Данута Бічэль «Я песняй мілую сваю праслаўлю...» да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы
Янка Купала паслужыў Богу талентам Паэта ў тым закутку свету, дзе нарадзіўся. Католік па веравызнанні. Беларускі Прарок. Купала - купацца ў жывой вадзе азёр і рэкаў, абмывацца расою на досвітку, калі сонца зайграе, упрыгожваць вадзіцу ў вяночкі ў самую кароткую ночку. Паганскі край. Паганскія павер'і... Але паганства перамог Дэкалог.
Янка Купала нарадзіўся ў той самы дзень, у які нарадзіўся Ян Хрысціцель. «Вось я пасылаю Майго пасланца, які табе падрыхтуе Дарогу»...
Пасланне паўтарылася ў нашым Краі ў 1882 годзе - Бог нам прыслаў вялікага нацыянальнага Паэта, мы абраныя Богам.
«На Купалле, на святое рві, матуля, зелле тое, што ў нас папараць завецца і шчаслівым быць здаецца! Як нарвеш яго даволі ў цёмным лесе, ў чыстым полі, - пакладзі за абразамі, пасвянці сваймі слязамі... Як узыйдуць з зелля кветкі, будуць шчасце меці дзеткі, будзеш, маці, меці ў хаце долю, згоду і багацце...»
«Паэт не індэфікуе свой грамадскі ідэал са збыткоўным багаццем, а толькі са сціплым, вартым хрысціяніна, дастаткам, напрацаваным асабістым талентам і ўмельствам» (Ул. Конан).
Але і людзі тут спрадвек не імкнуліся да вялікага багацця, да навукі, да прагрэсу. Беларусы - гэта дробнаўласнікі, якія вечна шукаюць і чакаюць нейкай волі. Свабода абмяжоўваецца законам, правам, воля - бязмежная. Воля паганская. Свабода хрысціянская. Купалу беларусы не зразумелі. Купала быў хрысціянінам, які пісаў паганам на паганскай мове. Пагане жывуць адным пакаленнем, у іх няма мінулага, няма будучыні.
Хрысціяне маюць бясконцы час. Нараджэнне, смерць і змёртвыхпаўстанне - толькі адрэзак гісторыі.
Віктар Александровіч. Ілюстрацыя да паэмы «Адвечная песня» Купала напісаў паэмку «На куццю», якая не друкавалася ў савецкім краі, аб страчаным залатым веку беларускай культуры. Народ дрэмле, але не спіць, як у магіле, ён сніць, што нехта верне яму страчаны ім рай.
Духі ўладароў Краю на родным замчышчы чакаюць
ганцоў, якіх паслалі абысці тройчы межы Краю, - ганцы вяртаюцца
і прыносяць добрыя весткі, што там людзі яшчэ падаюць голас
на святло, зброю і песню, яшчэ абураюцца і патрабуюць, каб ім
аддалі тое, што ад іх «схавалі-расхапалі»...
У 1982 годзе на Купалле, на стагоддзе з дня нараджэння паэта,
усё адбылося, як у паэме «На куццю»... Як з таго свету, сабраліся
каля хаты, дзе нарадзіўся паэт, каля паўмільёна людзей, якіх
Купалавы ганцы абышлі тройчы... І кожны ганец апавядаў аднолькава:
«А як ударыў па струне, замітусіліся, як пчолы, і на гарэ і
ў нізіне мне падавалі голас кволы. За мною ўсцяж і тут і там
іх вусны бледныя шапталі: «Аддайце песню нашу нам! Нашто схавалі-расхапалі?!»
На свяце здавалася, што Прарок разбудзіў і сабраў свой народ. Народ зразумеў, што не толькі «сала» ў хляве трэба карміць, а і спяваць Купалаву песню. Але народ зноў заснуў пад тым Крыжам, пад якім маліўся Паэт:
Сашлі мне светлую падмогу
астаткі сіл сваім аддаць
і - не зрабіўшы брату злога -
пад Крыжам бацькавым сканаць.
Калі бывае балюча і цяжанька, людзі тут супакойваюць так: гэта Бог дае Крыж такі, які чалавек мае сілы несці. Бог ведае сілы чалавека.
У сваіх 20 гадоў Янка Купала пахаваў бацьку, брата і дзвюх сясцёр. Маці ад такога гора ледзь хадзіла. Пакінуў яе на меншых сясцёр і пайшоў шукаць працы. Тыя пошукі называў кругамі пекла. Шмат месцаў памяняў. Паехаў у Вільню, Піцер, зноў Вільню, Арол, Маскву, Мінск, Полацк, Смаленск, дзе «папраўдзе быў як непрытомны»...
У савецкім Мінску ў 1925 годзе Купала быў «вызвалены» ад усіх пасадаў, якія займаў, адпраўлены на пенсію ў 43 гады.
Васіль Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы «Адвечная песня» У 1926 годзе пасля адзінага паказу на сцэне забаранілі спектакль «Тутэйшыя». Доўга па п'есе Купалы прымалі бальшавіцкія рашэнні і пастановы. «Уся п'еса перапоўнена як замаскіраваных, так і яўных выпадаў супраць савецкай улады», - з выступлення загадчыка Галоўлітам Якшэвіча на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б 30.03.1928. «Ён бічуе нашу савецкую рэчаіснасць, ён паднімае на шчыт свайго смеху бальшавікоў, якіх ён ставіць на адну дошку з польскімі акупантамі», - з выступлення А. Сянкевіча, загадчыка кульпропа ЦК, 1930 г. Купала сказаў, што думаў пра тутэйшы свет, і перарабіць п'есу немагчыма. Ды ён і не збіраўся гэтага рабіць.
Пасля допыту восенню 1930 года паэт паспрабаваў пайсці са свету - 14 пісьменнікаў на волі, 200 - увязненыя, замучаныя. Купалу вылечылі. «Падаравалі» машыну, дачу, далі сталінскую прэмію, каб палякі не пісалі ў газетах, як здзекуюцца камуністы з Купалы! Меў ён бясплатныя пуцёўкі, ганаровыя месцы ў прэзідыумах...
Купала мусіў жыць да 28 чэрвеня 1942 г., калі ў 22.30 з дапамогай жанчыны, якая выконвала заданне партыі, спікіраваў, як птах, у лесвічны пралёт у гатэлі «Масква»... Усе сведкі адчувалі сябе вінаватымі, пакуль не памерлі.
Мець бы крыллі саколія,
Мець бы мне волю зарніцаў,
к нізям не рваўся б ніколі я,
з высі б глядзеў на зямліцу...
Калі пачынаюць размаўляць пра Купалу, які «здзеравянеў і збранзавеў» і перажыў духоўную смерць у дваццатыя гады, мне проста робіцца дрэнна, я адключаюся ў бяссіллі. Не трэба абгаворваць Прарока, ані раўняць яго з іншымі. Ён даў голас нямым, напоўніў болем і слязьмі песні, якія дасталіся з пекла да Неба. Паўстаў, як Прарок і Пясняр гімнаў «з пікавай эмацыйнасцю генія духа і мовы», найглыбейшы, найгалоўнейшы, найнароднейшы, найдасканальшы, просты, як прырода, касмічны, як сусвет, бяздонны, досвіткавы, купальскі.
Калі чытаць поўны Збор твораў Янкі Купалы - усё, што ён стварыў з 1903 па 1942 год, - такое адчуванне, нібы сам Купала перачытаць свае творы не паспеў. А рэдактары не крэслілі Паэта, не выкідалі нічога, што ён ім дасылаў. У Купалы шмат вершаў-двайнятаў. Усе пошукі ў памяці мовы ў Купалы на паверхні. Але мне, як яго нашчадку, гэта не перашкаджае, мне цікава гэта даследаваць. Купала меў права складаць і друкаваць на працягу жыцця шмат няроўнага, рознага, выпадковага і падобнага. Кожны творца мае такое права, нельга быць аднолькава натхнёным і таленавітым праз жыццё. Галоўнае - вяршыні. Па радках Купалавых вершаў можна слізгацца, як па чыстым лёдзе, але калі зачэпішся - правалішся і захлынешся. Паэзія Купалы - бомба замаруджанага дзеяння на ўсе стагоддзі беларускай будучыні.
Цяпер беларусы чытаюць Купалу-католіка. Паэт складаў вершы пра свяцейкі, пра святых, паэмкі пра Андрэя Баболю, маліўся ў вершах да Бога і Божай Маці, да Крыжа і магілаў продкаў, якія таксама ж святыя. У савецкіх выданнях не было гэтых вершаў і строфаў. У поўным Зборы ўсе страты паспрабавалі знайсці. Міхась Мушынскі, які кіруе выданнем, піша так: «Перадусім выкідаліся тыя мясціны, дзе выразна гучалі рэлігійныя матывы, дзе лірычны герой звяртаўся да Бога са скаргамі на невыносна цяжкое жыццё («Не даў Ты мне, Божа, зазнаць шчасце, волю, - забяры Ты, Божа, і маю нядолю»). Ваяўнічыя атэісты не маглі дапусціць, каб герой Купалавай паэзіі звязваў надзеі на лепшую будучыню не з класавым змаганнем, а з Боскаю літасцю. Таму выкасоўваліся радкі: «Ой, пайду я ў цэркву, свечачку куплю, - можа згіне гора, якое цярплю».
Паэт мусіў ставіць у савецкіх выданнях больш раннія даты, каб пацвердзіць, што творы да рэлігійных святаў, г. зн. «Хрыстос васкрос», «Вялікдзень», «Мая малітва», маглі быць створаны толькі на пачатку творчага шляху...»
Беларусы майго пакалення не чыталі такіх вершаў як «Бабулька - прадаўшчыца зёлак», «Канюх», «Перад вясной», «Памаліся», «Смутна мне, Божа», «Чатыры Крыжы», «Вячэрняя малітва», «Прарок», «Сёмуха», «Сявец» з радкамі: «абходзь жа наўкола рунь, Юр'я святы, ты, добры Мікола, пільнуй ад слаты». Не чыталі мае равеснікі і нашы дзеці вершаў «Усяночная», «Цару неба і зямлі», «Лясное возера», выкінуты былі такія радкі: «Знізвае пацеры восень», «Недзе запелі Узвіжанне гусі»...
Пакінуты былі вершы пра хохліка, таму што Галоўліт не баяўся свайго чорта, а Бога Галоўліт баяўся.
Як зайграе ў лесе хохлік,
замірае песень воклік,
ў цёмным яры скачуць чары,
чахне кветка на папары.
Але вершы пра хохліка таксама прыгожыя. Хрысціянскія Любоў і Супакой адчуваюцца ва ўсіх вершах і паэмах Купалы, асабліва ў чыстай пейзажнай лірыцы, што запаўняла нашы парожнія дзіцячыя сэрцы і засталася ў іх на жыццё:
І лягла цішыня
у бары за гарой, -
каб дрывінка адна
хоць кіўнула сабой.
Снег пушаны залёг
на галінках сасон,
і чарнобель і мох атуліў сабой ён...
(Магла б паглядзець у кнізе, але я запісала па памяці, і ведаю памылку сваю ў слове «дравінка», але я запомніла ў школе «дрывінка», іначай не магу.)
Купала перакладаў песні першай беларускай «Кантычкі», выдадзенай у 1914 г.
Верш «На біблейскія матывы» з'яўляецца вольным перакладам «Псальма 78». Падзеі перанесены на Беларусь, Янка моліцца да Бога, каб не пакінуў спакутаваных на зямлі, залітай нявіннай крывёю, каб пакараў прыгнятальнікаў:
бо ўсмярцілі яны Твой паслухмяны народ,
месца яго спусташылі на захад і ўсход...
У Ляўках, дзе паэт пісаў «як не сваім голасам, смяротна стомлены», Дняпро, здзічэлы ад бяссілля, скамянелы, хаваецца ад людзей за такім жа дзікім берагам. Я размаўляла з хлопчыкам, які бег па кладачцы з дзьмухаўцом за вухам, - нашчадкам Купалавага лётчыка. «Хлопчык і лётчык» - хрысціянскі верш, хлопчык размаўляе з Богам і просіць, каб забраў яго на Неба. Хлопчык - пасланец Бога, яго сэрца адчынена на дабрыню, давер і ўсёдараванне, ён перадае хрысціянскі знак супакою ўсім, нават жахліваму людазабойцу прапануе пакаяцца ў грахах перад сусветам.
Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да паэмы «Яна
і Я»
Арлен Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да паэмы «Магіла льва»
Толькі цяпер звярнула ўвагу на тое, што паэма «Яна і Я» складаецца з 14 раздзелаў - кожны па 8 чатырохрадковых строфаў, як 14 стацый Крыжовай Дарогі Езуса Хрыста. Адзіны твор, які не здымалі за рэлігійнасць з савецкіх выданняў, які пабудаваны па запаведзях Божых. Купала паказаў у паэме шчасце жыць на сваёй зямлі і працаваць на свае патрэбы.
Я ні разу не прачытала паэму, каб не плакаць. Плачу светла і беспрасветна. Ад шчасця. Бачу іх - сваіх продкаў, як яны спаткаліся і пачалі будаваць хату, стаўляць кросны, як выганяла яна ў поле кароўку Аўтарыню...
Свянцоным хлебам, соляю і вадой
абнесла навакол яе тры разы,
паставіла да сонца галавой
і загавор чыніла ад заразы...
І мая мама з татам крыху зведалі такога шчасця, і Божа адчыняў вароты Раю... І я крыху захапіла тае ідыліі, ну, хоць у дзявочых мроях. Але не здолела ўтрымацца і ўцякла з Раю ў пякельны горад, дзе я была непатрэбнай, нязграбнай, нязручнай, чужой і беднай на ўзбочыне прагрэсу. Мне ад прагрэсу адны хваробы ды згрызоты...
Янка Купала паэмай «Яна і Я», якую прапеў у светлы час фальклорнай анахранічнай тубыльскай культуры пераскочыў праз бандыцкае дзікае стагоддзе нашай ганебнай бяспраўнасці ў глыбіні і вышыні, калі Яна і Ён будуць жыць самі для сябе і спадзявацца на свой розум, талент і Любоў, якою з'яўляецца Бог.
Я плачу ў шчасці, што мае дарагія мне ўнукі змогуць разгадваць прароцтвы Купалы.
Я песняй мілую сваю праслаўлю
паміж народамі сваіх, чужых зямель.
Можа, Купала і меў на ўвазе тут Радзіму, але мне як купаляняці не абавязкова так думаць. Затое светла думаць, што з Купалавага роду-племені, з таго самага Краю, які ў цэнтры Еўропы, як выключэнне з усіх правілаў, не такі, як трэба, але свой і мае Янку Купалу, які надоўга застанецца светлым натхненнем і шчасцем і, як сказаў Уладзімір Караткевіч: «Мы няспынныя, як яго сэрца, і мы будзем жыць, пакуль гэта сэрца б'ецца ў нашых грудзях».
Калі я першы раз плакала з вершамі Янкі Купалы? Не хадзіла яшчэ ў школу. Навучылася чытаць пры сястры. Несла ёй кнігу ад настаўніка. Цвёрдая вокладка колеру спелага жыта, пожоўклыя лісткі. У палатнянай на голым целе сукенцы бегла сцежкай праз жыта. Каласы казыталіся. Сонца прапала ў жыце. Закалола мне ў правым баку. Села, разгарнула кніжку і чытаю:
бегла поле і другое,
ўбегла і на трэце,
ды ўжо сілы не хапае
даляй так ляцеці!..
Божа мой! Нехта даведаўся, як я тут бягу па жыце, і ўжо падаў у кнігу. З гэтым здзіўленнем убегла я ў свет Купалавых прароцтваў. І прайшла за ім сваё жыццё:
дык вот чуйце, чаго б я хацеў,
аб чым думачкі толькі мае:
каб мой люд маю песню запеў
і пазнаў, аб чым песня пяе...
Большасць цытат брала з «Купалаўскіх чытанняў», якія праходзяць у Гродзенскім універсітэце ад 1997 года.