Незабыўны свет маленства (дзеці ў "Новай зямлі" Якуба Коласа)
Вобразам дзяцей у паэме Якуба Коласа "Новая зямля" ўдзяляецца значная ўвага. Разам з вобразам дзядзькі яны ўтвараюць непарыўнае, арганічнае адзінства. Я. Колас з вялікім майстэрствам апавядае аб гульнях, забавах і псіхалогіі дзяцей, аб асаблівасцях успрымання і разумення імі свету. Прычым гэтае светаразуменне, дзякуючы вобразам Юзіка, Алеся і Уладзі прасочваецца ад ранняга дзяцінства да часу юнацкага сталення. З дапамогай дзіцячых вобразаў паэт гаворыць пра тое, што дзяцінства — гэта самадастатковае цэласнае быццё, поўнае суцэльнай радасці, бесклапотнасці і светлых настрояў. Так, кажучы пра Юзіка, Колас піша: "А гэты Юзік-шаляніца, Малы яшчэ, зусім дурніца, Так пад нагамі і таўчэцца". Больш сур'ёзным малюецца Кастусь: "Ну ты, Кастусь, чытаці любіш?— дарэктар Кастуся пытае... — Люблю, але яшчэ не ўмею". Не далёка ад яго адышоўся і Алесь: "Што напішу, — такі пісака,—Не расчытае і сабака". Але не варта ўспрымаць дзяцей як нейкіх наіўных істот, якіх цікавяць толькі гульні ды забавы. Проста яны больш шчыра і адкрыта, у параўнанні з дарослымі, успрымаюць акаляючы свет. I, між іншым, часам не горш за іх разумеюць, "як тут зрабіць і што парадзіць". Гэтаму спрыяла тое, што дзеці з малых год прывучаліся да працы і вучыліся яе шанаваць і любіць, бо яна часам ператваралася для іх у цікавы і пазнавальны працэс. Дзеці выхоўваліся ў вялікай сям'і і бачылі, якой цяжкай сялянскай працай здабываецца штодзённы хлеб. З ранніх год у чыстыя дзіцячыя душы закладвалася высокая народная мараль, у іх выпрацоўваліся такія якасці, як непрыманне спажывецкіх адносін да жыцця, пачуццё адказнасці за даручаную справу, гонар за сваіх родных, павага да ўстаноўленага продкамі ладу жыцця, чуласць у адносінах да ўсіх членаў сям'і. Бавячы час ля дарослых, занятых працай, дзеці вучыліся мудрасці жыцця, спасцігалі сакрэты працоўнага майстэрства. Вось як, напрыклад, Кастусь мацуе лядок:
І вось тут Костусь прыпыніўся.
На лёд глядзіць, штось разважае
І ў ход тапорык ён пускае.
Значную ролю ў фарміраванні характару, светапогляду дзяцей адыгрывае дзядзька Антось — прыроджаны весялун, штукар і жартаўнік. З-за ягонай "нестандартнасці" цягнуцца да яго дзеці: "Дык і не дзіва, што любілі, што на руках яго насілі". З дапамогаю дзядзькі дзеці ператвараюць многія эпізоды паэмы ў камічныя прадстаўленні. Прыгадаем апісанне паводзін дзяцей за нядзельным сталом:
...Юзік пальцам поркаў страву
І верашчакай мазаў лаву,
Але тут сёстры сердавалі
І залаб Юзіка цягалі.
Тады іх згода прападала —
Між імі бойка вынікала.
Можна прыгадаць таксама эпізоды, якія расказваюць пра "рамонт" дзедавага чоўна, пра "гучнае" паляванне на зайцоў або пра гатаванне клёцак на бярозавым соку. Я. Колас спецыяльна не апісвае дзяцей у штодзённых, шэрых сітуацыях. Гэтым ён хоча вылучыць тое, што з'яўляецца самым галоўным у дзяцінстве— няспынны працэс адкрыцця свету, адчуванне радасці ад гэтага, займальнасць гульняў і забаваў. Аўтар дае дзецям шырокую прастору для развіцця творчай думкі, для імправізацыі і рэалізацыі самых "шалёных" задумаў. Не маючы магчымасці вывучаць навукі ў школе, дзеці з малых год спасцігаюць законы прыроды. Прырода — гэта тая кніга, па якой яны пазнаюць "свет безгранічны і ўласны лёс свой таямнічы". Свет бачыцца ім у рамантычным святле: вечарамі яны любяць слухаць казкі і розныя здарэнні, "аб кнігах з чорнаю пячаццю, аб чараўніцтве, аб закляцці". Цікавіць іх літаральна ўсё: таемныя гукі, што даносяцца з Нёмана, падаючыя зоркі, законы прыроды і норавы звяроў. Такая цікаўнасць развівае ў іх дапытлівасць, назіральнасць і абвостранае ўспрыняцце часам звычайных з'яў. Тым больш цікава чытаць раздзел "Начаткі". Бацька наймае на зіму для Алеся і Кастуся дарэктара — такога ж, як і яны, простага вясковага хлопца, які трошкі лепш за іх умеў чытаць, пісаць і лічыць. Дзеці прывыклі ўсяму вучыцца практычна, таму абстрактная навука не выклікала ў іх вялікага захаплення, таму яны вырашаюць, "што каб палепшылась вучэба, то гэту кнігу знішчыць трэба". Хлопцам больш важным было "схадзіць у луг на азярыны і патрывожыць род тхарыны", чым грызці граніт навукі, якой іх вучыў дарэктар з пачатковай адукацыяй. Цікава, што хлопцы прыязна ставяцца да настаўніка як да таварыша па гульнях і забавах, але не як да дарэктара. Наогул, вобразы дзяцей ажыўляюць паэму, надаюць ёй светлы, радасны настрой адчування свята ад сустрэчы з тым незабыўным і бесклапотным часам, імя якому — дзяцінства.