Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы над сярпом тваім», яго асноўныя праблемы і героі
Я— сэрца, мозг, душа майго народа, Таліу, магчыма, і на свет з 'явіўся, Каб мог ён зведаць праз мяне сябе, Каб ведаў сілу ўласную і годнасць I каб вякі маім спявалі ротам.
У. Караткевіч
Ён некалі паабяцаў сабе і людзям, што напіша кнігі, якія будуць чытацца на беларускай мове. I напісаў такія кнігі, якія не толькі вяртаюць нам нашу святыню-мову, але і памяць, забраную ў нас даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён так вызначыў сваю ролю ў рэанімацыі душы і памяці:
Я, ў некаторым сэнсе, нават бог, Бо занава я свой народ ствараю.
Уладзімірам Караткевічам упершыню ў гісторыі нашай культуры створана рамантычная літаратура пра мінулае, прычым на трывалым гістарычным падмурку. Рамантычнае і нават фантастычнае, прыгодніцкае і дэтэктыўнае ў яго творах не самамэта, не толькі ддя таго, каб чыталі яго кнігі і на роднай мове. Вывучаючы і даследуючы старонкі гісторыі, У.Караткевіч найперш для сябе зрабіў адкрыццё, што ў нашым мінулым ёсць адказы на пытанні, якія не толькі хвалююць нас сёння, а ад вырашэння якіх залежыць, ці будзем мы «людзьмі звацца». Дзякуючы яго кнігам, мы можам адказаць і на Купалава пытанне, «скуль, якога мы роду». Мы — народ, мы — нацыя не горшая за іншыя, у нас ёсць свае карані, а ў нашым мінулым — не толькі гаротнае, трагічнае, але і гераічнае, вартае гонару і захаплення, здрадзіць якому — не мець світання.
Нельга не здзіўляцца таму, колькі старонак гісторыі прачытана У. Караткевічам ддя нас, колькі «белых плямаў» зліквідавана, — і ўсё дзеля таго, каб вярнуць нам памяць, бо без памяці нам не быць... Сапраўды, як ён сам сказаў, вякі яго спяваюць ротам.
I ўсё ж найбольшая ўвага, «агонь душы і сэрца дар» У. Караткевіча прысвечана паўстанню К.Каліноўскага. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам, што больш трагічнай і гераічнай старонкі ў нашай нацыянальная гісторыі няма, як і самай для нас вызначальнай, павучальнай і папераджальнай.
Пра ўзвышанае і вечнае, пра гераічнае і трагічнае і напісаць належала незвычайна, і сказаць з асаблівай сілай голасу. Каб пачулі. Голас Караткевіча пра мінулае —голас рамантыка і прагматыка адначасова.'Рамантычнае— пра мінулае, вартае таго, каб чэрпаць адтуль сілы і знаходзіць там адказы на пытанні сучаснага. Прагматычнае —для нас, каб запалоніць нас дзеля нашага ж духоўнага разняволення.
Адметнасцю стылю У. Караткевіча з'яўляецца майстэрства, з якім ён стварае станоўчага героя, што валодае незвычайнай сілай уздзеяння на чытача. I ў гэтым «роўнага яму няма і наўрад ці будзе» ў нашай літаратуры.
Цэнтральная праблема і ідэя нацыянальнага адраджэння вырашаецца і рэалізуецца пісьменнікам найперш праз вобраз Алеся Загорскага, якім «цэментуецца» сюжэт рамана «Каласы пад сярпом тваім». Гэтым вобразам пісьменнік адказвае на пытанне, што неабходна, каб абудзіць сон народ, каб зварушыць «дух народны», рэалізаваць лепшыя якасці і сілу народную. Пісьменнік сцвярджае, што гісторыю творыць не толькі народ, але і канкрэтныя асобы — патрыёты духу, моцныя і незвычайныя, здольныя сілай свайго розуму і бязмежнай любові да народа паўздзейнічаць на яго і пазваць за сабой.
Такім у рамане паўстае перад намі Алесь Загорскі (мяркуецца, што прататыпам вобраза з'яўляецца паплечнік К. Каліноўскага Валерый Урублеўскі). Караткевіч як тонкі псіхолаг добра разумеў, што нічога выпадковага на свеце не бывае, што ўсё мае свае вытокі, што і моцная незвычайная асоба можа з'явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане мноства старонак прысвячаецца «выйсцю крыніц» — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы.
Вось чаму пісьменнік так падрабязна апісвае сям'ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў паддеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям'і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям'і. Сям'я, сцвярджае У Караткевіч, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзячыў усёй сям'і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне самых вартых чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне («выміраем, Алеська, выміраем!») атрымаў ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў ддя разняволення народа (Вежа прапанаваў адмяніць прыгон, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць, на што дзед з горыччу і нянавісцю сказаў: «Ваські Вашчылы на іх няма!»). Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэту зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адняць.
Моцная асоба вызначаецца не толькі мэтамі і настойлівай упартасцю, з якой яна ідзе да мэты, але і...слабасцю. Пісьменнік надзяліў свайго героя як сілай незвычайнай, так і высокай эмацыйнай культурай. Чалавека вызначае не толькі непахіснасць, воля, не толькі тое, з-за чаго ён радуецца, але і тое, над чым ён абліваецца слязьмі. Трой чы ў рамане мы бачым Алеся, калі ён плача. Першы — калі слухаў песню Кагута; другі — калі глядзеў спектакль у прыгоннам тэатры свайго дзеда і пасля якога папрасіў у яго вольную для таленавітай артысткі Гелены. Трэці —калі ў Вільні далучыўся не проста да «мудрасці кніжнай», але да духоўнай спадчыны свайго народа і быў ашаломлены яе багаццем. Асаблівае ўражанне і ўздзеянне на яго душу і свядомасць аказала кніга Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...». Усе тры гэтыя моманты знакавыя, паваротныя і вызначальныя для Алеся, бо ў выніку іх ён умацаваўся ў каштоўнасцях, што ўжо былі ў яго душы, — над ім заззяла «высокае неба ідэала». Магчыма, менавіта ў такія моманты «слабасці» і выяўляецца сіла моцнай асобы. Моцная ж асоба выяўляецца не толькі і не столькі пачуццямі, колькі ўчынкамі і справамі. Першым яго ўчынкам было не тое нават, з якой мужнасцю і цярпеннем вытрымліваў ён нагрузкі пасля дзядзькавання, гартуючы сябе да нялёгкага служэння Айчыне, чым здзіўляў нават суровага Вежу. Першы яго ўчынак, які сведчыў, што ён здольны не толькі ўбіраць у сябе дабро, але і аддаваць яго людзям, быў той, калі ён запатрабаваў: «Бацька! Дай Кагутам волю!» Гэтыя словы знакавыя для нашага героя, бо ён усведамляе сваё назначэнне на гэтай зямлі ў тым, каб ужо не прасіць, а даць людзям волю. Наступным самым напружаным момантам у рамане з'яўляецца той, калі падлетак, а не дарослыя мужы, што стаялі побач, схапіў за руку рз'юшанага Кроера і ўратаваў Корчака ад жудаснай смерці. I нарэшце акорднай і ў рамане, і ў жыццяпісе Алеся Загорскага з'яўляецца сцэна бойкі ў Святаянскіх мурах, выпісаная Караткевічам у лепшых традыцыях рыцарскіх раманаў. Рыцарам сумлення паўстае перад чытачом Алесь, калі, не задумваючыся, кідаецца ў бой з тымі, хто цынічна заявіў, што Беларусь — ніякая не краіна, а толькі фарпост паміж Захадам і Усходам, а яго мужыкі — ніякі не народ, а «гной» і быдла, здольнае толькі працаваць на гэтай зямлі і быць яе «гноем». Пісьменнік сцвярджае гэтым момантам тое, што калі чалавек здольны заступіцца за іншага і за святыні, не даць іх сабакам, то ён варты таго, каб называцца Чалавекам. Здольнікам не толькі пачуцця, слова, хай сабе і мудрага, трапнага і аблічальнага, а здольнікам дзеяння, справы з'яўляецца герой Караткевіча. Толькі дзякуючы такім асобам народ перастане быць коласам пад сярпом грубай сілы, а стане коласам «пад сярпамі волі, радзімы, паўстання, бітвы». Трагічным будзе тое жніво: магчыма, каласы памруць, але «памруць, каб вырасла новая рунь». У рамане «Зброя», які з'яўляецца сюжэтным працягам «Каласоў...» і адначасова самастойным творам, зноў галоўны герой — Алесь Загорскі. Рыцарам сумлення і чалавекам справы зноў паўстае перад намі гэты герой.
I сюжэт, і лірычныя адступленні, і пейзажныя замалёўкі, і сама назва кнігі — «Сякера пры дрэве» — усё прадказвае, вяшчуе вялікую сечу і жорсткую расправу Мураўёва-вешальніка з удзельнікамі паўстання.
Узнаўляючы старонкі гераічнага і трагічнага мінулага нашай Бацькаўшчыны, сцвярджаючы ідэю пераемнасці і повязі пакаленняў, вяртаючы народу памяць, Уладзімір Караткевіч стварыў ідэал чалавека незвычайнай прыцягальнай сілы і ўздзеяння, паказаў, якім павінен быць чалавек, жывучы на гэтай зямлі, каб яна заняла «свой пачэсны пасад між народамі». I ў тым найпершая заслуга Караткевіча.