Народ у трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Вобразы сялян-палешукоў.(2)
Ідзіце ж к народу, як добрыя дзеці, Ідзіце, злучайце яго...
Я. Колас
Майстэрства Коласа-рэаліста, Коласа-філосафа і гуманіста, сапраўды народнага і нацыянальнага песняра, з асаблівай сілай выявілася ў створаных ім нацыянальных тыпах беларускага народа. У творчасці Якуба Коласа ўвасоблены ідэалы і памкненні, побыт і традыцыі, культура і ментальнасць нашага народа.
Заслуга Коласа перад нашай нацыянальнай культурай найперш у тым, што ён не абмежаваўся паказам цяжкага становішча народа, а пайшоў далей за сваіх папярэднікаў. Ён апаэтызаваў простага працаўніка, раскрыў яго багаты духоўны свет. Эстэтычны ідэал прыгожага ён знаходзіў у рэчаіснасці і найперш у народзе. У трылогіі «На ростанях» (1923-1954 гт.) — першым творы нацыянальнай прозы — ён здолеў зрабіць сацыяльны зрэз грамадства пачатку XX ст., паказаў не толькі ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, іх узаемаабагачэнне, але і эвалюцыю пад уздзеяннем пераломных момантаў гісторыі.
Чытач усведамляе і «бачыць» народныя вобразы трылогіі вачыма Лабановіча, чытацкае стаўленне да таго ці іншага персанажа ў многім вызначаецца адносінамі Лабановіча да яго. Ды і сам галоўны герой інтэлігент Лабановіч выпрабоўваецца пісьменнікам адносінамі да народа ў першую чаргу. Нам перадаецца захапленне Лабановіча дабрынёй бабкі Мар'і, у вобразе якой пісьменнік увасобіў лепшыя нацыянальныя рысы беларускага народа: здольнасць зразумець бліжняга свайго, паспагадаць, дапамагчы і разам з тым супрацьстаяць злому, брыдкаму, нялюдскаму. Сваё пісьменніцкае ўсведамленне і стаўленне да народа Колас найчасцей выяўляе праз думкі, словы, учынкі галоўнага героя: «ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што ідуць ад другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны».
Колас — майстар дыялога. Гэтым мастацкім прыёмам ён асабліва часта карыстаецца пры абмалёўцы і стварэнні тых персанажаў, назначэне якіх у трылогіі — паказаць уздзеянне на рост свядомасці Лабановіча. Размовы Лабановіча з дзядзькам Марцінам якраз і дапамаглі маладому настаўніку ўбачыць селяніна знутры. Менавіта дзядзька Марцін адкрывае вочы Лабановічу на тое, што народ жыве бедна не праз сваю нядбайнасць, а таму, што не мае ўласнай зямлі, не з'яўляецца гаспадаром. «Арэндная плата павышана, а плаціць няма з чаго. I з пашаю цесна, забаронена ўсюды, толькі дзе ступіць жывёла, зараз і штраф плаці. Няма, брат, простаму чалавеку ні волі, ні разгону». У вобразе дзядзькі Марціна ўвасоблена і ўслаўлена мудрасць народная, той здаровы сэнс, якім кіраваўся заўсёды просты чалавек у сваім нялёгкім жыцці.
Каларытным вобразам дзеда Мікіты пісьменнік сцвярджае, што народ беларускі — волат. Дзед Мікіта вылучаецца і здзіўляе ўсіх незвычайнай фізічнай сілай. Фізічная праца зрабіла гэтых людзей дужымі, моцнымі, вынослівымі. Са здзіўленнем слухае Лабановіч расказ пра старога Грыгора, які ў мядзведзіцы адабраў жывога медзведзянятка і прынёс яго з лесу. «Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах», — думае Лабановіч.
Асаблівае захапленне пісьменніка выклікаюць дзяды, «аздобленыя сівізною, маршчынамі і пачэснымі лысінамі». «Гэта былі аграномы-самавучкі, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Яны ведалі, у які дзень, у якую нават часіну трэба выязджаць з сахою ў поле, пры якіх умовах трэба сеяць тую ці іншую збажыну».
У вобразе братоў Бязручак, вобразах дзяцей пісьменнік паказаў адвечнае імкненне нашага народа да святла, навукі. I не толькі імкненне, а здольнасць да яе, пашану да кнігі, друкаванага слова наогул.
Вялікую ролю ў паказе народа і выяўленні адносна гэтага сваёй пісьменніцкай канцэпцыі адыгрываюць легенды і паданні ў трылогіі. Народ паказаны як ахоўнік вечнасці і збіральнік скарбаў, у якіх — памяць, душа народа, яго вопыт і мудрасць. Нездарма жыве ў памяці народа легенда пра Яшукову гару, у якой засведчана праўда пра жудасныя звычаі ў часы прыгону, пра вынішчальныя і спусташальныя войны з чужынцамі. Пан Яшук, з якім расправіўся народ, не быў выключэннем сярод прыгоннікаў. 3 гэтымі легендамі і паданнямі жыве людская мара аб волі.
Вобразам Цімоха Жыгі пісьменнік пераканаўча паказаў, што з цягам часу мара аб волі абавязкова здзейсніцца. Калі сярод народа ёсць такія мудрыя, цвярозыя і непадкуп ныя, здольныя хай сабе пакуль толькі на бунт, на пратэст, то ў такога народа ёсць будучыня. Пакуль што ў змаганні з Захарам Лемешам Цімох адзінокі, бо таму ўдалося перад «выбарамі» адных запалохаць, другіх спаіць, але добры пачатак — справе вянец. Цімох Жыга — першая ластаўка. «Будзе бура! Павінна быць навальніца!»
Таленавіты, высакародны і мудры народ жыве на зямлі беларускай. Але жыве не па-людску. Так далей жыць нельга! Але дзе ж тая сіла, што здольна змяніць жыццё народа, вартага лепшай долі? Пытанне гэта не давала спа-кою Лабановічу, вырашэнню яго ён прысвяціў сваё жыц-цё. Вобразам Аксёна Каля пісьменнік адказаў і на галоў-нае пытанне трылогіі: сіла, якая здольна змяніць жыццё народа, —у ім самім, бо сам народ і ёсць такая сіла. Колас-рэаліст выпісаў гэты вобраз пераважна рамантычнымі сродкамі. Аксён Каль — асоба моцная, выключная, незвычай-ная, надзеленая вялікай сілай, дапытлівым розумам, рашучасцю і смеласцю, здольнасцю арганізаваць і павесці за сабой людзей. Пра гэтага нязломнага праўдашукальніка, які сам не можа жыць спакойна, не церпіць несправядлівасці і «другіх катурхае», Лабановіч часта думае, што ён мог бы стаць «строгім пракурорам за грамадскія справы», «бязлітасным помснікам за сялянскую крыўду». Ён цвёрда верыць «у тую адвечную праўду, якую так прагна чакае народ». Аксён Каль лічыць, што сялян ашукалі кручкатворы-чыноўнікі, панскія прыслужнікі, а таму добраахвотна выступае даверанай асобай ад грамады ў спрэчках з панам Скірмунтам. I ў воласці яго ведаюць як небяспечнага для ўлад чалавека, бо ён будзіць сялянскую думку, узнімае на барацьбу з няпраўдай.
Абмалёўваючы гэты вобраз рамантычнымі сродкамі, не хаваючы свайго захаплення ім, пісьменнік праўдзіва паказаў і «памылкі» свайго героя, тыповыя і для сялян, і для інтэлігенцыі таго перыяду гісторыі. Аксён Каль наіўна думае, што вінаваты ва ўсім толькі чыноўнікі, і верыць у «добрага» бацюхну-цара. Каб рассеяць гэту веру, Лабановіч даводзіць да свядомасці Аксёна Каля, што цар заўсёды абараняе паноў, а таму ніякія прашэнні і хадайніцтвы сялянам не дапамогуць, што цар самы першы прыгнятальнік і вораг народу.
Вобразам Аксёна Каля пісьменнік пераканаўча паказаў эвалюцыю ў свядомасці сялян, уплыў інтэлігенцыі на рост свядомасці народа.
Пераканаўча паказана пісьменнікам у трэцяй кнізе трылогіі народная ўдзячнасць інтэлігенцыі за слугаванне яму. Сяляне вёскі Мікуцічы па сваім жаданні ахоўваюць нелегальны з'езд настаўнікаў. Пазней сяляне не дазваляць прыставу арыштаваць настаўнікаў: «Натоўп сялян і іхні варожы настрой да паліцыі былі прычынаю таго, што прыстаў паспяшаўся змыцца, не закончыўшы вобыску і нікога не арыштаваўшы».
Урыўкі з паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка».
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў
! Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гуцуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Сам лёс, мусіць, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
I лілася кроў нявінна,
Швед набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасці тварыў,
Будаваў астрог народу
I барбарскім капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з казлом.
I без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
I збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.
Родны край! ты разарваны,
I на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы,
Каб з варшаўскае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні ксёндз, ні пан не верне
Плынь гісторыі назад!
Эх, чаго нам не прыйпшося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым! •
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
I сваім уласным краем
Край свой родны называць?