Белорусские сочинения - Уладзімір Караткевіч - "Жыву бяздоннай трывогай" (Матывы і вобразы лірыкі Уладзіміра Караткевіча)

"Жыву бяздоннай трывогай" (Матывы і вобразы лірыкі Уладзіміра Караткевіча)

I сэрца, як сонца, і сонца, як сэрца,
     Сусветнае сэрца гарыць, палымнее.
     Уладзімір Жылка
     
     Уладзімір Караткевіч — арыгінальны і непаўторны паэт. Сапраўдны і смелы. Шчыры і адкрыты. Майстар слова, тропа, дэталі. Філосаф, які мог узняцца думкай да неба. Бытавіст, у полі зроку якога аказваліся найдрабнейшыя дэталі звычайнага чалавечага жыцця. Рамантык, здольны ўбачыць рэальнасць не толькі такой, якая яна ёсць, але і іншай, незвычайнай, экзатычнай, яркай. Ды над усімі названымі адзнакамі яго творчасці стаіць адна, галоўная адзнака — сынава шчырая, пякельная, абвостраная любоў да Беларусі. Не проста да Радзімы, а менавіта да Радзімы з канкрэтным імем, якое ён не аднойчы называв, якое паэтызуе на ўсе лады. Мне запомніліся чатыры радкі, што склалі «Эпітафію пакараным смерцю ў 1882 годзе»:
     
     Сякуць, краіна, карак твайму сыну,
     Ды ты не скажы ім: «Даволі!»...
     Хай лепей не будзе ніколі краіны,
     Чым будзе краіна — без волі.

     
     Пад ім дата — 29.1.1980 г., 21 гадзіна 38 хвілін. I я задумалася, чаму такая дакладнасць і навошта. Відаць, паэт перажываў дэпрэсію, што здаралася з ім у застойны перыяд нашага жыцця. Баяўся за здароўе і пакідаў запавет нашчадкам. Каб не забываліся берагчы свой край, шанавалі яго свабоду. Да смерці заставалася чатыры гады і сем месяцаў. Радкі верша — пругкія, звонкія, катэгарычныя. Вымаўляць іх цяжка: не захоўваецца адзін і той жа вершаваны памер, ямб перакрыжоўваецца з анапестам, у пачатку радкоў ідуць кароткія стопы. Звярнула я ўвагу таксама і на тое, што верш не аздоблены метафарамі, эпітэтамі і іншымі слоўнавыяўленчымі сродкамі, як гэта было ў яго ранняй рамантычнай паэзіі. Пра самае галоўнае, пра любоў да свайго краю і народа паэт выказваўся адкрыта, немудрагеліста, публіцыстычна.
     Такая ж самая адкрытая манера пісьма выяўляецца і ў вершы «Абяцаюць нам новы раскошны дом...», што ўвайшоў у зборнік «Быў. Ёсць. Буду». Тут размова ідзе пра вернасць роднаму краю, магілам продкаў. Пра зберажэнне свайго колішняга дому. Помнім, як Купала назваў гэты дом — «усяго Старонкай Роднаю». Так і Караткевіч. Ён таксама не рамантызуе рэальнае жыццё. Не шукае раскошных і незвычайных фарбаў. Родная старонка паэтава як бы застаецца ў ценю, высвечваецца вобразамі-рэаліямі: «навекі здабытыя бугры», «меч і каса». Першы вобраз — гэта вобраз памяці, вернасці традыцыям. Другі — сімвалічны вобраз вайсковай мужнасці, смеласці, славы. Трэці — «каса» — увасабляе працу. Такое трыадзінства знаходзіць Караткевіч і тым самым вельмі дакладна і трапна вызначае сутнасць паводзінаў народа, верных сыноў Айчыны. Верш у аснове сваёй палемічны, скіраваны супроць тых, хто культываваў у застойныя часы ідэю агульнасаюзнага дому, аб'яднання ўсіх нацый тады вялікай дзяржавы ў адну сям'ю пры страце адзнак нацыянальнай культуры, роднай мовы, пры нацыянальным самазабыцці і самаадрачэнні ад спрадвечных каштоўнасцяў. З афіцыйным па тым часе поглядам на лёс народаў былога Савецкага Саюза не пагаджаўся паэт-бунтар. Верш гэты варта прывесці цалкам, каб пераканацца, які ён празрысты і чысты, які высокапатрыятычны і смелы:
     
     Абяцаюць нам новы раскошны дом,
     Але ТУТ нам жыць і канаць,
     Тут пад кожным навекі здабытым бугром
     Нашы продкі забітыя спяць.
     
     Яны аддалі нам меч і касу,
     Слова з вуснаў, цяпер нямых...
     I нам немагчыма пайсці адсюль
     I пакінуць са смерцю іх.

     
     Чытаю такія Караткевічавы творы і схіляю голаў перад мужнасцю песняра. Я назвала б яго нязломным. Зламаліся ў суровыя часы многія старэйшыя за яго пісьменнікі. Адмовіліся ад прызнання суровай праўды і пачалі дагаджаць уладам. А Караткевіч не зламаўся. У паэзіі і прозе ён паслядоўна прытрымліваўся думкі пра трагічны лёс Беларусі, пра тое, што мы яшчэ не ведаем яе жывой, сапраўднай гісторыі. Каб ведалі, думалася яму, Дык не чынілі б над ёю здзек, не хавалі б ад народа яе слаўныя, гераічныя старонкі. Вось за гэта і не любілі яго партыйныя чыноўнікі, ахоўнікі ідэалагічных догмаў.
     У вершы «Разведчык» паэт піша пра тую самую любоў Да Радзімы, але голас яго цішэе, з'яўляюцца светлыя, пяшчотныя малюнкі звычайнага чалавечага жыцця («Дым вячэрні над родным парогам», «Россып літар у лемантары», «мятлушкаў песня жывая», «паданняў бясконцы сувой»), што складаюць, калі так можна сказаць, лірычую аснову. Таму верш успрымаецца як інтымная споведзь, як чароўная песня. I вось гэтая глыбокая лірычная аснова сілкуецца, падмацоўваецца радкамі іншага плана: публіцыстычнымі, яркімі, пафаснымі. Паэт сцвярджае, што за такую Радзіму гатовы тройчы памерці, што адваюе самае блізкае і дарагое «ўсім жыццём». «А, як трэба, смерцю сваёй ». Верш пабудаваны на прынцыпе кантрасту. Побач з жывымі выявамі жыцця, прыроды, мяккімі малюнкамі стаяць мужныя, публіцыстычныя заклікі, абяцанні, клятвы. Пяшчотная мелодыя заменьваецца гукамі араторыі. Элегічны настрой саступае месца адычнаму.
     Адзначу, што кожны верш Караткевіча напісаны на хвалі высокага эмацыянальнага напружання, таму што ў ім раствараюцца кавалачкі душы песняра. Высокая эмацыянальнасць, як я думаю, абумоўлена і характарам, спосабам жыцця мастака, які ніколі не прыстасоўваўся, не дагаджаў, смела выступаў супроць несправядлівасці і падману. Караткевіч не мог быць раўнадушным. Я лічу яго, як і Пімена Панчанку, паэтам-максімалістам. Яму хацелася і кахаць, і ненавідзець без астатку. У гэтым пераконваюся, калі чытаю верш «Мова» — пра захаванне каранёў, прысуд адрачэнцам ад свайго, роднага, матчынага:
     
     I на іншых вяршынях суровых
     (Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
     Ты струменьчык матчынай мовы,
     Быццам маці, не забывай.

     
     Паэзія Караткевіча, як і іншых прадстаўнікоў яго пакалення (Барадуліна, Сербантовіча, Сіпакова, Гаўрусёва), рамантычная ў аснове. Калі многія яго равеснікі адмовіліся ад рамантычных рысаў і прыкметаў пазней, дык ён застаўся рамантыкам да канца дзён сваіх. Адсюль і ўзнёслы характар яго лірычнага героя-летуценніка, і кантрастнасць настрою, і буйнакветнасць фарбаў і тропаў, і нечаканы пераход ад радасці да гора, ад плачу да смеху (хоць смяецца Караткевіч увогуле вельмі рэдка, часцей — плача), і экзатычнасць невядомых беларускай паэзіі ранейшай пары усходніх і горных пейзажаў, і, нарэшце, аздобленасць наватворамі, прафесіяналізмамі, іншаземнымі словамі. Чытаеш вершы паэта і пераконваешся ў тым, якія яны незвычайныя, арыгінальныя, не падобныя на апісальную, прыземленую лірыку, заснаваную на капіраванні рэчаіснасці. Хіба можна, напрыклад, заставацца раўнадушнымі да такіх вось радкоў,тропаў, мастацкіх дэталяў: «Брусок спявае ціхую малітву», «Маўчаў, як нож. Маўчаў, як крыж на полі» («Паэт»); «труны змрочныя скал», «Над светам і над табою Светаносна кружляюць арлы», «Бэзавы спеў сірэнаў», «ашаломлены змрок» («Усход»); «Замест сумлення — дубінка, I замест сэрца — касцет» («Балада пра архангелаў»). Прыклады можна працягваць. Але напаслед хочацца прывесці цалкам верш пейзажны, светлы. Поўны замілавання роднай прыродай, ён прыйшоўся мне да душы:
     
     Страціў лес свой зімні чуб,
     Ліст растраціў да манеты...
     I стаіць адзін адзеты
     За акном іржавы дуб.
     
     Дуб-мярзляк, скупеча-дуб
     Шмоццем голле сагравае...
     Вецер трэпле і матляе
     Жоўты зімні дуб.
     
     Вецер вые ў сотні труб,
     Снег з дажджом у шкло шпурляе...
     Стой са мною аж да мая,
     Браце мой, іржавы дуб.

     
     Я не ведаю, ці ёсць многа падобных твораў у нашай нацыянальнай літаратуры, у якіх так дакладна перададзена канкрэтная сітуацыя. Позняя восень ці нават зіма, усе дрэвы: бярозкі, асіны, вольхі — голыя, сіратлівыя нейкія. А дуб ніяк не хоча, насуперак вятрам і завеям, іншым змрочным сілам скінуць з сябе апошняе адзенне. I аўтару здаецца, што гэта ён сагравае шмоццем лісцёвага адзення сваё голле. А глядзіце, які падбор колераў у творы: двойчы дуб называецца ржавым і адзін раз — жоўтым. Я прыглядалася, як магла, да зімовага дуба і прыйшла да высновы, што толькі стары, спрадвечны дуб захоўвае на сваёй магутнай постаці ржавае лісце, а маладыя дубкі хутчэй за ўсё ганарацца жоўтым адзеннем. Паэт убачыў дуб у двухколернай вопратцы, у двухколерным свячэнні.
     Караткевіч многа зрабіў для ўвекавечвання нашай нацыянальнай гісторыі. Тут ён не мае пакуль што роўных сабе мастакоў у прозе. Не менш трапнымі, выразнымі па мастацкіх дэталях, прасякнутымі адчуваннем фарбаў і гукаў даўніны, з'яўляюцца вершы пра лес Беларусі «Машэка», «Скарына пакідае радзіму», «Нявесце Каліноўскага» і многія іншыя. У іх паказана мінулае такім, якое яно было ці магло быць. Мы верым паэту, які па часцінках аднаўляе ранейшы свет, паказвае сівую даўніну. Паказвае ў вершах — баладах, элегіях, невялікіх паэмах, каб затым увасобіць многія думкі і ідэалы ў гістарычнай прозе.
     Яму балела за ўсё жывое, за людзей і зямлю. Таму і люблю я гэтага выдатнага мастака, у вачах якога зло не згасіла «гонар і любасць».