Белорусские сочинения - Якуб Колас - Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Тэма роднага краю ў яго паэзіі

Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Тэма роднага краю ў яго паэзіі

...Жыцця адбітак, разважання,
Нязжыты след прасцяцкай долі,
Адвечны водгук праўды, волі.
Я. Колас
Пра тое, кім з'яўляецца Якуб Колас для нашай нацыі і яе духоўнасці, можна гаварыць бясконца і самымі высокімі эпітэтамі, але ўсё створанае ім найперш, бадай, вызначаецца галоўным — разам з неўміручым Купалам, сваім равеснікам і сябрам, ён з'яўляецца заснавальнікам сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У створаным ім сабраны неацэнны скарб душы народа і «бяссмерце яго» — мова, слова роднае «адшліфавана» ім як каштоўны алмаз, што пад рукой таленавітага творцы стаўся зіхоткім брыльянтам. «Абшарыўшы кішэні сваёй памяці», уклаўшы ў матчыну мову «агонь душы і сэрца жар», ён здолеў паказаць нам узнёслае ў зямным, святое ў будзённым, прыгожае ў звычайным так, як да яго і пасля яго гэтага не здолеў ніхто
іншы.
Талент Якуба Коласа выключны і фенаменальны і таму непадуладны ніякаму спасціжэнню розумам, а вось адданасць яго свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная, выяўленая ў канкрэтных зямных справах. I жыццё яго — узор і прыклад усім, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, паслугаваць Айчыне незалежна ад таго, якой справе сябе прысвяціў.
Вытокі добрага і злога ў кожным чалавеку — у яго маленстве, у сям'і, дзе ён атрымаў самыя першыя ўрокі людскасці ці, наадварот, жорсткасці і бязладцзя. Вытокі таленту і адданасці песняра свайму народу, вобразам мілым «роднага краю» — таксама ў яго раніцы жыцця, поўнае ўяўленне пра якую мы атрымалі, прычасціўшыся да нерушы яго слова ў паэме «Новая зямля». Гэта самы таленавіты ва ўсёй беларускай літаратуры твор, які па праву названы «энцыклапедыяй народнага жыцця», — помнік паэта сваім родным і блізкім, а таксама гімн і слава ўсяму беларускаму народу. У гэтым творы не зменены нават імёны прататыпаў герояў: працавіты і мудры Міхал з яго марай «прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут» — бацька паэта Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч; Ганна, у вобразе якой увасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны-маці і жонкі, — Ганна Юр'еўна, маці песняра, якая нарадзіла яго 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы, што непадалёку ад Стоўбцаў А «дзядзька, мілы наш Антоні» — родны брат бацькі, што ўсё сваё жыццё прысвяціў яго сям'і і дзецям і за шчырае слугаванне і талент чалавечнасці стаў неўміручым, як і ўсё, створанае яго пляменнікам. Чытаеш паэму і пераконваешся, што каб з маленькага чулага Кастуся, надзеленага, вядома ж, прыродным незвычайным дарам, вырас выразнік дум народных, вялікі пясняр, патрэбна да ўсяго яшчэ і асяроддзе, умовы, у якіх панавала любоў, лад і згода, што былі вызначальнымі ў сям'і Міцкевічаў Добрае вырастае толькі на добрай глебе, і будзе ўсё жыццястойкім, калі пастаўлена на трывалым падмурку.
Праз усё жыццё на нялёгкай дарозе з камянямі, «што губяць сілы маладыя» нават, «сонцам свяціла» Якубу Коласу Панямонне; ва ўспамінах пра «родны кут» і родных, дарагіх яго сэрцу людзей чэрпаў ён сілы, калі шчыраваў на духоўнай ніве, працуючы настаўнікам на Палессі, калі сядзеў у турме. Поўнае ўяўленне пра маладосць і сталасць песняра мы атрымалі, прачытаўшы яго раман-трылогію «На ростанях», бо і галоўны вобраз, і ўся трылогія, як і паэма «Новая зямля», маюць аўтабіяграфічную аснову.
Першы верш Канстанціна Міцкевіча «Наш родны край» быў надрукаваны ў газеце «Наша доля» ў 1906 г. пад псеўданімам Якуб Колас. I назва верша, і псеўданім аўтара былі сімвалічнымі і вызначальнымі для ўсёй творчасці песняра, якую ён, як і сваё жыццё, прысвяціў роднай зямлі і шчыраму на ёй сейбіту — народу.
Тры гады турэмнага зняволення за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе і рэвалюцыйную дзейнасць не зламалі волю паэта: за турэмнымі кратамі і пачалася праца над паэмамі «Сымон-музыка» і «Новая зямля».
Змест, матывы і вобразы самага першага зборніка паэта «Песні жальбы» (1910) найлепш вызначыць радкамі:
Не пытайце, не прасеце Светлых песень у мяне,. Бо як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне.
Аднак многія вершы і першага, і другога зборніка «Родныя з'явы» (1914) сведчылі пра тое, што ў паэзію прыйшоў не толькі пясняр жальбы, але найперш — пясняр-бунтар, доказам таму — аднайменны Купалаваму верш «Мужык». I напісаны ён у форме маналога, але бунтарская сіла коласаўскага мужыка яшчэ большая:
Я — мужык, а гонар маю. Гнуся, але да пары. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загутю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
У першых паэтычных зборніках выявіўся і выкрывальны дар Коласа-сатырыка. Многія яго вершы («Мікалаю II», «Канстытуцыя») — сапраўды палітычныя памфлеты, у якіх гучыць прысуд антынароднай сутнасці царызму і падманнай канстытуцыі імперыі.
Самым дасканалым у плане выкарыстання іроніі, сарказму не толькі дзеля выкрыцця зла, а для сцвярджэння сілы народнай з'яўляецца верш «Асадзі назад!».
Жанр сатырычнага куплета, рэфрэн-эпіфара «Асадзі назад!», востры дыялог— усё падначалена галоўнай задуме: паказаць не толькі жальбу беларуса, скаргі яго на гвалт і рабунак, але і яго здольнасць пасмяяцца са сваіх
няшчасцяў, падняцца над імі і заявіць пра свае правы. Нідзе няма ходу простаму селяніну, куды б ні паткнуўся — «Асадзі назад!» I ўсё ж, як прызнаецца з горкай іроніяй герой, «два разы на жыцці выйшаў» ён «упярод»:
Узбунтаваў я вёску, Ой, быў цяжкі год. Прыязджае прыстаў: Выхадзі ўпярод!
У форме звароту, выкрывальнага і пафаснага, напісаны верш «Ворагам». Здзекліва і сатырычна гучыць зваротак-сюмаран «дабрадзеі»;
Багачы і панства, Нашы дабрадзеі! Мы на суд вас клічам, Каты вы, зладзеі!
Ідэя верша ў сцвярджэнні непазбежнай расплаты за здзекі і злачынствы:
Ўжо даўно вяроўкі Вас, паны, чакаюць I па вас асіны Слёзы праліваюць...
Наколькі гнеўна і бунтоўна гучыць голас паэта, калі ён піша пра крыўдзіцеляў народа, настолькі светла, лірычна і прачула, калі піша пра родны край. Пра шырыню паэтычнага дыяпазону паэта, пра яго бязмежную любоў да Бацькаўшчыны і метафарычнасць яе выяўлення сведчыць адзін з самых выдатных лірычных вершаў Коласа — «Родныя вобразы». Верш напісаны ў форме звароту сына-патрыёта да маці-радзімы, змест яго — прызнанне ў бязмежнай любові да маці-зямелькі, да яе хараства і багацця. Філасофская думка верша, парадаксальнасць і супярэчлівасць пачуццяў (тое, што М. Лермантаў назваў «странною любовью») лірычнага героя выяўляецца найперш праз эпітэты і аксюмараны: «сумнай красы», «смутак і радасць», «смутку, жальбы і красы». Захапленне і светлае пачуццё лірычнага героя зліваецца са смуткам, прыгожаму ў душы дысануе рагічнае, бо то «краса без аўладання», як вызначыць пазней паэт прычыну гэтага супярэчлівага пачуцця ў паэме «Новая зямля».
У гэтым жа вершы віруюць пачуцці любові і захаплення разам з тугой і смуткам:
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая! Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я К вам, мае ўзгорачкі раднага поля,
Рэчкі, курганы лясы, Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?
Хвалюючая, вобразная лірыка паэта. I ўсё ж пасапраўднаму выявіўся дар песняра ў эпічным адлюстраванні «родных з'яў». Эпічнасць і рэалізм у спалучэнні з лірычным — вызначальныя адметнасці стылю Коласа-творцы. Менавіта схільнасць да эпічнага і рэалістычнага адлюстравання і вялікі да гэтага дар забяспечылі яму славу летапісца жыцця народа на працягу значнага перыяду гісторыі.
Ментальнасцю нашага народа, гісторыяй абумоўлены лёс і імкненне да зямлі і волі. Усведамленне нашым народам зямлі як «асновы ўсёй Айчыне», як промня «волі і свабоды» знайшлі свой мастацкі «адбітак» у паэме «Новая зямля» — энцыклапедыі жыцця народа. Найбольшая вартасць гэтага твора, што забяспечыла яму ўзровень шэдэўра сусветнай культуры, — мастацкае выяўленне нацыянальнага.
Усведамленне народам і інтэлігенцыяй, што адзіны шлях да «новай зямлі» — шлях рэвалюцыйны, засведчана ў самым першым буйным сацыяльна-псіхалагічным празаічным творы беларускай літаратуры—у трылогіі «На ростанях».
Пра тое, як «затраслося, закалацілася Палессе», як на барацьбу з інтэрвенцыяй падняліся «ад стара і да мала», як з печы злезлі нават сямідзесяцігадовыя Талашы, каб вызваляць свой забраны край, засведчана ў аповесці «Дрыгва» (1934). Як выйшлі «на на прастор, на шырокі разлог», як крынічным струменем бруіліся маладыя здаровыя сілы, як змагалася наша молодзь, нашы Сцёпкі і Аленкі з балотнай гніллю, як настойліва авалодвалі навукай і неслі яе святло людзям — у апавесці «На прасторах жыцця» (1926). Пясняр ускладаў вялікія надзеі на моладзь. Маладым жыць на гэтых прасторах і засяваць іх дабром, каб зелянелі рунню палеткі, каб каласіліся потым збажыной, каб вечным быў няспынны рух жыцця.
Беларускай моладзі прысвячае ён і адзін з самых сваіх таленавітых твораў — рамантычную паэму «Сымон-музыка», быццам дакляруючы, наказваючы маладым несці свой талент, «агонь душы і сэрца жар» свайму народу.
Пра новую, перажытую нашым народам трагедыю, пра тое «як раз'ядналі, як адарвалі брата ад брата» і як браты-беларусы набліжалі 17 верасня 1939 г., злучыўшыся нарэшце ў адну сям'ю, а землі свае вызваленыя — у адзіную дзяржаву, расказваецца ў паэме «Рыбакова хата». Толькі нядоўгім было тое мірнае жыцце і кароткім шчасце. I пра гэта — у паэмах «Адплата» і «Суд у лесе». Міралюбны па характары, але даведзены да адчаю мужна бараніў беларускі народ свой край і чалавечую годнасць.
Вершы і паэмы, апавяданні і раманы, аповесці і драмы, рэалістычныя творы і алегарычныя «Казкі жыцця», тонкія, лірычныя вершы і здзекліва-сатырычныя апавяданні на бытавыя і сацыяльна-палітычныя тэмы — выключна ўсе літаратурныя жанры годна прадстаўлены ў творчасці песняра, пафіласофску мудрай і глыбока псіхалагічнай.
Якуб Колас не толькі класік нашай нацыянальнай літаратуры, але і выдатны вучоны, педагог. Доўгі час ён выкладаў методыку роднай мовы і літаратуры ў Белпедтэхнікуме і Белдзяржуніверсітэце; будучы ўжо знакамітым, ездзіў па гарадах нашай Беларусі і выступаў з лекцыямі на настаўніцкіх курсах. Да гэтага часу не страціла сваёй каштоўнасці першая, ім напісаная «Методыка роднае мовы».
У ноч з 12 на 13 жніўня 1956 г. ён яшчэ пісаў ліст у ЦК КПСС пра тое, што яго моцна трывожыла і хвалявала — пра стан беларускай мовы ў нашай дзяржаве. Сэрца яго не вытрымала: ліст так і застаўся недапісаным. Яго іменем названы БДТ-ІІ у Віцебску, Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук прысвоена яго імя. На адной з цэнтральных плошчаў сталіцы, што носіць яго імя, пастаўлены помнік песняру і яго героям. Але самым лепшым помнікам яму будзе, калі мы ўдумліва прачытаем яго кнігі і ўзбагацім сябе іх мудрасцю.