Услаўленне народнай гераіні Бандароўны ў аднаіменнай паэме Янкі Купалы.
Паэма "Бандароўна" напісана ў 1913 г. па матывах беларускіх і ўкраінскіх народных песень аб Бандароўне і польскім магнаце Патоцкім, пры жыцці якога ў 1768 г. на Украіне ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Максіма Жалезняка і Івана Гонты. Бандароўна — галоўны герой твора. Гэта надзвычай прыгожая дзяўчына, якой захапляецца сам паэт:
Хараства такога ў свеце
Не было, не будзе;
Аб ёйлюдзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.
Гэта пра яе, Бандароўну. Гэта яе губкі параўноўвае Янка Купала з малінай, твар — з лілеяй, косы — з іскрыстасцю брыльянцістых рос, вочы — з зоркамі, ад якіх яснее свет. Сваёй чароўнай прыгажосцю Бандароўна "задзіўляе ўсіх чыста, як зара якая". Такія ж прыгожыя і ўчынкі дзяўчыны, яе духоўны свет. А якая непакорлівасць, якое свабодалюбства! Як гэтага не хапае цяпер нам, беларусам. Бандароўна — чалавек непадкупнага сумлення. Для гэтай гордай і свабодалюбівай дзяўчыны самае святое — дзявочы гонар, чалавечая годнасць. Яна больш за ўсё цэніць свабоду і ніколі не стане жыць у няволі. Гэту свабоду яна прадаць не можа. І калі вырашаецца лёс Бандароўны, яна не можа здрадзіць сабе. Гераіня вырашае лепш загінуць, чым паступіцца сваім сумленнем:
Перад панам тым з Канева
Смела дзеўка стала,
Смела гледзячы ў вочы,
Смела адказала:
— Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсць і славу
Прадаваць з табою.
Адкуль такая сіла, моц Бандароўны? Гераіня сама адказвае так: "За мной праўда і народ мой". Так, народ са сваімі традыцыямі, сваімі ўяўленнямі аб прыгажосці выхаваў, выпеставаў не адну такую дзяўчыну. Народ любіць сваю гераіню, яна — яго крывінка, яго дачка. "Уцякай жа за пагодай, донька маладая", — вучаць дзяўчыну старэйшыя. Яе смерць стала той апошняй кропляй, што перапоўніла чашу народнага цярпення. І народ уздымаецца на помсту за сваю гераіню, якая "налажыла... за ўсіх галавою". Хаваючы Бандароўну, людзі прыбралі яе, як да шлюбу, у бель і вэлюм, звілі вяночкі з руты-мяты. Белы колер, кветкі руты-мяты — сімвал чысціні дзявочай. Як бачым, не толькі перад мужнасцю, але і перад гэтай чысцінёй схіліліся галовы людскія. Ды што людзі. Бандароўнай захапляецца сама прырода. Яна — блізкі сябар і дарадчык дзяўчыны. Прырода раздзяляе разам з гераіняй яе радасці і гора. Уцякае Бандароўна ад панскай пагоні — ночка абдымае яе, вецер расплятае косы, песціць белыя грудзі:
Ночка цёмная глядзела
Ды цямнейшай стала,
Адна зорка мігацела —
І тая прапала.
Асаблівыя адносіны да Бандароўны ў аўтара. Паэт любуецца, захапляецца дзяўчынай, спачувае ёй. Аб гэтым гавораць не толькі прамыя звароты да "галубкі" (так пяшчотна называе яе Я. Купала), але і кожны радок паэмы. Аўтар не проста апісвае знешні выгляд, паводзіны Бандароўны, ён зачараваны ёю. І таму паэт можа казаць толькі так: губкі, ручкі, галоўка, вочкі. Многія эпітэты, параўнанні, словы-сімвалы запазычаны з вуснай народнай творчасці нездарма. Ніхто не можа лепш ацаніць вартасці чалавека, чым народ. Таму ў паэме жыве і вецер крылаты, і бярозка бела, і рута-мята, і тры таполі. Усё тут працуе на вобраз Бандароўны, нават вобраз пана Патоцкага. 3 асаблівай стараннасцю малюе Я. Купала разбэшчанасць, пагардлівасць да людзей пана з Канева, лютасць яго. Ён "ні старому, ні малому не спускае жартаў". Гэты бязлітасны прыгнятальнік — увасабленне сіл тыраніі, жорсткасці і амаральнасці. Пад яго прыгнётам "стогне змучана Украіна, к небу шле пракляцце". І чым цямнейшыя фарбы выбірае аўтар для стварэння гэтага вобраза, тым вышэй узнімаецца над ім Бандароўна. Сапраўды, прыгажосць асабліва яскрава вылучаецца на фоне пачварнага.