Белорусские сочинения - Уладзімір Караткевіч - Яго галгофа: апошняя старонка жыцця i творчасці Уладзіміра Караткевіча

Яго галгофа: апошняя старонка жыцця i творчасці Уладзіміра Караткевіча

Трэці перыяд жыцця і творчасці Караткевіча наступав пасля заканчэння Кіеўскага універсітэта. Гэта быў перыяд узлётаў і падзенняў у грамадскім жыцці, пацяплення і застою. Даводзілася жыць чаканнем пераменаў і змагацца за дабро і справядлівасць. Не было магчымасці абурацца: адразу вінавацілі ў антысаветызме. У вандроўку па новым жыцці малады чалавек адпраўляўся, аднак, са светлай надзеяй: «Здалёку я асабліва палюбіў Беларусь і яе людзей. Яна ўяўлялася мне тады па незямному прыўкраснай. Уся зялёная, вільготная, з азёрамі, з народам, з ягонай пявучай і звонкай мовай, з легендамі і палямі, курганамі і рэкамі». Усё спачатку складвалася някепска: праца ў школе, затым курсы ў Маскве, першы сур'ёзны друкаваны твор верш «Машэка» ў «Полымі» (1955), а затым і зборнік паэзіі «Матчына душа» (1958) і другі — «Вячэрнія ветразі» (1960). Пайшлі спектаклі па п'есах: «Млын на Сініх Вірах» (1959, тэлеспектакль), «Званы Віцебска» (1974), «Кастусь Каліноўскі» (1978) і інш. Паступова паэт пераключаецца на гістарычную прозу: піша аповесць «Сівая легенда», «Цыганскі кароль», што склалі яго трэцюю кнігу «Блакіт і золата дня» (1961). У 1962 г. ў «Полымі» з'яўляецца яго раман «Нельга забыць» (другая назва «Леаніды не вернуцца да Зямлі»). Затым будуць і раманы «Каласы пад сярпом тваім» (асобнае выданне ў 1968 г., твор не закончаны), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Чорны замак Альшанскі» (1983). Не было вольных білетаў на кінафільм «Дзікае паляванне караля Стаха», па яго аповесці, разам з рэжысёрам В.Рубінчыкам і не менш удалы — «Чорны замак Альшанскі» (разам з рэжысёрам і пастаноўшчыкам М.Пташуком). Здаецца, усё складвалася адносна добра. Нават у канцы 60-х — 70-я гады пісьменнік быў, нарэшце, прызнаны ўладай, заўважаны П.Машэравым, А.Кузьміным і іншымі партыйнымі кіраўнікамі. Ды былі доўгія дні і месяцы расчаравання, дэпрэсіі, калі не ўдавалася адстаяць родную мову, сапраўдную літаратуру, культуру, не хацелася дагаджаць, а жадалася быць самастойным, незалежным.
     Па сутнасці, усё жыццё Караткевіча прайшло ў барацьбе за права самавызначэння ў мастацтве, быць самім сабой. Даверлівы і шчыры, ён пакінуў пасля сябе светлыя ўспаміны. Біяграфія яго абрасла легендамі, што выраслі з рэальных фактаў: і пра тое, што разам з ім жыў сапраўдны мядзведзь, і пра выпуск на волю галубоў, купленых на Старажоўцы, і пра яго арыгінальныя вандроўкі па родным краі і за яго межамі, пра заўсёднае імкненне дапамагчы іншым і ўменне быць душой любой кампаніі. Ён змагаўся і з цяжкай хваробай ног і страўніка, і з дэпрэсіўнымі станамі душы пасля смерці роднай матулі і жонкі Валянціны Браніславаўны — цудоўнага чалавека, вялікай знаўцы беларускай старажытнасці. I нават свае перадапошнія дні ён правёў у вандроўцы па Прыпяці з фатографам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, які цудоўна праілюстраваў яго «Чорны замак Альшанскі». На плыце было вырашана прайсці старадаўнім маршрутам. Усё складвалася някепска. Але раптам Караткевічу стала вельмі дрэнна. На машыне яго прывезлі ў лечкамісію ў Мінску. Там, у бальніцы, у чатыры гадзіны раніцы 25 ліпеня 1984 года яго і не стала.
     Жыццё Караткевіча — сама легенда. Незвычайнае, яркае, светла-трапяткое, яно гэтаксама нечакана і абарвалася. I засталася недаспяваная песня. I адзінокі стаіць ужо колькі гадоў стол яго пісьмовы — такі самы рамантык, як і ён. I адна толькі ўзнагарода — ордэн Дружбы народаў у яго актыве, у актыве змагара за адраджэнне беларускага народа, яго гістарычнай памяці. Але гэта — афіцыйная ўзнагарода. Народная ж, усіхняя — удзячнасць за цудоўныя, што акрыляюць, узнімаюць і клічуць абараніць і абараніцца ад бяспамяцтва і манкурцтва кнігі, вершы, раманы, аповесці, нарысы, фільмы. Такія, што і сёння пякуць нашы сэрцы і душы:
     
     Абяцаюць нам новы раскошны дом,
     Але тут нам жыць і канаць,
     Тут пад кожным навекі здабытым бугром
     Нашы продкі забітыя спяць.