Белорусские сочинения - Янка Купала - Паэтызацыя адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў паслякастрычніцкай творчасці Янкі Купалы

Паэтызацыя адраджэння беларускай дзяржаўнасці ў паслякастрычніцкай творчасці Янкі Купалы

Творчасць Янкі Купалы называюць летапісам жыцця, працы і барацьбы беларускага народа, квітнеючым садам, у якім сабраны самыя дарагія каштоўнасці мастацкага слова. Першы народны паэт Беларусі, драматург, перакладчык, палымяны публіцыст, грамадскі дзеяч, Янка Купала пакінуў нам багатую паэтычную спадчыну.
     Яркімі асаблівасцямі паслякастрычніцкай творчасці Янкі Купалы былі занепакоенасць далейшым лесам беларускага народа, заклік да барацьбы за свабоду і незалежнасць, вера ў светлую будучыню роднай зямлі.
     Вялікую колькасць сваіх вершаў паэт прысвяціў Бацькаўшчыне. Адзін з іх — верш «Спадчына», які прасякнуты вялікай любоўю да роднай старонкі — спадчыны, што засталася беларусам ад продкаў. Прыгадваючы родныя мясціны, Купала ўспамінае «вясеннія праталіны», «лесу шэлест верасны», «амшалы тын» —дробязі, з якіх для паэта складаецца Бацькаўшчына:
     
     Аб ей мне баюць казкі-сны
     Вясеннія праталіны,
     I лесу шэлест верасны,
     I ў полі дуб апалены,
     Аб ей мне будзіць успамін
     На ліпе бусел клёкатам
     I той стары амшалы тын,
     Што лёг ля вёсак покатам...

     
     Гэта прыемныя, светлыя радкі, але сустракаюцца і сумныя, хаця таксама блізкія і родныя:
     
     ...I крык вароніных грамад
     На могілкавым кладзьбішчы.

     
     Паэт называв спадчыну самым вялікім скарбам, які трэба зберагчы і захаваць для нашчадкаў:
     
     I ў белы дзень і ў чорну ноч
     Я ўсцяж раблю агледзіны,
     Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
     Ці трутнем ён не з'едзены.

     
     I ў думках, і ў снах аўтар непарыўна звязаны з бацькоўскай зямлёй:
     
     Жыве з ім дум маіх сям'я
     I сніць з ім сны нязводныя...
     Завецца ж спадчына мая
     Ўсяго Старонкай Роднаю.

     
     Янку Купалу вельмі хваляваў далейшы лес Беларусі, жыццё народа. Пытанні, на якія паэт імкнуўся знайсці адказы ў нялёгкі і важны час для ўсяго народа, адлюстроўваюцца у вершы «Час!». У гэтым творы вылучаецца ідэя сходу, які павінен вырашыць лес Беларусі. Заклікаючы ўсіх людзей на сход, Купала ўпэўнены, што народ сам вызначыцца, як яму ў далейшым жыць, які выбраць шлях, шлях, што прывядзе беларусаў да светлай будучыні:
     
     Час склікаці ўжо грамаду
     На вялікую народу,
          На вялікі сход!
     Хай рассудзіць, хай разважа,
     Слова цвёрдае хай скажа,
          Скажа сам народ!

     
     Заклік на сход з'яўляецца сімвалам дачынення да агульнай барацьбы за свабоду і незалежнасць. Аб гэтым гавораць апошнія радкі верша:
     
          Гэй, паўстань, народ!
     За сябе сам пастаяці
          I за Бацькаўшчыну-маці
     Йдзі, народ, на сход!

     
     Паэма «Безназоўнае» — этапны твор, ад якога вёўся далейшы адлік купалаўекай творчасці. Ён стаў гімнам беларускага адраджэння 20-х гадоў. Паэма не мела агульнага сюжэта. Яе раздзелы пісаліся ў сувязі з рознымі гістарычнымі падзеямі. У аснову твора пакладзена гістарычнае быццё народа, яго шлях з мінулага ў будучыню. Паэт перадае драматызм падзей перыяду грамадзянскай вайны ў Беларусі, свае ўспрыманне рэвалюцыі, выказвае спадзяванні на светлую будучыню. Купала адзначае ўзрастанне нацыянальна-вызваленчага руху, які ўзмацняўся з цягам часу ўсё больш:
     
     Спачатку яно шалясцела
     Вельмі нясмела...

     
     Аўтарам выкарыстоўваецца вобраз буралому як сімвал разгортвання рэвалюцыі:
     
     Па путчах пайшло бураломам —
          Дома, за домам.
     Бунтарскае грымнула слова
     Аж да аковаў.

     
     Закранаецца ў паэме і тэма іншаземнай інтэрвенцыі ў беларускія землі палякаў і немцаў. Янка Купала ўжывае алегарычныя вобразы бяседы, караваю. Так званыя суседзі не толькі раскрадалі матэрыяльныя каштоўнасці, але і знішчалі народ маральна, насаджаючы сваю, чужынскую, мову і культуру:
     
     ...На каравай пшанічны наш
          Машкарой ляцелі, елі.
     
          ............................
     
     А закусвалі мёд і яду
          Гаспадыньскай ласкай удзячнай...

     
     Далей расказваецца пра сучаснае і мінулае становішча беларуса. Калі раней мужыку сорамна было; выйсці ў людзі, дык цяпер, у новы час, народ нібы ажыўі і прагнуў лепшага жыцця:
     
          Жылі мы — не жылі;
     Ішлі дні без карысці,
     I сорам было выйсці
          У свет з сваей зямлі.
     
          ..........................
     
     Але, але не выламе
     Ні клыкамі, ні віламі
          Таго, што ажыло,
     Што ўскрэсла над магіламі,
     Над хатамі пахілымі —
          Мінуламу назло.
     
     Не ўзяць рукамі голымі
     Таго жывога полымя...

     
     Янка Купала малюе Беларусь у вобразе нявесты на; застольнай бяседзе-вяселлі, дзе яна свабодная, незалежная, сама сабе гаспадыня. Там яна прымае толькі званых гасцей, тых, каго хоча бачыць. Усе глядзяць на; яе, прыгожую, па-добраму ей зайздросцяць, што Беларусь такая маладая, а ўжо выбілася ў людзі, і пытаюцца, што ж далей будзе:
     
     ... А суседзі глядзяць,
     Дзівяцца суседзі:
     
     — То яна з мужыкоў.
     А як выйшла ў людзі!
     Як міне болыи гадкоў,
     Што ж тады ўжо будзе?!

     
     Далей аўтар заклікае не спыняць барацьбу, каб вызваліць Заходнюю Беларусь, якая яшчэ знаходзіцца пад панскім прыгнётам:
     
     Яшчэ дзесь здрадна ласка панская
          На беларускім едзе карку
     I круціць з подласцю паганскаю
          На свой лад нашу гаспадарку.

     
     Апошні раздзел паэмы адлюстроўвае мары паэта аб адзінстве народа ў барацьбе за свабоду і незалежнасць, аб светлай будучыні маладога пакалення:
     
     Пакінем спадчыну мы для патомкаў
          Інакшую ад той,
     Што ўзялі мы ад продкаў на абломках
          Гісторыі сваей.

     
     Усё свядомае жыццё паэт змагаўся «за шчасце для людзей» і таму з поўным правам мог сказаць, што паэтычнай дзейнасцю ўносіў сваю долю ў агульнанародную барацьбу за свабоду:
     
     Я адплаціў народу,
     Чым моц мая магла:
     Зваў з путаў на свабоду,
     Зваў з цемры да святла.

     
     I ў далейшым пясняр нязменна ішоў па шляху служэння народу, аддаючы яму «агонь душы і сэрца жар». Янка Купала і ў жыцці, і ў паэзіі — змагар за нацыянальнае адраджэнне.