Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
...Маё апавяданне Жыцця адбітак, разважання, Нязжыты след прасцяцкай долі, Адвечны водгук праўды.волі.
Я. Колас
Шмат у беларускай літаратуры сапраўды нацыянальных твораў. Але па энцыклапедычнасці выяўлення нацыянальнага як вышэйшага атрыбута мастацкай вартасці шэдэўраў роўных «Новай зямлі» няма.
Калі і наканавана нам знікнуць у свеце, то новыя цывілізацыі мелі б поўнае ўяўленне пра нас, пра беларусаў як нацыю, пра зямлю, на якой мы жылі, пра наш побыт, нашу культуру, традыцыі і звычаі, пра наш характар і ментальнасць, пра нашы каштоўнасці, пра нашы мары і памкненні толькі па адной кнізе — паэме «Новая зямля». Усё ў ёй — наша, роднае, нацыянальнае.
Найвялікшай каштоўнасцю для кожнай нацыі з'яўляецца зямля, на якой жыве народ. Для нашага народа зямля — гэта не проста тэрыторыя, а прошча, святое месца і «аснова ўсёй Айчыне». Малітоўна, прачула і ўзнёсла выявіў Якуб Колас усведамленне нашым народам зямлі як маці-карміцелькі, што «не зменіць і не здрадзіць», што «дасць волю, дасць і сілу», што дакляравана нам ад прадзедаў і будзе перададзена дзецям і не пакіне і іх: «зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля паслужыць да магілы»... I прырода гэтай зямлі, «дзе елка ў пары з хваіною, абняўшысь цесна над вадою», дзе «лес кашлаты», дзе «крынічкі ву зенькае ложа», дзе «зялёны луг, як скінуць вокам», дзе на дубах «чарнеюць гнёзды буславыя», — усё, усё тут нашае, беларускае, роднае. I вёсны, і «зімы з маразамі, завеі снежныя ў палях», і лета з вясёлым часам касьбы, і восень, якую «на ніцях белай павуціны» прывозяць павучкі, — таксама толькі ў нас такія.
Любоў да роднай зямлі, нястомная праца на ёй — адметныя якасці беларускага народа, вядомыя ўсяму свету. Радзіма і зямля для беларуса — «промень волі і свабоды». Трагічны лёс нашага народа, бо і геапалітычнае становішча, і багацце гэтага краю былі надта- зайздросныя і прынадныя для заваёўнікаў, што скарысталіся і памяркоўнасцю, міралюбствам, цярпеннем гэтага народа. Чароўны багаты край, «ды толькі бедны яго дзеці». Аднак, хаця «вякамі дух яго забіты», невычарпальна ў народзе імкненне да зямлі і волі. Пераканаўча паказана пісьменнікам, як «станоўка, ненарокам, ішоў да мэты крок за крокам» яго галоўны герой, у якім увасоблены лепшыя якасці беларуса.
Вялікай заслугай песняра з'яўляецца тое, што ён паказаў свой народ нязломным, жывучым і жыццястойкім, з моцным інстынктам самазахавання і прагай, воляй да жыцця. I першае сведчанне таму — працавітасць. За выключэннем рэдкіх хвілін адпачынку, нашы героі — у працы, дзякуючы якой:
Ўсё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворная тут сіла Ад сну прыроду абудзіла.
«Жыватворная сіла» — працавітасць беларуса, а працавітасць, як вядома, — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, што сведчыць пра жыццястойкасць народа.
Якуб Колас паказаў беларуса не толькі ў працы, але і ў адпачынку, у час святаў, прычым традыцыйных, нацыянальных, тым самым выявіў душу народа, яго беражлівае стаўленне да звычаяў і традыцый. Не толькі талентам паэта, але і яго жыццёвай мудрасцю напоўнены раздзелы «Падгляд пчол», «На каляды» і іншыя, у якіх ён выпрабаваў сваіх герояў святамі і здольнасцю адпачыць, ушанаваць продкаў ці ад душы павесяліцца, сустрэцца з людзьмі, блізкімі па духу. I столькі шчырасці, цеплыні, дасціпнасці і гумару ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі! Тонка і пераканаўча паказана і такая якасць беларуса, як уменне жыць з людзьмі палюдску, гасціннасць і шчырасць, гатоўнасць падзяліцца добрым з добрьші людзьмі. Так, дзядзька Антось стаўся да ўсяго яшчэ і «пчаляром заўзятым», разумна скарыстаўшы тыя багацці, што былі побач: «мора грэчкі» і векавыя ліпы, — і развёў пчол. Народная мудрасць папярэджвае: «Не любіць зайздрасці пчала». I каб людзі не зайздросцілі, каб пчолы не звяліся, нашы героі не толькі шчодра пачаставалі гасцей мёдам, але на развітанне яшчэ далі кожнаму з сабой па збанку мёду. Нельга без хвалявання чытаць, як Ганна ў час пярэбараў яшчэ раз зайшла ў пустую хату, якую ўся сям'я вельмі любіла і шкадавала, што трэба зноў зрывацца з наседжанага і абжытага. Вярнулася, каб справіць «звычай дзядоў» — пакінуць на куце хлеб і соль для тых, хто будзе тут жыць, — ім на шчасце.
Многія раздзелы паэмы прысвячаюцца дзецям. Назначэнне іх — уславіць яшчэ адну нацыянальную якасць беларуса, спрадвсчную якасць, дзякуючы якой «жыў беларус — і будзе жыць!» — клопат пра будучыню сваю, бо дзеці — і ёсць будучыня нацыі і кожнага чалавека канкрэтна. Такая пільная і кранальная пісьменніцкая ўвага да дзяцей у паэме тлумачыцца мудрасцю песняра, які папярэджвае нас усіх і напамінае, што вытокі ўсяго — у сям'і. Свой чалавечы ідэал сям'і паэт выявіў на прыкладзе сям'і Міхала і Ганны, у якой панавалі любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат кожнага пра кожнага. У паэме выдатна паказаны не толькі прынцыпы векавой народнай маралі, але і прынцыпы народнай педагогікі. Прыклад і сумленнасць бацькоў, іх чалавечныя ўзаемаадносіны, любоў да дзяцей, працавітасць і строгасць — вось асноўныя прынцыпы педагогікі, памастацку рэалізаваныя ў паэме.
Мала хто звяртае ўвагу на тое, што ў нашай беларускай літаратуры няшмат ёсць вобразаў, у якіх бы з такой пераканаўчасцю і мастацкай сілай быў бы ўвасоблены дар педагога, як гэта ўвасоблена ў вобразе дзядзькі Антося. Безумоўна, гэтым вобразам славіцца наогул таленавітасць беларускага народа. Аднак, як тонка заўважана Коласам, калі прырода ўзнагароджвае чалавека, то шчодра, і не адным, а многімі талентамі. Менавіта ўслаўленню педагагічнага («ён быў настаўнікам, суддзёю..») таленту дзядзькі Антося прысвячаецца найбольш старонак у паэме, прычым, не апісальна, а пераканаўча — мы бачым дзядзьку Антося «як жывога» у час яго «ўрокаў» і нават у самыя крытычныя для кожнага настаўніка моманты, калі ніякія меры і сродкі ўздзеяння не спрацоўваюць. «О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога!»
Паэма «Новая зямля» — мастацкая этнаграфія Беларусі. Натуралістычна выпісаны ў паэме выключна ўсё, што характарызуе побыт беларуса: забудовы, хатні інтэр'ер, прылады працы, нацыянальныя стравы, жаночыя і мужчынскія строі, танцы, песні, народныя «залацінкі». Чытаючы паэму, мы захапляемся мудрасцю і здаровым сэнсам нашых продкаў: у іх не было нічога непатрэбнага, лішняга, і яны мелі ўсё неабходнае для здаровага ладу жыцця.
Энцыклапедычнасць паэмы дасягаецца і панарамным адлюстраваннем жыцця беларускага народа. Раздзелы «Агляд зямлі», «Па дарозе ў Вільню» і «Дзядзька ў Вільні» — своеасаблівая вандроўка, «адысея» нашых продкаў да «новай зямлі». Гэты мастацкі прыём дазволіў паэту паказаць усю Беларусь «ад краю ў край». Пісьменніцкі вывад — і ў захапленні герояў («старонка міла і цікава»), і ў горкім Антосевым усведамленні, што «ўсё гэта — скарбы чужаніцы», а дух народа «забіты вякамі». I тым болын уражвае невынішчальнае імкненне нашых продкаў да зямлі і волі, усведамленне імі гэтых каштоўнасцей як найвялікшых у свеце і вартых чалавека. А нацыя любая вызначаецца менавіта тым, што яна лічыць для сябе самым галоўным і першасным. I яшчэ тым, як ставіцца да каштоўнасцей, вызначаных ёю самой. Значнасць каштоўнасцей і тая воля, з якой героі паэмы ішлі да іх, дае падставы спадзявацца, што такая нацыя неўміручая.