Белорусские сочинения - Уладзімір Караткевіч - Уладзімір Караткевіч "Каласы пад сярпом тваім"

Уладзімір Караткевіч "Каласы пад сярпом тваім"

Людзям – душа, жыццё – свайму дому,
     сэрца – жанчыне, гонар – нікому.
     
     Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч прыйшоў у беларускую літаратуру маючы за плячыма вялікі багаж глыбокіх філалагічных і гістарычных пазнанняў. Адраджаючы памяць народа, пісьменнік вылучаецца надзвычай багатымі здабыткамі ў розных жанрах літаратуры: паэзія, проза, публіцыстыка, драматургія, перакладчыцкая дзейнасць. Выключная роля Каратевіча ў адраджэнні гістарычнай памяці беларускага народа.
     "Хто згубіў сваю памяць – згубіў усё", – слушна гаворыць пісьменнік у найвыдатнейшым рамане "Каласы пад сярпом тваім". Уся літаратураная дзейнасць яго як грамадзяніна – гэта вяртанне праўды пра нашае мінулае і сцвярджэнне высокай духоўнасці беларускага народа. Даследчыкі адзначаюць, што духоўны свет Караткевіча на дзіва шматслойны, шматфарбавы, напоўнены хвалявальнай думкаю пра дабро і зло, сэнс існасці, вечнае і прыгожае на зямлі. Творы Уладзіміра Караткевіча, перафразуючы яго выраз, былі, ёсць і будуць у актыўным арсенале беларускае літаратуры. Нам ёсць чым ганарыцца, не на пустым месцы мы ўзводзім свой нацынальны храм, і Караткевіч займае там адно з самых пачэсных месцаў.
     Раман “Каласы пад сярпом тваім” па сваёй мастацкай каштоўнасці і значнасці займае адно з галоўных месцаў у гістарычнай мастацкай беларускай літаратуры. На маю думку, я б не разглядала яго як твор пра паўстанне супраць расійскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Бо вялікае месца ў рамане займае вобраз маладога князя Алеся Загорскага, яго думкі і пачуцці, яго сябры і ворагі, яго радасці і пакуты, яго багатае духоўнае жыццё, яго каханне. Розныя людзі прайшлі праз жыццё Алеся, розныя людзі паўплывалі на станаўленне асобы князя. Паспрабуем крышачку прааналізаваць некаторыя моманты, што найбольш мне запомніліся ў рамане і ўразілі.
     Аказваецца, не толькі на Беларусі існаваў абрад дзядзькавання. Заможныя людзі ў розных кутках свету таксама аддавалі сваіх дзяцей на выхаванне ў бедныя сем'і, што сведчыць пра цэласнасць усяго свету і што Беларусь як частка гэтага свету арганічна займае сваё месца.
     Першае каханне Алеся – Міхаліна, назаўсёды застанецца ў яго душы і сэрцы месца толькі для аднае жанчыны, нягледзячы на помсту пагардай, Алесь здолеў перамагчы свае ўласныя амбіцыі і выратаваць Яраша Раўбіча ад гневу раз'юшаных сялянаў. Актрыса Гелена – гэта подзвіг і помнік пры жыцці жаночай мудрасці, сталасці і годнасці. Напэўна, Алесь загінуў бы, але пра яго захавалася памяць – дзеці Гелены. Я проста захапляюся гэтай жанчынай і схіляю перад ёй сваю галаву.
     Што ні вобраз у рамане, то свой лёс, своеасаблівае светаўспрыяцце і адносіны да жыцця. Чорны война, якога ўсе баяцца і вакол якога вітаюць магчымыя і немагчымыя легенды... Але Алесь чуў, як ён спявае. Благі чалавек не спявае, проста не ўмеее, для гэтага патрэбна душа. Песням ён навучыўся ў сям'і Кагутоў, тамсама ён спазнаў таямніцы роднае мовы, якую выкарыстаў пры выступе на шляхецкім сходзе.
     Вобраз Загорскага Данілы Вежы Караткевіч намаляваў з прататыпу свайго дзеда, таму ў ім столькі суровасці і цеплыні адначасова, любові да Алеся і жадання жыць па-чалавечы, захоўваючы годнасць, гонар і старадаўнія звычаі.
     Канкрэтныя гістарычныя асобы ўспрымаюцца вельмі рэальна, нягледзячы на тое, што галоўны герой з'яўляецца выдуманым персанажам.
     Уладзімір Караткевіч збіраў матэрыял для кандыдацкай дысертацыі пра паўстанне 1863-1864 гадоў на Беларусі і Літве, аднак дысертацыі не выйшла, але вельмі багата і дасканала ён распрацоўвае гэтую тэму ў розных жанрах літаратуры. Караткевіч задумваў зрабіць тры кнігі, але заўчасная смерць пашкодзіла для напісання (была створана толькі першая кніга, якая складаецца з дзвюх частак). Аповесць “Зброя” не ўразіла мяне настолькі, наколькі раман зварушыў у душы розныя прыемныя адчуванні.
     Выключная ўвага мастака пра падзеі таго часу вытлумачваюцца тым, што ў сям'і пісьменніка захавалася памяць пра аднаго з кіраўнікоў паўстання на Магілёўшчыне Тамаша Грыневіча, які быў расстраляны ў Рагачове.
     Раман "Каласы пад сярпом тваім", па сутнасці, першы беларускі гістарычны раман. У ім створана даволі шырокая панарама народнага жыцця, перададзена грамадская атмасфера пярэдадня паўстання. Раман прыхільна быў сустрэты крытыкаю і чытачамі, хоць былі адмоўныя водгукі і праблемы з выданнем. Хучэй за ўсё, камуністычным уладам было не даспадобы тое, што галоўны герой у савецкай беларускай літаратуры не селянін і рабочы, а князь!... Толькі цяпер, пасля перабудовы, пасля зменаў у нашым грамадстве нам стала вядома сутнасць апошняга паслання Каліноўскага, у якім рэфрэнам гучыць ідэя, што толькі тады беларусы змогуць вольна і годна жыць, як над намі “маскаля” не будзе.
     Асаблівая заслуга Караткевіча ў тым, што ён здолеў стварыць лепшыя ўзоры высокамастацкай беларускай гістарычнай прозы, дзе ён узнімае шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, стварае жыццёвыя характары і раскрывае багаты духоўны свет герояў, якія звязалі свой лёс з лёсам народа.
     "Каласы пад сярпом тваім" вызначаецца рамантычнай акрыленасцю і жыццёвай дакладнасцю, мастацкай культурай і патрыятычным пафасам, незвычайнай пазнавальнасцю і гуманістычным зместам.
     На заканчэнні адзначу, што роля Караткевіча ў беларускай літаратуры такая самая, як Вальтэра Скота ў англійскай ці Генрыха Сянкевіча ў польскай.
     
     Выкладчык кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання БДПУ імя М.Танка ЛАБАЧЭНЯ ГЕНАДЗЬ ЯКУБАВІЧ