Белорусские сочинения - Віцэнт Дунін-Марцінкевіч - Станоўчая праграма Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Станоўчая праграма Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Па сваіх поглядах Дунін-Марцінкевіч быў дэмакратам. Ён, як мог, бараніў інтарэсы народа, змагаўся за маральную чысціню, даваў водпаведзь тым, хто яго рабаваў ды здзекаваўся з яго. Яркімі творамі, у якіх выявілася станоўчая праграма пісьменніка, сталі і сентыментальнаяі «Сельская ідылія», дзе выкрываецца жорсткасць камісара маёнтка пана Лятальскага Банавантура Выкрутача. Адзін з самых ранніх твораў. Зыходная сітуацыя ў ім — драма народнага жыцця пад панскім стаўленікам, які, па словах селяніна Ціта, адвучвае народ ад шчырасці сваімі. жорсткімі дзеяннямі, за людзей іх не лічыць: «А дай бог, штоб яго ад нас нячыстая сіла выгнала. Бо калі ён далейтак над намі здзекавацца не перастане, то ўсе духі вытрасе. Кажуць, што мужык хіцёр, ураг сваім панам і іх абмануе. Як жа нам быць шчырымі, калі яны з-пад ногця кроў нам высысаюць і, як з гадам, з мужыком абыходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, штоб на іх прыхаці зарабіць». У гэтых словах селяніна крыецца адказ і на пастаўленае ў загалоўку пытанне пра станоўчую праграму пісьменніка, якая не магла не ўлічваць народныя погляды: сяляне былі б добрыя і шчырыя з добрымі, нармальнымі панамі. Духоўнае ачышчэнне, самаўдасканаленне, выхаванне сябе і іншых, людскасць ва ўзаемаадносінах — вось сацыяльнае, маральна-этычнае і гуманістычнае крэда Дуніна-Марцінкевіча і яго герояў. Так і ў «Сельскай ідыліі» спачатку крытычна і па-хамску настроены да народа Лятальскі («I што за прыемнасць, проша пана, з мужыкамі? Гэта ж быдла, і нічога болей»), а затым перавыхаваны Юляй, гаворыць зусім іншае, дзейнічае па праўдзе вызваляе сялян ад злоснага камісара, становіцца для і; добрым бацькам, забываецца на сваю прыгожую цывілізаваную Францыю: «толькі ў шчасці яе і маіх падданых шчасце свае знаходзіць буду»; «прысягаю, што ужо больш не буду шукаць шчасця за граніцай», «пачнём жыццё ў вясковым зацішшы і шчыра выпаўнім свае абавязкі: я — добрага пана, а ты — шчырага і вернага слугі» — такія словы праўдзівы пан адрасуе свайму слузе Яну — былому франкаману. Зло пакарана. Абавязкі размеркаваныя. Сяляне больш не будуць стагнаць ад пабораў і скардзіцца, бо пан усё ўладкуе і зробіць. Як у Някрасава: «Вот приедет барин. Барин нас рассудит». Як у многіх фальклорных творах, дзе народны заступнік Несцерка ці Ілля Мурамец, ці іншы казачны герой адразу здымае ўсе праблемы, карае зло і бароніць дабро.
     Погляды Марцінкевіча былі народныя, абстрактна-гуманістычныя. Яны выявіліся і ў паэме «Гапон». Гэта ж так добра пачыналася: чалавек ніжэйшага рангу заступіўся за сябе і каханку перад панскім стаўленікам камісарам:
     
     А ты! Маўляў ваўкалака,
     Здзекуешся тут над намі;
     Сцеражыся ж... ты, сабака!
     Помні, што і мы з зубамі»

     
     Але не пабег Гапон, які адчувае сваю маральную праўду, у лес, не стаў беларускім Сценькам Разіным, а ўсё ўладкавалася іншым шляхам: пані даведалася з вуснаў Кацярынкі, што за гвалт учыніў над людзьмі яе камісар, і пакарала зло. У фінале паэмы народ разам з добрай панігаспадыняй святкуе перамогу дабра над злом. Вяселле Гапона і Кацярынкі — гэта і вяселле гарманічных узаемаадносін народа і ўладароў:
     
     А пані — не пані, маці!
     Маўляў роднаму дзіцяці,
     Прыгожы пасаг дала,
     Радасна слёзку ўраніла,
     Маладых благаславіла,
     Сама к вянцу павяла.

     
     Падобныя ж погляды класавага прымірэння, вырашэння ўсіх спрэчак па-добраму выказвае пісьменнік і ў апошняй п'есе сваёй «Залёты». Яна цікавая выкрыццём новага слоя людзей, якія любымі спосабамі нажываюцца і, невукі і прайдзісветы, лічаць, што за грошы ўсё можна купіць (Сабковіч на гэты конт разважае: «Маю грошы, — а грошы цяперака для ўсіх станаў надта ласая рэч»; «Маю грошы, маю я; Мне ніхто тут не раўня; Прад маёй машонкай поўнай Гнецца роўны і няроўны»). Але і ў гэтай вострасатырычнай п'есе зло караецца і выкрываецца добрымі і сумленнымі людзьмі: суддзёй Аляксандрам Сакальніцкім, маладым памеіпчыкам Станіславам Зацнеўскім, дачкой Сакальніцкага Адэляй. Нават сястра Сабковіча Даміцэля і тая не вытрымлівае братавага выхвалення сваім багаццем і выкрывае яго сутнасць: на яго выказванне, што за золата можа пакахаць любая паненка, заўважае — трэба, «кааб той, што заляцаецца, меў добрую славу ўлюдзей». фінале фарса-вадэвіля Сабковіч не ведае, куды дзецца, залазіць пад стол, прамаўляе нязвязнае нешта: «Дык... дык што, пане маршалак, дык пан праз меру суровы для мяне, дык што... дык што...» Зло пакарана. Турма чакае прайдзісвета.
     Калі я чытала апошнюю сцэну п'есы, яадчула, што менавіта з яе выйшлі ў многім ідэнтычныя сцэны (асабліва фінальная) камедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя». Там таксама герой мітусіцца, не ведае, куды дзецца, нязвязна нешта гаворыць пра пісталеты ў руцэ. Ды і зло там пакарана таксама мірным шляхам, новай уладай. Так, як гэта бывае ў творах класіцызму («Недаростак» Фанвізіна, напрыклад).
     Сын свайго часу, Дунін-Марцінкевіч не выходзіў за межы яго інтарэсаў і сітуацый. Рэвалюцыйнага шляху не прымаў. Ва ўсякім выпадку з твораў яго гэта не вынікае. Хоць і спачуваў паўстанню Каліноўскага. Заклікаў усе спрэчкі вырашаць мірным шляхам. Яго героі — праўдалюбцы, бунт якіх завяршаецца, калі заступаецца добры пан ці пані за іх і за ўсіх пакрыўджаных. Так я думаю. Можа, не зусім правільна, але зыходзячы з тэксту, фактычнага матэрыялу. Толькі Кастусь Каліноўскі ў нашай літаратуры 19 стагоддзя прапанаваў шлях рэвалюцыйнай барацьбы для народа і паслядоўна адстойваў сваю пазіцыю.