Драматургічнае майстэрства Янкі Купалы. Камедыя «Тутэйшыя». Вобразы Мікіты Зносака і Янкі Здольніка
...апомніцеся, але каб не было запозна.
Я. Купала
Пра заслугі Купалы ў драматургіі, у якой ён, як і ў паэзіі, дасягнуў вяршынь высокага мастацтва, сведчыць і той факт, што галоўны наш нацыянальны тэатр носіць яго імя. Візітнай карткай гэтага тэатра з'яўляецца спектакль па п'есе Купалы — «Паўлінка». Напісаная амаль 90 гадоў таму назад, упершыню пастаўленая ў 1913 годзе ў Вільні, яна і па сённяшні дзень застаецца адной з самых папулярных і любімых народам беларускіх п'ес. Жамчужынай беларускага мастацтва назваў яе А. Твардоўскі. Прасякнутая здаровым народным гумарам, аздобленая фальклорнымі рэмінісцэнцыямі, яна сцвярджае вечныя каштоўнасці, спрыяе духоўнасці народа. Ужо ў сваім першым драматычным творы Я. Купала сцвердзіў сябе як выдатны майстар канфлікту і камічных сітуацый. Пра таленавітасць твора сведчыць і «крылатасць» многіх выслоўяў, выразаў.
Разнастайнасць драматургічнага дару Я. Купалы праявілася і ў сацыяльна-філасофскай драме «Раскіданае гняздо» (1913), у аснове сюжэта якой — востры канфлікт паміж дабром і злом, паміж марай і рэчаіснасцю. Філасофскі змест драмы раскрываецца праз выяўленне разумення шчасця ўсімі персанажамі. Кожны з іх шчасце разумее пасвойму і прапануе свой шлях да яго. На прыкладзе трагедыі адной сям'і Зяблікаў, аднаго раскіданага гнязда драматург здолеў паказаць трагедыю ўсяго беларускага народа напярэдадні рэвалюцыі 1905 г., імкненне народа да зямлі і волі.
Аднак без перабольшання можна сказаць, што з асаблівай сілай талент Купалы-драматурга, яго наватарства ў гэтым жанры выявіўся ў трагікамедыі «Тутэйшыя» (1922).
Ні ў чым Янка Купала як сын свайго народа не быў такім паслядоўным, настойлівым і палымяным, як у сцвярджэнні ідэі нацыянальнай годнасці беларусаў і нацыянальнага адраджэння. Рэалізацыя гэтай ідэі ў «самым складаным родзе літаратуры» дазволіла Купалу праблему нацыянальнага адраджэння «ўзбуйняць», «падвышаць» трывогу «на свет цэлы», сабраць у адзін фокус усё тое, «што ў паэзіі выглядала рассеяным».
I ўзбуйніў, і падвысіў трывогу «на свет цэлы», і сабраў у фокус настолькі таленавіта, што ўжо самы першы спектакль па п'есе быў забаронены як шкодны, сама п'еса запісана ў разрад «нацыяналістычных твораў», першы пастаноўшчык спектакля А. Папоў быў вызвалены з пасады рэжысёра ў Маскве і высланы ў правінцыю. Сапраўднае сцэнічнае адраджэнне п'есы адбылося толькі ў канцы 80-х таленавітым рэжысёрам М. Пінігіным у тым жа самым тэатры, які з гонарам носіць імя славутага песняра.
Ідэя нацыяныльнай годнасці і нацыянальнага адраджэн-ня рэалізуецца драматургам праз вобразы-антыподы — Мікіты Зносака і Янкі Здольніка і праз непрымірымы канфлікт паміж імі, на якім і грунтуецца п'еса. Да Янкі Купалы і творцы, і свядомая,здаровая частка інтэлігенцыі шукалі «ворагаў беларушчыны» паўсюдна і дзе заўгодна. Упершыню «на свет цэлы» Янка Купала забіў трывогу і паставіў дакладны дыягназ: самы страшны «вораг беларушчыны» — тутэйшыя з іх ідэалогіяй, што працуе толькі на страўнік, з іх прынцыпамі — служу тым, хто болып плаціць — зноскі-неданоскі, пазбаўленыя святых пачуццяў нават да роднай маці.Такія гатовы на ўсё: «Вось вам, ясне мусье немец, гер германіш, пакуль што кантрыбуцыя, заўтра дам анэксію, а там, калі не хопіць, жонку, дзяцей залажу, между протчым, толькі дайце перадыпіку». Такія, як вычарпальна сказала пра сына Гануля, — «ні богу свечка, ні чорту качарга». Ні тое ні сёе, ні к сялу ні к гораду, але якія ж небяспечныя! У пачатку апошняй дзеі Гануля паведамляе радасным маладажонам Янку і Аленцы, што «былі і сягоння гэтыя нібы вучоныя Мікітавы» і пыталіся, які «магнэс» яго болей прыцягвае — усходні ці заходні. Малады настаўнік знаходзіцца адразу: «Трэ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сёй, а тутэйшы». У гэтай паваротнай рэпліцы сканцэнтравана ідэя твора: «тутэйшасць» — самы страшны «магнэс», нацыянальная бяда. Забыццё і вырак свайго паходжання, мовы, радзімы, жыццё па прынцыпе: «Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае», — вось некаторыя выявы тутэйшасці, сканцэнтраваныя ў здзекліба-сатырычным вобразе Мікіты Зносака. Нагадваем, што зноскам у народзе называюць недаразвітае, маленькае курынае яйка. Недаразвітасць пачуцця нацыянальнай, (а значыць, і чалавечай!) годнасці ў Мікіты маюць самыя ганебныя выявы: нігілізм, цынізм, здрадніцтва. Раскрыццю вобраза спрыяюць дыялогі паміж Мікітам і Янкам Здольнікам, якога Мікіта з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, цынічна прызнаецца, што, будзь яго воля, ён увёў бы «адзіны непадзельны рускі язык... ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амерыкі і ад Смаленску да Берліну». Самахарактарыстыкай вобраза з'яўляецца мова Зносака: скалечаная і засмечаная русізмамі і іншай замежнай лексікай (у залежнасці ад сітуацыі), канцылярызмамі і словамі-паразітамі («между протчым»). Мова выдае і невуцтва, і маральную спустошанасць героя; як казала маці Зносака, «вучыўся, але, мабыць, недавучыўся».
Падзеі ў п'есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народа час — 1918—1920 гг., калі адна акупацыйная ўлада змянялася другой, а Беларусь была арэнай змагання паміж Захадам і Усходам. Філасофія пісьменніка-патрыёта, яго трывога за будучыню, за скарб, што застаўся нам «ад прадзедаў спакон вякоў», і ўсведамленне таго, што ў спрэчцы паміж Захадам і Усходам адносна Беларусі ўсё могуць вырашыць тутэйшыя, прыхільнікі «страўнікава-вантробнай тэорыі», выяўляецца праз вобраз Янкі Здольніка.
Пісьменніцкае ўсведамленне ўсёй небяспечнасці тутэйшых сфакусіравана ў выкрывальнай прамове-маналогу Янкі Здольніка: «О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобнай ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць! Эх, русацяп вы, русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна». Свой аканчальны пісьменніцкі прысуд манкуртам і выраджэнцам зносакам Янка Купала таксама «даручае» вынесці Янку Здольніку: «Так! Ваш рэгістратар быў вялікае нішто і застаўся вялікім нічым». Усведамляючы, што такіх, як Зносак, змяніць да лепшага немагчыма, бо з нічога і будзе нішто, Янка Здольнік развітваецца з усімі і едзе на вёску, дзе «сонца весялей свеціць», ды і «людзі там лепшыя». Усе свае надзеі Купала ўскладае на «мілую моладзь, слаўную моладзь», якая «горы і морьі» можа адолець, «сэрцам расплавіць ільдзіны». «У народ і край свой толькі» верыў Купала. У такіх, як Янка Здольнік.
I ўсё ж трагічнае ў творы наўрад ці абмяжоўваецца толькі канстатацыяй Іутэйшасці і ўсяго таго, што спрычынілася з народам, які змусілі адмовіцца ад належнага яму імя і называцца проста тутэйшымі.
Трывожнае і трагічнае ў творы звязана з Купалавым усведамленнем наступстваў тутэйшасці. Словы «каб не было запозна» папераджальныя не толькі для тых, каго, падкарміўшы, можна павесці ў любы бок. Ды і наўрад ці такія апомняцца. Не паспеюць. Як той Пакормны з байкі Ядвігіна Ш.: радаваўся, калі добра кармілі, а як «падвялі пад абух», то не паспеў апомніцца, чаму і за што. Трэба нешта рабіць, каб «запозна» не было для ўсіх. Здольнікі павінны быць болып дзейсныя, бо толькі абурацца «страўнікава-вантробнай» псіхалогіяй зносакаў, жыць там, дзе «сонца весялей свеціць» і дзе «людзі лепшыя», здольны многія. Але гэтага вельмі мала, каб наша спадчына, наш святы скарб «не збрыў дзе проч»...