Бога, ён найдаражэйшы», поўнасцю мяняе стаўленне да сялян. Яшчэ ўчора ненавіснае «быдла», яны ператвараюцца ў «родных дзяцей». I ўсе далейшыя мары і спадзяванні звязвае герой з роднаю зямлёю: «... у шчаслівым вясковым зацішшы, далека ад турбот і непакою свету, на ўлоні падобнае да цябе вернае таварышкі, сярод падданых, як сярод уласных дзяцей, праводзіць рэшту дзён жыцця і не жадаць на зямлі іншай раскошы». Якім пранікнёным маналогам Кароля пра свой абавязак перад сялянамі вяршае Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч сваю «Ідылію»! А які шчаслівы народ! Ён нічым не падобны на народ у паэме Янкі Купалы. Той праклінае, гэты ўслаўляе хвалебнаю песняй. Вось каб так было ў жыцці! На жаль, калі параўноўваць герояў, то бліжэй да рэальнага жыцця вобраз пана Патоцкага. Хаця б таму, што мае гістарычны прататып, пры жыцці якога даведзеныя да адчаю сяляне падняліся на паўстанне пад кіраўніцтвам Максіма Жалязняка і Івана Гонты.
     Але і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч не змог адысці ад жыццёвай праўды і ўвёў у «Ідылію» вобраз Баравантура Выкрутача — камісара маёнтка Лятальскага, болей блізкага да рэальнага жыцця. Адносіны гэтага героя з сялянамі праз бізун, які «будзе ў рабоце».
     А вось пры стварэнні вобраза Кароля Лятальскага аўтар адыходзіць ад жыццёвай праўды, выдаўшы ўяўнае за рэальнае.