Характарыстыка творчасці Вінцэнта Ду-ніна-Марцінкевіча. Вінцэнт Дунін-Марцін-кевіч і фальклор
Стаў сеяць па-свойму ўсё тое, Што мы далей сеем сягоння.
Я. Купала
Жыццё В. Дуніна-Марцінкевіча — яскравы прыклад адданага служэння Бацькаўшчыне і народу не толькі словам, але і справай. У фальварку Люцынка недалёка ад Івянца, дзе ў вясковай цішы пісаў свае творы, адкрыў школу для сялянскіх дзяцей, у якой настаўнічалі яго дачка Каміла і сын Міраслаў. Пачынальнік беларускай драматургіі стварыў і першы нацыянальны тэатр, быў яго рэжысёрам-пастаноўшчыкам і нават акцёрам. У 1864 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў напісанні антыўрадавых выданняў і больш за год знаходзіўся пад следствам у мінскай турме. Старэйшую яго дачку Камілу за ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага выслалі ў Салікамск.
Светапогляд пісьменніка, у якім адбыліся значныя змены, вызначыў істотную, прынцыповую розніцу ў яго дарэформеннай і паслярэформеннай творчасці, якую і прынята падзяляць на два перыяды.
Дарэформенныя творы вытрыманы ў духу рамантызму. Ідэалізаванае адлюстраванне жыцця, аптымізм, заклік да чалавечнасці і згоды, надзея на рэформы, якія зменяць жыццё народа да лепшага, як ён, мудры, таленавіты і працавіты, таго заслугоўвае; выхаваўчае ўздзеянне на «кепскіх» паноў ці, калі неабходна, пакаранне і абмежаванне іх у дзеяннях — вось некаторыя адзнакі яго дарэформеннай творчасці і светапогляду, у ёй раэлізаванага.
Пастаноўку п'есы «Ідылія» («Сялянка») не так даўно на падмостках Купалаўскага тэатра здзейсніў таленавіты рэжысёр Мікалай Пінігін. Аншлагі спектакля сведчаць пра таленавітасць твора, яго гуманістычныя ідэі. Час паказаў, што надзеі пісьменніка на перавыхаванне паноў былі марныя, але тая мастацкая сіла, з якой драматург сказаў пра духоўнае багацце народа, яго культуры, сцвярджэнне вечных ісцін і ўслаўленне вечных каштоўнасцей робяць твор цікавым і для нашага сучасніка. Вобразам галоўнай гераіні пісьменнік славіць каханне, сцвярджае гармонію знешняй і ўнутранай прыгажосці, дае ўрокі паспяховай барацьбы са злом. План Юліі вывесці на чыстую ваду і пакараць жорсткага камісара Выкрутача паспяхова здзейснены дзякуючы яе дасканаламу розуму і палкаму жаданню шчасця, лепшай долі для народа. Самым каларытным вобразам у камедыі з'яўляецца вобраз Навума Прыгаворкі, у якім увасоблены пісьменніцкі ідэал простага чалавека і захапленне яго мудрасцю, трапнасцю і багаццем беларускай мовы, якой гэта мудрасць і выяўляецца. Просты сюжэт, у аснове якога «хітры» план дваранкі Юліі выдаць сябе за сялянку, закахаць у сябе франкамана і ненавісніка ўсяго нацыянальнага — Лятальскага, каб паўплываць на яго стаўленне да народа, «аздабляецца» па-майстэрску створанымі камічнымі сітуацыямі, прыказкамі і прымаўкамі, якімі так і сыпле Навум Прыгаворка.
Пісьменніцкай увагай да народных песень, звычаяў і традыцый, майстэрскім іх выкарыстаннем з мэтай уславіць народ і яго багатую духоўную спадчыну вылучаецца і паэма «Гапон».
Апісаннем калізій кахання сялянскага юнака Гапона і працаўніцы-прыгажуні Кацярыны пісьменнік дасягае выключнага ўздзеяння і пераканаўчасці ў абмалёўцы тагачаснага прыгоннага жыцця сялян. Канфлікт паміж закаханымі з аднаго боку і хлуслівым амаральным аканомам з другога робіць сюжэттвора асабліва дынамічным, напружаным: па нагавору аканома, які таксама ўпадабаў Кацярыну, Гапона арыштоўваюць і здаюць у салдаты. Здавалася б, дабро пераможана. Аднак, герой паэмы з гонарам вытрымлівае гэта выпрабаванне, рэалізуючы пры гэтым свае самыя лепшыя якасці, — здолеў даслужыцца да афіцэра і стаць, па сутнасці, дваранінам. I ў гэтым творы, як у «Ідыліі», пісьменнік прапануе свай варыянт пакарання зла: там — перавыхаванне Лятальскага і выгнанне Банавантуры Выкрутача, тут — адпраўка ў рэкруты аканома. Не капай яму другому... I гэты твор, як і «Ідылія», заканчваецца вяселлем. Пані, якая, да-ведаўшыся пра ганебныя ўчынкі свайго аканома, адправіла яго самога ў рэкруты, маладых шчодра адарыла.
Асаблівасцю паэмы з'яўляецца спалучэнне эпічнага, лірычнага і драматычнага. Эмацыянальнасць аўтарскага аповеду дасягаецца і меладраматычнымі сцэнамі, і ўключэннем народных песень, і насычэннем мовы памяншальна-ласкальнай лексікай, і лірычнымі адступленнямі, і драматызацыяй дзеяння. Усё гэта сведчыць пра таленавітасць твора, напісанага па законах сентыменталізму.
Цікавасцю пісьменніка да фальклору, да старажытных звычаяў і абрадаў беларусаў вызначаецца і вершаваная аповесць «Вечарніцы», дзве песні якой — па сутнасці — анекдоты з народнага жыцця. Але галоўнае ў творы — не апісаны выпадак з жыцця ці ўзяты з фальклору сюжэтны матыў, а паэтычнае аздабленне твора, лірычныя адступленні, у якіх, як у апісанні старажытнага абраду ўшанавання продкаў, аўтар ідэалізуе мінулае, дзе быццам бы ў згодзе жылі паны і мужыкі, а князі любілі «добрых крывічан» як сваіх братоў і не давалі нікому іх крыўдзіць.
Зусім іншы погляд на шляхту і паноў-чыноўнікаў выяўлены ў творочасці паслярэформеннага перыяду. Гістарычныя падзеі і турэмнае зняволенне прымусілі В. Дуніна-Марцінкевіча зрабіць пераацэнку многіх каштоўнасцей, і як вынік — з ідылічнай яго творчасць становіцца рэалістычнай і рэзка сатырычнай.
Выкарыстаўшы ў «Пінскай шляхце» для сюжэта, на першы погляд, не вельмі значны, амаль анекдатычны факт, смешнае здарэнне, пісьменнік скіраваў увесь свой сатырычны напал на раскрыццё бюракратычнага суда і ўсёй парэформеннай рэчаіснасці. Гэта з'явілася адной з прычын цэнзурнай забароны п'есы, якая пабачыла свет толькі ў 1918 г. На глыбокім разуменні ўсёй абсурднасці, недарэчнасці паводзін герояў грунтуецца камізм твора «Пінская шляхта», жанр якога вызначыў сам пісьменнік, — «фарс-вадэвіль у адной дзеі».
Гратэскава, праз павелічальнае шкло паказана ў творы «правасуддзе» наогул, увасобленае ў вобразе Кручкова, нахабству, цынізму, непрафесіяналізму якога няма межаў. Чытаючы царскія ўказы і законы,ён дапускае такія скажэнні, ад якіх «вушы вянуць»: ён блытае эпохі, цароў, указы. Ды што там эпохі! Ён не ведае, колькі дзён у месяцы: «49 апрэля», «сенцябра 75-га дня». У гэтым вобразе пісьменнік сабраў і ў камічнай, завострана-гіпербалічнай форме (праз камічныя сітуацыі, маналогі, дыялогі, мову, з дапамогай сатырычных сродкаў) паказаў усё самае характэрнае для царскага чыноўніцтва: свавольства, хабарніцтва, грубасць, п'янства і інш. I вывад напрошваецца сам сабой: улада, у якой такія «слугі», доўга існаваць не павінна і не будзе.
Складаным і супярэчлівым быў творчы шлях, як і светапогляд В. Дуніна-Марцінкевіча. Але любоў да народа, жаданне лепшай долі для яго, крытыка адмоўных з'яў і таленавітасць пісьменніка вызначылі яго месца ў гісторыі беларускай літаратуры як буйнога мастака слова, заснавальніка нацыянальнай драматургіі.
Вычарпальна пра значэнне для нашай нацыянальнай культуры і пра сілу прыкладу В. Дуніна-Марцінкевіча для ўсіх нас сказаў Янка Купала:
Жыве паміж намі дудар наш... Жыць кожны так будзе, мой братку, Хто родну старонку палюбіць, Маўляў добры сын сваю матку.