Белорусские сочинения - Якуб Колас - Малюнкі прыроды ў паэме Якуба Коласа "Новая зямля"

Малюнкі прыроды ў паэме Якуба Коласа "Новая зямля"

Любіце гэтую сваю святую
     зямлю аддана і да канца.
     Іначай вам не дадзена, ды й
     не патрэбна.
     Уладзімір Караткевіч
     
     Мой родны кут, як ты мне мілы!
     Забыць цябе не маю сілы!..

     
     Пачуеш гэтыя словы і адразу трапляеш у краіну хараства. Перад табой прырода Панямоння, радзіма аўтара гэтых радкоў Якуба Коласа. I ты заўважаеш «крынічкі вузенькае ложа», крыху далей чародка дубоў і маладых буслоў, якіх «пачынаюць вабіць далі». З'яўляецца пачуццё, нібы ты ўжо быў тут раней. Якую любоў трэба мець да маці-зямлі, каб стварыць такія непаўторныя карціны прыроды!
     У кожнага з нас ёсць свой «родны кут», у якім «душою слачываем», «душою ажываем». Давайце ўчытаемся ў радкі паэмы Я.Коласа «Новая зямля», дзе паэт раскрывав перад намі малюнкі прыроды, блізкія і родныя яму.
     «Новая зямля» — паэма-энцыклапедыя беларускай прыроды. Прырода ў гэтым творы адухоўленая, яна адцяняе настрой чалавека і пачуцці аўтара.
     Вось апісанне лесу, адметнасці якога так добра перадаў паэт, што міжволі ён паўстае перад вачамі:
     
     Каля пасады лесніковай
     Цягнуўся гожаю падковай
     Стары высокі лес цяністы.
     Тут верх асіны круглалісты
     Сплятаўся з хвоямі, з дубамі...

     
     А апісанне лугу перад навальніцай настолькі пераканаўча, што ствараецца слыхавы эфект раскату грому: «бы нейкі звер страшэнным лычам арэ, трасе, калоціць хмары».
     Колас паказаў прыроду ў розныя поры года. Такім мы бачым летні ветрык:
     
     А гэты ветрык дураслівы
     Траве зялёнай чэша грывы.

     
     А вось ужо зусім іншы вобраз ветру: «Вятруга ўсходзіцца патаны!..». I зімні вецер паказвае нам паэт:
     
     А як ўсходзіцца завея,
     I вецер з снегам задурэе
     Ды затрасецца віхрам белым!
     Эх, колькі волі ў руху смелым!

     
     У розную пару года мы бачым луг, лес, рэчку, але найбольш у паэме летніх пейзажаў:
     
     Эх, луг шырокі! Як жывы ты,
     Травой мурожнаю пакрыты,
     Стаіш зялёны прада мною
     I ззяеш дзіўнаю красою!

     
     У паэме «Новая зямля» прыро да выступав як самастойны герой, шматвобразны і цікавы, яна заўсёды побач з чалавекам. На яе ўлоні ён адпачывае:
     
     I думкі клопату пакінеш,
     Заснуўшы крэпка і салодка.
     Тут так прахладна, так прывольна!
     А пташкі голасна і здольна
     Смяюцца мілым шчабятаннем
     I поўняць луг сваім спяваннем.

     
     На прыроду паэт глядзіць і вачамі практыка, па яе асобных прыкметах можна зрабіць прагноз на будучы ўраджай:
     
     Вясна павінна быць раджайна —
     Вада шуміць штось незвычайна.

     
     Прыкмет такіх у паэме багата: «снег на куццю — грыбы на лета», «а сцежкі чорны — ягад многа», «такая суш — крый Бог пажару».
     У сваім творы Колас апявае не толькі адвечную красу прыроды, але і тую, да якой дакранулася рука чалавека:
     
     Антось прыехаў і на грэчку
     Узняў маргоў са два папару.
     I ажывіліся амшары.
     Запахла свежаю раллёю...

     
     Праз цесную сувязь прыроды і чалавека раскрывав паэт і ўнутраны свет сваіх герояў:
     
     Ды толькі той будзе дастойны
     Вітаць у ранічак спакойны
     Златавалосую багіню,
     Той да грудзей яе прыхіне,
     Яе пацешыцца красою,
     Хто сам абмыецца расою.

     
     I сонца, і селянін разам абмываюцца ранішняй расою перад гарачым працоўным днём.
     Створаныя Якубам Коласам малюнкі прыроды выклікаюць гонар за сваю зямлю. Яны як завет пісьменніка любіць гэту зямлю, ахоўваць прыроду, разумна выкарыстоўваць яе дары і не пераставаць захапляцца яе прыгажосцю.
     Чытайце творы Якуба Коласа, здзіўляйцеся і захапляйцеся створанымі ім малюнкамі прыроды. Паглядзіце ўважліва вакол сябе, прыгледзьцеся да дрэў, зазірніце ў неба, услухайцеся ў птушыны спеў — і вам адкрыецца нешта раней не заўважанае.