Агульначалавечыя матывы ў творчасці Якуба Коласа
Мастацтва сапраўднае заўсёды было вышэйшым за палітыку. Тым і забяспечвала сабе вечнасць. Давайце звернемся да прыкладаў з сусветнай і нашай нацыянальнай літаратуры. Якія, напрыклад, творы А.М.Горкага ўвайшлі ў гісторыю літаратуры і сталі неўміручымі? Раман «Маці» ці паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданне «Старая Ізергіль», п'еса «Васа Жалязнова»? Раман «Маці» адыграў значную ролю ў рэвалюцыянізацыі свядомасці народа, стаў мастацкай ілюстрацыяй да таго, што прапагандавалі балынавікі, марксісты ў сваіх лістоўках, палітычных маніфестах. Вечнымі ў ім аказаліся якраз не палітычныя нейкія сцэны, моманты, эпізоды, а чалавечыя: сын бачыць, як здзекуецца з яго маці бацька і страшэнна перажывае яе прыніжанасць і баязлівасць, маці клапоціцца і не менш перажывае з прычыны, што яе родная крывінка жыве не так і не тым, чым жывуць іншыя, і, урэшце, баронячы сына, ганаручыся ім, ступае на сцежку дапамогі рэвалюцыянерам. Агульналюдскі змест складае душу горкаўскага рамана, значэнне якога праз дзесяцігоддзі значна паменшылася, страцілася. Не тое адбылося з яго аповесцямі пра людскасць і нялюдскасць, дабро і зло, каханне і смерць, распад маралі, нораваў, подзвіг, ахвярнасць і палахлівасць, абыякавасць. Яны, такія творы пра агульначалавечы змест жыцця, пісаліся Горкім усё жыццё. Іх пафас нам дарагі і сёння. Як і пафас Хэмінгуэевага «Стары і мора», «Фаўста» Гётэ, так удала перакладзенага на нашу мову Васілём Сёмухам. Як і змест баладаў Сыракомлі і «Дзядоў» Адама Міцкевіча, пушкінскага «Анчара» і «Меднага конніка», лермантаўскага «Ветразя», многіх твораў Васіля Быкава і асабліва яго « Альпійскай балады», у якой каханне перамагае смерць і становіцца гарантыяй працягу жыцця, яго вечнасці. Вечнае тое, што чалавечнае, — прыкладна так не раз пісаў у сваіх творах славуты беларускі паэт, класік нашай нацыянальнай літаратуры Максім Танк. Ды мне хочацца прывесці з гэтай нагоды словы іншага, менш вядомага аўтара, таксама пісьменніка, настаўніка маёй настаўніцы, пра нялегкі лес якога яна нам так многа і захоплена расказвала: «Прага чалавечнасці — прага вечнасці. Што чалавечнае — тое і вечнае». Гэтымі радкамі кіруючыся, пастараемся расказаць пра арыгінальнасць творчасці Якуба Коласа, пра тое ў ёй, што застанецца назаўсёды. Што мае каштоўнасць не толькі ў вачах беларусаў, але і ў вачах іншых народаў свету. У сувязі з гэтым не магу не спаслацца на выказванне беларускага паэта, празаіка, крытыка, які вымушаны быў у мінулую вайну эміграваць, Масея Сяднёва пра Коласаву паэму «Новая зямля»: «Будучы гісторык пашкадуе, што зніклі, як тая Атлантыда, прыгожая зямля — Беларусь і народ, які жыў на ёй. (...) Чарнобыль спустошыць зямлю нашу, і толькі па «Новай зямлі» Якуба Коласа патомак даведаецца, якою яна была ў сапраўднасці». Хораша сказана. Сапраўды, «Новая зямля» Якуба Коласа — твор пра неўміручасць народа, які мае свой адметны характар, сваю мілагучную, светлую мову, сваіх добрых і старанных, паслухмяных і цікаўных дзяцей, сваю апратку і хатнія рэчы, далікатнасць, сціпласць і шчырасць як самыя адметныя рысы. 3 паэмы мы даведваемся, што кепскае жыццё — ад кепскіх людзей, ад няўмельства і нядбальства, а не толькі ад малых і вялікіх начальнікаў на чале з царом. Колас аддае перавагу звычайнаму чалавечаму жыццю, а не жыццю грамадскаму, палітычнаму, сацыяльнаму ў сваім неўміручым творы. Ён кожную драбніцу яго асвечвае святлом душы сваёй і абагаўляе: і тое, як у «дзень святы», «яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне», і як лес каля леснічоўкі стаяў «пад шнурочак», « гожаю падковай», і як дзядзька Антось выбіраў «на звон», на вобмацак, нібы песню складаў, касу і варыў у бярозавым соку клёцкі, і як няўтульна даводзілася яму ў Вільні, дзе ў зямельным банку сядзелі раўнадушныя да людскіх клопатаў чыноўнікі, пісцы («Сядзяць пісцы, як гною кучкі»). Пісаў ён пра ўсё дарагое і блізкае, з дзяцінства ўведанае-пераўведанае. Пісаў, як усё роўна дыхаў свежым, гаючым паветрам, седзячы ў мінскім астрозе, у бетоннай камеры. I менавіта сваёй матэрыяльнасцю, рэчыўнасцю, узвышанай да эстэтычнай вартасці і значнасці, запомнілася паэма. I яшчэ — скіраванасцю на вырашэнне агульначалавечых маральнаэтычных праблем. Сярод іх — жыццё і смерць, чалавек і грамадства, мастак і ўлада, дабро і зло, спосабы жыцця, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей і інш. Менавіта япы ў цэнтры паэмы «Новая зямля», паэмы «Сымон-музыка» і трылогіі «На ростанях». Таму гэтыя Коласавы творы перажылі час і будуць жыць далей. Так, як жыве да нашых дзён славутая «Іліяда», не менш славутая «Адысея», экранізацыю якой я зноў нядаўна глядзела па тэлебачанні. Не менш узнёсла, эмацыянальна ўхвалены ўсе жыццёвыя драбніцы ў эпасе скандынаўскіх народаў знакамітай «Калевале». Дарэчы, урыўкі з яе, мне казала настаўніца, перакладзены яшчэ адным беларускім паэтам-эмігрантам Алесем Салаўём. Я люблю паэму «Новая зямля» за тое, што ў ёй свеціцца кожная маленькая жыццёвая драбніца. Паэт замілаваны штодзённым жыццём.
Паэтызуе паэт і прыроду — зіму і вясну, лета і восень, лясы і рэкі, палі і лугі, насельніцтва зямлі — маленькіх казюрак, мошак, конікаў у зялёнай траве, жывёлаў і рыбак, чалавека і ўсё-ўсё, што навакол яго, што з'яўляецца яго вечным спадарожнікам на жыццёвай сцяжыне. Сапраўды, свет можа даведацца пра Беларусь і беларусаў менавіта з гэтага твора.
У паэме «Сымон-музыка» Якуб Колас паэтызуе Мастацтва і Каханне. Гэтыя словы я напісала з вялікай літары, бо іначай не магла. Яны — не проста словы, а сімвалы неўміручасці чалавецтва, якое кіруецца імі ў зямным жыцці. Дзякуючы Мастацтву і Каханню народ здолее разарваць кола трагедыйных абставінаў і выйсці на шырэйшыя прасторы. Таму паэма і заканчваецца шматзначнай сцэнай: Сымон-музыка абуджае ад летаргічнага сну ігрой на скрыпцы Ганну і разам яны крочаць насустрач сваёй долі і да свайго народа, блізкіх людзей.
Асноўны пафас жыцця маладога настаўніка Лабановіча, які прыехаў працаваць у згубленую сярод дрымучых лясоў ды балотаў вёску Цельшына вучыць сялянскіх дзяцей грамаце, зводзіцца да пошуку адказаў на пытанні: «Для чаго жыве чалавек?», «Як жыць — спакойна, раўнадушна ці адкрыта, актыўна? », «Што такое прыгажосць?», «У чым заключаецца сапраўдная інтэлігентнасць?». Яны таксама вечныя і агульначалавечыя. I не адразу знаходзіць на іх адказ настаўнік, хоць, здаецца, многаму яго навучылі ў семінарыі. Ды ўся справа ў тым, што ён шукае гэтыя адказы, стараецца «намацаць галінамі сонца», а калі гаварыць не так алегарычна, прасцей і болын зразумела, — адшукаць ісціну, знайсці правільны шлях у жыцці. Трылогія «На ростанях» — гэта твор пра вечны рух жыцця з цемры да святла, ад нараджэння да смерці, пра пастаяннае змаганне за месца пад сонцам нармальных людзейгуманістаў і ненармальных — хабарнікаў, прайдзісветаў, сексотаў, п'яніц, сутнасць якіх увасабляюць Саханюк і панямонская інтэлігенцыя на чале з настаўнікам Шырокім. Сытасць, раўнадушша ніколі не вызначалі сутнасць чалавечнасці і чалавека. Перш чым стаць над прыродай, дапамагчы ёй захаваць раўнавагу, адносную гармонію, чалавек павінен быў сам «ачалавечыцца», набыць рысы істоты, зацікаўленай у агульным прагрэсе жыцця. Якуб Колас сваімі праўдзівымі, светлымі, пяшчотнымі творамі даводзіць чытачам падобную думку. А палітычныя праблемы ў лепшых творах яго стаяць на другой пазіцыі. Агульначалавечае — душа Коласавых твораў.