Андрэй Лабановіч і Саханюк і да яго падобныя
Яшчэ адзін апанент Лабановіча — настаўнік цельшынскай школы, якога ён змяніў на гэтай пасадзе, Саханюк. Мне не запомнілася нават імя гэтага чалавека: саханюк — і ўсё тут. Запомнілася, як гэты «інтэлігент», «колер нацыі» (такімі былі многія дзесяцігоддзі настаўнікі, гэта апошнім часам пра іх пачалі забывацца ўлада і людзі, павялі наступ з-за адзнакаў «прайдзісветы і тарбахваты», «новыя беларусы», якія лічаць, што ўсё купляецца і прадаецца, а тым больш — настаўнікі, пасаджаныя на «галодны паёк») прыязджае ў былую сваю вёску па ссыпку, хоць ужо не працуе тут. Што яму яго сумленны і чысты, але нявопытны ў жыццёвых справах, маладзенькі калега? Што яму людскія «суды-перасуды»? Ён прызвычаіўся гаспадарыць сярод цёмных і запалоханых пакуль што людзей. Яму пляваць — маральна ці немаральна ён паступае. Пазіцыя хабарніка, які нажываецца на людской бядзе, яго цалкам задавальняе. I ён чыніць свае чорныя справы. Бабка Мар'я з неахвотай прыняла грошы ад новага, як ёй здаецца, «справядлівага» настаўніка, з неахвотай «пайшла» шукаць гарэлку на пачастунак, «гасцёвую» і вельмі хуценька вярнулася без нічога: ненавідзіць усёй душой яна гэтую брыдоту, таму і не хоча, каб светлы чалавек сядзеў з ім побач, частаваў яго. Ёй не хочацца, каб цень крумкачовага крыла ўпала на аблічча маладога, пачынаючага жыццёвы шлях чалавека. Шлях Саханюка — шлях актыўнага набіцця страўніка любымі спосабамі, нягледзячы на маральныя прынцыпы, на тое, што ён — Настаўнік. У Саханюка актыўная жыццёвая пазіцыя, адно толькі яна зводзіцца да назапашвання матэрыяльных каштоўнасцяў, да хапунства. Такім не страшныя перамены ў жыцці: яму падобныя выплываюць з вады і ратуюцца з агню. Пра такіх народ кажа вельмі проста, трапна і афарыстычна: «I ў агні не гарыць, і ў вадзе не тоне». Можа, Васіль Быкаў не выпадкова назваў свайго героя аповесці «Мёртвым не баліць» прозвішчам «Сахно», блізкім да прозвішча «Саханюк» — з аднаго кораня дрэвы, адных прынцыпаў у жыцці прытрымліваюцца. Саханюк убогі душой. Інтэлект яго невысокі, як і інтэлекты прадстаўнікоў панямонскай інтэлігенцыі. Гэта і валасны старшына, і фельчар, і сядзелец, і памочнік пісара, і дзяк, і настаўнік Шырокі. Яны большасць часу бавяць за картамі, гульнямі, расказваннем анекдотаў і баек, п'янкамі. Ім карціць заўсёды перамыць костачкі сумленных людзей, выліць на іх брыдоту. Калі Лабановіч пачуў з вуснаў свайго сябра Садовіча, што дарэмна яны завіталі ў гэтае гнілое балота, дык адказаў яму вельмі разумна і мудра: «Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота...». Смурод балота, балотная пазіцыя — гэта таксама пазіцыя пасіўнага назірання над жыццём і адначасова з гэтым — актыўнага спажывання матэрыяльных набыткаў, створаных пераважна іншымі. У чым-чым, а ў прагнасці набіць страўнікі да адказу, часта — за чужы рахунак, бясплатна, «балоту» не адмовіш. Сярод «балота» многа так званага «крапіўнага насення» (як удала характарызуе двума словамі гэтых людзей пісьменнік!) — пісараў, старшын і іншых урадавых чыноўнікаў. Пісар Дулеба — былы настаўнік — адзін з іх. Што яму настаўнічаць, траціць здароўе, дбаць аб інтарэсах «простых» людзей, вяскоўцаў? Ён знаходзіць больш грашовую і выгадную працу: пісарскую, што аплачваецца лепш і дзяржавай, і неадукаванымі, непісьменнымі мужыкамі і кабетамі. На такіх чыноўніках ды вайсковых і жандарскіх штыках і трымалася царская ўлада. Любая ўлада зацікаўленая, каб яе абслугоўвалі не інтэлектуалы, а прыстасаванцы, «дэгенераты» (як сказаў пра аднаго з іх, калежскага рэгістратара Мікіту Зносака ў знакамітых «Тутэйшых» Янка Купала). Дулеба — яе памагаты, яе апора і адданы службіст. Ён, як і Саханюк, хоча «жыць са смакам». Не марнець. Не галець. Не праходзіць турэмныя універсітэты, наканаваныя такім «мужычым сынам», як Лабановіч і яго сябры. Не меншае «балота», яшчэ больш страшны яго прадстаўнік — дзяк Бацяноўскі. Мне запомнілася адна яскравая рыса яго знешнасці: рукі яго нагадвалі кратовыя лапы. Чалавек-крот — рые і рые яму другім, даносіць на сумленных людзей, зыходзячы з сваіх архаічных, старажытных меркаванняў пра розныя рэчы. Вочы ў яго прыжмураныя і гараць нейкай хітрасцю, нібыта ён больш за іншых ведае, разумнейшы, чым усе людзі, нават чым сам настаўнік, да якога прыйшоў знаёміцца, каб пасля гэтае знаёмства ператварыць у прысуд, у чарговы данос на новага чалавека. I яшчэ мне запомнілася аўтар ская характарыстыка героя адным-адзіным трапным параўнаннем — «Сухі і нішчымны, як абмалочаны сноп». Хіба так напісаў бы менш таленавіты, чым Колас, пісьменнік? Вядома, не напісаў бы, бо, магчыма, і абмалочанага снапа не бачыў, а таму і не ведае адрознення паміж ім і неабмалочаным. Ужо адно гэтае параўнанне, падмацаванае двума эпітэтамі, сведчыць пра вялікі і непаўторны талент мастака, талент, які вынікае з ведання самой прыроды, заняткаў хлебаробаў, чалавечага жыцця ў цэлым. Можа, я і памыляюся, але мне здаецца, што калі пазней Караткевіч пісаў свой раман «Каласы пад сярпом тваім», ён сэрцам і розумам узгадняў загаловак свайго неўміручага твора з Коласавым вобразным параўнаннем. Хай і аддзяляла пісьменнікаў больш дзесяцігоддзя. Ды засталася праўда жыцця і праўда мастацкай творчасці, якая вынікае з гэтай жыццёвай праўды. Засталося ў многім аднолькавае мысленне, якое зводзіцца да прызнання адзінства жыцця каласоў і людзей, адзінства нараджэння і смерці, якія выяўляюцца на болын высокім узроўні ў лёсе чалавечым, а не прыродным. Важна, што дзяк Бацяноўскі — сухі і нішчымны колас, а многія героі караткевічавага рамана — налітыя сілай, спелыя, падрыхтаваныя да плённага жыцця. Яны, калі ўпадуць пад сярпом бязлітаснай гісторыі, пакінуць пасля сябе буйныя зярняткі, а тыя лягуць у барозны вясной ці восенню і зноў зарунеюць. I так будзе доўжыцца вечна жыццё. Неўміручае, у пакаленнях паўторанае. А Бацяноўскі-колас не пакіне пасля сябе семя, бо ён — нішчымны, пусты. Такім чынам, узнімаючыся на вышыню філасофскага мыслення, пісьменнік даводзіць у трылогіі, што жыццё неўміручае ў сваіх верных сынахкаласах, здольных выспеліць зерне. Настаўніца так не расказвала нам. Гэта дадумалася я. У школе нас вучылі больш даваць адмоўную характарыстыку «балоту» ў цэлым, да такіх падрабязнасцяў не даходзілі. А яны важныя ў кожным таленавітым творы. Яны наводзяць нас на роздум пра тое, што ў мастацтве, як і ў жыцці, гаворачы словамі Петруся Броўкі, «усё пачынаецца з малога». Не было б параўнання Бацяноўскага з пустым коласам, ды яшчэ перакручаным, абмалочаным, не было б і маіх разважанняў пра тое, што не кожны колас — даравальнік зерня, што пісьменнік ненавідзіць свайго героя не толькі за тое, што той — сексот, але і за тое, што той нішчымны чалавек, што нічшымнасць, «пустата» героя — гэта таксама пазіцыя аўтара, які спадзяваўся на часовасць, выпадковасць панавання падобных людзей у жыцці. Магчыма, мастак слова і памыляўся, бо праходзіць час, а зайздроснікі ды даносчыкі не перавяліся. I не саромеюцца сваёй дзейнасці. Ды не мог жа ён прарочыць будучыню, калі яна і сёння нам не зусім зразумелая.
Хто ж з'яўляецца не праціўнікам, а проста апанентам у трылогіі вясковаму настаўніку-праўдашукальніку. Мы прыгадвалі ўжо Тукалу, расчараванага ў жыцці, песіміста, які зняверыўся ў светлых гуманістычных ідэалах і наўрад ці ўзвысіцца над сваім песімізмам і недаверам. Хоць хто яго ведае: перамаглі ж ворага песімісты Петрак Багацька, знерваваны і паранены партызан Ляўчук, перамог трагедыйныя абставіны не меншы, чым яны, трагік Васіль Дзяцел! Можа, якраз такія расчараваныя людзі і дапамагаюць нам убачыць у жыцці прыкметы зла, што набліжаецца і ценем свайго чорнага крыла ахутвае чалавецтва? Янка Купала таксама быў у асобныя перыяды творчасці страшэнна расчараваным, песімістычна настроеным чалавекам, але менавіта ён стаў прарокам нацыі, прарокам адраджэння Беларусі з полымя рэвалюцый і войнаў. Многа можна разважаць з гэтай прычыны. Разважае Якуб Колас вуснамі і ўчынкамі свайго героя. Але не выносіць яму прысуд, што вельмі важна. Тут ён ідзе дарогай праўды, прытрымліваецца даволі правільнай (калі не адзінай) пазіцыі, уласцівай рэалістычнаму мастацтву. На тое яно, мастацтва, і рэалістычнае, каб быць праўдападобным. Праўдападобная сітуацыя, сведкам якой у перадрэвалюцыйны час быў пісьменнік.
Апаненты Лабановіча і рэвалюцыянеры Галубовіч і Вольга Андросава. 3 імі яго звяло жыццё надоўга. Аднак сцежка Лабановіча так да канца трылогіі не стала тоеснай, раўназначнай іх сцежцы. Ён пакідае турму пад глыбокім уражаннем ад размоў з Галубовічам. Ён гатовы яму паверыць, тым ідэалам, якія той даходліва і цікава патлумачыў свайму сакамерніку. Але нешта перашкаджае народнікупраўдашукальніку прыняць безаглядна рэвалюцыйную ідэю. Можа, яго абачлівасць? Абачлівасць не шкодзіла ніколі сялянам і іх дзецям, наадварот, дапамагала ім прымаць адказныя рашэнні досыць правільна. Мы ж помнім народнае — «Сем разоў адмер, адзін раз адрэж». Вось сялянскі сын Лабановіч і ўзважвае ісціны, пачутыя з вуснаў і Галубовіча, і Андросавай. Прычым першы яму больш сімпатычны, бо больш дабрэйшы, не рэзкі і катэгарычны ў меркаваннях. Магчыма, была і другая прычына, якая засталася да канца не высветленая пісьменнікам, па-за тэкстам і дзеяннем: Лабановічу не імпанавалі лозунгі пра ўзброеную, а значыцца, крывавую барацьбу. Ён шукаў іншых, не крывавых шляхоў барацьбы з прыгоннікамі. Як князь Загорскі на пачатковым этапе паўстання Каліноўскага, калі ўціхамірвае Корчака, стрымлівае крывавасць далейшых падзей (раман Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»). Я не ведаю, ці так думаў аўтар трылогіі «На ростанях». Але ўпэўнена ў тым, што Колас — пісьменнік гуманнага складу мыслення, што не раз ён перажываў у душы народную трагедыю ў таталітарнай дзяржаве. Калі пішу і гавару не тое, не так, дык хай мяне паправяць шаноўныя строгія экзаменатары.