Водгук на п'есу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта". Характарыстыка дзейных асоб п'есы. Мова персанажаў
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч па праву лічыцца заснавальнікам новай беларускай літаратуры, першым яе класікам.
П'еса «Пінская шляхта» напісана ў 1866 г. Упершыню надрукавана была ў 1918 г. Задоўга да апублікавання твор распаўсюджваўся ў рукапісах і ставіўся на сцэне самадзейных тэатраў. Першая пастаноўка наладжана самім аўтарам у Люцынцы.
«Пінская шляхта» — камедыя сатырычнага зместу. Гэты жанр не быў выпадковым у творчасці пісьменніка. Ужо ў дарэформенны перыяд амаль у кожным яго творы можна ўбачыць элементы сатыры. У п'есе аўтар паказаў сябе як майстар разнастайных камічных сітуацый, майстар дыялогу, выкарыстаў багацейшы матэрыял народнага гумару, традыцыі рускіх камедыёграфаў таго часу. У выніку з'явіўся цудоўны твор — фарс-вадэвіль. Фарс і вадэвіль набылі ў п'есе не толькі сацыяльнае, але і палітычнае гучанне. В. Дунін-Марцінкевіч высмейвае фанабэрыстасць і ганарлівасць шляхты, крытыкуе судовыя парадкі, выкрывае бюракратызм, невуцтва, подкуп, хабарніцтва. Карыстаючыся прыёмам гіпербалізацыі, аўтар стварае камічныя вобразы, якія трапляюць у смешныя сітуацыі.
Моцнае ўражанне пакідае вобраз станавога прыстава Кручкова, царскага чыноўніка-кручкатвора, закаранелага і нахабнага хабарніка і вымагальніка, які глядзіць на дзяржаўную службу як на сродак уласнага ўзбагачэння. Нездарма разгляд судовых спраў ён называе «харошым жнівом».
Кручкоў адчувае сябе поўным гаспадаром: груба выкарыстоўваючы непісьменнасць і невуцтва шляхты, запалохвае яе рознымі суровымі царскімі ўказамі і законамі, якія перакручвае як толькі яму ўздумаецца. Рысы, уласцівыя Кручкову ў камедыі, паказаны як тыповыя рысы царскіх чыноўнікаў.
У камедыі паўстаюць вобразы засцянковай шляхты. Па сваім матэрыяльным і культурным узроўні яна нічым не адрознівалася ад сялянства. Пратасавіцкі, Цюхай-Ліпскі і Куторга — заможныя сяляне, простыя хлебаробы, уласнымі рукамі апрацоўваюць зямлю, ходзяць у лапцях, большасць з іх непісьменныя. Але яны ўпарта лічаць сябе людзьмі вышэйшага класа, з пагардай адносяцца да сялян. Пратасавіцкі пабіў Ліпскага толькі за тое, што ён назваў яго мужыком.
Камізм гэтых вобразаў у тым, што фармальная прыналежнасць да высокага дваранскага саслоўя ніяк не вяжацца з іх фактычным становішчам простых хлебаробаў. Аўтар дасціпна высмеяў у п'есе такое «дваранства», яго ганарлівасць, невуцтва і грубасць.
Грышка і Марыся — прадстаўнікі маладога пакалення. Маладыя людзі не «хварэюць» на шляхецтва, не хочуць мірыцца з застарэлымі традыцыямі і звычкамі, за якія моцна трымаюцца іх бацькі. Яны гатовы абараняць сваё шчасце і каханне. Але на працягу твора мы не бачым актыўнасці маладых. Маладыя людзі спадзяюцца больш на заўзятага хабарніка Кручкова, чым на свае ўласныя сілы.
Праўдзівасць вобразаў п'есы яшчэ больш узмацняецца трапнай моўнай характарыстыкай дзейных асоб. Кожны з іх гаворыць уласцівай яму мовай. У мове Кручкова адчуваецца яго прафесія і тое асяроддзе, да якога ён належыць. Яна перасыпана кніжна-канцылярскімі тэрмінамі, словамі і выразамі, характернымі для судовых чыноўнікаў («лічнасць падвергнецца апаснасці», «угалоўнае дзела» і г. д.).
У мове шляхты сустракаюцца вульгарызмы, якія сведчаць аб нізкай культуры глухіх шляхецкіх засценкаў. Разам з тым, яна вельмі багатая на вострыя і дасціпныя народныя выразы, прыпеўкі, прыказкі. Імі часта карыстаецца Куторга.
«Пінская шляхта» выявіла высокае драматургічнае майстэрства пісьменніка.