Самы агідны тып Зёлкін, або ці есць мяжа чалавечага падзення
Можна здрадзіць ранейшым ідэалам ці проста памяняць іх на іншыя: жыццё чалавечае доўгае, каштоўнасці ранейшыя абясцэньваюцца, з'яўляюцца новыя. Можна перайсці з адной партыі ў другую, памяняць мэблю ў доме ці пераставіць рэчы месцамі. Можна нават пракласці іншае рэчышча для ракі. Але застаюцца неўміручымі, непарушнымі маральна-этычныя каштоўнасці: любоў да маці, дзяцей, каханай жанчыны, да краю свайго і народа, да матчынай мовы і родных каранёў. Калі чалавек такія каштоўнасці не прызнае, калі ён ад ix адмаўляецца, дык гэта — не чалавек, а двухногая істота. Падобную думку выказала я на ўроку літаратуры па п'есе Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім». Настаўніца мяне чамусьці не падтрымала. Ды я даравала ёй: не магу ж я, яе выхаванка, не прызнаць і за ёй права мець сваё меркаванне. А справа ў тым, што я назвала страшнейшым тыпам, чым тып кар'ерыста, касталома Гарлахвацкага, Зёлкіна. Зёлкін — страшнейшы. Ён гандлюе не толкьі ідэямі, ідэаламі (вядома, станоўчымі), але і сумленнем. Гэты тавар для яго ўжо не тавар. Прынцыпы маральныя яго не цікавяць, бо ёсць для яго нешта важнейшае — любым спосабам утрымацца каля начальства, пабыць як мага болып у промнях яго славы, дагадзіць яму, каб пасля, у зручны момант, здрадзіць і самому ўзяць у рукі лейцы. Такіх людзей Маякоўскі назваў падлізамі. Цэлы верш ім прысвяціў, у якім напісаў:
Всё похвалит, впавши в раж,
Что фантазия позволит:
Ваш катар, и чин, и стаж,
Вашу доблесть, и мозоли.
Меў рацыю паэт. Але людзі гэтыя — не толькі падлізы. Яны — бессаромнікі, брудныя істоты. Усё можна памяняць, многае — прадаць і купіць. Але як можна прадаць мацнейшаму, начальніку, чалавеку, хай сабе ад яго залежыць і твой лёс, родную жонку? Што гэта? Гандаль целам? Ці гандаль адзіным святым, што толькі і вызначае чалавека як разумную істоту, — пачуццём да блізкага? Ёсць жа мяжа, пераступіць якую не павінен чалавек. Ёсць мяжа, што аддзяляе святло ад змроку, літасць ад жорсткасці, чалавечнасць ад пошасці. Нават зладзюгі-турэмшчыкі не блытаюць у свае цёмныя справы каханых жанчын, аберагаюць іх ад усіх магчымых непрыемнасцей, звяртаюцца да іх за дапамогай у апошніх, крайніх выпадках. А гэты вылюдак на кашэчых лапах, які вечна прыслухоўваецца, што гавораць, пра што раяцца калегі, зусім нармальнай з'явай лічыць заляцанні «шэфа» да яго жонкі, гасіць думку народную на гэты конт, выкручваецца перад людзьмі. I не брыдка яму гэта рабіць? Патаемнае стала відавочным. Усе супрацоўнікі толькі і гавораць пра любошчы Гарлахвацкага і Зіначкі. А муж як бы нічога і не чуе, і не бачыць.
Прадаць можна ўсё. А калі прадаюцца маральныя каштоўнасці, — гэта ўжо вялікі грэх. Грэх, які ўзяў на душу Юда-хрыстапрадавец. Пра які спавядаюцца ўсім, хто чуе, кінутыя мацеркамі дзеці-сіроткі. Пра які, нарэшце, напісаў арыгінальны рускі паэт у вершы «Сэрца», сюжэт якога (гэта балада, таму і мае сюжэт падзейны) трагічны, сітуацыя ў якім — жудасная, невыносная: малады казак па просьбе-загадзе каханкі дастае сэрца з грудзей забітай ім маці, нясе яго на талерцы маладой прыгажуні, спатыкаецца аб высокі парог, а матчына жывое сэрца пытаецца ў яго: «Не уншбся, сынок?». Нешта падобнае ёсць і ў нашай нацыянальнай літаратуры — пра канфлікт паміж блізкімі і роднымі людзьмі. Пра сыноў, што адцураліся сваіх бацькоў (Міколка з аповесці Быкава «Аблава» чым не яскравы прыклад). Пра кінутых на волю лёсу бацькамі дзяцей.
Можна ўсяго адцурацца, многае памяняць і памяняцца самому. Але як прадаць дарагога і блізкага чалавека, кінуць яго душу, яго цела ў пашчу ненажэрнаму д'яблу? Такое ў маёй галаве не ўкладваецца. Магчыма, я мыслю старамодна. Можа, мае равеснікі думаюць іначай. Але я так думаю. I думку сваю не перайначу. Бо, гаворачы словамі выдатнага нашага паэта Пімена Панчанкі, «Страціць годнасць невыносна». Бо ёсць жа, урэшце, над намі Бог! Ён усё бачыць. Ён назірае за намі — строгі і пільны, сумны і радасны. Пройдзе час. Зёлкіны перавядуцца. Стане на зямным шары святлей і чысцей. А пакуль што хочацца звярнуцца да ўсіх іх, асабліва да тых, хто яшчэ застаўся чалавекам, не растраціў духоўнай чысціні і прыгажосці: «Асцярожна, людзі, асцярожна! Сцеражыцеся Зёлкіна!».