Боль і сумленне бацькаўшчыны
...Адпаведна нагодзе шукаю ў паэта ўзнёслыя, святочна-прачулыя радкі, якія маглі б стаць камертонам да Слова пра Майстра (як традыцыйна прынята ў нас), але штосьці ўва мне пярэчыць такому пошуку.
І ў памяці ўзнікаюць зусім не святочныя радкі: «Над бяздоннем іду — па вузенечкай кромцы ля стромы» і іншыя, не менш драматычныя: «I я стаяў над прорвай роспачы, і ноч мне цемрыла душу»; і ўжо зусім трагедыйнага гучання: «Каменні ляцяць на дарогу, аднойчы якісь не міне...».
Успамінаюцца іншыя, такія ж пранізліва-балючыя, горкія, радкі — безліч радкоў! І мне становіцца ніякавата.
Ці трэба шукаць насуперак свайму ўнутранаму адчуваннню той мажор у Ніла Гілевіча (няхай сабе і з нагоды юбілею), калі пачатак, аснова, сутнасць яго творчасці-лёсу — БОЛЬ? Глыбокі, усепаглынаючы боль за Бацькаўшчыну, родную зямлю, мілую сэрцу Беларусь на пакутным крыжы лёсу.
Яна быццам бы сама абрала паэта выразнікам яе трагедыі, крыўды, пратэсту, гневу, надзеі. Даверыла яму бясцэнны скарб любові-памяці. Шчаслівы абраннік Зямлі-маці — ён жа і вялікі пакутнік. Бо ці можна добра пачувацца, калі праз стагоддзі нішчаць, драпежаць, дратуюдь тваю, Богам дадзеную, зямлю, ганьбяць родную мову, культуру, гісторыю, зводзяць на нішто звышнамаганні беларускага Духу? Ды і цябе самога топчуць у бруд, зневажаюць і бэсцяць тваё сумленнае імя. Толькі за тое, што ты — сапраўдны беларус і на сваёй роднай зямлі спяваеш свае родныя песні. І суродзічам сваім хочаш адкрыць мудрасць і красу гэтых песень, каб усвядомілі сябе прыгожым і вялікім народам у Сусвеце, такім жа вольным і паважаным, як і іншыя.
А да ўсяго (мо, і як расплата за здраду сваім караням і духоўную немач) — пракляты Чарнобыль, злавесны цень якога распрасцёр свае прагныя крылы над будучыняй Зямлі, нагадваючы пра апакаліпсіс:
***
Ад сяла да сяла,
Па зямлі, па вадзе,
Па крыві, па касцях
Смерць нябачна ідзе.
***
(«Не хварэй»)
Здаецца, ужо можна было страціць веру ва ўсё, адступіцца, зламацца. Але бязмежная сыноўняя любоў да Зямлі-маці, роўнавялікая болю і спаляляючай нянавісці да яе ворагаў, ды мужнасць, выспеленая ў вяках продкамі, зноў і зноў адводзяць ад краю адчайна-роспачнага бяздоння — яшчэ не ўсё зроблена, сказана, спета. Пра беларускія світанкі і звонкую жаўруковую песню, росныя васількі ў жыце і мядункавы водар спелых лугоў, палыновую ростань і вяргіні ў бацькоўскім кутку.
Пра беларускую ўсмешку і слязу, беларускую годнасць і сумленнасць, беларускую трывушчасць і працавітасць — пра самую душу беларускую, жывы корань якой не змаглі вытруціць запраданцы і зносакі.
Толькі б дакрычацца да аглухлых і сляпых, раўнадушных і абыякавых у сваім бяспамяцтве.
***
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны!
Адкажы — сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Адчаго так бяздумна, бязмоўна
ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
***
(«Адкажы»)
Можна было б, вядома, зганьбіць і апляваць тых, хто па самых розных прычынах ці па ўласнай віне не валодае беларускай мовай, не ведае роднай гісторыі. А можна і па-людску, колькі ў табе ёсць болю і крыўды, звярнуцца з просьбаю-мальбою: «Брат мой! Братка мой! Братачка родны!..» — каб затрымцела, застагнала, заплакала душа анямелага беларуса, каб перажыў ён вялікі сорам і ачысціўся ім, нявінны і грэшнік. Паэт за такі падыход, бо за ім — векавечная мудрасць: гвалт і агрэсія ніколі не ўсталёўвалі Дабро на Зямлі...
3 першых радкоў знаходзіць Ніл Гілевіч дакладны і арганічны тон, рытм, настрой, дасягае адзінства думкі і пачуцця. Верш наскрозь прасякнуты абвостраным даверам да чытача, высакародным стаўленнем да яго — ні ценю парарды і знявагі, грэблівасці і асуджэння. Толькі аднаго просіць паэт — узаемаразумення, прызнае толькі адну ўладу — уладу сэрца над сэрцам.
Але такі дыялог Ніл Гілевіч вядзе толькі з тымі, хто па аб'ектыўных прычынах пакуль не здзейсніўся духоўна як беларус, сын нацыі, Зямлі. Да свядомых ворагаў беларушчыны, а значыць, і яго ўласных, адносіны рэзка супрацьлеглыя. І зброя адпаведная — спапяляючы гнеў, іронія, сарказм, нянавісць і праклён!
Няма даравання манкуртам, лёкаям, ілжэпрарокам, пярэваратнямі Няма літасці гвалтаўнікам і забойцам роднай Зямлі, гісторыі, мовы, ініцыятарам і тэарэтыкам вынішчэння і спусташэння духоўнай культуры народа, вытраўлівання яго нацыянальнай годнасці, тым, хто пакінуў пасля сябе Курапаты, Чарнобыль, сацыяльную апатыю, ганебную філасофію варвараў, пошласць і разбэшчанасць, гультайства і крывадушша, хлусню і страх...
Прынцыповая, мужная, бескампрамісная пазіцыя народнага пісьменніка Н. Гілевіча выяўляецца ў ягонай публіцыстыцы і эсэістыцы.
Н. Гілевіч не шкадуе вострых крытычных слоў, калі гаворыць пра характар сучаснага беларуса. Прывыклі паўтараць, што мы сціплыя, лагодныя, шчырыя, працавітыя і спагадлівыя. Але спытайся, якія ў нас адносіны да роднай мовы, культуры, гісторыі, — вялікі канфуз атрымаецца.
Амаль уся нацыя аказалася бязмоўнай, маючы цудоўную самабытную мову, якую дасведчаныя людзі лічаць адной з найпрыгажэйшых у славянскім свеце. А мы выракаемся яе, цураемся, вынішчаем і губім. Колькі каларытных і вобразных старажытных назваў гарадоў і мястэчак, вуліц і плошчаў, рэк і азёр, урочышчаў і замчышчаў страцілі па сваёй бяздумнасці, колькі прыгожых самабытных беларускіх імён, назваў траў, зёлак і красак, назваў прадметаў і прылад працы, рамёстваў і відаў народнага прыкладнога мастацтва. У кожнай было непаўторнае аблічча беларускай зямлі. Але ці толькі. «.. .У мове гісторыя і лёс зямлі, філасофія і мараль народа, працоўнага чалавека. І гэта ўсё таксама разам з мовай нявечыцца і забіваецца».
У Н. Гілевіча не сустрэнеш безаблічна-нудных. аморфных разважанняў і выказванняў. Пра што б ён ні пісаў — нацыянальную гісторыю, самасвядомасць, мову, праблемы беларускага Адраджэння, нашых славутых і выдатных землякоў, клопаты школы, сям'і, творчых саюзаў, знішчэнне прыроды і заняпад маралі, індустрыю масавай культуры і халуйска-лакейскую псіхалогію — усюды выяўляедца заклапочанасць пісьменніка.
Рэзка адмоўна выказваецца Н. Гілевіч пра нашу непавагу да продкаў як прыкмету дзікунства і варварства. Сярод занядбаных імён — і беларускія вучоныя, якія былі беспадстаўна абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і рэпрэсіраваны. 3 глыбокай павагай Н. Гілевіч успамінае гісторыка Усевалада Ігнатоўскага, мовазнаўцу Сцяпана Некрашэвіча, літаратуразнаўцу Вацлава Ластоўскага, географа Аркадзя Смоліча, краязнаўцу Міколу Каспя-ровіча і іншых таленавітых сыноў беларускай зямлі, з горыччу заўважае, что народу яшчэ не вернута ўся іхняя духоўная спадчына. Але затое як спрытна раскрадваецца яна навуковымі няздарамі, «ціхенька, употайкі, па-зладзейску»...
Для публіцыста няма праблем больш і менш важных. Як аналітык, ён пранікае ў глыбіні жыццёвай рэальнасці, даследуе яе штодзённасць у самым яркім праяўленні — побыце.
Яму не ўсё роўна, у якім доме жыве чалавек, бо ці можна ў «агідным мурашніку пачувацца адметнай асобай, захоўваць сваё духоўнае аблічча». Мастака хвалюе, чаму народ амаль перастаў спяваць, маючы найбагацейшы фальклор у свеце. Ён клапоціцца аб захаванні традыцый, звычаяў, абрадаў («духоўная культура нацыі можа развівацца толькі на жыватворнай тлебе традыцый»). Пісьменніка непакоіць, чым кіруюцца яго суайчыннікі ў сваім жыцці: сумленнасцю ці подласцю, шчырасцю ці крывадушшам, спагадлівасцю ці абыякавасцю. Яго абурае, чаму мы не супраціўляемся агрэсіі пошласці, якая абрынулася на нас з экранаў тэлевізараў, кіно, твораў сучаснага мастацтва («хіба духоўныя наркотыкі менш небяспечныя?»). 3 болем піша Н. Гілевіч пра нашых дзяцей, якія з ранняга ўзросту пазбаўлены мажлівасці жыць у стыхіі роднага слова, атмасферы павагі да духоўнай спадчыны продкаў («гэта амаральна, гата ідзе супраць вышэйшага распарадку самой пры-роды»).
Глыбока трывожыцца пісьменнік за лёс беларускай літаратуры, духоўным вытокам якой былі Скарына, Ко-лае, Купала, Багдановіч. Шчыра перажывае, што «злачынна мала робіцца, каб уратаваць нацыю»...
У спадчыне Ніла Гілевіча — каля дзесяці кніг публіцыстыкі і эсэістыкі. У іх узнімаюцца важныя праблемы літаратурна-грамадскага жыцця, маральнага і ду-хоўнага развіцця грамадства, якія нікога не могуць пакінуць раўнадушным, бо нясуць у сабе высокі зарад праўды, сумленнасці, мужнасці, болю, выяўляюць шчы-ры і глыбокі клопат мастака пра лёс Бацькаўшчыны, беларускага народа, яго занядбанай гісторыі, культуры, мовы. Мала сказаць — не пакідаюць раўнадушным. Яны выкрасаюць у сэрцы святы агонь духоўнасці, умацоўваюць веру ў будучыню Беларусі, шчаслівы лёс дзяцей на роднай зямлі.
Артыкулы, эсэ, публіцыстычныя нататкі Ніла Гілевіча ўражваюць глыбінёй думкі, сілай логікі, аргументаванасцю, доказнасцю, значнасцю вывадаў і абагульненняў. Яркую адметнасць мае інтанацыя. У залежнасці ад таго, каму адрасавана слова, інтанацыя можа быць то лагодна-памяркоўнай, ушчувальнай, з адценнямі шкадавання, смутку, спачування, то з'едлівай, востра-іранічнай, гнеўнай.
Трапна выкарыстоўвае паэт іранічныя звароты, саркастычныя каментары, экспрэсіўна-ацэначныя словы, рытарычныя пытанні, элементы памфлета, што дазваляе выказацца асабліва рэзка, іншыя сродкі мастацкай выразнасці, каб з болыпай глыбінёй раскрыць негатыўныя з'явы рэчаіснасці, выявіць іх прычыны, сутнасдь, філасофію.
Ніл Гілевіч увогуле бліскучы майстра пяра. І не толькі ў публіцыстыцы. Яму падуладны самыя розныя жанры, стылі, сродкі, прыёмы, формы. Чытач знаёмы з санетам (вянком санетаў), актавай (ёсць цэлы зборнік актаў), трыялетам, баладай, сюжэтным вершам, вершам-апавяданнем, мініяцюрай, вершам-памфлетам, замовай, казкай, эпіграмай, пародыяй Ніла Гілевіча (пералік можна доўжыць).
Яго Слова — сэнсава-змястоўнае, афарыстычнае, лаканічнае, пластычнае, з адметным гукавым, музыкальна-маляўнічым абліччам, велізарным зарадам энергіі. 3 дапамогай толькі адной часціны мовы, дзякуючы віртуознасці, паэт можа раскрыць сутнасць цэлай з'явы, падзеі, характару. Як, скажам, у вершы «Мэта», адрасаваным далакопам беларускага слова:
***
Ачэрнім, спаскудзім, сплюгавім, сплюём,
падточым, падрыем, падрэжам,
расколем, разбурым, зруйнуем, сатром,
растопчам, здратуем, здрапежым...
***
(«Мэта»)
Як лексічная адзінка слова само па сабе, няхай
і вельмі яркае, адметнае, не можа глыбока выразіць думкі, пачуцці,
адчуванні аўтара. Велізарная роля ў Ніла Гілевіча належыць сінтаксісу.
Сам паэт дакладна сказаў аднойчы, што «пагоду робіць сінтаксіс.
Будова сказа. Цячэнне слоў. Музыка фразы. Тое, у чым дух мовы.
Яе глыбінная сутнасць. Яе мысліцельная прырода». Стыль Ніла
Гілевіча, яго почырк немагчыма зблытаць з іншымі. Вельмі ўжо
ярка выяўляюцца ў ім асаблівасці светабачання, светаўспрымання
мастака, яго характар, паводзіны, рытмы душы. Непаўторнае аблічча
яго болю, усмешкі, слязы.
Па сваім характары яго творчасць не толькі драматычна-трагедыйная,
лірычная, але і змагарская, бунтоўная. Паэт вялікі ў сваім праведным
гневе, пратэсце, абурэнні, нянавісці і самаахвярнасці. Вялікі
і мужны! Таму дзіўна і прыкра чуць ад яго апанентаў папрокі
ў нейкім згодніцтве, кампрамісах, а то і здрадзе. Нават такое
даводзілася чуць! Можна было б не ўспамінаць гэтага. Ды не выпадае.
Несумленным будзе такое ўмаўчанне ў адносінах да паэта. І да
Ісціны таксама.
Не ўспомніць — значыць закрэсліць нечуваныя душэўныя пакуты,
якія давялося перажыць (ды і сёння іх не паменшала) з-за несправядлівых
крыўдаў, незаслужаных папрокаў, бясконцых атак-павучанняў. 3
усіх бакоў!
Не ўспомнідь — значыць выкрасліць гады жыцця, адабраныя ў паэта
нядобразычліўцамі-«праведнікамі».
***
Я — не Хрыстос, о не! Але й на Юду
Я не гаджуся — не з яго радні.
Чаму ж, за што ж усё жыццё паўсюду
Я мушу чуць: «Распні яго! Распні!»
***
("Радкі з усяночнай")
Самае страшнае, што сярод іх шмат «сваіх», быццам бы свядомых
беларусаў. Тое бяздонне, над якім не раз схілялася мужная і
гордая галава, і тая прорва роспачы — на іхнім сумленні таксамаі
Усцешыцца можна хіба што народнай мудрасцю: «Камянямі асыпаюць
дрэвы, на якіх ёсць плады».
Думаю, што Нілу Гілевічу ніколі не маглі дараваць якраз ягонай
мужнасці, бескампраміснасці, цэльнасці і паслядоўнасці, прынцыповай
пазіцыі. У адрозненне ад тых, якія «шчыруюць» на беларускай
ніве толькі ў спрыяльнае надвор'е, Ніл Гілевіч заўсёды абараняў
інтарэсы Бацькаўшчыны. 3 высокіх грамадскіх трыбунаў як дзяржаўны
чалавек і грамадскі дзеяч. Як навуковец, выкладчык вышэйшай
школы (35 гадоў ён аддаў выхаванню студэнтаў універсітэта).
Як паэт і проста як грамадзянін, чалавек.
***
...Ты ўпотай молішся хімеры,
А мне мой Бог — бацькоўскі край.
Я не забыў: калі ад болю
За лёс ягоны я крычаў —
Ты шанаваў чужую волю
I, падуладны ёй, маўчаў.
Калі дыханне мне і мову
Перацінаў дзікун-сатрап —
Ты не ішоў мне на падмогу,
Ты на душу не браў затрат...
***
("Не падбівай, не падбухторвай...")
Я ніколькі не перабольшу, калі Ніла Гілевіча назаву Сумленнем
Бацькаўшчыны. Ён не мог не нарадзіцца на нашай зямлі, якая адвеку
прагла Волі, Незалежнасці. Ён патрэбен ёй як заступнік, абаронца
і захавальнік яе духоўных скарбаў, носьбіт яе гістарычнай памяці,
як каталізатар адраджэння беларускага Духу. Як годны прадстаўнік
у супольнасці народаў свету.
Больш за ўсё даражыць Ніл Гілевіч ісцінай, якая знаходзіцца
не па-за ім, а ўнутры яго самога — вынаша-най, выпакутаванай
сэрцам, талентам, усім яго жыццём, падключанай да сілавога поля
духоўнага вопыту Зямлі-маці. Таму наіўнымі будуць спадзяванні
некаторых, што ён уступіць хоць крупінку гэтай ісціны. А калі
былі памылкі, гэта ж так натуральна і непазбежна ў жыцці! Ён
— Асоба, Мастак, Грамадзянін — сам сабе строгі суддзя і пракурор.
***
За ўсе свае памылкі і грахі
Перад людзьмі і Богам,
За тое, што, нібы сляпы-глухі,
3 анёлам блытаў погань,
Кускамі сэрца кожны дзень плачу...
***
(«Рэпліка»)
...Калі нараджалася ў сям'і дзіця, падобнае да маці ці бацькі, у народзе звычайна гаварылі: пабрала ўсё да кропелькі, да макавай расіначкі. Так і з паэтам. Калі ён сапраўдны сын Зямлі-маці, Айчыны, Бацькаўшчыны, яго творчасць убірае ў сябе ўсё, што належыць гэтай зямлі. Яе гісторыю, характар, душу, мову. Мудрасць яе высокіх аблокаў і струмлівых ручаёў, прасторных дарог і вузенькіх сцежак, бязмежнага поля і маленькай пылінкі. Усё да драбніц. Толькі кожная драбніца — цэлы сусвет. І мядункавы водар спелых лугоў — як вечнасць, і сумна-тужлівае куванне зязюлі ў бары — як вечнасць, і задуменны сінявокі пагляд васілька — як вечнасць...
***
Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!..
***
("Край мой беларускі...")
Паўтараю за паэтам шчырыя пранікнёныя радкі, і яны світальнай
чысцінёй узыходзяць у душы, выратавальна наталяючы яе нечым
вялікім і прыгожым.
«Не пакідай мяне, мой светлы сум, з табой мне хораша на адвячорку
хадзіць і слухаць лесу ціхі шум, пакуль судемак не запаліць
зорку...» — малюся на паэтава слова і адчуваю, як далучаюся
да Гармоніі Сусвету, вырваўшы ў вар'ята веку імгненне чыстай
святой радасці. Гэта так многа. Гэта, можа, усё. Бо, дакрануўшыся
да вечнага, ты здолееш, ты мусіш здолець узняцца душою...
І гэта, відаць, самае важнае, самае дарагое для мастака, калі
яго слова — трывожны імпульс сэрца — знаходзіць шчыры глыбокі
водгук, становіцца часцінкай нечага ўнутранага жыцця. Калі энергія
яго паэтычнай думкі аплачваецца нечай дабрынёй, надзеяй, радасцю,
захапленнем, узлётам душы. І мо найдаражэй для паэта — нечым
болем. Бо ўсё наша будзённае шчаслівае і трагічнае жыццё з яго
бясконцымі пошукамі сэнсу аплачана менавіта гэтым — найглыбокім
і найкаштоўным чалавечым пачуццём.
Мабыць, не адзін з нас, чытаючы Ніла Гілевіча, амаль фізічна
адчувае яго глыбіннае, магутнае сыноўняе пачуццё любові-болю.
«А мне мой Бог — бацькоўскі край» — шчыра прызнаецца паэт. І
гэта не проста высокія словы. Для паэта Бацькаўшчына — паняцце
святое. Гэта яго Малітва. Ранішняя і вячэрняя. Будзённая і святочная.
Малітва ў радасді і горы. Яна вырываецца то высокай узнёслай
патэтыкай: «О зямля! Ты ўся ў абновах! / Ты ў мільён званочкаў
звоніш»; то сцішана-мудрай любасцю:
«Я хаджу, закаханы ў твае краявіды, / і шапчу. як прызнанне:
«О мой край дарагі»; то глыбокім уздыхам: «О Беларусь! Мой лёс.
Мой вечны боль. / Мая невыспеваная да веку песня»; то мужнай
водпаведдзю ворагам беларушчыны:
***
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,
Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,
Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць,
Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла, —
Не адракаўся і не адракусяі
Запомніце: пярэваратнем я
Павек не скінуся. Душа мая
І ў небе будзе трызніць Беларуссю.
***
("Мой кароткі адказ")
Адну з апошніх кніг Ніла Гілевіча «Любоў прасветлая», у якой
сабраны роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове, паэт Анатоль
Вярцінскі назваў вельмі дакладна — «Евангеллем ад Ніла». Сапраўды,
у гэтай, як лічыць сам творца, галоўнай кнізе яго жыцця, якая
пісалася амаль паўстагоддзя, у надзвычай скандэнсаванай змястоўнасці
— «добрая вестка» пра мову свайго народа, яе гістарычны лёс,
ролю ў жыцці асобнага чалавека і дзяржавы, надыянальнай культуры
і адукацыі, пісьменніцкай працы — увогуле ў жыцці нацыі.
У адным з інтэрв'ю на радыё Ніл Гілевіч сам прызнаецца, што
адна з яго галоўных, а можа быць, самая галоўная тэма ў паэзіі,
прозе, публіцыстыцы, эсэістыцы, нават у п'есах — гэта лёс Бацькаўшчыны.
«Калі прыгледзецца, чым я жыў, што я думаў і што ў першую чаргу
прасілася на паперу, — гэта мае роздумы пра родны край, нашу
беларускую зямлю, лёс нашага народа, нашай мовы, культуры, гісторыю».
Узрушана і хвалююча піша паэт пра перажытае Радзімай у Вялікую
Айчынную вайну. Колькі пакут зведалі беларусы, якія незлічоныя
страты панеслі, а выстаялі, перамаглі. Бо абаранялі святое —
родную зям-лю, часцінку іх душы, роднае гняздо, дзе яны нарадзіліся,
выраслі, адкуль у жыццёвы вырай падяцелі іх дзеці, дзе знайшлі
вечны спачын продкі. У самыя трагічныя часы гісторыі самаахвярная
любоў да Бацькаўшчыны надавала сілы, мужнасці, цярпення вынесці
ўсе пакуты.
Суровымі рэалістычнымі фарбамі малюе мастак карціну жыцця беларускай
вёскі ў час вайны, і вобразы аднасяльчан, і неймаверныя цяжкасці,
якія выпалі на іх долю. У патрыятычнай араторыі «Гарыць, гарыць
мая Лагойшчына...», паэмах «Недзяленя», «Сто вузлоў памяці»,
«Заручыны», «А раніцы ўжо не было», аўтабіяграфічнай аповесці
«Перажыўшы вайну» і іншых творах— драматызм, трагізм лёсу беларускага
народа. У час вайны Нілу Гілевічу было ўсяго 10 — 13 гадоў,
але ўражлівая душа хлопчыка занатавала ўсю бязмежнасць чалавечага
гора і пакут.
***
...Не стала Рудні і Кандратавіч,
Датла скіпела Гарадзішча —
І плакаць некаму над стратамі,
Над чорным сумам папялішчаў.
Гарыць Хатынь, Губа, Ідаліна,
Палаюць Ніўкі, Стайкі, Гані...
***
("Гарыць, гарыць мая Лагойшчына...")
Да гэтых радкоў, напісаных збалелым сэрцам, нельга дакранацца
раўнадушным. Яны — як аголены нерв. Усе з пакуты, адчаю і роспачы,
гневу і помсты, любові і нянавісці. Яны і сёння крывавяць, як
свежая рана...
Ніл Гілевіч — родам з Лагойшчыны, прыгожага ляснога куточка
беларускай зямлі, якая ўзрасціла светлую і бунтоўную музу Янкі
Купалы і навечна прапісала памяць і боль спаленых беларускіх
вёсак. Тут іх могільнік. Тут Хатынь, жалобныя званы якой не
даюць забыцца на не-чуваную трагедыю. На мемарыяльным вянцы
— словы, напісаныя Нілам Гілевічам. У іх — клятва-наказ загінуўшых
у полымі вайны:
Людзі добрыя, помніце!
***
Мы любілі жыццё, і Радзіму,
І вас, дарагія,
Мы згарэлі жывымі ў агні.
Наша просьба да ўсіх:
Хай жалоба і смутак
Абернуцца ў мужнасць і сілу,
Каб змаглі ўвекавечыць вы
Мір і спакой на зямлі...