Белорусские сочинения - Уладзімір Караткевіч - Мой Уладзімір Караткевіч (Эсэ)

Мой Уладзімір Караткевіч (Эсэ)

Ты памрэш. Але ўбязмежным свеце
     Будуць працвітацьтвой Люд і Край.
     Уладзімір Караткевіч
     
     Вялікі сын вялікага народа. Першаадкрывальнік многіх тэматычных пластоў у натай нацыянальнай літаратуры. Выдатны мастак слова і не менш выдатны гісторык. Фатограф-прафесіянал. Непераўзыдзены жартаўнік, душа многіх і многіх кампаній, вечарынак, сябрын. Эрудыт, якіх мала ведала і мала зведае зямля Белай Русі. Сапраўдны таварыш, сябра. Народны заступнік. Заступнік нацыі... Усё гэта — пра хлопца з Воршы, з наддняпроўскай кручы Уладзіміра Караткевіча. Ён валодаў светам (пра тое — яго імя), валодаў і валодае, ужо далёкі ад нас, людскімі душамі. Ён у памяці чалавечай — геній, прарок, гуманіст, які свядома пайшоў на плаху дзеля ўратавання роду чалавечага:
     
     Быў. Ёсць. Буду.
     Таму, што заўжды, як пракляты,
     Жыву бяздоннай трывогай,
     Таму, што сэрца маё распята
     За ўсе мільярды двухногіх.

     
     Такія радкі ў пасмяротнай кнізе «Быў. Ёсць. Буду» мог напісаць толькі той, хто свядома распяў сябе, як Ісус Хрыстос, на крыжы ў імя людскога роду. Так і здарылася на самай справе: песняра не прызнавалі ці прызнавалі напалову. З пакутніка-заступніка здзекаваліся за тое, што ён паказваў сапраўдны, драматычны, складаны і разам з тым легендарна-гераічны лёс зямлі пад белымі крыламі. Што выхоўваў у жывых любоў да нацыянальнага, роднага. Што шанаваў і ўздымаў на нечуваную вышыню старонкі забытай гісторыі. Яму не далі пры жыцці званне народнага, а ён стаў амаль самым чытэльным, самым дарагім для абсалютнай большасці беларусаў пісьменнікам.
     Я люблю пасядзець у патаемным куточку саду, на лясной, атуленай дрэвамі палянцы, з томікам Караткевіча. Чытаю запоем яго раманы і аповесці. Ужываюся ў вечную квітнеючую прыроду. Чую за спінай цені продкаў, прыслухоўваюся да іх галасоў, углядваюся ў іх абрысы... Вось увесь у белым, заліты крывёю ад няўдалага палявання на мядзведзя князь Юры Загорскі. А побач з ім непакорлівы духам, нязломны Даніла Вежа, яго бацька, што асмеліўся кінуць выклік богу, калі той не ўратаваў ад смерці яго жонку. З імі побач іх надзея Алесь — увесь сонечна-светлы, заклапочаны гаспадарскімі справамі, летуценнік і рэаліст, адным словам, асоба. Пасечаны шрамамі твар Чорнага Войны — нязломнага інсургента, папярэдніка Каліноўскага паўстае ў сполахах вогнішча, распаленага, можа, дзецьмі Кагутоў і іх малочным братам з княжацкага роду... Мроі акружаюць мяне. Думаецца, што было б, калі яны раптам ажылі б, пачалі дзейнічаць, дапытвацца ў мяне: «А што вы зрабілі, каб узвялічыць свой род? Ці годна трымаеце перададзеную вам эстафету? ». Што адказаць мне ім, героям Уладзіміра Караткевіча? Што разбураецца створаная імі аснова? Што страчваем родную мову, на якой друкаваў «Мужыцкую праўду» Кастусь Каліноўскі? Я доўга думаю. Перажываю, што не магу параіцца з самім Караткевічам. Не магу працягнуць яму руку для прывітання. Ён, вядома, параіў бы, як жыць далей, што рабіць, каб уратаваць народ. Менавіта пра гэта ён дбаў усё сваё не такое доўгае жыццё:
     
     Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу.
     Але йдзі і не губляй спакой.
     Ёсць замест прыватнай неўміручасці —
     Бессмяротнасць нацыі тваёй.

     
     Я іду па гучных вулках Мінска. Па старажытных. Тут, каля Старажоўкі, некалі быў яго дом. Не яго, а той, у якім яму давялося пражыць не адзін год. Тут ён заходзіў на птушыны і звярыны рынак. Купляў галубоў пасля чарговага атрыманага ганарару, канарэек і іншых спеўных жывых істотаў, каб затым выпусціць на волю. Каб зрабіць дабро. Сляды яго ног змылі за дзесяцігоддзе з лішкам дажджы. Мары яго, маладыя і ўзнёслыя, разняслі па планеце і ў міжпланетнай касмічнай прасторы вятры. Нашто карае так бязлітасна таленавітых і смелых людзей бог?
     Я адпраўляюся, калі мне цяжка робіцца ад праяваў жорсткасці, у вандроўку следам за ім самім і за героямі яго кніжак. I на душы і ў сэрцы робіцца святлей і чысцей. Бо ён і многія яго сябры, створаныя ім персанажы былі чыстымі, прыгожымі нават у нянавісці, злосці, недаверы. Прачытала ў кнізе Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Караткевіча» пра непрымірымае стаўленне аўтара «Каласоў пад сярпом тваім» да раўнадушша, зла, несумленнасці. Захацелася самой быць такой. Але як будзеш такой, калі мы зараз страцілі многія ранейшыя духоўныя арыенціры і заняліся задавальненнем толькі матэрыяльных патрэбаў? Было цяжка і яму і яго пакаленню. Галадаў ён і яго равеснікі. Перабіваўся на хлебе ды камсе. Не было ў што пераапрануцца. Самай лепшай лічылася сарочка з нагруднікам-манішкай са штапельнага валакна. Але ён быў вышэйшы за звычайныя зямныя турботы. Ён узнёсла марыў пра зорныя далі, пра патаемнае. Так, як марыў Алесь Загорскі — герой, якому ён перадаверыў многія думкі, перажыванні, спадзяванні. Не магу раўнадушна чытаць вершы Загорскага-Караткевіча са знакамітых «Каласоў...» Гэта ж цэлая эстэтычная праграма і праграма этычная. Гэта адначасова і палітычнае, грамадзянскае крэда пакалення 60-х гадоў, на якое хочацца быць падобнай:
     
     Чым угнявіла ты бога? I чым раззлавала,
     Што над табою, яшчэ не апетай і сотняю строф,
     Маятнік часу упаў, і касцельная цемра настала,
     Цемра прабітых далоняў і тысяч няправых галгоф?
     .......................................................
     Хто адабраў тваю памяць, мая дарагая,
     Што на працягу вякоў, забываючы мукі свае,
     Лепшых паэтаў сваіх забыццём ты смяротным караеш,
     Лепшых прарокаў каменнем няведання б'еш?

     
     Так звяртаўся да сваёй Радзімы паэт. Так страсна заклікаў яе да мужнасці і стойкасці. Так шчыра верыў у яе, пакутніцу. Верыў, што нават зорцы-Палыну не ўдасца загубіць край і шматпакутны народ. Свой верш пра краіну-браначаку (М.Багдановіч) герой «Каласоў...» князь Алесь Загорскі заканчвае верай у будучыню краю і народа, якія праходзяць выпрабаванне бядой, катастрофай. Не выпадковы і надзвычай сучасны тут вобраз зоркі-Палыну, што ўзыходзіць «над крыніцамі». Ці не сімвал гэта параўнальна нядаўняй Чарнобыльскай катастрофы? Ці не інтуітыўнае паэтава прароцтва выявілася тут? Але вось гэтыя апошнія радкі з верша, які я ўжо цытавала вышэй. Імі заканчваецца, па сутнасці, раман. Прамаўляе іх Радзіма, што не згасла, не страцілася і ў экстрэмальных умовах:
     
     «У бітвах скрываўлена, каб чалавецтва ўваскрэсла,
     Каб на палетках ягоных воля і мова ўзраслі.
     Маці сыноў чалавечых. Я столькі пакут перанесла.
     Можна зямлі дараваць,
     Калі я існую на зямлі».

     
     Словы Радзімы-маці... Прарочыя. А можа, гэта і словы самога песняра, душа якога прасіла не толькі літасці і пашаны, не толькі малілася пра заступніцтва, дабрыню, чалавечнасць, але і прадчувала будучыя катастрофы на зямлі? Усё можа быць. Але я думаю пра сваё. Пра тое, якую вялікую веру трэба было мець, якім смелым быць, каб у застойны час узняць паходню змагання за ўваскрэсенне Радзімы, зямлі «пад белымі крыламі», каб ледзь не аднаму змагацца з таталітарнай сістэмай, з тымі, каму было напляваць на тое, будзе Беларусь значыцца на карце свету ці не, будзе існаваць беларуская мова ці саступіць месца агульнадзяржаўнай, саюзнай! Уяўляю, як цяжка дыхалася ў краіне, дзе няма канкрэтнага адраса, наймення вуліцы, нумара дома, а ёсць толькі адзін адрас — «Савецкі Саюз», Караткевічу-беларусу, Караткевічу-патрыёту. Мне б хоць трошачкі яго мужнасці і стойкасці. Ды баюся, што не змагу так, як ён, супроцьстаяць трагедыйным абставінам. Але зорка яго для мяне не згасне!