Лірычныя адступленні ў паэме «Магіла льва» як мастацкі прыём
Паэма «Магіла льва» мае эпічны сюжэт: расказваецца гісторыя вясковага хлопца Машэкі, які з добрага хлопца-асілка («натуру меў ён залатую») ператвараецца ў разбойніка і помсціць за тое, што яго разлучылі з любай дзяўчынай Наталькай, а ў канцы твора гіне ад яе рукі. Янка Купала некалькімі штрыхамі паказвае дзяцінства героя, які разам з сябрамі-аднагодкамі «на прызбе рыўся ў зямлі», рваў кветкі на сенажаці, быў па-дзіцячы захоплены Наталькай, насіў яе, «як пёрка», на руках. Некалькі мазкоў — і перад намі паўстае прыгожая беларускаіа дзяўчына, якая, «як мак, між макамі цвіла», выглядала паставаю, «як даспелы колас», мела звонкі голас і «павабны гібкі стан». Расказваецца ў паэме пра расстанне герояў (Машэка, каб зарабіць грошай на вяселле, пагнаў плыты да Кіева) і пра здраду Наталькі з панам; пра страшэнныя пакуты хлопца, які са сваёй сям’ёю «не жыў а блукаўся, як цьма», і часам падыходзіў да панскага двара і кляў суперніка, палохаў стражу, «выгражаў» ворагу. Мы даведваемся пра страшэнныя ўчынкі чалавека, што ператварыўся ў крыважэрнага звера - Льва, і пра фінал яго жыцця - смерць ад рукі былой каханкі.
Сюжэт гэты, які складаецца з многіх падзей, з апісанняў месца дзеяння, герояў, іх заняткаў, было б чытаць не так цікава, каб не аздабляўся ён лірычнымі адступленнямі на ўсім працягу твора. У іх аўтар дае ацэнку мінуламу, калі «асілкаў шмат было на свеце. // Быў шмат дужэёшы наш народ», выяўляе свае адносіны да народных паданняў, якія захавалі ў сабе згадкі даўніны, а таму іх трэба збіраць «зярно к зярняці», «каб быт на новы лад пачаць», разгадаць прычыну «нашых крыўд і бед». Такімі экскурсамі ў мінулае пачынаецца і заканчваецца паэма. Янка Купала раскрываецца ў іх як паэт — патрыёт свайго краю, як чалавек, які паважае свой народ, шануе яго думкі і мары, вучыцца ў яго чуць водгукі мінуўшчыны. Паэма заканчваецца радкамі, што сведчаць пра таямнічасць, загадкавасць і непазнавальнасць гісторыі:
А над гарой Днпнровы хвалі ‘
3 вясны да восені шумяць
I штось гавораць цёмнай далі,
А што? - нам, грэшным, не паняць!
Другая група лірычных адступленняў у паэме — пейзажныя замалёўкі беларускай прыроды — нерушнай, некранутай, чараўнічай калісь. Захоплены сам, ён хоча, каб захапіліся і мы, чытачы, яе першароднасцю:
і спрадвечным борам, і яго насельнікамі — звярамі, і бурным Дняпром:
Над быстрым Днепрам, дзе сягоння
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.
Людзей не знаў лес гэты хмурны, Зайздросна сцежкі свае крыў, Адно сваім дном Днепра бурны
3 вясны да восені ў даль плыў.
А з пушчы вырваўшысь на поле; Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі —
Давіў галлём з усіх старон.
Трэцяя група лірычных адступленняў — аўтарская ацэнка герояў, і дзеянняў, паказ іх партрэтаў. Асаблівае захапленне выказвае Янка Купала знешнасцю Наталькі — найпрыгажэйшай дзяўчыны ў вёсцы. Шосты раздзел паэмы адкрываецца гімнічнымі радкамі ў адрас пасланы нашай старонцы Богам прыгажунь:
Царэвіч ехаць мог бы ў сваты
К ёй не адной, каб толькі знаў.
А партрэт Наталькі таксама абагульняецца, нібы малюецца светлымі (пераважна чырвонымі і залацістымі) фарбамі. У яе чырвоныя шчочкі, звонкі голас, гібкі стан. Калі пачынала спяваць прыгажня, яе голае звінеў, «як званок».
Паэт асуджае суперніка Машэкі пана-баярына, узрушана апавядае пра яго палац, абнесены высокай сцяной і падобны на астрог, пра гвалт, які ён чыніў над людзьмі. Тут ён выкарыстоўвае змрочныя эпітэты. метафары («Сталетні ліпы ўкруг панура // Стагналі ночкаю і днём»), афарыстычны народны выраз (крыўды пана — «на грудзі... каменем ляглі»).
Лірычныя адступленні дапамагаюць нам зразумець гуманістычны пафас твора, разабрацца ў складанай жыццёвай сітуацыі, стаць на бок таго ці іншага героя твора. Дзякуючы ім, мы выразней уяўляем мінулую эпоху і суадносім яе з сучаснасцю, задумваемся над тым, што з’яўляецца галоўным, а што — неістотным у чалавечым жыцці.
У кожным творы лірычныя адступленні адыгрываюць ролю ўзмацняльнікаў нашых пачуццяў.