Паэтыка "Песні пра зубра"
Мікола Гусоўскі – выдатны паэт-лацініст, слынны прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай літаратурнай школы XVI стагоддзя, дзеяч беларускага Адраджэння, творчасць якога разам з тым шмат у чым належыць і сярэднявечнай літаратуры Еўропы. Ён стаў у гісторыі беларускай літаратуры і адным з першых карыфеяў нацыянальнай культуры. Яго месца і значэнне ў ёй – арыгінальнае і выключнае.
Мікола Гусоўскі стаў аўтарам вялікай эпічнай паэмы еўрапейскага сярэднявечча, вядомай сёння як “Песня пра зубра”. Сам змест і форма, традыцыйнасць і наватарства “Песні пра зубра” найдоказней пацвярджаюць, з якой зямлёй і эпохай, прасторай і часам бый звязаны яе аўтар, якога роду-племені ён быў і з якой перш за ўсё сярэднявечнай літаратурай Еўропы сваё імя звязаў.
Імя і славу прынесла “Песня пра зубра”, і пагэтаму ён лічыцца паэтам аднаго твора, хоць напісана ім больш за адзіннаццаць вершаў, уключаных у збрнік 1523 года.
Неяк у Рыме, пры сціжме людзей незлічонай
Сведкам відовішча быў я – бою быкоў на арэне.
Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны,
Стрэлы ж і коп'і ўпіваліся ў цела жывёлін,
Боль прычыняючы ім невыносны. Пакуль мы глядзелі,
Як вар'яцеюць быкі і як бліскае ярпасць
З позіркаў раненых, гул выклікаючы ў цырку,
Хтосьці сказаў: Як у нас на зубрынай аблаве.
Лацінскі арыгінал “Песні пра зубра” налічвае 1072 рады. Вершаваны памер радка-гекзаметр. Ім М. Гусоўскі валодаў вольна і ўпэўнена, рухомячы цэзуру і надаючы інтанацыю жывое размоўнае гучанне, як гэта можна адчуць з самых першых радкоў паэмы.
Гекзаметр даваў паэту розныя мажлівасці ажыўляць апавядальніцкі тон ад першай асобы, размашыста, шырока жывапісаць радком маляўнічыя аб'ектыўныя карціны, поўныя дынамізму і драматызму (фрагменты, што пачынаюцца словамі: “Крыкам напуджаны, доўгай пагоняй загнаны…”, “Ветрана стала, і яхканне гончых з-пад ветру…”, “Коннікі – ўслед, напярэймы. Што робіцца ў пушчы…” і інш.).
У гекзаметры ў М. Гусоўскага аб'ектываваліся не толькі асобныя малюнкі, эпізоды, падзеі і сюжэты з жыцця аўтара-апавядальніка ці вялікага князя Вітаўта, але і голас апавядальніка – менавіта там, дзе ён узвышаецца, набіраецца пафаснасці, публіцыстычнасці, становячыся голасам барда. Тэма радзімы, апавянне гераічнага, рыцарскага – вось што натуральна пераўтварала прыватна-асабістае ў народна-эпічнае, гістарычна аб'ектыўнае (фрагменты, што пачынаюцца словамі: Край свій(цяпер ўжо ўласнасць Кароны) калісьці…”, “Нашы лясы, лугавіны – прыволле для статкаў звярыных…” і інш.).
У цэлым паэтычнае майстэрства М. Гусоўскага ў “Песні пра зубра” выявілася ў натуральным спалучэнні апавядальніцкага, суб'ектыўна-асабістага з аб'ектыўна маляўнічым, чыста эпічным, эпасавым. Яшчэ раз можна дадаць, што галоўным сродкам гэтага быў гекзаметр: ён спалучаў, неспалучальнае ў адзінае, арганічнае.
Кампазіцыя “Песні пра зубра” – гэта мэтанакіраванасць, суразмернасць у прасторы і часе эстэтычных катэгорыяў, поўнае іх вычуванне, роўнае адпаведнае выкіроўванне між імі “карабля-сагі”: эпічнай тэмы, вобраза зубра і Вітаўта-героя.
Эпітэт у “Песні пра зубра” найперш зрокавы: “грыва калматая”, “злямчаны клін барады”, “масці паджарай” і інш. Шмат выкарастана эпітатаў і побытава-народных, традыцыйных: “лясны чалавек”, “спрыт забіяцкі” і іншае.
Метафара перарастае ў паэме ва ўвасабленне ў наступных выпадках: “… Калі ласка, За мною// У шчырага бору святліцу…” і іншае.
Любіў М. Гусоўскі і гіпербалізаваныя метафары, напрыклад: “Голас і тупат, здаецца, да зор далятаюць!”
P.S.: Сюжэтна-кампазіцыйная будова “Песні пра зубра” і лінейная, і шматступенчатая, бо звязана са стрыжнявым шляхам успамінаў – вяртаннем дахаты, падарожжам у родныя паэту лясныя мясціны. Разгаліноўваецца ў творы “лірычны” сюжэт, разгаліноўваецца сюжэт зубра, але ўсё гэта ў канцы трапляе пад адзіную крону, крону паэтавага звароту-малітвы да Багамаці. Размоўнае, рэфлексіўнае, будзённа-гутарковае, публіцыстычна-паэтычнае – усё, нарэшце, вянчаецца малітоўным, высокапатэтычным. Малітва – самае інтымнае, самае ціхае, малітва – самае сакральнае, самае ўзнёслае. Усё ў свеце можа вянчаць малітва, усё павінна вянчаць малітва, малітоўнае завяршэнне “Песні пра зубра” – вянец паэматворчага майстэрства М. Гусоўскага, можа, самы апошні наймагутнейшы акцэнт у яе ідэйным змесце.