Жанр твора В.Дунiна-Марцiнкевiча "Пiнская шляхта". Характарыстыка дзеючых асоб п'есы (3)
А судыі кто? А. Грыбаедаў
Яркім прыкладам таго, як светапогляд вызначае дзейнасць чалавека наогул і пісьменніцкую ў прыватнасці, як эвалюцыя, што адбылася ў свядомасці чалавека, можа карэнным чынам змяніць накірунак яго дзейнасці, з'яўляецца п'еса «Пінская шляхта».
Надзеі, якія ўскладаў В. Дунін-Марцінкевіч на рэформу 1861 г., не спраўдзіліся. Да таго ж пісьменнік больш за год знаходзіўся пад следствам у мінскай турме па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 г. і на горкім вопыце пераканаўся, што «не надта свабодна ў гэтай свабодзе». I творчасць яго з ідылічнай, рамантычнай становіцца не проста рэалістычнай, арэзка сатырычнай, аблічальнай.
Пра тое, куды патрапіла зброя сатырыка, яскрава сведчыць рэакцыя віленскага губернатара на спробу надрукаваць у 1890 г. «Пінскую шляхту». Здавалася б, такая смешная камедыя, з куплетамі, з любоўнай інтрыгай (дзве сям'і варагуюць, а дзеці ворагаў пакахалі адно аднаго і хочуць пажаніцца), але губернатар рашуча запратэставаў. Ён заявіў, што твор, дзе «ў непрыглядным выглядзе паказана асоба станавога прыстава, які пры гэтым усюды называецца «найяснейшая карона», друкаваць нельга.
Некаторыя і па сённяшні дзень усведамляюць гэты твор як сатыру «не толькі на станавога прыстава, але і на ўсю сістэму царскага суда і законнасці». Не, гэта сатыра і адмаўленне не толькі «сістэмы суда», а самой сістэмы самаўладства. А «сістэма суда» як мішэнь — гэта толькі прыём, якім зручней паказаць нежыццяздольнасць, наканаванасць усёй імперскай сістэмы. Нагадаем, што такі прыём ужо быў рэалізаваны ў рускай літаратуры. Сучаснік В. Дуніна-Марцінкевіча і таварыш па пяру Дз. I. Фанвізін паказаў крах сістэмы праз адзін з яе важнейшых інстытутаў — праз адукацыю. Яго Мітрафанушка не толькі смешны, а знакавы ддя ўсёй сістэмы, бо адукацыя, яе стан — люстэрка грамадства і дзяржавы наогул. Суд і наогул органы правасудцзя — таксама люстэрка любой дзяржаўнай машыны, толькі, бадай, яшчэ большае памерам, бо гэтыя органы непасрэдна забяспечваюць яе жыццяздольнасць. Пераканаўчасць гэтага доваду выверым хаця б тым, як у паэме «Песня пра зубра» М. Гусоўскім зроблены акцэнт на ўвагу і клопат князя Вітаўта менавіна пра гэты інстытут дзяржаўнасці:
Прагнасць нажыцца пад шыльдаю варты закона, Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота — Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў, Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве. Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах, Нават за гэта адно я пяю яму славу.
Зусім іншую «славу» рэжыму «праспяваў» сваёй камедыяй «Пінская шляхта» В. Дунін-Марцінкевіч. Нотамі ў гэтай «песні» з'яўляюцца жанравыя асаблівасці твора.
Сам камедыёграф вызначыў яго жанр як фарс-вадэвіль. Вызначальнае ў камедыі — фарсавае, гратэскавае, моцнае, часам даведзенае да абсурду, адлюстраванне рэчаіснасці. Настолькі моцнае, што мяжуе з фантастыкай. «Такога не можа быць!» — усклікне чытач, пабыўшы сведкам «скорага і справядлівага» суда «найяснейшай кароны». «Такое, на жаль было ці бывае», — прыйдзе чытач да высновы, калі яму адкрыецца глыбокі сэнс самых смелых гратэскавых збудаванняў.
У сюжэце гэтага твора абсурдна бадай усё, акрамя любоўнай інтрыгі, што пакладзена ў яго аснову.
Абсурдны канфлікт, з-за якога «заварылася ўся гэта каша»: Іван Цюхай-Ліпскі назваў Ціхона Пратасавіцкага мужыком. Такой абразай «гонару» нанесена «смяротная» крыўда. Пыхлівыя шляхціцы выкінулі пальчатку адзін аднаму — і каша варыцца. В. Дунін-Марцінкевіч — выдатны майстар стварэння эфекту абсурду. Эфект дасягаецца найперш камічнымі сітуацыямі, якія выдатна вызначаюць цану «гонару і годнасці» пыхлівых шляхціцаў. Кручкоў назначае Ціхону Пратасавіцкаму, «как угалоўнаму прэступніку», «25 лоз на голой земле без дывана» (вядома ж, які дыван таму, каго абазвалі мужыком!); Івану Цюхаю-Ліпскаму, «как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протасавіцкаму», «15 лоз на дыване». Да ўсяго ж і штрафы заплацілі «в пользу врэменнаго прысуцтвія». Але самым вялікім выдаткам для сябе з усяго гэтага «дзела» Ціхон лічыць той, што кару давядзецца адбываць на сырой зямлі: «Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі». Вось такое бязладцзе, што заўсёды ідзе ад безгалоўя, паказана ў сатырычнай камедыі. Мы яшчэ раз пераконваемся, што канфлікты і страсці чалавечыя заўсёды такія, якія самі людзі. Паражэнне паўстання К. Каліноўскага выявіла да ўсяго яшчэ і поўнае банкруцтва шляхты як грамадскай сілы. А паказаная В. Дуніным-Марцінкевічам шляхта была наогул самай інертнай і кансерватыўнай часткай грамадства. Клопаты і страсці, якія імі валодалі, выдатна іх характарызуюць.
Але самым гратэскавым у п'есе з'яўляецца вобраз Кручкова. Гэта здзеклівая пародыя на правасудцзе. Прыёмам давядзення ўчынкаў галоўнага героя да абсурду («свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзеруіцыхся — па 10 лоз на дыване і па 10 руб. штрафа в пользу врэменного прысуцтвія; всей прочэй Іпляхце, каторая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся — па 5 лоз на дыване і па 5 руб. штрафа...») сатырык дасягае ўжо зусім іншага эфекту.
Гэта ўжо нават не смешна, бо ў чытача ўзнікае пытанне: а суддзі хто? А ад гэтага пытання адзін крок да ўсведамлення, што сістэма, улада, у якой такія, з дазволу сказаць, «слугі», не толькі не мае права на існаванне, але і асуджана на крах. Калі ёй служаць прайдзісветы, авантурысты, хабарнікі і невукі (Кручкоў нават не ведае, колькі дзён у месяцы, блытае ўказы, правіцеляў і нават эпохі: «марта 69-га дня», «49-га апрэля», Екацярына Вялікая, паводле яго «вучонасці», царавала ў 1903 годзе), то рана ці позна такая сістэма павінна рухнуць, бо якая ўлада — такія і слугі; і наадварот гэты алгарытм таксама правільны. Нездарма ж Кручкоў увесь час падкрэслівае, што ён дзейнічае ад імя «найяснейшай кароны».
Заслуга В. Дуніна-Марцінкевіча як драматурга заключаецца яшчэ і ў тым, што ён персаніфікаваў мову дзеючых асоб. Мова кожнага персанажа індывідуальная і служыць выдатным сродкам яго характарыстыкі. Духоўная абмежаванасць, грубасць Ціхона Пратасавіцкага і Івана Ліпскага выяўляецца не толькі ў камічных сітуацыях, але і праз іх мову, любімыя іх слоўкі: «хрэн табе ў вочы», «чортаў сын», «сабака».
Зусім іншая мова Куторгі — «хітрага ліса», што перахітрыў самога сябе і «ўехаў у нерат — ні ўзад, ні ўперад». Пацярпеўшы фіяска, Куторга самакрытычна зазначае: «Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, вось швед пад Палтавай!» Усё сваё пісьменніцкае і чалавечае захапленне найбагацейшым скарбам народным — мовай — В. Д. Марцінкевіч выявіў праз вобраз Куторгі, мова якога надзвычай багатая на трапныя народныя залацінкі: «млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе»; «здаровы, як рыжкі баровы». I куплеты Куторгі — таксама фальклорная рэмінісцэнцыя, што з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем увагі пісьменніка да творчасці народа і шырокага выкарыстання фальклору ва ўласнай. Гэта адна з асаблівасцей творчага метаду пісьменніка.
Мова Кручкова такая ж вычварная, скалечаная, як і яго душа. Нахабству і цынізму яго няма межаў. I каб паддаць больш жару, каб яшчэ болын запалохаць і без таго запалоханую шляхту, ён свае «ўказы і законы» стараецца выдаць на «панскай» мове, каб касаваць усіх яшчэ і сваёй вучонасцю, але мова яго — найгоршы з варыянтаў так званай «трасянкі». Традыцьіі В. Дуніна-Марцінкевіча ў абмалёў цы вобразаў з дапамогай персаніфікаванай мовы прадоўжылі Янка Купала, К. Крапіва, А. Макаёнак.
В. Дунін-Марцінкевіч вельмі ўдала выкарыстаў у п'есе жанравыя асаблівасці вадэвіля, каб зрабіць свой твор не толькі сацыяльна значным, надаць яму палітычнае гучанне, але і цікавым, вясёлым. Пад пяром майстра даволі банальны сюжэт набыў нацыянальную афарбоўку. Вырашэнне ж канфлікту бацькоў і дзяцей іншымі сродкамі і іншым шляхам (скажам, у духу Шэкспіра) не толькі дысанавала б жанру твора, паграшыла б супроць праўды жыцця, але і супярэчыла б гуманістычным прынцыпам самога пісьменніка. Змагацца за сваё шчасце па-іншаму — не толькі з бацькамі, але і з кручковымі! — было немагчыма. Цынічнай рэплікай Кручкова ў фінале п'есы — «Я вам родны, я вам брат» — пісьменнік папярэджвае і пра небяспечнасць такіх «братоў», што толькі і чакаюць зручнага моманту, каб «абдзерці ўсіх дачыста». А момант такі справакаваны зноў тымі ж «юрыстамі». Куплетам Куторгі і яго ўступам: «Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап'ецца, то напэўна падзярэцца» п'еса і заканчваецца. Статкевічаў і альпенскіх вайна паміж Ліпскім і Пратасавіцкім за «гонар» не навучыла нічому. А раз так — зноў «будзе добрае жніво» для кручковых і пісулькіных. Усё паўторыцца зноў! Развязка камедыі выпісана драматургам з не меншым майстэрствам, чым экспазіцыя, завязка і кульмінацыя.