Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа «Людзі на балоце»
А на Палессі ўсё нядробна: Цяжкая спадчына вякоў, Цяжкія рукі хлебаробаў, Цяжкія сны палешукоў. Якую трэба мець адданасць I сэрца сынава, каб так Любіць палескі край туманны 1 маці бедны андарак.
П. Панчанка
Чалавек вялікую ласку мае і да маці сваёй, і да таго месца, дзе нарадзіўся, нават калі тое месца «богам забытае і людзьмі праклятае», ад свету адарванае. «Бацьку, маці, бацькаўскай зямлі» прысвяціў Іван Мележ сваю запавет ную песню — раман «Людзі на балоце». «Палескі край туманны» апеты ў той песні з любоўю, памножанай на сілу таленту, чым і вызначаецца сіла яго ўздзеяння на нашы душы. У нашай багатай беларускай літаратуры няма другога такога твора, які па энцыклапедычнасці выяўлення ў ім нацыянальнага, так набліжаўся б да «Новай зямлі». I ў «Палескай хроніцы» паказана ментальнасць нашага народа, яго звычаі і традыцыі, яго быт і памкненні, думы і пачуцці ў адзін з пераломных момантаў гісторыі, паказана, з якімі набыткамі людзі на болоце да яго прыйшлі, чым тыя набыткі памножылі і што старацілі.
То панарамна, то «буйным плана'м», партрэтна, выпісаны мастаком народ і асобныя яго постаці. Курані і куранёўцы (а на іх вобразах увесь народ у часы калектывізацыі) паказаны І.Мележам у лепшых традыцыях нашай літаратуры —рэалістычна. Народ у яго рамане такі, як пра тое трапна і афарыстычна сказаў яшчэ Тарас: «былі паны, было і зброду, як часам і на свеце ў нас». Не «часам», а заўсёды, народ — ён розны. Былі Васілі Дзятлы, на якіх трымалася і трымаецца наша зямля, якія з прыходам новага звязвалі свае надзеі, што можна будзе працаваць на сваёй зямлі і стаць нарэшце гаспадаром на гэтай новай зямлі. . Былі і Зайчыкі, якіх прывабіла магчымасць працаваць яшчэ менш, хаця, здавалася б, як яшчэ менш? Прыгадаем той трагікамічны эпізод у творы, калі Міканор, шчыра ўзяўшыся за навядзенне новага ладу і парадку, абураўся страшэнным брудам у Зайчыкавай хаце і тымі «антысанітарнымі ўмовамі», у якіх Зайчыкавы недагледжаныя дзеці елі з парасятамі з аднаго карыта. I справядлівым было тое абурэнне, бо якую ўладу трэба чакаць, каб вычысціць бруд ва ўласнай хаце і вынесці смецце на сметнік. А Зайчыку — ні бяды: «Го! Яшчэ невядома, каго лепш даглядаць! Дзяцей вунь сколькі, а парасят усяго двое!» I смех і грэх, як кажуць. Зайчыкі былі вызвалены ад пакут за абагульненне лепшага на вёсцы стаенніка — такога ў іх не было. 3 непрытоенай радасцю такія зайчыкі чакалі моманту завалодаць суседскім. Вось яна магчымасць рэалізаваць стоеную раней зайздрасць! 3 уласцівым Мележу майстэрствам рэаліста і псіхолага засведчана і тое, як пад уздзеяннем часу і падзей змяняўся менталітэт народа, фарміравалася, на жаль, і не лепшае.
Час «карэннага пералому» стаў зорным для Міканора, бо рэалізаваў яго прыродныя задаткі: схільнасць за лідэрства, актыўнасць, неўтаймоўную энергію, неабыякавасць да ўсяго, што вакол яго, жаданне змяніць усё да лепшага. павесці за сабой людзей, быць для іх прыкладам. Усё новае ён убірае ў сябе, як губка, не асабліва разважаючы, ці ўсё тое новае да лепшага. Ён не вагаецца і не хістаецца. Нецярпімы ён да тых, хто, як яму здаецца, «не бачыць далей свайго носа», абураецца, калі ў адказ на сваю палкасць і шчырае жаданне дабра атрымлівае недаверлівасць і абыякавасць да тых ідэй, якімі хоча зацікавіць усіх куранёўцаў. Самую вычарпальную характарыстыку Міканору пісьменнік дае праз рэпліку Сарокі: «Кеб не выбраць халеру — гарачы не ў меру». Стрыманасць, абачлівасць, насцярожанасць да ўсяго новага, недаверлівасць нават, пачуццё меры ва ўсім, здаровы сэнс, вера толькі справам, а не словам — гэта таксама элементы нашай ментальнасці. Вякамі, як мудра і справядліва пра тое думае Апейка, фарміраваліся гэтыя якасці. Міканор жа не хоча з гэтым лічыцца. Супярэчлівым і нават вераломным у прамым сэнсе гэтага слова паказаны пісьменнікам характар Міканора. Гэта тыповы вобраз актывіста. Дзеля новага ён пераступае цераз веру сваіх бацькоў, абражае іх рэлігійныя пачуцці, патрабуе вынесці з хаты абразы, а ў рамане «Подых навальніцы» паказана, як ён наладжвае спектакль з разбурэннем гумнаў, пачынаючы з уласнага. Пра супярэчлівасць гэтага вобраза яскрава сведчыць і неадназначнае стаўленне да яго і крытыкі, і чытачоў. Парознаму «прачытваецца» гэты вобраз. Адны ўсведамляюць яго як сумленне куранёўцаў і вернага слугу савецкай улады. Другія бачаць у дзеяннях і ініцыятывах Міканора болыд шкоды і для людзей, і для самой улады нават, даводзячы, што менавіта такія, як Міканор, тую ўладу і дыскрэдытавалі. Антыподам вобразу Міканора з'яўляецца вобраз Апейкі, у якім, безумоўна, увасоблены пісьменніцкі ідэал кіраўніка. I зусім не схематычным, а канкрэтным, прывабным з'яўляецца гэты вобраз, у якім увасоблены лепшыя якасці сапраўднага кіраўніка: разуменне душы простага чалавека, яго псіхалогіі, любоў і павага да чалавека працы. Апейка выдатна разумеў, што Дзяцел не толькі не вораг новай уладзе, а падмурак яе, калі яна сапраўды дэмакратычная, бо на такіх працаўніках зямля стаіць, а значыць і любая ўлада. Пераканаўча і глыбока рэалістычна паказана ў «Палескай хроніцы», як паступова інтэлігентны, чулы і сумленны чалавек, якім быў Апейка, становіцца ахвярай жудаснай машыны таталітарызму, бо слугаваў не машыне, а людзям.
Яшчэ адным антыподам вобразу Міканора з'яўляецца Хоня, хаця апынуліся яны, як кажуць, па адзін бок барыкады. Гэтым вобразам пісьменнік славіць людскасць у чалавеку, яго здольнасць зразумець і дапамагчы бліжняму канкрэтнай справай, спагадлівым словам. Нельга не здзіўляцца выхаванасці, далікатнасці і тактоўнасці простага, малаадукаванага куранёўскага юнака, з якой ён дапамагае Хадосьцы вярнуцца да жыцця. Урокі чалавечнасці і далікатнасці дае нам пісьменнік, асабліва моладзі, гэтым вобразам.
Унутранае хараство, духоўнае багацце беларускай дзяўчыны ўслаўлена ў незабыўным і яркім вобразе «канапляначкі» Хадоські. Псіхалагічна тонка і пранізліва паказвае пісьменнік сілу, што здольна вылечыць параненую душу, здольна ўтрымаць, уратаваць чалавека ад таго, што паправіць ужо было б немагчыма. Сіла тая — любоў да жывога, да прыроды, дзяцей, вера, што жыве ў душы чалавека, з якім спрычынілася бяда. Любоў і вера ўратуе чалавека ад непапраўнага, а таксама падтрымка і любоў бліжняга. Гэтым вобразам пісьменнік дае нам урокі аптымізму і духоўнай прыгажосці, якая, як вядома, толькі і здольна ўратаваць свет.
I тугадум Пракоп Лясун, які гаворыць з такім намаганнем, «нібы воз сена падымае»; і балбатлівая (але якая ж дасціпная і таленавітая!) Сарока, што не толькі назапасіла ў сабе народныя «залацінкі» і сыпле імі як гарохам, але і сама іх стварае, так і стракочучы ў рыфму («Бегла, баялася спазніцца, а прыбегла — адна мая спадніца!»), і пыхлівы, упэўнены ў сваёй выключнасці (а таму ўсё лепшае і прыгажэйшае павінна належаць толькі яму!) Яўхім з яго кучаравым чубам; і стары Глушак з яго хітрасцю, сквапнасцю і двухаблічнасцю; і кніжнік Андрэй Руды з яго цягай да ведаў; і Ганніна мачыха, карыслівая і абмежаваная; і Ганнін бацька з яго шчымлівым болем за дачку, што вымушана ісці за нялюбага; і Дубадзел з яго нялюдскай, як ён сам, мовай, — усё гэта людзі на балоце, людзі зямлі беларускай. Сапраўдны вянок з незабыўных, яркіх вобразаў, створаных талентам пісьменніка і выпісаных ім як жывыя; вымеш хоць адну кветку з гэтага вянка— і распляцецца, рассыплецца той вянок. А ў аснове таго вянка — куранёўская прыгажуня Ганна і самы першы працаўнік на вёсцы, дбайны гаспадар, апора ўсёй сям'і Васіль. Трагічна склаўся іх лёс, нязбытным было і каханне. Як і трагічным быў лёс усяго народа ў той вірлівы час...
Людзі на балоце жылі, бедавалі, кахалі, радаваліся і плакалі, адчайваліся і верылі, будавалі грэблю, што нарэшце звязала іх са светам, і вучыліся жыць калгасам, чаго да гэтага не ведалі іх продкі і чаго нідзе яшчэ ў свеце не было; спявалі новыя, прывезеныя Міканорам песні, а навальніца ўжо набліжалася. Подых яе ўжо адчуваўся ў прыродзе...