Белорусские сочинения - Уладзімір Караткевіч - Вобраз Алеся Загорскага ў рамане У. Караткевіча

Вобраз Алеся Загорскага ў рамане У. Караткевіча


Творчасць У. Караткевіча заўсёды вызначалася моцным патрыятычным пафасам. Ён увасобіў у ёй думку пра самаахвярнае служэнне Радзіме, погляд на гістарычную мінуўшчыну нашай краіны, ён выявіў характары, здолеў раскрыць багаты духоўны свет герояў і звязаць іх асабісты лёс з народным лёсам.

Раман “Каласы пад сярпом тваім” займае цэнтральнае месца ў творчасці пісьменніка, з’яўляецца значнай падзеяй у беларускай літаратуры. Многія крытыкі, а таксама калегі Караткевіча адзначалі, што “такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе”.

У рамане створана шырокая панарама народнага жыцця, перададзена грамадская атмасфера напярэдадні паўстання Каліноўскага. Пісьменнік аднолькава праўдзіва перадаў як каларыт і асаблівасці гістарычнай эпохі, так і характары сваіх герояў. Гэта твор, дзе ўзнаўляецца атмасфера і дух таго часу, паўстаюць жывыя і рэальныя людзі са сваім каханнем, ярасцю, сварамі, пакутамі, змаганнем са зброяй у руках, са сваімі прывычкамі і пачуццямі, з уласнымі разважаннямі і выказваннямі пра свой народ, пра з’явы і факты далёкай мінуўшчыны.

Асабліва ярка, выразна і праўдзіва, на мой погляд, аўтар здолеў перадаць вобраз галоўнага героя Алеся Загорскага, перакананага рэвалюцыянера-дэмакрата, шчырага патрыёта сваёй зямлі.

Прытрымліваючыся даўняга беларускага звычаю, бацькі аддаюць Алеся на дзядзькаванне, на выхаванне ў сялянскую сям’ю Кагутоў. Па меркаванні князя Загорскага, чалавек, нават калі ён і шляхціц, павінен з дзяцінства зведаць на ўласным вопыце цяжкую сялянскую працу і побыт. Алесь пазнаў народнае жыццё, засвоіў народную мараль, палюбіў народную мову. У сям’і Кагутоў ён навучыўся цаніць гонар і годнасць простага чалавека, разумець народнае жыццё, глядзець на свет вачыма сялян, навучыўся не прыніжаць іншых і самому ні перад кім не прыніжацца. І такое выхаванне зблізіла яго з простым народам: “Я мужык… Я князь, але я і мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі. Але я таго няшчасця нікому не аддам. У ім маё шчасце. Яно мяне вярнула да майго народа. І я цяпер з ім, што б ні здарылася”.

Паступова Алесь разумее, што “мужыцкая гаворка” – гэта мова цэлага народа, які жыве на зямлі пад назвай Белая Русь. Ён шчыра закаханы і ў народ, і ў ягоную мову. Калі Алеся прымаюць у дваранскі клуб, сваю прамову, прасякнутую грамадзянскім пафасам і патрыятычным зместам, ён гаворыць па-беларуску. “Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая адначасова, лаканічная мова. Гучала ўпершыню за шмат год”.

Алесь ніколі не здраджваў сваім ідэалам. Нават жывучы на чужой зямлі падчас вучобы ў Пецярбургскім ўніверсітэце, юнак піша вершы на беларускай мове, даследуе гісторыю і мову роднага краю, заклікаючы іншых звярнуць увагу на яго нарад, на духоўнае жыццё гэтага народа. Алесь добра ўсвядоміў, што, каб быць патрыётам сваёй зямлі, патрэбна найперш ведаць яе мінулае. І ў гэтым ён падобны да самога Караткевіча: пісьменнік дасканала ведаў і па-мастацку адлюстроўваў падзеі далёкай мінуўшчыны, ён жыў гісторыяй, яна была ягонай стыхіяй і ягоным натхненнем.

Загорскі шчыра і аддана любіў радны край, але ён таксама ставіцца з павагай і да іншых. “Рускія, - кажа Алесь у палеміцы з паляком Ямантам, - гэта адны з самых добрых людзей на свеце. Урад толькі ў іх дрэнны, вось што. Зменім – усё будзе хораша”.

Так паступова Алесь Загорскі прыходзіць да ўсведамлення неабходнасці грамадскіх перамен. Ён адчувае, што здольны змяніць існуючы парадак, але яшчэ не ведае як. Разумеючы, што нельга ахапіць неабдымнае, Алесь дае сабе клятву змяніць хаця б нешта, тое, на што ў яго хопіць моцы. Яшчэ да адмены прыгоннага права, не чакаючы царскага маніфеста, Загорскі самастойна вызваляе сваіх сялян, дае ім волю. Алесь думае пра набліжэнне паўстання: “Бунт ідзе… Ідзе паўстанне… Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу і ярасці. Ідзе воля да майго народа і ўсіх народаў…”

Сустрэча з Каліноўскім натхніла Алеся на адданае служэнне справе, за якую ахвяраваць можна не толькі каханнем, але і жыццём. Загорскі становіцца свядомым змагаром за сваю Бацькаўшчыну, за народнае шчасце, за ідэалы дабра і спрявядлівасці, змагаром, які выяўляе памкненне ўсіх пакаленняў: вольна, свабодна жыць на роднай зямлі.

Паводле меркавання Алеся, будучае паўстанне павінна вырашыць не толькі сацыяльнае, але і нацыянальнае пытанне. Ён выступае за адмену прыгоннага права і за раўнапраўе нацый. На думку Загорскага, перамогу будучаму паўстанню можа забяспечыць толькі яднанне рэвалюцыйных сіл: “Наш трыумф у яднанні. Яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны ні былі… І таму мы павінны з павагай ставіцца да кожнай нацыі, не абражаць яе старой варожасцю, недаверам, сумненнем у яе рэвалюцыйных сілах. Іначай – пагібель”. Калі гаворка ідзе аб шчасці і аб свабодзе яго роднай краіны, яго народа, мяккі, інтэлігентны, нават у нечым летуценны Алесь становіцца рашучым і бескампрамісным: “Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы маёмасці, а цмокаў – расстрэльваць”.

Алесь Загорскі – гэта дзіця свайго часу, свайго веку. У яго душы спалучаюцца рысы апантанага змагара і наіўнага летуценніка. Шляхецкі рэвалюцыянер-дэмакрат, ён можа быць рамантыкам з высакародным і шчырым сэрцам, якое чула рэагуе на ўсе беды народа, можа бачыць у сне белых коней, што ўвасабляюць свабоду і светлыя ідэалы. Алесь з павагай ставіцца да простага народа. Ён непрымірымы да зла і насілля. Яго сімпатыі заўсёды на баку абяздоленых. Пачуцці Алеся да Майкі Раўбіч і да былой прыгоннай актрысы Гелены вызначаюцца незвычайнай душэўнай шчодрасцю і пяшчотай. Але адначасова Загорскі можа выступаць і цвярозым рэалістам, прадпрымальніка, будучым буржуа, які думае пра тую выгыду, што прынясе яму цукроўня, пра ролю грошай у жыцці людзей: “Вядома, грошы былі “агідным металам”, “нікчэмным металам”, але пакуль што ўсім давадзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў тым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва – не пацершыся аб той метал, без яго”.

Адам Мальдзіс адзначаў, што “хаця ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” гаворка ідзе пра падзеі стогадовай даўніны, аўтар напісаў вельмі сучасны твор, дзе далёкае мінулае асэнсавана з пазіцыі сённяшняга дня”. І сапраўды, думкі, перажыванні галоўнага героя застаюцца актуальнымі, значнымі і для сучаснага чалавека. У вобразе Алеся Загорскага ўвасобіліся лепшыя рысы беларускага чалавека. Ён знаходзіць радасць у працы, якая яго ўзвышае і ўпрыгожвае. Ён любіць сваю Радзіму, за яе ён змагаўся і цярпеў пакуты: “Але радзіма мне даражэй за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды”.